21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Аляксандр Лукашэнка: "У будучай пяцігодцы павiнны быць вырашаны ўсе пытаннi па чарнобыльскай пр

26.08.2009 10:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аляксандр Лукашэнка: "У будучай пяцігодцы павiнны быць вырашаны ўсе пытаннi па чарнобыльскай праблематыцы"

Хойнiцкi раён наведаў упершыню. Палеская глыбiнка ўразiла добрымi дарогамi, узорнымi контурамi апрацаваных палёў, чыстымi, прыгожымi вёсачкамi i аграгарадкамi. Напярэдаднi Вялiкадня на вулiцах не толькi людзi сталага веку, але i модна апранутая моладзь, маладыя мамы з дзецьмi. Падобна на тое, што знакамiтае "людзi на балоце" ў адносiнах да палешукоў назаўсёды засталося толькi ў лiтаратурнай спадчыне iх слыннага земляка Івана Мележа. 

Значныя станоўчыя перамены на землях, пацярпелых у вынiку чарнобыльскай катастрофы, з задавальненнем адзначыў падчас наведвання аграгарадка "Глiнiшча" ў рамках рабочай паездкi па Гомельшчыне i Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка. Прычым для кiраўнiка дзяржавы, якi ў гэтых рэгiёнах бывае рэгулярна i зусiм не госцем, ажыўшая пасля радыяцыйнай навалы зямля — лепшае пацвярджэнне правiльнасцi абранага некалi курса. А магло быць i зусiм iнакш.

"Мне расказвалi, што гаварылi прадстаўнiкi ўлады 1990-х гадоў, калi прыязджалi на гэтыя тэрыторыi, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Яны казалi людзям: ратуйцеся хто як можа. Нам давялося пераламаць падобную свядомасць".

I што зараз?

"Прайшоў час, i мы бачым тут абноўленыя гарады. У гэтых раёнах на 20 працэнтаў зменшылася смяротнасць i на 2 працэнты за апошнi год павялiчылася нараджальнасць", — сказаў Прэзiдэнт.

Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, людзi вызначылiся з выбарам, "яны больш мудрыя за нас".

"Мы патлумачылi грамадзянам, што не кiнем iх i акажам належную падтрымку", — расказаў Аляксандр Лукашэнка. У якасцi прыкладу дзеянняў дзяржавы па пераадоленнi наступстваў тэхнагеннай катастрофы Прэзiдэнт прывёў той факт, што ў вынiку пэўных захадаў удалося дабiцца таго, што 90 працэнтаў малака, якое вырабляецца на пацярпелых тэрыторыях, па самых жорсткiх стандартах Еўрасаюза можа быць выкарыстана для вытворчасцi дзiцячага харчавання.

"Калi я прыязджаў сюды першы раз пасля таго, як стаў прэзiдэнтам, наведаў самыя забруджаныя тэрыторыi, я сказаў тады смела i рашуча: пройдзе нейкi час, i мы вернемся на гэтыя землi i будзем жыць годна", — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Час пацвердзiў праўдзiвасць слоў беларускага лiдара.

"У будучай пяцiгодцы павiнны быць вырашаны ўсе пытаннi па чарнобыльскай праблематыцы", — запатрабаваў Прэзiдэнт.

Адказваючы на пытаннi журналiстаў аб перспектывах будаўнiцтва на тэрыторыi Беларусi атамнай электрастанцыi, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на яго думку, тут яго падтрымаюць "тыя людзi, якiя хочуць дабра сваёй краiне".

Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, вучоныя, якiя заклiкаюць перашкодзiць будаўнiцтву АЭС, — "не вучоныя, а бандыты ад палiтыкi". "Вы памятаеце, колькi пасля чарнобыльскай катастрофы ў нас з’явiлася "мудрых" палiтыкаў, якiя, эксплуатуючы гэту тэму, прарвалiся да ўлады? Колькi iх было i колькi бяды яны прынеслi краiне? Вось i зараз спрабуюць на гэтым падняцца. Не атрымаецца! Я iм гэтага не дазволю! — заявiў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзiдэнта, размова пра бяспеку не вядзецца ўвогуле: наша краiна знаходзiцца ў кальцы атамных станцый суседнiх дзяржаў. Дзе гарантыя, што яны абсалютна бяспечныя? Ды i Чарнобыльская АЭС, ад якой так пацярпела Беларусь, знаходзiлася не на нашай тэрыторыi. Таму чаму б беларусам не скарыстацца выгодамi мiрнага атама?

На думку Прэзiдэнта, апаненты будаўнiцтва АЭС не проста палiтыканы, яны ворагi нашага народа. З дапамогай запалохвання людзей яны iмкнуцца зарабiць балы перад парламенцкiмi выбарамi. А раптам пад гэты страх людзi за iх i прагаласуюць... Аднак, як лiчыць Аляксандр Лукашэнка, яны страшна адарвалiся ад людзей. Народ зараз ужо не той.

Сваё iмкненне да будаўніцтва атамнай станцыi ў Беларусi Прэзiдэнт патлумачыў клопатам нават не пра сённяшнi дзень, а пра наступныя пакаленнi. Свой прэзiдэнцкi тэрмiн ён дапрацаваў бы i ў цяперашнiх умовах.

"Нам трэба некалькi блокаў пабудаваць, каб зменшыць сваю залежнасць па нафце i газу ад адной краiны", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

Журналiстаў цiкавiла, цi абрана ўжо пляцоўка пад будучае будаўнiцтва. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, зараз разглядаюцца варыянты ў Магiлёўскай i Гродзенскай абласцях.

"Як толькi мы вызначымся, мы людзям шчыра скажам. Гэта не тое пытанне, дзе я нешта буду хаваць. Я за гэта нясу адказнасць i буду несцi яе перад народам, нават калi не буду прэзiдэнтам", — заявiў кiраўнiк дзяржавы.

"Шлях адзiн — павышэнне заработных плат"

Скачок цэнаў на прадукты харчавання ў свеце прывёў да галодных бунтаў у асобных краiнах. Цi варта апасацца яго негатыўнага ўплыву беларусам? Паводле слоў Прэзiдэнта, падаражанне прадуктаў на сусветных рынках — у большай ступенi карысць для беларускай эканомiкi.

"Толькi летась мы экспартавалi прадукцыю сельскай гаспадаркi больш чым на 1,5 млрд долараў, сёлета можам зарабiць яшчэ больш", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Так, калi раней мы не ведалi, як масла прадаць хоць бы па долару, то сёння яго ў нас забiраюць па пяць.

"Мы своечасова распачалi рэалiзацыю праграмы развiцця вёскi, — лiчыць кiраўнiк дзяржавы. — Перакананы, што ў наступнай пяцiгодцы мы будзем вырабляць прадуктаў харчавання ўдвая больш".

Натуральна, рост цэнаў у значна меншай ступенi, чым у iншых краiнах, але ўсё ж ударыць па беларусах. Штучна ўтрымлiваць цэны ўнутры краiны не рэальна — прадукцыю пачнуць проста вывозiць, як гэта ўжо было колькi гадоў назад. Таму яны павiнны быць прыкладна на ўзроўнi расiйскiх i ўкраiнскiх. Як мiнiмiзаваць наступствы?

"Шлях тут адзiн — павышэнне заработных плат, — заявiў Аляксандр Лукашэнка. — I я думаю, што яшчэ сёлета мы зможам падняць зарплату, i абавязкова — у наступным. Галодных бунтаў у Беларусi не будзе дакладна".

"Членства ў "Белай Русi" не будзе мець абсалютна нiякага значэння для кар’ернага росту"

Апошнiм часам з’яўляецца ўсё больш чутак пра тое, што ў шэрагi названай арганiзацыi гвалтоўна заганяюць людзей. Больш за тое, выказваюцца думкi, што новая партыя ствараецца пад кiраўнiка Беларусi цi аднаго з яго сыноў.

"Я не маю нiякага дачынення да гэтай арганiзацыi. Як прэзiдэнт я не належу i не маю права належыць нейкай партыi. Таму членам "Белай Русi" я не буду", — заявiў Аляксандр Лукашэнка. Што датычыцца сыноў кiраўнiка дзяржавы, то, паводле яго слоў, "праблему будучага прэзiдэнцтва ў Беларусi мы з сынамi нiколi не абмяркоўвалi". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не хацеў бы, каб яго дзецi былi пасля яго прэзiдэнтамi.

"Гэта могуць гаварыць толькi тыя, хто не ведае, што гэта за работа, — заявiў Прэзiдэнт. — Таму нiякая арганiзацыя пад маiх сыноў не стваралася i стварацца не будзе. Гэта было б прынiжэннем i для кiраўнiцтва арганiзацыi, i для тых, хто ў яе ўступае". Аляксандр Лукашэнка завастрыў увагу на недапушчальнасцi папаўнення шэрагаў "Белай Русi" пад прымусам. Гэтым пытаннем ён асабiста "прынцыпова i сур’ёзна" заняўся пэўны час назад.

 "Калi толькi мы выявiм, што нейкiя адурэлыя начальнiкi гоняць туды людзей, значыць яны на сваiх пасадах больш не затрымаюцца", — заявiў Прэзiдэнт.

Увогуле, на думку Аляксандра Лукашэнкi, у гэтай арганiзацыi павiнна быць менш чыноўнiкаў. Яшчэ месяц таму Прэзiдэнт давёў кiраўнiку Адмiнiстрацыi, што будзе вельмi ўважлiва разглядаць членства сваiх падначаленых — членаў Урада, губернатараў i iншых — у гэтай арганiзацыi.

"Я спытаю ў кожнага, чаму ён туды пайшоў, што яму там рабiць? Яму што, работы не хапае? Членства ў "Белай Русi" не будзе мець абсалютна нiякага значэння для кар’ернага росту", — заявiў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзiдэнт прытрымлiваецца таго пункту гледжання, што партыя павiнна сфармiравацца "знiзу".

"Паглядзiм, цi перарасце "Белая Русь" у партыю, будзе яна адстойваць iнтарэсы людзей цi не", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён нармальна ставiцца да тых арганiзацый i рухаў, якi дапамагаюць будаваць жыццё, няхай яны нават i крытычна ставяцца да ўлады, Прэзiдэнта.

У Беларусi сёння больш грошай, чым iснуе iнвестпраектаў

Важнае пытанне для любой дзяржавы — замежныя iнвестыцыi. Аляксандр Лукашэнка нагадаў прыклад з нядаўняга мiнулага, калi ён заклiкаў чыноўнiкаў не хапацца за любыя не шматлiкiя ў той час iнвестыцыi. Спачатку трэба разабрацца, цi патрэбны яны нашай дзяржаве. Такi ўзважаны падыход у свой час дазволiў забяспечыць бяспеку нацыянальнай эканомiкi.

"Напрыклад, многа iнвестараў прапанавалi нам пабудаваць завод, аналагiчны Мiнскаму аўтамабiльнаму. Я на гэта не пайшоў", — адзначыў Прэзiдэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, Беларусi не патрэбныя тыя iнвестары, якiя хочуць прыйсцi сюды на непрацяглы тэрмiн, каб зняць вяршкi, а ў вынiку свайго праекта знiшчыць беларускiя прадпрыемствы.

"На сённяшнi дзень iснуе 1068 iнвестыцыйных праектаў па прадпрыемствах. У нас сёння грошай крыху больш i мы самi будзем рэалiзоўваць выгадныя праекты", — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы.

Такiя прыклады паспяховай работы ўжо ёсць: гэта i вытворчасць сыроў у Копысi, Бялынiчах, лесаперапрацоўчае прадпрыемства ў Шклове i многiя iншыя.

"Я заўсёды казаў чыноўнiкам — не мiтусiцеся, сумленныя iнвестары сюды абавязкова прыйдуць. Беларусь — гэта цэнтр Еўропы, менавiта тут найбольш выгадна размяшчаць прадпрыемствы, каб потым прадукцыю пастаўляць у блiжэйшыя краiны", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзiдэнта, улада не баiцца прыватнай уласнасцi, але прадпрыемствы павiнны быць прыватызаваны так, як гэта было, напрыклад, з Vеlсоm. Дзяржава не ўклала ў прадпрыемства нi капейкi, а атрымала 600 млн долараў у бюджэт.

"У свой час мне прапанавалi прадаць "Белшыну" за некалькi сот тысяч. Мы ж мадэрнiзавалi прадпрыемства, i цяпер яно каштуе больш за мiльярд долараў", — прывёў прыклад кiраўнiк дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, у Беларусi выгадныя ўмовы для бiзнэсу.

"Яму патрэбен спакойны рэжым i бяспека, таму iнвестары сёння сюды i iдуць", — сказаў Прэзiдэнт.

Беларусь не можа стаць часткай iншай дзяржавы

Гэту пазiцыю яшчэ раз пацвердзiў Аляксандр Лукашэнка падчас гутаркi з прадстаўнiкамi СМI.

"Той шлях, што прапанавала Расiя, для нас непрымальны. Мы не можам стаць часткай любой iншай дзяржавы, не толькi Расii", — заявiў кiраўнiк дзяржавы.

Разам з тым, паводле слоў Прэзiдэнта, мы нiколi не будзем ворагамi, працiўнiкамi расiян.

"Мы заўсёды будзем разам з Расiяй адстойваць нашы агульныя iнтарэсы. I Расiйскай Федэрацыi трэба ўсвядомiць, што ў яе на Захадзе ёсць адзiная апора, дружалюбная дзяржава, якая нiколi не падводзiла i не падвядзе. Але яна павiнна быць суверэннай дзяржавай", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзiдэнта, расiйскi бок павiнен паважаць гонар беларусаў.

Гаворачы аб iнтэграцыйных працэсах, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ня правiльна ўспрымаць прэзiдэнта Расii Уладзiмiра Пуцiна як нейкага дэзiнтэгратара.

"Усё, што маглi зрабiць Пуцiн i Лукашэнка для iнтэграцыйных працэсаў, i я, i ён зрабiлi. Былi аб’ектыўныя прычыны, сiлы, якiя перашкаджалi гэтаму працэсу. Яны i сёння ёсць. У асноўным расiйская бiзнэс-элiта хацела б мець Беларусь у якасцi нейкага ручнога сабачкi, якога можна вадзiць на павадку", — адзначыў Прэзiдэнт Беларусi.

"Усе хочуць гэты смачны кавалак у цэнтры Еўропы прыхапiць. Я сказаў: не. Я гэта сумленна i шчыра сказаў сваiм партнёрам", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне аб перспектывах супрацоўнiцтва з новым прэзiдэнтам Расii Дзмiтрыем Мядзведзевым, беларускi лiдар адзначыў, што абраны прэзiдэнт Расii, гэтак як i Пуцiн — людзi аднаго мыслення.

"Гэта чалавек цвярозага розуму, я яго даўно ведаю i думаю, што мы можам прадоўжыць нармальныя адносiны памiж Беларуссю i Расiяй. Галоўнае, што мы нармальна жывём, добра гандлюем, мы не чужыя адзiн аднаму народы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. —...А гэта грошы, жыццё. I як бы мы нi "бадалiся" з Расiяй за цэны на энерганосьбiты, яны не такiя, як у Германii. Гэта таксама трэба мець на ўвазе. Мы гатовыя да развiцця самых добрых адносiнаў з расiянамi, але пры разуменнi iмi нашых прынцыповых меркаванняў", — сказаў на заканчэнне беларускi лiдар.

Сяргей ПРОТАС.

Хойнiцкi раён.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хойнiцкi раён наведаў упершыню. Палеская глыбiнка ўразiла добрымi дарогамi, узорнымi контурамi апрацаваных палёў, чыстымi, прыгожымi вёсачкамi i аграг
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика