Чакаюцца змяненнi ў Законе аб ваеннай службе
Iрына ПРЫМАК
З 16 па 31 лiпеня 2007 года адбудзецца чарговая адпраўка маладога папаўнення ў войскi. Напярэдаднi гэтага прызыву генерал-маёр Iгар ГЛОД, начальнiк галоўнага арганiзацыйна-мабiлiзаванага ўпраўлення Генеральнага штаба, намеснiк начальнiка Генеральнага штаба Узброеных Сiл Беларусі падрабязна расказаў аб яго асаблiвасцях, спынiўшыся на нязвыклай пакуль для нашай армii службе ў рэзерве.
— Сёлета будзе зроблены ўжо чацвёрты прызыў на службу ў рэзерве, прычым адбываецца ён толькi летам, — тлумачыць Iгар Вячаслававiч. — Зараз службу ў рэзерве праходзiць 5519 чалавек, 1301 чалавек ужо завяршыў яе, атрымаўшы ваенна-ўлiковую спецыяльнасць, i знаходзячыся на вайсковым улiку ў ваенных камiсарыятах. Захаванне працоўнага месца ў сувязi з выкананнем вайсковага абавязку гарантуецца. Наогул план прызыву-2007 складае 13 тысяч юнакоў (3 тысячы на службу ў рэзерве). — Як арганiзавана служба ў рэзерве? — Законам Рэспублiкi Беларусь для грамадзян у рэзерве вызначаны наступныя тэрмiны службы: 3 гады для тых, хто атрымаў сярэднюю агульную адукацыю, 2 гады — для тых, хто атрымаў вышэйшую адукацыю. Рэзервiсты служаць без адрыву ад асноўнага вiду дзейнасцi шляхам правядзення збораў (групы iмкнуцца камплектаваць па роднасных спецыяльнасцях). Прызыўнiкi бяруць водпуск за свой кошт цi выкарыстоўваюць асноўны водпуск. У залежнасцi ад той спецыяльнасцi, якую атрымлiваюць юнакi, у першы вучэбны год яны праходзяць у вайсковай часцi 300—850 вучэбных гадзiн, у другi i трэцi гады — 250 гадзiн. Гэта раздзелена на два зборы па аднаму месяцу. Рэзервiсты займаюцца пытаннямi баявой падрыхтоўкi максiмальна iнтэнсiўна — з панядзелка па пятнiцу па 8 гадзiн у дзень, у суботу — 6. I ў гэтым ёсць перавага, бо мы адрываем iх на невялiкi тэрмiн, i яны не займаюцца iншымi справамi, а толькi атрымлiваюць ваенна-ўлiковую спецыяльнасць. У салдат жа тэрмiновай службы заняткi працягваюцца па 6 гадзiн у дзень, прычым яны адбываюцца не кожны дзень, бо ёсць паркава-гаспадарчыя днi, днi нясення службы ў нарадзе i каравуле. — Каго прызываюць у рэзерв? — Па закону любы грамадзянiн Беларусi, якi дасягнуў прызыўнога ўзросту (18—27 гадоў), можа быць прызваны на службу ў рэзерве. Па плану мы прызываем 3 тысячы чалавек, але хадайнiцтваў ад кiраўнiкоў, якiя, напрыклад, пiшуць, што юнак удзельнiчае ў пэўным праекце, таму просяць прызваць яго ў рэзерв, на сёння значна больш. Каго ж мы прызываем? Як правiла, гэта юнакi старэйшага ўзросту (20 гадоў i болей), з вышэйшай адукацыяй, хто ўяўляе iнтарэс для дзяржавы ў сферы навукi, культуры, мастацтва, спорту, высокаквалiфiкаваныя рабочыя кадры, спецыялiсты сельскай гаспадаркi (няма сэнсу адрываць iх ад сваiх абавязкаў), якiя маюць хадайнiцтвы ў адрас прызыўных камiсiй ад кiраўнiкоў адпаведных рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, абласных i Мiнскага гарадскога выканаўчых камiтэтаў. — Мы правяраем падраздзяленнi, дзе праходзiць служба ў рэзерве, i вельмi задаволеныя вынiкамi. Тут значна вышэйшая якасць падрыхтоўкi юнакоў па ваенна-ўлiковых спецыяльнасцях (такiх спецыяльнасцяў 93), бо большасць з хлопцаў з вышэйшай адукацыяй, таму яны сур’ёзней ставяцца да справы. — У чым заключаюцца асаблiвасцi сёлетняга летняга прызыву? — Сёлета — першы выпуск юнакоў з ваенных факультэтаў i кафедраў грамадзянскіх ВНУ (гэта каля 400 чалавек), якiя ўжо атрымалi вайсковую спецыяльнасць, таму мы плануем зараз прызваць з iх каля 200 чалавек на канкрэтныя пасады ў складзе падраздзяленняў на шэсць месяцаў службы. Аднак усё будзе залежаць i ад сямейных i iншых абставiнаў, стану здароўя. — Цi павышаецца прэстыж праходжання службы ў армii? — Штогод мы прызываем 10 тысяч чалавек. Сярод апытаных толькi 1,5 працэнта грамадзян пазбеглi б службы, калi б такая магчымасць была, а 98,5 працэнта выказалi сваё жаданне выканаць свой ваенны абавязак. У нашай армii зараз каля 7 тысяч кантрактнiкаў, што таксама сведчыць аб многiм. — Якая ўвага ўдзяляецца стану здароўя прызыўнiкоў? — На 1 чэрвеня медыцынскi агляд прайшло каля 70 тысяч чалавек. Каля 50 працэнтаў з iх накiраваны на паглыблены медыцынскi агляд, бо мiнiстры абароны i аховы здароўя паставiлi пытанне такiм чынам, што калi ва ўрача ўзнiкаюць нават самыя нязначныя сумненнi, лепей адправiць юнака на паглыблены агляд. Таксама заведзена анкета (у ёй каля 77 пытанняў), дзе юнак заяўляе свае скаргi на стан здароўя. Згодна з iмi, медкамiсiя раёна накiроўвае хлопца на паглыблены мед-агляд у спецыялiзаваную клiнiку. — Хто можа атрымаць адтэрмiноўку? Цi плануецца пашыраць спектр правоў грамадзян прызыўнога ўзросту? — Адтэрмiноўку могуць атрымаць тыя, хто толькi скончыў сярэднюю школу (iм прадастаўляецца права працягваць адукацыю), навучаецца ў ВНУ, аспiрантуры, дактарантуры на вочнай форме, пайшоў у акадэмiчны водпуск цi мае пэўныя сямейныя абставiны (дзiця ва ўзросце да 3 гадоў). Аднак зараз актыўна абмяркоўваецца пытанне аб змяненнях у Закон аб вайсковым абавязку i воiнскай службе (прапанаваны Мiнiстэрствам абароны праект Закона прайшоў першае чытанне, быў адобраны i зараз рыхтуецца да другога чытання ў парламенце рэспублiкi). Закон сапраўды ўдасканальваецца ў плане пашырэння правоў грамадзян прызыўнога ўзросту. Мы прааналiзавалi сiтуацыю, дзякуючы правядзенню прамых «гарачых» тэлефонных лiнiй, i зрэагавалi аператыўна на шэраг зваротаў грамадзян. У прыватнасцi, тых, хто пераводзiўся з адной ВНУ ў iншую, быў адлiчаны з ВНУ, i вырашылi ўвесцi для iх адтэрмiноўку. Яе ў перспектыве могуць атрымаць i юнакi, якiя завяршаюць сярэднеспецыяльную адукацыю, бо большасць з iх жадаюць паглыбляць свае веды ў ВНУ. Калi змяненнi ў закон будуць прыняты, адтэрмiноўка будзе ў жадаючых атрымаць адукацыю ў дактарантуры i аспiрантуры на ўсiх формах навучання.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З 16 па 31 лiпеня 2007 года адбудзецца чарговая адпраўка маладога папаўнення ў войскi. Напярэдаднi гэтага прызыву генерал-маёр Iгар ГЛОД, начальнiк га
|
|