Выхаванне прыгажосцю
Нiна РЫБIК
Погляд з правiнцыi Стала традыцыяй: усiх гасцей Астравецкага раёна, з якой бы нагоды яны нi былi, «частуюць» Гервятамi. Вязуць на экскурсiю ў касцёл Святой Тройцы, паказваюць дэндрапарк, якi апошнiм часам «выйшаў» не толькi на прылеглыя плошчы, але i на вясковыя вулiцы, падворкi, дэманструюць аграгарадок: такога, кажуць, няма больш у вобласцi.Не адсталi ад iншых i мы, журналiсты «раёнкi», калi прымалi калег з іўеўскай рэдакцыi. Зрэшты, тыя i самi рвалiся ў Гервяты, бо ксёндз Леанiд Нясцюк у свой час быў пробашчам тамтэйшага касцёла, i пра яго добрыя справы не чуў, пэўна, толькi глухi. Вакол касцёла сёння расце каля трох тысяч дэкаратыўных дрэў i кустоў, многiя — вельмi рэдкiя. Толькi туi тут 17 разнавiднасцяў, 22 — розных ядлоўцаў, некалькi вiдаў елак — шаравiдная, паўзучая, канадская, серабрыстая, пальмавая. Нiцая бяроза суседнiчае з нiцай рабiнай, магнолiя — з японскай iвай хакуранiшакi... Ля касцёла намаганнямi ксёндза-пробашча, кiраўнiцтва сельскага Савета i сельгаскааператыва, а таксама дзякуючы дапамозе мецэнатаў — не перавялiся ў нас i такiя — створана цудоўная прыкасцёльная плошча, дзе цэнтральную скульптуру Мiхаiла Архангела акружаюць, бы жывыя, дванаццаць апосталаў — i ўсё гэта ў абрамленнi з густам рассаджаных дэкаратыўных дрэўцаў, кустоў. Карацей, калегi былi моцна ўражаны. — I што, — пыталi яны, як, дарэчы, i вельмi многiя госцi, — саджанцы гэтых рэдкiх, экзатычных дрэў не выкопваюць па начах, не крадуць? У вас што, людзi асаблiвыя? Ды не, бадай — людзi ў нас розныя. Большасць — добрых i прыстойных, але як сведчаць мiлiцэйскiя зводкi, крадуць не менш, чым дзе. Тут жа выпрацаваўся нейкi «гервяцкi феномен», якому цяжка знайсцi тлумачэнне: саджанцы не чапаюць. Раней казалi: «ля касцёла пасаджаны». Але ж во не крадуць i за касцёлам! Прывыклi, вiдаць, што прыгажосць можа быць не нейчай асабiстай, а агульнай — i ад таго не менш, а наадварот — больш радаснай i прыемнай. Не хочацца рабiць нейкiх далёкасяжных высноў — каб не сурочыць. Але мне здаецца, што гэта — першыя вынiкi выхавання прыгажосцю. I бачны яны не толькi ў Гервятах: у Астраўцы руплiвымi кветкаводамi з жылкамунгаса таксама былi пасаджаны клумбы, таксама радавалi сваёй рознакаляровасцю i не чуваць, каб расаду, як некалi, выкопвалi па начах ды перасаджвалi на ўласныя кветнiкi. Сапраўды, калi ходзiш па брудных вулiцах, якiя не помняць нi дворнiкаў, нi сметнiц, то быццам i не сорамна кiнуць пад ногi пачак з-пад марожанага цi цыгарэт: падумаеш, адной паперкай больш... А тут... Не так даўно давялося назiраць: мужчына нападпiтку выйшаў з магазiна, закурыў i, скамечыўшы пусты пачак з-пад цыгарэт, стаў шукаць вачыма, куды б яго кiнуць. Не ўбачыўшы побач сметнiцы, нешта незадаволена прабурчэў i сунуў яго ў кiшэню... Я не хачу сказаць, што мы ўжо дасягнулi еўрапейскага ўзроўню цывiлiзаванасцi i культуры. Па-ранейшаму, iдучы ранiцай на работу, можна згледзець не данесеныя да спецмашыны пакеты са смеццем i горы шалупiння ад семак ля кожнай лавачкi. Па-ранейшаму страшна выглядаюць скверы i паркi, асаблiва пасля святочных «народных гулянняў». А таксама ўзлескi, прыбярэжныя палосы пасля баляў «адпачываючых на прыродзе». Але ўсё часцей даводзiцца назiраць, як тыя ж адпачываючыя акуратна збiраюць пасля сябе смецце i альбо спальваюць яго на вогнiшчы, альбо забiраюць з сабой — як i належыць цывiлiзаванаму чалавеку, якi i заўтра захоча адпачыць у чыстым прыгожым месцы. I гэтыя першыя, хай сабе яшчэ кволыя парасткi выхаванай прыгажосцю культуры не могуць не радаваць. Бо хочацца верыць: падобнае прыцягвае падобнае. I прыгажосць, якая ствараецца рукамi асобных жыхароў, народзiць новую прыгажосць — ужо хоць бы ў адносiнах да зробленага. г. Астравец.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стала традыцыяй: усiх гасцей Астравецкага раёна, з якой бы нагоды яны нi былi, «частуюць» Гервятамi
|
|