"Пенсійнiк" па хатах не ходзiць
"Пенсійнiк" па хатах не ходзiць
Адкласцi пэўную суму на "чорны дзень" цi на дапамогу дзецям — не сакрэт, што паводле такога прынцыпу жыве абсалютная большасць пенсiянераў. І нiчога незвычайнага тут, зразумела, няма. Разам з тым нельга не заўважыць: аб гэтай звычцы добра ведаюць у крымiнальным свеце. Статыстыка сведчыць, што амаль кожнае сёмае злачынства ўчыняецца ў дачыненнi да састарэлых, толькi сёлета ахвярамi ўжо сталi 7165 пажылых людзей. Пры гэтым даводзiцца канстатаваць, што значная колькасць няпрошаных гасцей з’яўляецца ў доме пад выглядам... работнiкаў сацыяльнай службы. Пасведчанне. З кантактным тэлефонам Паводле звестак Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, цяпер на надомным абслугоўваннi знаходзяцца больш за 79 тысяч пенсiянераў i iнвалiдаў, якiх наведваюць каля 17 тысяч сацыяльных работнiкаў. Прычым за больш чым 20-гадовую гiсторыю iснавання гэтай падтрымкi з удзелам прадстаўнiкоў сацыяльнай службы было адзначана ўсяго адно "надзвычайнае здарэнне". — У сацыяльныя работнiкi не трапляюць выпадковыя людзi, каб вызначыць здольнасцi да гэтай справы, перад прыёмам на пасаду кожны абавязкова праходзiць спецыяльны псiхалагiчны тэст, а каб высветлiць рэпутацыю — робяцца запыты па ранейшым месцы працы, — кажа кансультант упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкi Янiна Ладышава. — Увогуле ж трэба заўважыць: сацыяльным работнiкам давяраюць, нездарма традыцыйна адна з самых папулярных паслуг — дастаўка на дом прадуктаў з папярэднiм iх набыццём за грошы самiх пенсiянераў цi iнвалiдаў. Праўда, гэтым жа даверам актыўна карыстаюцца махляры. Таму, падкрэслiвае Янiна Ладышава, сацыяльны работнiк, якi прыходзiць упершыню, мусiць прад’явiць пасведчанне. А таксама без залiшнiх напамiнаў пакiнуць для магчымасцi праверкi кантактныя тэлефоны тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Што ж да практыкi абследаванняў умоў жыцця ветэранаў вайны, адзiнокiх пенсiянераў i iнвалiдаў, то трэба памятаць: у складзе праверачнай камiсii павiнен быць прадстаўнiк сельскага Савета, участковы мiлiцыянер цi ўрач — словам, добра вядомыя людзi. Калi ж знаёмых няма, дзверы лепш не адчыняць. I яшчэ. Калi на парозе з’яўляецца асоба, якая прыносiць навiну аб павелiчэннi пенсii цi просiць паказаць працоўную кнiжку для яе пераразлiку ў будучынi, то, хутчэй за ўсё, гэта — пастка. Паводле слоў начальнiка аддзела арганiзацыi пенсiйнага забеспячэння Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Валерыя Кавалькова, спецыялiст па прызначэннi пенсiй можа прыйсцi ў дом толькi ў адным выпадку — для пацвярджэння стажу на падставе паказанняў сведак. Прычым падобныя вiзiты робяцца выключна да грамадзян, якiя ўжо страцiлi рухомую актыўнасць. Лепшы варыянт — сiгналiзацыя Устаноўка тэлефонаў у дамах i кватэрах пенсiянераў i iнвалiдаў, выяўленне больш за 7 тысяч фактаў незаконнай рэалiзацыi алкагольнай прадукцыi, канфiскацыя 883 тыс. лiтраў самагону i брагi, накiраванне на прымусовае лячэнне 2543 алкаголiкаў i наркаманаў, прэвентыўны нагляд, узмоцненае патруляванне ў днi выдачы пенсiй... Безумоўна, усе гэтыя меры маюць свой вынiк. Аднак, заўважае старшы iнспектар па асаблiвых даручэннях ўпраўлення прафiлактыкi галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку i прафiлактыкi мiлiцыi грамадскай бяспекi МУС Iгар Карачун, пры ўсiм тым нельга забывацца на галоўнае: бяспека пенсiянераў перш-наперш залежыць ад асцярожнасцi самiх пажылых людзей. — Напэўна, трэба нагадаць элементарныя правiлы — не пускаць да сябе незнаёмых людзей, пры выхадзе з дому заўсёды зачыняць вокны i дзверы, не пакiдаць ключы пад прызбай i ў iншых тайнiках, не хаваць грошы i каштоўнасцi ў шафе пад бялiзнай, пад падушкамi цi матрацамi, бо, на жаль, усё гэта добра вядома злачынцам, — кажа Iгар Карачун. — Увогуле ж можна параiць захоўваць дома толькi невялiкiя, "на першую патрэбу", сумы. А "асноўныя" грошы трымаць у банках, балазе, сёння шырокая сетка банкаўскiх фiлiялаў ёсць ва ўсiх рэгiёнах краiны. I апроч таго, пенсiянерам, асаблiва ў гарадах, нельга скiдваць з рахункаў варыянт пластыкавых картак — адно, што на картках нi ў якiм разе не варта пазначаць рin-код. I ўсё ж цi не самай надзейным сродкам застаецца абсталяванне кватэр i дамоў ахоўнай сiгналiзацыяй. Тады ў выпадку "надзвычайнага здарэння" трэба чакаць прыбыцця нараду мiлiцыi ўсяго праз некалькi хвiлiн. Штомесячны кошт паслуг па ахове кватэр у шматкватэрных дамах вызначаны ў 0,5 базавай велiчынi, цi на сёння — у 17 500 рублёў. У тых жа 0,5 базавай велiчынi абыдзецца ахова кожнага ўзроўню жылога дома цi катэджа. Штомесячны кошт кантролю за станам трывожнай сiгналiзацыi пры наяўнасцi ахоўнай вызначаны ў 0,25 базавай велiчынi (8750 рублёў), а пры адсутнасцi ахоўнай — 0,5 БВ (17 500 рублёў). Да таго ж трэба мець на ўвазе: ветэранам i iнвалiдам Вялiкай Айчыннай вайны, былым вязням фашысцкiх канцлагераў i былым няпоўнагадовым вязням даецца скiдка ў памеры 99 працэнтаў базавай велiчынi — аплата тут складае ўсяго 350 рублёў у месяц. Больш давядзецца заплацiць непасрэдна за саму ахоўную апаратуру i яе мантаж. Прыкладны кошт абсталявання сiгналiзацыяй з блакiроўкай уваходных дзвярэй i ўстаноўкай аднаго апавяшчальнiка складзе 320—340 тыс., з блакiроўкай уваходных дзвярэй i ўстаноўкай двух апавяшчальнiкаў — 400—420 тыс., з блакiроўкай уваходных дзвярэй i ўстаноўкай трох апавяшчальнiкаў — 450—500 тыс., з блакiроўкай уваходных дзвярэй i ўстаноўкай чатырох апавяшчальнiкаў — 550—620 тыс., поўная блакiроўка аднапакаёвай кватэры — 550—600 тыс., поўная блакiроўка двухпакаёвай кватэры — 700-750 тыс., поўная блакiроўка трохпакаёвай кватэры — 850—900 тыс., поўная блакiроўка чатырохпакаёвай кватэры — 970 тыс. — 1 млн. 50 тыс., кошт абсталявання кнопкай трывожнай сiгналiзацыi (без устаноўкi трывожнай сiгналiзацыi) вагаецца ў межах 250—280 тыс., з блакiроўкай уваходных дзвярэй, устаноўкай апавяшчальнiка i кнопкi трывожнай сiгналiзацыi — 350—370 тыс. рублёў. Прычым пры ўстаноўцы сiстэм сiгналiзацыi ў асобна размешчаных дамах i катэджах кошт будзе значна вышэйшы — у залежнасцi ад тыпу апавяшчальнiкаў i тыпу абсталявання. Разам з тым у дадзеным выпадку пенсiянерам вызначана палёгка — магчымасць аплаты ў растэрмiноўку да 6 месяцаў. Чым раней, ты лепей I ўсё ж, калi пасля вiзiту ў дом "сацыяльнага работнiка" цi якой-небудзь iншай падазронай асобы раптам высветлiлася, што грошы цi каштоўныя рэчы знiклi, не трэба панiкаваць цi губляцца. Неабходна патэлефанаваць ў мiлiцыю. I зрабiць гэта без прамаруджвання — найбольш вялiкiя шанцы затрымаць злачынцу менавiта па "гарачых слядах". Дарэчы, ёсць нормы. Пасля званка нарад мiлiцыi павiнен аказацца на месцы злачынства ў Мiнску на працягу максiмум 7, а ў абласных, раённых цэнтрах, гарадах раённага падпарадкавання — 10 хвiлiн. Прычым ужо з 1 лiпеня "правiла 7 хвiлiн" па гэтых населеных пунктах стане адзiным. Ёсць свае патрабаваннi i да следча-аператыўных груп. На месцы злачынства ў Мiнску яны павiнны з’явiцца не пазней чым праз 25 хвiлiн, у абласных, раённых цэнтрах i гарадах абласнога падпарадкавання — праз 30, у сельскай мясцовасцi пры адлегласцi да 30 кiламетраў — праз гадзiну, а пры адлегласцi больш за 30 кiламетраў — праз 1 гадзiну 30 хвiлiн. I з 1 лiпеня максiмальныя "планкi" тут зноў-такi знiзяцца: па абласных, раённых цэнтрах i гарадах абласнога падпарадкавання да 25 хвiлiн, па вёсках пры адлегласцi да 30 кiламетраў — да 50 хвiлiн, а па вёсках пры адлегласцi больш за 30 кiламетраў — да 1 гадзiны 20 хвiлiн. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адкласцi пэўную суму на "чорны дзень" цi на дапамогу дзецям — не сакрэт, што паводле такога прынцыпу жыве абсалютная большасць пенсiянераў.
|
|