21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Добрыя людзі

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Добрыя людзі

Попел i барбарыс

Барыс Попел пражыў доўгае жыццё. І ваяваў ён, i працаваў, i дзяцей павыгадоўваў. Напрыканцы жыцця пабудаваў ён сабе невялiчкi дамок каля лесу. Вакол дамка плот паставiў, а каля брамы пасадзiў барбарыс. Ён пасадзiў барбарыс, а жонка ягоная пасадзiла калiну. Так яны i жылi з калiнаю ды барбарысам. Гэтай зiмою жонка Попела памерла, а вясною Барыс убачыў, што жончына калiна засохла. Хацеў быў Барыс Попел ссекчы сухое дрэўца, ды рука не паднялася. Так ён цяпер i жыве ў сваiм дамку з чорнай калiнаю ды зялёным барбарысам.

Хiменас i мора

"Лепш за мора толькi рэчка," — сказаў паэт Хуан Рамон Хiменас. Сапраўды так. Рэчка больш беражлiвая i значна дабрэйшая за мора.

Адольфо i склад

Калi выпiваў, дык вечарам любiў завiтаць у краму-склад да Адольфо. Ён выдатна ведаў, што я выберу, i я таксама цудоўна разумеў, на чым спынiцца разгляданне бясконцых шэрагаў размаiтых пляшак. Але ж працэс сузiрання мяне радаваў, я хадзiў ад стэлажа да стэлажа i чытаў налепкi, узважваў пляшкi ў руцэ, разглядаў вадкасцi на святло. Адольфо цярплiва чакаў. Ён даўно падрыхтаваў папяровы пакет з лiтровай пляшкаю вiскi "Балантай". I ён, i я ведалi, што склад я пакiну менавiта з гэтым пакетам. Толькi я расцягваў, як мог, асалоду чакання вечаровай выпiўкi. Адольфо мяне разумеў, ён разумеў глыбiню мужчынскага пачуцця перад выпiўкаю, i я ўдзячны яму за разуменне.

Тата i "Дзiкi голуб"

У час маркоты я бяру татаву кнiгу "Дзiкi голуб" i немаведама ў якi раз перачытваю яе. З усёй бацькавай спадчыны мне найблiжэй гэтыя дзевяць апавяданняў, сабраныя ў зборнiк невялiчкага фармату. Учора перачытаў аўтабiяграфiчны тэкст "Мацi" — расповед пра выпадкова ўбачаную ў тралейбусе жанчыну, якая была чымсьцi падобная на татаву мацi, нашу бабу Броню. Я чытаў i думаў, што так шмат людзей, якiх любiў я i якiя любiлi мяне, ужо адышлi ў незваротнасць. Цi чакаюць яны мяне? Хацелася б верыць, што яны мяне чакаюць са сваёй любоўю. Толькi я не веру, што некалi пабачу тых, хто адышоў. Таму, калi мне хочацца пабачыць мiнулае i сустрэцца з тымi, хто мяне любiў, я зноў бяру з палiцы "Дзiкага голуба".

Данута i цiшыня

Зайшоў у сваю вёску. Даўно не быў, доўга збiраўся з’ездзiць, ды ўсё нешта адкладалася, нешта перашкаджала... У снах вёска бачылася закiнутай, урослай у зямлю па комiны i пустой... За дзесяць гадоў мая вёска Варакомшчына мала змянiлася. Непадалёк ад дзедавай хаты стаялi тры бабы i цiкаўна пазiралi на мяне. Даўшы "добры дзень", сказаў, што я старэйшы сын Чэсiка. "Памятаю я цябе. Ты — Вова!" — пачала гутарку старэйшая з жанчын. "Помню, як Чэсiк цябе першы раз сюды прывёз, а ты выбег з падворка i пабег па вулiцы, пабег з гары да рэчкi. Табе гады два было. Ты таго i не помнiш. Чэсiк бег за табою, баяўся, што ў рэчку ўвалiшся. Колькi табе цяпер?" — "Хутка будзе пяцьдзесят". — "А я з трыццаць першага. Я — Данута, я з тваiм бацькам у школу хадзiла. Ты ў Мiнску жывеш?" — "У Мiнску". — "А я ў горадзе не магу. Мне трэба цiшыня i прастора. Мне трэба штодня выйсцi на гару, рукi раскiнуць i пастаяць у цiшынi. Мне тады добра, а ў сценах мне не дыхаецца i не жывецца. Ты ў вёску не будзеш вяртацца?" — "Не. Мне трэба, каб усё рухалася, шумела, мiтусiлася, стракацела навокал, тады мне па-сапраўднаму добра". — "Розныя людзi на свеце, розныя". Я развiтаўся з бабамi, падышоў да дзедавай хаты, пастаяў i вярнуўся на дарогу, да машыны.

Каралiна i Егiпет

Пацяплела, i кавярнi панавыстаўлялi столiкi з крэсламi на вулiцу. У "Акварыуме" назбiралася процьма знаёмых. Усе так радавалiся цёпламу вечару i магчымасцi пасядзець пад вялiкiмi парасонамi, што не радавацца было проста немагчыма. Каралiна падсунула сваё крэсла да майго: "Ты мастак? Ты павiнен мне сказаць, цi прыгожая я. Паглядзi! Паглядзi ўважлiва. Я прыгожая?" — "Сумняваешся?" — "Так! Я сумняваюся! Раней я нiколi не сумнявалася ў сваёй прыгажосцi, а цяпер засумнявалася. Я засумнявалася i купiла падарожжа ў Егiпет. Там я буду купацца ў Чырвоным моры, буду загараць i пахудзею. Мне трэба пахудзець? Скажы, ты ж мастак..." — "Калi табе хочацца пазагараць, паплаваць i пахудзець, ты з’ездзi на Чырвонае мора..." — "Я вярнуся загарэлая i стрункая! Я вярнуся прыгожай, i ты будзеш мяне маляваць!" — "Во як!" — "Толькi так! Я буду такая прыгожая i памаладзелая, што ты проста не зможаш адмовiцца!" — "Хiба я цяпер адмаўляюся?" — "Ты не адмаўляешся, але я тоўстая, бляклая i стомленая. Мне трэба ў Егiпет. Вярнуся i патэлефаную..." Каралiна адсунула сваё крэсла ад майго. У Егiпет яна злётала. У сваiм дзённiку Каралiна панавыкладала процьму кепскiх здымкаў, зробленых на параходзiку, якi плыў па бруднаму Нiлу. Мне яна не патэлефанавала. Пэўна, з пахудзеннем i памаладзеннем у Каралiны так нiчога i не атрымалася.

Хадыка i сукi

Як там у Жуля Рэнара? Дрэвы, прымiце мяне ў свае браты, я ўжо навучыўся стаяць i маўчаць. Так, здаецца, напiсаў iмпрэсiянiст Рэнар. Можа я iншымi словамi выклаў думку вялiкага лiтаратара, але сэнс яе захаваў. Я запамiнаў рэнараўскi вобраз фiзiялагiчна, запамiнаў усiм целам. Стаяць i маўчаць. Я запомнiў дакладна, бо прыдумаўся працяг. Стаяць, маўчаць i расцi. Пра здатнасць расцi аднойчы разважаў выкладчык Хадыка. Ён казаў, што ў мастака шмат спакусаў расцi не ўгору, а ў розныя бакi. Кепскае дрэва лянуецца ўздымацца, а iдзе ў сукi. Мастак мусiць сябе даглядаць, як садоўнiк даглядае дрэва. Мастак павiнен жорстка забараняць сабе быць сукаватым нязграбным кепскiм дрэвам. Дзякучы Алегу Хадыку, я запомнiў вобраз Рэнара. Сапраўды, трэба стаяць, маўчаць, расцi ўгору i можа быць тады дрэвы прымуць цябе ў сваё брацтва.

Адам ГЛОБУС.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Барыс Попел пражыў доўгае жыццё. І ваяваў ён, i працаваў, i дзяцей павыгадоўваў. Напрыканцы жыцця пабудаваў ён сабе невялiчкi дамок каля лесу. Вакол д
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика