Дзяржаве прыйдзецца даплаціць студэнтам да 185 тысяч?
Еўрарадыё ўважліва прачытала ўказ прэзідэнта аб адраснай сацыяльнай падтрымцы і нечакана заўважыла, што цяпер паводле закону кожному іншагародняму студэнту дзяржава павінна даплаціць
яшчэ адну стыпендыю — да бюджэту пражытковага мінімума. Паводле іроніі, двоечнікам — нават больш за выдатнікаў, бо ў іх стыпендыя меншая.
Галоўная ўмова атрымання дапамогі прапісана ў законе: “штомесячная сацыяльная дапамога выдаецца сем’ям і грамадзянам, якія пражываюць асобна або вядуць раздзельную гаспадарку, пры ўмове, калі іх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах не перасягае 100% найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму”. Такім чынам, студэнт, якому споўнілася 18 год і які жыве асобна ад сваіх бацькоў (напрыклад, у інтэрнаце), можа смела несці дакументы ва ўпраўленне сацыяльнай абароны. Чаму не? Ні адна стыпендыя не дацягвае да бюджэту пражытковага мінімуму (гэта 185 тысяч рублёў). Напрыклад, у БНТУ мінімальная стыпендыя 95.220, а максімальная - 152 тысячы; у БДПУ — 142 тысячы і 95, а сацыяльная — 66 тысяч рублёў. А студэнцкія сем’і, дзе разам жывуць ды навучаюцца муж і жонка, і ўвогуле “ўзбагацяцца”. Бо на дваіх атрымліваецца прыбаўка больш за 120 тысяч. Журналіст Еўрарадыё адразу ж паспрабавала атрымаць сацыяльную падтрымку і патэлефанавала ва ўпраўленне сацыяльнай абароны Ленінскага раёна Мінска. Здаецца, званок 19-гадовай студэнткі гістарычнага факультэта БДУ са стыпендыяй ў 120 тысяч быў тут самым нечаканым. Супрацоўнікі шмат часу не маглі патлумачыць, як быць у такім выпадку: яны не здагадваліся, што студэнты падпадаюць пад гэты ўказ. Потым здаліся - так, паводле закону, відаць, могуць. Аднак тут жа паспяшаліся ўключыць ў мае “даходы” нават ільготны праезд у метро, якім я карысталася ў апошнія тры месяцы. Супрацоўнік: А навучанне ў вас платнае? Кар.: Не, бюджэт. Супрацоўнік: Калі вы будзеце звяртацца ў снежні, тады бярыце даведкі за тры апошнія месяцы. Даведку, што вы навучаецеся і выдадзена вам такая-то стыпендыя. Далей будзе ўлічвацца яшчэ ваш ільготны праезд, што быў раней. Гэта 21 тысяча. Бярэце даведку з інтэрната, што вы там прапісаны, і што субсідыя вам не налічвалася за гэты час. І зрабіце ксеракопію пашпарта. І яшчэ, дзяўчына, такі момант: за мяжу вы не ездзілі? Кар.: Не, а што? Супрацоўнік: Хто ездзіў за мяжу, не мае права на сацыяльную падтрымку на працягу года. Атрымліваецца, што нават пра адпачынак у Крыме студэнту давядзецца забыць. Інакш ён проста не зможа атрымаць сацыяльную падтрымку, якая можа выдавацца шэсць месяцаў. Ці шмат такіх студэнтаў?.. Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Далей студэнту давядзецца нейкім чынам даказаць камісіі, што вы жывяце на адну стыпендыю. Ва ўпраўленні сацыяльнай абароны Заводскага раёна вельмі здзівіліся таму, як можна выжыць на 120 тысяч стыпендыі: “Як вы будзе прэтэндаваць на дапамогу, калі камісіі спачатку прыйдзецца даказаць, што вы вядзеце асобную гаспадарку?” — нечакана спыталі ў мяне. На думку супрацоўніцы ўпраўлення сацыяльнай абароны Заводскага раёна, пераканаць камісію, што студэнт жыве на стыпендыю ў 120 тысяч, проста немагчыма. Далей давялося вытрымаць сапраўдны допыт. Дарэчы, такі допыт чакае ўсіх, хто спадзяецца на сацыяльную дапамогу. Супрацоўніца ўпраўлення сацыяльнай абароны: Я вам задаю пытанне: якім чынам вы будзеце пацвярджаць вядзенне гаспадаркі асобна ад бацькоў? Вы ж разумееце, што гэта дзяржаўныя бюджэтныя сродкі. Карэспандэнт: Я не жыву разам з бацькамі. Вось і ўсё пацверджанне. Супрацоўніца: Не, да вас прыйдзе камісія ў складзе трох чалавек — прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, упраўлення адукацыі і тэрытарыяльнага цэнтра. Як вы будзеце пацвярджаць? Кар.: У мяне ёсць цётка, якая дае пакой, а бацькі знаходзяцца ў іншым горадзе і не маюць да мяне ніякага дачынення. Супрацоўніца: А на якія сродкі вы жывяце? На стыпендыю? Кар.: Так. Супрацоўніца: Вы што, харчуецеся і апранаецеся за стыпендыю?! Ці есць яшчэ дзіркі ў законе, і ці маюць шанцы дачакацца сацыяльнай дапамогі ад дзяржавы студэнты-платнікі, якія наогул не атрымліваюць стыпендыі, чытайце ТУТ. Супрацоўніца ўпраўлення сацыяльнай абароны доўга не магла паверыць у тое, што за такія грошы рэальна можна пражыць і ўвесь час казала, што студэнт цалкам залежыць ад бацькоў. Хаця паводле закону з 18 гадоў ён лічыцца самастойным чалавекам. Альбо “грамадзянінам, які пражывае асобна або вядзе раздзельную гаспадарку”, як запісана ў законе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Еўрарадыё ўважліва прачытала ўказ прэзідэнта аб адраснай сацыяльнай падтрымцы і нечакана заўважыла, што цяпер паводле закону кожному іншагародняму студэнту дзяржава павінна даплаціць
яшчэ адну стыпендыю — да бюджэту пражытковага мінімума.
|
|