Геральдычныя сiмвалы
Сяргей РАСОЛЬКА
Перад сiмволiкай ВНУ стаiць звышзадача — адлюстраваць асноўную дзейнасць навучальнай установы i яе прыналежнасць да Беларусi
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 22 верасня.) Як мы ўжо сказалi, у Дзяржаўны геральдычны рэгiстр Рэспублiкi Беларусь унесена сiмволiка толькi некалькiх ВНУ, якую можна лiчыць удалымi прыкладамi, выкананымi з улiкам патрабаванняў дзяржаўнай палiтыкi ў галiне геральдыкi. У эмблемах — пераемнасць традыцый i сучаснасць — Адным з першых за рэгiстрацыяй сваёй сiмволiкi, якая на той час ужо мелася, да нас звярнуўся Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт. Сярод iншых ВНУ яна была ўнесена ў Дзяржаўны геральдычны рэгiстр Рэспублiкi Беларусь першай. Адбылося гэта 19 красавiка 2005 года, — працягвае Марына Мiхайлаўна. — Эмблема БДУ ўяўляе сабой гербавы шчыт чатырохвугольнай формы з закругленымi нiжнiмi вугламi i востраканечным завяршэннем у цэнтры нiжняга бока шчыта. Па геральдычнай традыцыi яго называюць «французкiм». Поле шчыта блакiтнага колеру. У яго сярэдзiне знаходзiцца сярэбранае кола, якое сiмвалiзуе святло кветкi папаратнiка. Цэнтральнай фiгурай з’яўляецца стылiзаваная выява лiста папаратнiка. Семантычнае тлумачэнне эмблемы такое. Блакiтнае поле шчыта герба з’яўляецца сiмвалам нябеснай чысцiнi, а таксама сiмвалам навукi, вучонасцi. Пераходны колер ад блакiтнага да серабрыстага падкрэслiвае iдэю ўнiверсiтэцкай садружнасцi: ад ужо зведанага — да новых адкрыццяў. Серабрыстае зiхаценне кветкi папаратнiка атаясамляе iмкненне чалавека да шчасця, дабра, пазнання iсцiны i вечнай маладосцi. Лiст папаратнiка на фоне зiхацення яго таямнiчай кветкi адлюстроўвае беларускае паходжанне, нацыянальнае прызначэнне i сэнс дзейнасцi Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. На французскiх шчытах размешчаны эмблемы i iншых навучальных устаноў. Усе яны, як падкрэслiвае суразмоўца, маюць свае характэрныя фiгуры i знакi, якiя характарызуюць асаблiвасцi ўстановы адукацыi, напрыклад, як у эмблеме дзяржаўнай установы вышэйшай прафесiйнай адукацыi «Беларуска-Расiйскi ўнiверсiтэт» (з 2003 года). Порцiк у гербе азначае сам унiверсiтэт, гэта адзiн з асноўных элементаў архiтэктурна-дэкаратыўнага афармлення галоўнага корпуса. Пяцiпялёсткавая кветка ўказвае на асаблiвы статус унiверсiтэта ў сiстэме вышэйшай прафесiйнай адукацыi ў краiне — ён з’яўляецца першай i адзiнай у Беларусi ВНУ, створанай на аснове пагаднення памiж урадамi Рэспублiкi Беларусь i Расiйскай Федэрацыяй ад 19 студзеня 2001 года, i якi кiруецца ў сваёй дзейнасцi Канстытуцыямi i заканадаўствамi абедзвюх дзяржаў. Колер пялёсткаў — чырвоны, зялёны, белы, блакiтны i чырвоны — азначае колеры дзяржаўных флагаў Беларусi i Расii. — Нядаўна на пасяджэннi Геральдычнага савета былi разгледжаны эмблема i флаг Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта, — знаёмiць нас далей з сiмволiкай ВНУ Марына Елiнская. — Цэнтральнай фiгурай на iх з’яўляецца залатое сонца, якое сiмвалiзуе дзённае свяцiла, у многiх рэлiгiях звязанае з Богам, а таксама жыццё, святло, дабрыню, цеплыню. Сонца можна разглядаць як перамогу розуму над невуцтвам, бессмяротнасць чалавечай душы i яе iмкненне да дасканаласцi, славу i аўтарытэт выкладчыкаў унiверсiтэта, цеплыню сэрцаў выпускнiкоў, якую яны нясуць людзям. Сонца ўпрыгожвае першы падручнiк беларусаў па роднай мове — Бiблiю Францыска Скарыны, выдадзеную адным з першых беларусаў — выпускнiкоў вышэйшых навучальных устаноў Еўропы. Пад сонцам размешчаны рэктарскае жазло — традыцыйны сiмвал унiверсiтэтаў i акадэмiй Еўропы, дзе навучалiся i студэнты з Белай Русi, як знак адладжанага вучэбнага працэсу i ўстойлiвага кiравання ўстановай. Жазло на эмблеме нагадвае жазло Вiленскага ўнiверсiтэта, што падкрэслiвае пераемнасць гiсторыi i традыцый вышэйшых навучальных устаноў. Акрамя таго, варта дадаць, што падчас даследаванняў гiсторыi Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта сталi вядомымi гiстарычныя факты ўдзелу вучоных, выкладчыкаў Вiленскага ўнiверсiтэта ў стварэннi ў 1914 годзе вышэйшай навучальнай установы ў Мiнску. А дубовая галiнка — сiмвал славы ўнiверсiтэта, навуковых i вытворчых вышынь, дасягнутых калектывам. Да дубоў на Беларусi было асаблiвае стаўленне яшчэ ў дахрысцiянскую эпоху, iмi абсаджвалiся свяшчэнныя гаi нашых продкаў, вянкi i галiнкi гэтага дрэва — абавязковы атрыбут урачыстых i святочных мерапрыемстваў. Жалуды ж сiмвалiзуюць шматлiкiх выпускнiкоў, якiя штогод гатовы пусцiцца ў стваральны рост у iмя нашай краiны. На французскiм вертыкальна падзеленым на дзве часткi шчыце размешчана i эмблема Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта фiзiчнай культуры. Бягучы спартсмен з факелам у руцэ паказвае пераемнасць традыцый беларускага спорту з традыцыямi старажытных атлетаў-алiмпiйцаў. Чырвона-зялёны колер фiгуры спартсмена трывала атаясамляецца з колерамi Дзяржаўнага флага Рэспублiкi Беларусь, пад якiм выступаюць нашы спартсмены, з колерамi iх спартыўнай формы. Факел, як вядома, — сiмвал алiмпiйскага агню, сiмвал жыцця, мiру i спартыўнай барацьбы. Але полымя факела — гэта яшчэ i святло ведаў i вопыту, якiя нясуць сваiм выхаванцам выкладчыкi ўнiверсiтэта. Стылiзаванае адлюстраванне старонак раскрытай кнiгi сiмвалiзуе працэс навучання ва ўнiверсiтэце, а зялёны колер старонак — гэта шматлiкiя стадыёны, спартыўныя пляцоўкi, а ў яшчэ больш шырокiм сэнсе — прасторы Беларусi, дзе робiцца ўсё магчымае для развiцця масавага спорту i турызму, заўважае Марына Мiхайлаўна. Сярэбраныя контуры старонак, калi прадоўжыць расшыфроўку элементаў эмблемы, — гэта бегавыя дарожкi стадыёнаў i паркаў. Гербавай каронай служыць выява галоўнага корпуса ўнiверсiтэта сярэбранага колеру. Яна мае тыя характэрныя абрысы, пры якiя мы ўжо не аднойчы сёння гаварылi i якiя робяць эмблему ўвогуле лёгкапазнавальнай. Нiжнюю частку шчыта абрамляе чырвоная стужка з надпiсам белага колеру па латынi «Заўсёды ў руху», якая максiмальна адлюстроўвае дух унiверсiтэта i гарманiчна аб’ядноўвае спецыфiку ўсiх яго факультэтаў. Самым жа ўдалым праектам, адобраным спецыялiстамi Геральдычнага савета, Марына Елiнская называе эмблему Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi. У ёй, як i ў iншых, выкарыстаны французскi шчыт i блакiтны колер поля. Праўда, з адценнем васiльковага. Галоўным элементам эмблемы з’яўляецца лiра — адзiн са старажытных музычных iнструментаў на зямлi, якi традыцыйна сiмвалiзуе музыку, музычную культуру, мастацтва. Залатая лiра падкрэслiвае дастойны ўклад выкладчыкаў i выпускнiкоў акадэмii ў духоўнае адраджэнне грамадства. Сярэбраны колер васiлька ўказвае на прыналежнасць да Беларусi, да нацыянальнай культуры. Раскрытая залатая кнiга — сiмвал адукацыi, навучання, багатага творчага i выкладчыцкага вопыту ўстановы, яе спадчыны i традыцый. Сярэбраны вянок з лаўра — гэта слава акадэмii, навуковыя i творчыя вышынi, дасягнутыя калектывам. У рабоце па стварэнню геральдычных знакаў ВНУ прымаў удзел ужо вядомы нам мастак-геральдыст Вiктар Ляхар. Такiм чынам, калi падсумаваць усё вышэйсказанае, можна яшчэ раз падкрэслiць, што пры распрацоўцы эмблем ВНУ найперш улiчвалiся два важныя моманты: сiмволiка павiнна быць яскравай, запамiнальнай i непаўторнай; яна павiнна была адлюстроўваць галоўную асаблiвасць той цi iншай вышэйшай навучальнай установы, яе спецыялiзацыю. Усе гэтыя патрабаваннi фактычна былi ўлiчаны пры стварэннi сiмволiкi названых ВНУ краiны. Напрыканцы размовы Марына Елiнская заўважыла, што тым вышэйшым навучальным установам Беларусi, у якiх пакуль няма сваёй сiмволiкi, трэба падумаць над яе стварэннем. Бо сiмвал, паводле слоў вядомага нямецкага вучонага Ганса Бiдэрмана, — гэта тайна i адкрыццё адначасова. Шляхам лаканiчнага i прадуманага злучэння розных фiгур i знакаў перадаецца iснасць i змест складаных па свайму характару вучэбнага i навуковага працэсаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перад сiмволiкай ВНУ стаiць звышзадача — адлюстраваць асноўную дзейнасць навучальнай установы i яе прыналежнасць да Беларусi
|
|