21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Беларусь можа стаць адным з лiдараў Руху недалучэння

25.08.2009 22:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб перспектывах удзелу нашай краiны ў Руху недалучэння карэспандэнт «Звязды» гутарыць з вядомым беларускiм эканамiстам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра «Стратэгiя» Леанідам ЗАIКАМ

— Леанiд Фёдаравiч, пасля самiта Руху недалучэння ў Гаване з’явiлiся значныя чаканнi ад супрацоўнiцтва з яго дзяржавамi-ўдзельнiцамi. Несумненна, Рух, куды ўваходзiць большасць краiн Азii i Афрыкi, становiцца ўсё больш прыкметным iграком на мiжнароднай арэне. Вiдаць, таму яшчэ некалькi гадоў назад некоторыя вядомыя аналiтыкi ў сферы знешняй палiтыкi i сусветнай эканомiкi аб’явiлi, што ХХI стагоддзе пройдзе пад знакам Азii? Вы згодныя з гэтым?

— Не зусiм. Я не рабiў бы такiх далёка iдучых прагнозаў наконт блiскучай будучынi азiяцкага кантынента, бо можна моцна памылiцца. У 60-я гады мiнулага стагоддзя, нагадаю, вельмi многiя знакамiтыя эканамiсты, эксперты, палiтолагi прагназавалi надзвычай дынамiчнае развiццё Лацiнскай Амерыкi. Асаблiвы росквiт прадказваўся Бразiлii, Аргенцiне, некаторым iншым краiнам кантынента, якiя ўвогуле павiны былi стаць цэнтрам сусветнага эканамiчнага росту.

А вось аб Азii тады казалi ў асноўным як аб дэпрэсiўнай частцы планеты, дзе нiзкi ўзровень жыцця пераважнай большасцi насельнiцтва ўзмацняўся рэкорднымi тэмпамi яго росту. У цэлым Азii абяцалася працяглая паласа крызiсаў i ўзрушэнняў. У жыццi ўсё атрымалася наадварот. Паводле меркавання экспертаў Сусветнага банка, гэта была самая вялiкая памылка за ўсю гiсторыю глабальных прагнозаў. Бум Лацiнскай Амерыкi не адбыўся, а наперад iмклiва вырвалася Азiя. Але хто дакладна ведае, што ёй рыхтуе заўтрашнi дзень?

— Цяпер, тым не менш, краiны Руху знаходзяцца ў эпiцэнтры сусветнай увагi. Чаму?

— I па аб’ектыўных прычынах таксама. Сёння ў свеце ўсё больш вострай становiцца праблема рэсурсаў, якiя ў велiзарных аб’ёмах знаходзяцца на зямлi i ў зямлi краiн Азii, Афрыкi, Лацiнскай Амерыкi, якiя i складаюць аснову Руху недалучэння. Яшчэ да нядаўняга часу развiтым краiнам удавалася дыктаваць iм на сваю карысць цэны на рынку сыравiны, але зараз сiтуацыя мяняецца. Краiны Руху атрымлiваюць дадатковыя шанцы для эканамiчнага росту. Напрыклад, у Афрыцы ёсць амаль усе рэсурсы.

— Аднак у Азii з рэсурсамi не вельмi. Той жа Кiтай, так бы мовiць, адсарбiруе з Расii драўнiну, вуглевадароды i г.д. у велiзарнай колькасцi.

— Так, але ў Азii самы вялiкi чалавечы рэсурс. Выкарыстанне яго ў значнай ступенi абумоўлiвае зайздросныя тэмпы эканамiчнага развiцця Кiтая, якi можа ў блiжэйшай перспектыве па агульных аб’ёмах вытворчасцi выйсцi на першае месца ў свеце. Таксама вялiкi чалавечы патэнцыял мае Iндыя, iншыя азiяцкiя краiны. Яны сёння ўсё актыўней праяўляюць сябе як новы полюс сiлы. I Беларусь проста абавязана ўлiчваць гэта.

— Якiя вам бачацца перспектывы ўдзелу нашай краiны ў Руху недалучэння?

— Я думаю, што невыпадкова Беларусь восем гадоў таму стала паўнапраўным членам Руху i плённа развiвае адносiны з многiмi яго краiнамi. I ў першую чаргу з Кiтаем, Iндыяй, ПАР, Венесуэлай i iншымi. Ужо назапашаны вялiкi вопыт адносiнаў з дзяржавамi — удзельнiцамi Руху. Гэты капiтал неабходна выкарыстоўваць, як гаворыцца, па вялiкаму рахунку.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Югаславiя ў свой час была адным са стваральнiкаў Руху недалучэння i адыгрывала ў iм i на мiжнароднай арэне важную ролю. Цяпер той Югаславii ўжо няма i Беларусь мае шанцы заняць яе месца ў Руху, стаць адным з яго лiдараў, так бы мовiць, еўрапейскага ўзору. Для гэтага ў Беларусi ёсць неблагая перспектыва. Аб’ектыўна не адна з краiн Еўропы не падыходзiць на падобную ролю ў Руху. Сёння амаль усе краiны еўрапейскага кантынента iнтэгруюцца вакол Еўрасаюза, якi пашыраецца. Украiна i Малдова таксама заяўляюць аб намеры ўступiць у Еўрасаюз.

А Беларусь туды, як вядома, не iмкнецца. I па гэтай прычыне яна таксама можа разлiчваць на поспех у сваёй палiтыцы ў адносiнах да Руху недалучэння. Актыўная праца з яго ўдзельнiкамi можа прынесцi значныя палiтычныя i эканамiчныя дывiдэнды беларускай дзяржаве.

— Ведаеце, канкрэтныя эканамiчныя вынiкi заўсёды больш вiдавочныя i пераканаўчыя, а таму такое пытанне: якiя перавагi мы можам набыць ад паглыблення супрацоўнiцтва з дзяржавамi Руху?

— Тут не абысцiся без лiчбаў. Спачатку давайце зiрнём на карту знешнеэканамiчных сувязяў Беларусi. Яны ў Азii найбольш прасунутыя з Кiтаем i Iндыяй. Летась наш экспарт туды склаў адпаведна 430 i 197 млн долараў ЗША. А вось у Iнданезiю, якая даволi дынамiчна развiваецца апошнiм часам, мы паставiлi тавараў усяго на 24 млн долараў ЗША. Вельмi сцiплую лiчбу складае наш экспарт у Малайзiю — 16,5 млн долараў ЗША. А Малайзiя, мiж iншым, перагнала еўрапейскiя краiны па долi навукаёмiстай прадукцыi ў сваiм экспарце, па ўзроўню развiцця камп’ютараў, сучасных тэхналогiй. Малайзiя — будучы новы «эканамiчны тыгр» Азii. У нас таксама вельмi сцiплыя паказчыкi экспарту ў Тайланд — усяго 2 млн долараў ЗША.

Не выклiкаюць аптымiзму лiчбы гандлёвага абароту з многiмi афрыканскiмi дзяржавамi Руху. На «чорным» кантыненце ў нас адносна неблагiя гандлёвыя стасункi толькi з Егiптам, Марока i Кот-д’Iвуарам. Хоць леташнi экспарт у Егiпет у 32 млн долараў ЗША наўрад цi можна назваць вялiкiм поспехам айчыннага знешняга гандлю. А ў Марока экспарт зусiм знiзiўся — з 19 млн долараў у 2000 годзе да 100 тысяч долараў летась. Практычна паменшыўся ў 200 разоў!

Гэта, дарэчы, прадмет для сур’ёзнай размовы на высокiм узроўнi на тэму, чаму мы страчваем рынкi далёкага замежжа. Хоць у любой краiне Руху, лiчу, нашы тавары, скажам, тэлевiзары, халадзiльнiкi, iншая складаная бытавая тэхнiка можа знайсцi свайго спажыўца. Увогуле краiны Руху — гэта каласальны рынак збыту для беларускiх вытворцаў. Iм толькi трэба хутчэй адаптавацца да яго ўмоў.

— Якiм чынам?

— Там працуюць так званыя прамежкавыя тэхналогii. Напрыклад, попытам не карыстаюцца пральныя машыны з поўным наборам аўтаматыкi. Азiяты аддаюць перавагу больш простым i даступным у эксплуатацыi канструкцыям машын — паўаўтаматам. Аб гэтым сведчаць даныя мiжнароднага маркетынгу.

У краiнах Руху адмысловая транспартная сiтуацыя. Там большасць насельнiцтва рухаецца пераважна на матацыклах i веласiпедах. Я не разумею, чаму наш мiнскi мотавелазавод упускае вiдавочную выгаду i не гандлюе з азiяцкiмi, лацiнаамерыканскiмi i афрыканскiмi краiнамi сваёй прадукцыяй. Магчыма, менеджмент прадпрыемства не на належным узроўнi. Пры жаданнi многiм беларускiм вытворцам можна знайсцi ў краiнах Руху сваю нiшу. У гэтым сэнсе Кiтай нам паказвае выдатны прыклад.

— А як абысцi такую сур’ёзную праблему, як велiзарныя адлегласцi памiж Беларуссю i большасцю краiн Руху?

— У нас ужо ёсць пэўны вопыт яе вырашэння. Нават пры вельмi спрыяльнай экспартнай сiтуацыi нашы вядучыя прадпрыемствы не могуць бясконца павялiчваць аб’ёмы вытворчасцi. Таму больш выгадным становiцца будаўнiцтва зборачнага завода ў далёкай краiне. У Афрыцы такую пляцоўку можна выбраць у ПАР i прадаваць, напрыклад, нашы трактары, аўтамабiлi ў Кенiю, Танзанiю, Зiмбабве i г.д.

Iнакш кажучы, з краiнамi Руху гандляваць не столькi таварамi, колькi брэндамi, больш актыўна адкрываць зборачныя вытворчасцi канкурэнтаздольных прадпрыемстваў. А дома на галаўных заводах распрацоўваць i выпрабоўваць новыя мадэлi, развiваць прамысловую навуку, тэхналогii. Iншага шляху ў нас няма. Зараз наступае перыяд так званай эканомiкi ведаў, сутнасць якой у тым, што iнтэлектуальны прадукт з’яўляецца галоўным здабыткам краiны.

Для Лацiнскай Амерыкi можна распрацаваць сваю стратэгiю. Там у нас склалiся трывалыя партнёрскiя сувязi з Бразiлiяй, якая летась набыла беларускай прадукцыi на 167 млн долараў ЗША. Таксама перспектыўнымi партнёрамi з’яўляюцца Аргенцiна, Перу, Чылi, Венесуэла. Нашу задачу пранiкнення i замацавання на лацiнаамерыканскiм рынку аблягчае, на мой погляд, блiзкасць менталiтэтаў беларускага i бразiльскага народаў. Яны хутчэй зразумеюць адзiн аднаго, чым бразiлец i немец цi японец. Адной з важных прычын няўдачы шведскай «Вольва» i французскай «Рэно» па стварэнню магутнай сумеснай з Бразiлiяй аўтамабiльнай карпарацыi стала менавiта псiхалагiчная i ментальная несумяшчальнасць. У нас такiх праблем, думаю, не будзе.

— Апошнiм часам актыўна развiваюцца адносiны з Iранам, ставiцца задача ў блiжэйшыя гады давесцi ўзаемны гандлёвы абарот да аднаго мiльярда долараў ЗША. Зразумела, гэта тэма асобнай размовы. Калi казаць лаканiчна, то наколькi рэальна дасягненне гэтай лiчбы?

— Я думаю, што лiчба рэальная. На рынку Ірана мы маем усе перспектывы заняць сваю нiшу пастаўкамi нашых традыцыйных экспартных тавараў: трактароў, аўтамабiляў, дарожнай i сельскагаспадарчай тэхнiкi, халадзiльнiкаў, тэлевiзараў i г.д. Iран — вялiкая i плацежаздольная краiна, валодае багатымi запасамi нафты. Яе насельнiцтва таксама мае патрэбу ў спажывецкiх таварах першай неабходнасцi, адзеннi, прадуктах харчавання. Было б недальнабачным айчыннай лёгкай прамысловасцi, перапрацоўчым галiнам упускаць вiдавочную выгаду ад актыўнага гандлю з гэтай краiнай Руху недалучэння.

— Што датычыцца Венесуэлы, то ў нас адносiны з ёй развiваюцца асаблiва iмклiва. Цi варта разлiчваць на пастаўкi адтуль нафты ў значных аб’ёмах?

— Безумоўна, Венесуэла валодае iстотнымi па сусветных мерках запасамi вуглевадародаў, але гэта не значыць, што iх нават пры ўмове набыцця па вельмi прымальных цэнах будзе лёгка даставiць у Беларусь. Не ўпэўнены, што мы хутка адчуем эфект ад закупак венесуэльскай нафты. Трэба добра падумаць, перш чым цягнуць адтуль энерганосьбiты.

Хоць увогуле адмаўляцца ад гэтага канала нельга. Можна, напрыклад, дамовiцца з кiраўнiцтвам Венесуэлы аб удзеле нашых геолагаў у разведцы радовiшчаў нафты, аб сумесным будаўнiцтве нафтаперапрацоўчага завода з наступным продажам на сусветным рынку сваёй долi нафтапрадуктаў. Заробленыя такiм чынам немалыя грошы накiроўваць на набыццё энергарэсурсаў для Беларусi. Малаперспектыўнымi, як мне здаецца, будуць i спробы закупляць газ у Алжыры. Як яго транспартаваць?

Хутчэй за ўсё нам давядзецца вучыцца зарабляць дастаткова грошай, каб iх хапала на разлiк з Расiяй. I адначасова пачаць будаўнiцтва адной цi двух атамных станцый.

— Ведаеце, пасля Чарнобыля гэта iдэя ў грамадстве ўспрымаецца вельмi неадназначна.

— Ведаю. Аднак нават надзвычай багатая энергарэсурсамi Расiя робiць стаўку на развiццё атамнай энергетыкi i плануе, згодна з адпаведнай дзяржаўнай праграмай, штогод здаваць у эксплуатацыю два-тры рэактары. У суседняй Лiтве таксама збiраюцца ўзвесцi пасля закрыцця Iгналiнскай АЭС новую атамную станцыю. Украiна мае свае АЭС.

Будаўнiцтва дзвюх атамных станцый у Беларусi дазволiць закрыць амаль палову энергабалансу краiны. Але ўлiчваючы сумны вопыт Чарнобыля, трэба набываць бяспечныя рэактары. Iх, наколькi я ведаю, вырабляе Францыя. Ва ўсякiм разе развiццё айчыннай атамнай энергетыкi ў значнай ступенi знiзiць нашу залежнасць ад Расii па энерганосьбiтах.

— З кожным годам усё больш складана iдуць перамовы з нашым саюзнiкам аб цэнах на газ. Сёлета асаблiва цяжка. Як думаеце, дамовiмся набываць газ па прымальных цэнах?

— Вельмi спадзяюся. Цэны на газ залежаць ад цэн на нафту. Будуць знiжацца цэны на яе на сусветным рынку — упадуць цэны i на газ. Для нас адносна прымальнай цаной на газ будзе не больш за 130 долараў ЗША за тысячу кубаметраў. Хоць i гэта лiчба прымусiць зацягнуць паясы.

Надышоў час вырашаць кардынальна «газавае» пытанне, як i належыць партнёрам па будаўнiцтву Саюзнай дзяржавы. Калi Беларусь i Расiя знаходзяцца ў цеснай iнтэграцыi i ў апошняй няма больш надзейнага саюзнiка, чым наша краiна, то заканамерна дапусцiць беларусаў да распрацоўкi нафтавых i газавых радовiшчаў Сiбiры. Вiдавочна, гаспадары нафтавых кампанiй i Газпрама па зразумелых прычынах не хочуць нiкога i блiзка падпускаць да сваiх крынiц энерганосьбiтаў. Пераламаць сiтуацыю можа толькi палiтычная воля кiраўнiцтва Расii.

У Беларусi ёсць вялiкi вопыт асваення нафтавых i газавых радовiшчаў Расii ў савецкiя часы. Беларуская ССР тады ўзвяла цэлыя гарады ў Цюменскай вобласцi, напрыклад, Лангепас, уклала ў iх велiзарныя каштоўнасцi. Туды з Беларусi iшлi сотнi эшалонаў з нашымi будаўнiчымi матэрыяламi, тэхнiкай, спажывецкiмi таварамi. Не варта саромецца нагадваць аб гэтым партнёрам па iнтэграцыi.

I беларусы нiколi не дазволiлi б сабе так па-варварску ставiцца да расiйскай прыроды, як гэта робяць iншаземцы пры рэалiзацыi праекта Сахалiн-2.

Гутарыў Леанiд ЛАХМАНЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб перспектывах удзелу нашай краiны ў Руху недалучэння карэспандэнт «Звязды» гутарыць з вядомым беларускiм эканамiстам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтр
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика