21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Калыска

26.08.2009 10:22 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калыска

Відаць, кожны свядомы беларус хоць аднойчы пабываў у Вязынцы (на рацэ, якая таксама называецца — Вязынка), тым месцы, якое звязана з дзяцiнствам Янкi Купалы. Хата тая мае некалькi вянцоў ад сапраўднай, а ў хаце створана абстаноўка тагачаснай пары, канец ХІХ стагоддзя. I вось памятаеце — калыска. Так, у той хаце вiсiць калыска. У ёй, напэўна ж, не люлялi паэта. Калыска ў музей прынесена з якой-небудзь вясковай хаты. Збiральнiкi фiлiяла купалаўскага музея абыходзiлi навакольныя вёскi, сябравалi i дружбiлiся з iх жыхарамi, бралi-пазычалi, а то i куплялi патрэбнае, тое, што было самым неабходным у жыццi вясковай хаты.

Мiж iншым, на толькi што мiнулым Купаллi ў Вязынцы была ўрачыстасць — адзначалася 60‑годдзе музея, створанага тут. Але мы павядзём далей размову пра калыску.

У хаце Купалы калыска найбольш распаўсюджаная на Беларусi, падвешаная да бэлькi вяроўкамi за чатыры канцы. Выраблялi калыскi з дошчачак, рэечак, плялi з дубцоў i за почапкi — да столi цi бэлькi альбо да спецыяльнай жэрдкi. Прывязвалi да калыскi вяроўку, а яе — да нагi цi рукi. Цяжка наробiцца жанчына i ў час выкормлiвання дзiцяцi, а тут яно яшчэ ночы плача, турбуе. Каб не ўставаць па шмат разоў, i выкарыстоўвалi гэту вяроўку.

Часам калыскай быў проста кавалак палатна, нацягнуты на драўляную раму. Такую калыску бралi жанчыны з сабою ў поле. Што ж, лёс жанчыны быў яшчэ зусiм нядаўна такiм: што парадзiла — маладзец. Але тваёй работы нi ў хаце, нi ў полi нiхто выконваць не будзе. Аправiлася трохi — i давай за справу. А малечу можаш з сабою ў калысцы панасiць. З калыскаю звязана шмат цудоўных народных песень.

Раса пала на травiцу, Наша мама — парадзiца. Раса пала на травiцу, Наша мама — парадзiца. Дзевяць сыноў нарадзiла, Дзевяць сыноў нарадзiла, А дзесятую дачушку. Яе браты калыхалi, Калышучы, прамаўлялi: "Люлi-люлi, сястрыца, Спi доўга, расцi скора. Сваёй маме на пацеху, Чужым людзям на ўспамогу.

Увогуле ж, адпаведна Вацлаву Ластоўскаму, пасцельку для дзiцяцi называлi люлькай. Зыбкай называлi калыску, павешаную на канец жэрдкi, якая, "зыбаючыся", калыша. А калыскай уласна называлi менавiта люльку, павешаную толькi на вяроўках, без зыбкi, у якой калыхалi, хiбаючы ў бакi. З канца ХIХ стагоддзя з’яўляюцца ў беларускiх хатах калыбкi — дзiцячыя ложачкi, пастаўленыя на палазах, якiя, кiваючы цi ў адзiн цi ў другi бок, калыхалi. Ложачкi гэтыя ўжо старалiся зрабiць прыгожымi, з дэкорам. Былi яны i плеценыя. Нi я, нi мае сябрукi-аднагодкi, зразумела, ужо не зведалi ва ўзросце немаўляцi калысак. Спалi-гадавалiся мы якраз у калыбках. Называлi iх нашы мацi цi калыскамi, цi нават калыбелямi, што адпавядае рускаму. У народзе iснавалi розныя формы. Вось як, напрыклад, на вяселлi адорвалi i прыгаворвалi-зычылi маладым:

Даю трыццаць рублёў на каравай: Пяць на Iвана, Пяць на Сцяпана, Пяць на Марынку, Пяць на Арынку Пяць на Дзянiску, Пяць на калыску.

I ў той жа час прамаўлялася i так:

Даю рубель, Каб была да году калыбель.   Iснавала ў народзе i такое кплiвае:   А нi лыжкi, а нi мiскi — Павесiлi тры калыскi.

Што ж да маёй калыбкi, то бацька зрабiў яе ўласнаручна. Потым, як мацi расказвае, служыла яна маладзейшым суседзям, перадавалася з сям’i ў сям’ю. А дзе знiкла, у якiм вогнiшчы згарэла, ацяпляючы, невядома. Службу сваю саслужыла.

Калыска — гэта не толькi прылада для гадавання дзiцяцi. Калыскай можа быць месца, дзе нешта ўзнiкла, атрымала развiццё. Гэта ж i вiсячы мост, для ўздымання чаго-небудзь на вышыню. У Алеся Звонака:

Вунь высока пад дахам ў хiсткiх калысках Аздабляюць фасады майстры-маляры.

Ад калыскi i такое паэтычнае, шчымлiвае слова калыханка. У майго земляка Уладзiмiра Дубоўкi: "I мацi так застаўшыся з сынком, пакормiць i спявае калыханку".

Ад калыскi — устойлiвы выраз, якi азначае: змалку, з дзiцячых гадоў. Але нечакана выкарыстаў яго Кандрат Крапiва:

Ад калыскi да магiлы Выцiскалi сокi, Кроў пiлi, цягнулi жылы Каты-крывасмокi.

Увогуле можна заўважыць, што ў лiтаратуры старэйшых пакаленняў беларускiх стваральнiкаў прыгожага слова калыска вельмi часта мае тужлiвае адценне. Вось як пiша яшчэ давераснёўскi (да 1939 года) Максiм Танк:

Сумна з маладзiцай над малой калыскай Ўсхлiпвае песняй белая мяцель... — Спi-заснi, саколiк! — быццам дождж гарачы Так з вачэй у маткi слёзы паплылi.

А ў Якуба Коласа таксама сумнавата:

Мяне матка не люляла, Казак, песень не спявала.

Увогуле ж люляць — вельмi прыгожае слова. Люляць немаўляцi адно, а можна люляць i параненую руку, як вычытаў у некага з беларускiх пiсьменнiкаў, можа ветрык люляць на хвалях вады гарлачыкi, як таксама недзе вычытаў. Цi як у Анатоля Вялюгiна:

Рыпiць пад ветрам дом. Над iм люляе дрэва дуплянку са шпаком.

Дзяцей яшчэ i гушкалi, ад гэтага пайшла гушкалка. Цi наадварот. Але з цягам часу гушкалкамi сталi называць i прыстасаваннi, на якiх дзецi бавiлiся ў летнi час. Мы не ведалi слова арэлi. А вось гушкалку малымi прасiлi сабе зрабiць. А, пасталеўшы, рабiлi iх самi. Iдэальная гушкалка альбо качэлi цi яшчэ арэлi: два слупы моцна ўкапаныя ў зямлю, на iх перакладзiна, а ўжо да перакладзiны прывязана вяроўкай лавачка. Можаш раскачацца-разгушкацца сам. А можаш папрасiць каго-небудзь з сябрукоў. Дарослых прасiць не дараiць. Яны будуць пакрыкваць. А без iх разгушкаешся так, што аж дух займае. Ды i дарослыя любяць гэту дзiцячую забаву. Дарэчы, любяць гушкалку кiнарэжысёры. Бо прысутнiчае такое раскачванне дарослых у многiх фiльмах. Вiдаць, падабаецца рух у кадры.

Неяк шмат гадоў назад летам пачуў ад мясцовай дзятвы, сярод якой была i дачка:

— Пайшлi на "тарзанку".

Пайшоў паглядзець i я. Нiчога асаблiвага. Тая ж наша гушкалка. Толькi прывязвалi мы яе да дрэва над возерам цi рэчкай, замест дошчачкi ручка, за якую трымаешся рукамi. Разгойдаешся — i ляцiш у ваду. Таксама дух займае, асаблiва, калi вада халодная. У нашым рачным i азёрным краi калi гэтыя гушкалкi ўзнiклi — невядома. Бавiлiся iмi i мы, а вось назву нашы дзецi прыдумалi, нагледзеўшыся замежных баевiкоў i мультфiльмаў. I тут успомнiўся Пiмен Панчанка, яго любiмая мною кнiга "Пры святле маланак". Ён назiрае за дзецьмi i разважае:

Амаль з калыскi дакранаецца Да цудаў веку гэты люд... А мы раслi пад песнi жнiўныя, З бярозавiку пiлi квас. I першы трактар дзiва-дзiўнае — На ўсё жыццё уразiў нас.

Калыску тут паэт выкарыстаў сiмвалiчна. Наша пакаленне ў маленстве яшчэ сустракала на местачковай вулiцы аўтамабiль, ну, не як цуд, але як вялiкую рэдкасць. Але, стаўшы бацькамi, мы i не думалi выкарыстоўваць калыскi цi нават зыбалкi. Усё замянялася каляскамi, у якiх прыдатна было зыбаць дзiця. У ёй жа i прагульваць яго на вулiцы. Двойчы давялося ў калясцы таемна адвозiць спачатку сына, потым дачку на канспiратыўную кватэру. Так-так. Канец сямiдзесятых, я працую ў рэдакцыi раённай газеты. А як жа ахрысцiць? Збiралася некалькi чалавек з нованароджанымi, дамаўлялiся з бацюшкам. Везлi дзяцей у калясках на такую канспiратыўную кватэру. Туды прыязджаў i свяшчэннiк. Хрысцiў агулам. Потым застолле.

Калi дзецi падрасталi — ставiлiся для iх невялiкiя ложачкi. Але — крый божа — самаробныя. На ўсё прыходзiла свая мода.

У гэтым артыкуле пра простыя рэчы зашмат вершаў. Тэма такая — калыска. I не ўтрымаюся, прывяду свой, тым больш ён крыху пра Купалле — тое, з чаго пачынаў. Верш называўся "Мiнск. 1982". I пачынаўся так:

Праз фiранку бачым: Караткевiч Закурыў i выйшаў на балкон. Веснавога ветрыка павевы. П’ём вiно. I нешта пiша ён. Мабыць пра калыску. Што хвалiцца — Так i не даўмеўся прачытаць. Вiсусы вясковыя ў сталiцы, Як мы праглi час свой марнаваць.

Сапраўды была вясна 1982‑га. Пiлi мы вiно ў доме насупраць тагачаснага ЦК Кампартыi Беларусi. I ў акно бачылi, як на балкон ва ўнутраны двор выходзiў на перакуры Уладзiмiр Караткевiч. Пiсаў ён тады п’есу пра Янку Купалу, "Калыска чатырох чараўнiц". Пiшучы, спрабаваў дазнацца ў мiнскiх знаёмых — цi iдзе дзе п’еса. Нiбыта iдзе, нiбыта пад iншай назвай.

Алесь Касцень.

г. Паставы.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Відаць, кожны свядомы беларус хоць аднойчы пабываў у Вязынцы (на рацэ, якая таксама называецца — Вязынка), тым месцы, якое звязана з дзяцiнствам Янкi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика