21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Трус не бывае адзін

26.08.2009 10:29 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Трус не бывае адзін

Напiсаў загаловак — i адчуў яго шматсэнсоўнасць. Для сённяшняга нашага чалавека, якi трымаецца на плынi звычнай i не зусiм мiралюбнай да лiтаратурных нормаў "трасянкi", трус — гэта i размоўнае ваганне зямлi, землетрасенне. Гэта таксама размоўнае — баязлiвец, чалавек, што лёгка паддаецца страху. Урэшце, лiтаратурнае "трусы" адпавядаюць рускаму значэнню гэтага слова.

Але размова аб iншым. Маёй унучцы падарылi маленькага, як цяпер кажуць, дэкаратыўнага труса. Бацькi нажылi нямала клопатаў. Але i сама ўнучка запаўняе летнiя, вольныя ад школьных заняткаў днi доглядам, выпасваннем свайго гадаванца. Ён маленькi i, як зноў жа кажуць, не вырасце. Але гэта проста баўленне часу, хоць дзiця i прывучаецца да абыходжання з жывёлiнай, клопату аб ёй.

Сапраўдны трус не бывае адзiн. У гаспадарцы павiнен быць iх хоць бы дзесятак. Толькi тады набывае нейкi сэнс кармленне, догляд i ў рэшце рэшт тое, для чаго iснуе трусагадоўля — атрыманне мяса, шкурак. Напэўна, няхай i не ведае гэтага ўнучка, бавячыся са сваiм гадаванцам, але трусiнае мяса — найперш пажыўны, дыетычны прадукт, ён добра засвойваецца арганiзамам, лiчыцца ў наш час нават лекавым. Бо, напрыклад, многiм дзецям, якiя ад нараджэння пакутуюць на тыя цi iншыя хваробы, трусiнае мяса прапiсваецца ўрачамi ў рацыён харчавання. У курыцы дыетычнымi лiчыцца грудкi, трус — увесь.

Нельга сказаць, каб у правiнцыi не займалiся трусагадоўляй у прыватным парадку. Займаюцца. Але гэта справа не зусiм простая, ёсць немалая рызыка ў выпадку эпiдэмiй, якiя могуць касiць пагалоўi трусоў адным махам. Таму ў нашай мясцовасцi прыватная трусагадоўля досыць абмежаваная. На кiрмашы ў райцэнтры аматар дыетычнага мяса можа яго i не знайсцi. Што ж да прамысловай трусагадоўлi, то самы захад Вiцебшчыны таксама не можа асаблiва гэтым пахвалiцца. У маiм Пастаўскiм раёне крыху займаюцца гэтым у Навасёлках, але, наколькi разумею, толькi для забеспячэння патрэбаў мясцовага кафэ. У суседнiм, Браслаўскiм раёне, усур’ёз узялiся за развядзенне трусоў у Мяжанах, там, дзе некалi разводзiлi каштоўных лiсiц на футра. Гэта i адчулi драпежныя жывёлы, якiх у наваколлi паболела.

Сяджу з Валянцiнам i Людмiлай на iх так званай дачы — вагончыку-ляплёнцы, якi паўстаў на некалькiх сотках зямлi ў межах райцэнтра. Ад гэтага вагончыка да кватэры ў маiх знаёмых некалькi соцень метраў. Такiх дачных участкаў у гарадку шмат, як правiла, яны на ўскраiнах. А тут жа i агарод, i нават вiшнi, i нават вiнаград, якi тулiцца да сцяны, шукае промнi нашага беларускага сонца.

Ёсць i клеткi, дзе гадуюцца трусы. Іх каля трыццацi. З доглядам у гаспадынi i гаспадара асаблiвых праблем няма. Накасiць летам травы, пакармiць, пачысцiць клеткi. А вось калi пачынаецца перыяд забою жывёлы — тут i гасцей трэба чакаць. Вельмi многiя з асаблiвай павагай i нават прагай ставяцца да свежай трусяцiны.

Мiж iншым, у райцэнтры яна адносна танная. А вось Мiнск ужо дае сапраўдную цану. Як расказваюць знаўцы, Масква ўвогуле гатовая выкладваць за трусiнае мяса не адзiн дзесятак еўра за кiлаграм. Праўда, i патрабаваннi там адпаведныя. Тушкi павiнны быць ад 1,8 да 3 кiлаграмаў, спецыяльна раздзеланыя, глыбокай замарозкi. Ды i патрапiць на той кiрмаш можа толькi буйны вытворца трусяцiны, якi i прадукцыю адпаведную прадаставiць, i свае iнтарэсы зможа абаранiць нават у прамым сэнсе гэтага слова.

Ёсць у мяне ў Паставах адзiн знаёмы-трусавод, якога не па дыпломе цi афiцыйным званнi, а па ведах, вопыце можна назваць сапраўдным трусаводам. Анатоль Астроўскi прыкiпеў да гэтай справы нечакана. Пабачыў, як ва Ўкраiне займаецца гэтым бабуля, Адэля Iосiфаўна, у яе былi трусы, так званы "матылёк", знайшоў там кнiгi па гэтай справе. Так i пачалося... Праўда, Анатоль займаецца не мясной гадоўляй трусоў, а вывядзеннем маладняку чыстых парод. Па колькасцi разнастайных сшыткаў, запiсаў, карпатлiвай рэгiстрацыi — у яго своеасаблiвая лабараторыя. З 19 пародамi працаваў Астроўскi. У лепшыя часы на сваёй сядзiбе ўтрымлiваў больш за 300 самак трусоў. Рэалiзоўваў у месяц да тысячы галоў маладняку. Нешта прадавалася на месцы. А даводзiлася часам прычапляць да машыны спецыяльны прычэп, браць у дарогу неабходны корм, пiццё для трусоў i аб’язджаць навакольныя, а то i далёкiя раёны.

Трус — вельмi далiкатная жывёла. Бываюць перыяды, калi яны гiнуць альбо заражаюцца спрэс рознымi хваробамi. Анатолю таксама давялося прыняць удар эпiдэмii. Навучыўся даглядаць жывёлу i шэды (рады клетак), праводзiць вакцынацыю. Нядаўна зноў была пошасць, але пасля яе лiквiдацыi рукi не складае. Прадумаў i пачынае рэалiзоўваць новыя, распрацаваныя iм спосабы догляду трусоў. Дарэчы, у тыя ж Мяжаны ён паставiў прыдуманыя i ўласнаручна вырабленыя кармушкi. Хоць уласнаручна — тут не падыходзiць. Для догляду такой колькасцi трусоў патрэбны памочнiкi. У сям’i яго справа знаходзiць дапамогу i разуменне. I кармушкi кляпалi-збiвалi ўсёй сям’ёй.

Ён вядзе мяне каля шэдаў, якiя яшчэ не рэканструяваў. Паказвае:

— Вось венскi блакiтны, вось шэры. Цюрынгскi, Калiфарнiйскi...

Па старой завядзёнцы плюю на самак, каб не зглазiць.

Анатоль усмiхаецца.

— Не веру ў гэтыя забабоны. Догляд, веды, падбор кармоў, а галоўнае — усё-такi веды. Тады трусамi можна займацца. I справа гэта такая, што, пачаўшы, унiкнуўшы ў яе — ужо не кiнеш. Магнiтам цягне, якiя б цяжкасцi нi напаткалi.

Асобная праблема для трусаводаў — шкуркi. Здаць iх, адправiць на далейшую перапрацоўку — цяжка як прыватным трымальнiкам трусоў, так i прадпрыемствам, фермам, дзе справа наладжана добра. Было некалькi праектаў, звязаных з Iзраiлем, з Аршанскiм камбiнатам... Але справа пакуль што з месца не рухаецца. Мiж тым, помнiце пра славутую шыншылу ў ранейшых ды i цяперашнiх моднiц? А такi ж трус, менавiта шыншыла, ёсць. I шкурка ў яго выдатная. Праўда, цэнiцца пакуль што толькi завезеная з далёкага замежжа.

У Санкт-Пецярбургу ёсць вядомы сярод трусаводаў прафесар Мiхайлаў. Шмат у яго цiкавых распрацовак, шмат i гучных заяў аб тым, што можа накармiць i Расiю, i нават Кiтай трусiным мясам. Астроўскi, якi ўважлiва адсочвае ўсе публiкацыi, што датычацца гэтай галiны, не мiнаючы Iнтэрнэта, тут скептычны. А вось наконт Беларусi ўпэўнены: трусiным мясам, патрэбным i вельмi патрэбным людзям, мы можам сябе забяспечыць, нават калi ў прыватным дворышчы будзе стаяць невялiчкi шэд на некалькi клетак трусоў. А дзяржаве — дзяржаўнае.

Алесь Касцень.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напiсаў загаловак — i адчуў яго шматсэнсоўнасць. Для сённяшняга нашага чалавека, якi трымаецца на плынi звычнай i не зусiм мiралюбнай да лiтаратурных
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика