Ёсць праца — будзе перспектыва
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Адраджэнне вёскi — працэс натуральны, але беларуская вёска ўжо нiколi не будзе такой, як некалi. Мяняецца яна не толькi знешне, але i духоўна. Адмiрае старэйшае пакаленне, а з iм iрвецца апошняя нiтка, якая ў маральна-псiхалагiчным плане знiтоўвала беларусаў на працягу многiх стагоддзяў. Мы — нацыя вясковая i, напэўна, з адмiраннем вёскi губляем нешта iстотнае. Але не трэба шкадаваць мiнулага, бо нашаму вяскоўцу спрадвеку жылося цяжка. I сёння фактычна фармiруецца вёска новая — гэты працэс няпросты i не аднаго года.
На мiнулым тыднi ў Ляхавiчах прайшоў сход актыву раёна, на якiм былi падведзены вынiкi работы за мiнулы год i ўздымалiся праблемы, звязаныя з адраджэннем вёсак (ды цi абмiнеш сёння гэтую тэму). Напомню толькi, што летась у гэтым раёне быў сабраны самы высокi ўраджай збожжавых па Беларусi. Гэта для таго, каб можна было зрабiць нейкiя высновы цi параўнаннi. Апошнiм часам да трох больш моцных гаспадарак тут далучылi тры заняпалыя, i стратных сельгаскааператываў у раёне няма, але ў той жа час перад кiраўнiком нярэдка стаiць пытанне: Пагасiць даўгi цi выдаць заробак? Тым не менш сярэднi заробак па раёну — 479 тысяч рублёў, а ў сельскай гаспадарцы — 335 тысяч. Толькi праблема ў тым, што не ва ўсiх СВК яна такая. Чыгунка Лунiнец — Баранавiчы дзелiць раён на дзве часткi — заходнюю i ўсходнюю. Першая бедная i адносiцца да палескай зоны, дзе пясок i тарфянiкi — землi нiзкай бальнасцi. Тухавiчы, Лiпск, Свяцiца, Востраў... спрадвеку не былi вёскамi багатымi, такiмi яны засталiся i сёння. А вось гаспадаркi, якiя мяжуюць з Мiншчынай, даюць знакамiтыя цэнтнеры Ляхаўшчыны. Ва ўсякiм разе ў Русiнавiчах, Жарабковiчах, Навасёлках людзi атрымлiваюць значна большыя зарплаты, чым у палескай зоне. I ў iх ёсць перспектыва, бо не трэба думаць, асаблiва моладзi, дзе зарабiць грошы. У Жарабковiчы цi Русiнавiчы падчас уборкi на заробкi едуць нават з Баранавiч. Прасцей кажучы, адраджэнню гэтых вёсак нiчога не пагражае. Тут людзi працуюць, гадуюць дзяцей, жывуць з надзеяй i перспектывай. А ў ляхавiцкiх палешукоў усё складаней, i гэта праблема не сённяшняга дня. Бедная зямля — нiзкiя ўраджаi i, нават за савецкiм часам, калi ў гэтыя гектары ўвальвалi розныя ўгнаеннi без меры, аддача ад зямлi ў параўнаннi з затратамi была нязначнай. А тут яшчэ здараюцца нечаканыя накладкi. Тухавiцкi брыкетны завод «цягне» ўвесь пасёлак — дае жыхарам работу, але ў гэтую зiму прадпрыемства «праляцела». Тысячы тон брыкету было нарыхтавана, а купляць яго асаблiва не кiнулiся. Зiма лёгкая i многiя палiчылi, што можна перажыць яе i без торфу. Хоць, калi глядзець на сiтуацыю па-гаспадарску, то неабходна было б не ўпусцiць момант i зрабiць запас. У наступным годзе брыкет будзе больш дарагiм i, магчыма, значна падымецца ў цане. Мясцовыя фермеры сiтуацыю не выправяць, бо на работу яны бяруць людзей, як правiла, сезонна i нямнога. Але ёсць факт, якi гаворыць, што праблему можна вырашаць i знайсцi варыянты, якiя задаволілі б усе бакi. У гэтай жа палескай зоне iснаваў калгас «Новае жыццё», якi меў свiнакомплекс на 7 тысяч галоў. На 2001 год там засталося крыху больш за паўтары тысячы свiней. Прыходзiла ў заняпад гаспадарка, а з ёю i комплекс. Прыбаўленне свiней у вазе апусцiлася да 300 грамаў у суткi. Поўнае запусценне стаяла на парозе, але Галаўнiнцы — цэнтральная сядзiба гаспадаркi — гэта сучасны пасёлак з мураванымi дамамi, ад якога раёну не адмахнуцца. I выйсце было знойдзена. У 2002 годзе свiнагадоўчы комплекс узяло ў арэнду ЗАТ «Белпрампрыбор», i сiтуацыя на комплексе змянiлася. Не прайшло i года, як пагалоўе свiней вырасла амаль у тры разы, сёння iх там пад 8 тысяч. Вытворчыя магутнасцi комплексу загружаны больш чым на сто працэнтаў, а прыбаўкi свiней у вазе — лепшыя ў вобласцi. Прадпрыемства, якое ў свой час было стратным i вялiкай праблемай было для якога накармiць жывёлу, сёння дае прыбытак, а перад кiраўнiцтвам комплексу стаiць адна задача — як збыць мяса. У 2005 годзе ўся гаспадарка «Галаўнiнцы» была выключана з рэестра i перайшла да ЗАТ «Белпрампрыбор». Ад кожнай каровы пачалі б надойваць звыш 4500 кiлаграмаў малака ў год. Сёння сярэдняя зарплата ў людзей там 436 тысяч рублёў — на сто тысяч вышэй, чым у сельскай гаспадарцы па раёну. У Галаўнiнцы вяртаецца паўнакроўнае жыццё. Вiталь Гаўрылаў, якi ўзначальвае ЗАТ «Белпрампрыбор» i адказвае за стан спраў у Галаўнiнцах, сказаў: «Даводзiцца цяжка, бо ў мяне няма той падтрымкi, якую маюць сельгаскааператывы. Людзi працуюць i зарплату iм выдаць трэба, але я гляджу ў будучыню з аптымiзмам. Калi б не бачыў перспектывы, то не ўвязаўся б у гэтую справу». Як яно будзе надалей, пакажа час, але зразумела адно — прыватны капiтал неабходна прыцягваць у сельскую гаспадарку, стварыць яму адпаведныя ўмовы i тым самым прывязаць яго да вёскi, каб уцячы адтуль было няпроста. Аграгарадкi — з’ява станоўчая i, напэўна, мала хто будзе адмаўляць гэта. Мая родная вёска Конькi (якая таксама ў Ляхавiцкiм раёне) лiтаральна за два-тры гады адрадзiлася, у поўным сэнсе гэтага слова. I тут важна, што новыя дамы пачалi ўзводзiць не толькi пры ўездзе i наўкол праўлення з магазiнам, але i ў старой вёсцы, якая цяпер злiваецца ў адзiн населены пункт. Толькi разам з гэтым трэба адзначыць i тое, што ў нейкiм кiламетры ад Конькаў знаходзяцца вёскi Сакуны, Туркi, Галавачы, Федзюкi, і іншыя якiя не трапiлi ў праграму адраджэння i iм ужо не ўдзяляецца такая ўвага, як аграгарадкам. Але ж там жывуць людзi i вёскi вымiраць яшчэ не збiраюцца. Менавiта ў такiя вёскi, мяркую, i трэба прыцягваць людзей з грашыма — аддаваць iм у арэнду фермы цi прыцягваць iншым чынам. Сёлета ў раёне будуць уведзены два чарговыя аграгарадкi, адзiн з iх — цэнтр СВК «Дарава». Старшыня сельгаскааператыва У. Пятроўскi выказаўся наконт дамоў, якiя ўзводзяцца ў вёсцы Дарава: — Жыллё быццам бы i таннае, але домiкi ўжо сталi больш дарагiмi, чым кватэры ў элiтным доме ў цэнтры Баранавiч. За кожны дом заплачана па 72 мiльёны, а яшчэ неабходна выплацiць пэўныя сумы гаргазу, электрыкам, ды i гэта не ўсё. У дамах няма падвалаў, хлявоў таксама... Калi ўсё падлiчыць, то гэтыя дамы ўжо залатыя, — заявiў старшыня. Пра якасць будаўнiцтва пiсалася многа, што i паўтарацца не хочацца. Нашы рабочыя ўсё мераюць не якасцю зробленага, а пагоннымi метрамi ды кубамi. Але не трэба думаць, што яны не могуць зрабiць на сумленне. Калi ў Баранавiчах наладзiлi выпуск тратуарнай плiткi на нямецкiм абсталяваннi, немцы прыехалi вучыць нашых рабочых тую плiтку ўкладваць. Пры норме (нямецкай) укладкi ў гадзiну два пагонныя метры нашы «далi» да васьмi. А як iнакш, калi ад метраў залежыць зарплата? Нямецкi майстар паглядзеў на пакладзеную плiтку i загадаў усё перакладваць занава... i бясплатна. Паўторна паклалi метраў па шэсць i зноў усё перакладвалi. Праз тыдзень наш рабочы ўжо выкладваў тратуар не горш за немца i ўкладваўся ў замежную норму — два метры ў гадзiну. Адраджэнне вёскi — гэта справа не толькi дзяржавы, але i жыхароў вёскi. Бывае крыўдна глядзець, калi наўкол новага дома ўжо не першы год запусценне — быццам бы там i жывой душы няма. Дзяржава сёння ў вёску ўкладвае вялiкiя грошы i хацелася б, каб ад iх была максiмальная аддача. Ляхавiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адраджэнне вёскi — працэс натуральны, але беларуская вёска ўжо нiколi не будзе такой, як некалi. Мяняецца яна не толькi знешне, але i духоўна. Адмiрае
|
|