Законапраект аб СМІ прыняты ў першым чытанні
Законапраект аб СМІ прыняты ў першым чытанні
У палаце прадстаўнікоў Усе СМI — на перарэгістрацыю. Пасля ўступлення ў сiлу новага закона гэту працэдуру пройдуць усе мас-медыя Беларусi. Аб гэтым паведамiла першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Лiлiя Ананiч, прадстаўляючы праект закона аб сродках масавай iнфармацыi дэпутатам. — Усе СМI на працягу года пасля ўступлення закона ў сiлу павiнны будуць прайсцi перарэгiстрацыю. Яна будзе здзяйсняцца без збiрання платы за ўнясенне змяненняў i дапаўненняў ва ўстаноўчыя дакументы, — патлумачыла Лiлiя Станiславаўна. Сярод недахопаў iснуючага i ўжо састарэлага закона, якi рэгулюе праваадносiны ў сферы масавай iнфармацыi, Л. Ананiч назвала таксама i адсутнасць рэгуляцыi парадку дзяржаўнай рэгiстрацыi замежных СМI, што "дазваляе распаўсюджваць на тэрыторыi Беларусi друкаваныя сродкi масавай iнфармацыi, якiя па форме i змесце разыходзяцца са сваiмi асноўнымi выданнямi". Дакумент прапiсвае парадак фiнансавання сродкаў масавай iнфармацыi: — Устаноўлена забарона на атрыманне грашовых сродкаў i маёмасцi ад замежных юрыдычных асобаў, замежных грамадзян i асобаў без грамадзянства, якiя не пражываюць пастаянна на тэрыторыi Беларусi, за выключэннем выпадкаў удзелу такiх асобаў у статутным фондзе юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыi рэдакцыi СМI. Забараняецца таксама атрымлiваць сродкi з ананiмных крынiц. Акрэслены дакладныя тэрмiны, на працягу якiх зарэгiстраваныя мас-медыя павiнны паспець выпусцiць сваю прадукцыю. Як паведамiла першы намеснiк мiнiстра, "права прыступiць да выпуску СМI захоўваецца на працягу аднаго года — для тэлевiзiйных i радыёвяшчальных сродкаў масавай iнфармацыi i шасцi месяцаў — для друкаваных СМI". Адлiк пачынаецца са дня iх уключэння ў Дзяржаўны рэестр сродкаў масавай iнфармацыi. У законапраекце дакладна акрэслены пералiк дакументаў, неабходных для рэгiстрацыi СМI на тэрыторыi Беларусi, паколькi, паводле слоў Лiлii Ананiч, на практыцы з растлумачэннем гэтых момантаў заўжды ўзнiкае шмат праблем. Законапраект упершыню замацоўвае ў Беларусi забарону на распаўсюджванне ў СМI схаваных уставак, якiя ўздзейнiчаюць на падсвядомасць людзей цi аказваюць шкоднае ўздзеянне на iх здароўе. Дэпутаты прынялi яго ў першым чытаннi. Экстрасэнсы i сэкс — без рэкламы Забарону на рэкламу пэўных вiдаў паслуг уводзяць змяненнi i дапаўненнi ў заканадаўства па пытаннях рэкламы З прыняццем паправак у дзеючыя законы вы больш не будзеце глядзець рэкламныя ролiкi, дзе ўсе праблемы ў жыццi вырашаюцца як па ўзмаху чарадзейнай палачкi — дастаткова проста звярнуцца да варажбiткi. I наўрад цi сустрэнеце рэкламу кшталту "Сiмпатычная дзяўчына чакае вашага званка". Такiя паслугi паводле новага законапраекта рэкламаваць забараняецца. — Пры падрыхтоўцы законапраекта да другога чытання была ўключана норма, якая ўводзiць забарону на рэкламу паслуг гiпнатызёраў, экстрасэнсаў, варажбiтак, спiрытаў, астролагаў, калдуноў, прадракальнiкаў i iншых асобаў, якiя абвяшчаюць сябе або лiчацца здольнымi прадказваць падзеi, уздзейнiчаць на людзей, духоўны свет, маёмасць, навакольнае асяроддзе шляхам выкарыстання звышнатуральных здольнасцяў i сiлаў, — адзначыла намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па жыллёвай палiтыцы, будаўнiцтве, гандлi i прыватызацыi Ганна Бурава, якая прадстаўляла законапраект у Авальнай зале. Дэпутат паведамiла, што забараняецца i рэклама псiхалагiчнай дапамогi, за выключэннем тых выпадкаў, калi такая дапамога аказваецца дзяржаўнымi органамi i арганiзацыямi, установамi адукацыi цi iншымi арганiзацыямi пры ўмове таго, што дапамога аказваецца апошнiмi бясплатна i на законнай падставе.
Пад забарону трапiла таксама i рэклама паслуг сэксуальнага характару: — У тым лiку пад выглядам псiхалагiчнай дапамогi, зносiнаў, рэлаксацыi, масажу, прыемнага баўлення часу, iншай законнай дзейнасцi, — удакладнiла спадарыня Бурава. Сярод паправак нароўнi з прынятай раней забаронай рэкламы метадаў прафiлактыкi, дыягностыкi i лячэння хваробаў, медыцынскiх тэхналогiй i лекаў, не дазволеных Мiнiстэрствам аховы здароўя Беларусi — i забарона на рэкламу паслуг у сферы народнай медыцыны. Аднак у "бочцы" забарон апынулася i "лыжка" дазволаў — вытворцам алкагольных напояў i пiва дазволена выкарыстоўваць у сваiх таварных знаках вобразы людзей i жывёл. Прыняцце гэтай нормы, паводле слоў Ганны Буравай, абумоўлена тым, што такiя таварныя знакi, зарэгiстраваныя яшчэ да ўступлення ў сiлу Закона "Аб рэкламе", вядомыя спажыўцам. Змяненнi i дапаўненнi ў некаторыя законы па пытаннях рэкламы дэпутаты ўчора прынялi ў другiм чытаннi, у далейшым папраўкi будуць разгледжаныя ў Савеце Рэспублiкi. Арэнда — у заклад Крэдыт можна будзе браць не толькi пад заклад уласнага ўчастка, але i арандаванага У праекце Кодэкса аб зямлi прадугледжаны толькi два вiды землекарыстання — уласнасць i арэнда — замест пяцi, якiя iснавалi раней. Аднак для грамадзян захоўваецца варыянт атрымання зямельных участкаў у пажыццёвае спадчыннае валоданне, а для юрыдычных асобаў — у карыстанне для пэўных мэтаў. Пасля прыняцця кодэкса дэпутатамi ў другiм чытаннi асобныя яго палажэннi пракаментаваў журналiстам Мiхаiл Русы — старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па аграрных пытаннях. Ён падкрэслiў, што Беларусь пераходзiць да эканамiчных метадаў рэгулявання зямельных адносiнаў: — Праект Кодэкса аб зямлi дазволiць актывiзаваць рынкавыя метады рэгулявання i вывесцi гэты рэсурс з ценявога абароту з захаваннем сацыяльнай скiраванасцi развiцця зямельных адносiнаў. У праекце кодэкса замацавана, што кошт зямельных участкаў у буйных гарадах i прылеглай мясцовасцi вызначаецца шляхам аўкцыёну. Асаблiвы акцэнт старшыня камiсii зрабiў на магчымасцi здзяйсняць выкуп арэнднага права: — Гэта значыць, што калi грамадзянiн узяў зямельны ўчастак у арэнду, пачаў будаўнiцтва, гаспадаранне i яму неабходны крэдыт, то заканадаўства дазволiць яму выкарыстоўваць яго правы арэнды ў якасцi закладу. Такая норма дае магчымасць для развiцця iпатэкi. Не менш важна i тое, што кодэкс дазволiць вырашыць праблему долевай уласнасцi ў блакiраваных жылых дамах. Раней, калi адзiн жыхар такога дома не быў згодны здзяйсняць нейкiя дзеяннi з уласнасцю, то i нiхто iншы не мог гэтага рабiць. З прыняццем кодэкса сiтуацыя зменiцца — у кожнага з iх будзе свая доля, якой ён зможа распараджацца па сваiм меркаваннi. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усе СМI — на перарэгістрацыю. Пасля ўступлення ў сiлу новага закона гэту працэдуру пройдуць усе мас-медыя Беларусi. Аб гэтым паведамiла першы намеснi
|
|