Вiктар i сiтаўка
Вiктар i сiтаўка
Добрыя людзі
Ранiцай я сустрэў сiтаўку. Яна выбегла з-пад куста, падбегла да мяне, пастаяла i вярнулася пад свой куст. Гэтую сiтаўку я ведаю добра, бачу ледзь не кожную ранiцу, iдучы ў майстэрню. А сягоння я пашкадаваў, што няма ў мяне ў кiшэнi нiчога такога, каб пачаставаць знаёмую пташку. Тут мне i згадалася карцiна Вiктара "Чалавек, якога не баяцца пташкi". Раней я заўсёды думаў, што чалавек, намаляваны Вiктарам Папковым, нейкi надзвычайны. Той чалавек стаяў на беразе мора i маляваў вялiкiх бела-блакiтных чаек. Тых чаек вакол чалавека была процьма. Пэўна ж, Вiктар схiтраваў, ён не намаляваў рыбу, якой чалавек кармiў пташак... Так мне падумалася, калi мая знаёмая сiтаўка забягала пад свой куст. Глобус i адкладаннеСваё прозвiшча можна пачуць зусiм нечакана, як зараз я... Іду праз чыгуначны вакзал i чую абвестку па радыё: "Старшы насiльшчык — Глобус, тэрмiнова зайдзiце ў адмiнiстрацыю вакзала!" Я ледзь было сам не пайшоў у тую адмiнiстрацыю, але спынiўся i вырашыў адкласцi знаёмства з цёзкам па прозвiшчы маёй мацi. Нiдзе ён не дзенецца з чыгуначнага вакзала, пазнаёмлюся другiм разам. Прыдумаецца нагода, i пазнаёмлюся, а не прыдумаецца, i не буду знаёмiцца са старшым насiльшчыкам Глобусам, бо не лёс. Брат i карыдаЗ Барселоны брат даслаў эсэмэску: "Карыда — не цукерка з гематагену... Учора быкi забадалi дваiх тарэадораў. Аднаго бык падняў на рогi i матляў, як ляльку з анучаў. Другога бык патаптаў". Ядзя i заяцТолькi чалавек пачне збiрацца ў падарожжа, як вакол яго ўсчынаецца мiтусня. Калi ж той чалавек — твая малодшая i любiмая дачка Ядзя, дык той мiтуснi робiцца ўдвая болей. А калi яна выпраўляецца на працу ў Парыж, дык хоць ты схавайся куды ад гурбы яе праблемаў. "Дзе валiза? Якiя красоўкi браць? У гэтай сукенцы я нармальна выглядаю? Ты ведаеш, чалавек, з якiм я павiнна ехаць на машыне, не вельмi ўзрадаваўся, калi пачуў мой голас у тэлефоне!!! Можа мне зусiм не ехаць? Ён жа яшчэ сабраўся ў Кёльн заязджаць на два днi... Што я буду ў тым Кёльне рабiць два днi? Сам падумай... На чорта мне ў той Кёльн заязджаць?" — "Не едзь! Можаш зусiм не ехаць нi ў Кёльн, нi ў Парыж!" — "I не паеду!" — "Не едзь! Вазьмi квiток на самалёт i ляцi! I чым хутчэй ты паляцiш, тым лепей!" — "I вазьму, i палячу!" — "Ляцi!" Узяла квiток i паляцела, i прызямлiлася, i патэлефанавала, каб хлопцу, якi збiраўся ехаць у Парыж праз Кёльн, перадалi фотаўспышку, якую яна забылася дома. "Дык ён жа ж выехаў раней, чым ты паляцела..." — "Ён позна ўвечары даехаў да Брэста, а перад самай мяжою на дарогу выскачыў заяц. Ён не захацеў давiць зайца i павярнуў у лес. Машыны ў яго больш няма. Заўтра ён вылятае ў Парыж, i трэба аддаць яму фотаўспышку..." Фотаўспышка паляцела ў Парыж. Два днi жыву без мiтуснi. Дома цiха, як у начным лесе. Тата i лецiшчаТата любiў сваё лецiшча з крыху недагледжаным садам i двухпавярховым дамком, пафарбаваным у лёгка-блакiтны колер. Тое лецiшча я недалюблiваю, колькi мацi нi запрашае туды пад’ехаць, адмаўляюся катэгарычна. Усе звыклiся з тым, што я на лецiшча нi нагою. Мусiў прывыкнуць i я, а не прывык. Учора ўначы, праязджаючы непадалёк ад Лысай гары i бацькавага летняга дамка, я нечакана для сябе знайшоў адказ на пытанне, чаму я не хачу туды наведвацца. Пэўна, гэта адзiнае месца, дзе бацька застаўся для мяне нiбыта жывы. Пасля ягонае смерцi я так нi разу i не падняўся на другi паверх блакiтнага дома, дзе тата працаваў з вясны да восенi. Для мяне ён усё яшчэ там, ён усё яшчэ працуе над сваёю беларускай прозаю. Адам ГЛОБУС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ранiцай я сустрэў сiтаўку. Яна выбегла з-пад куста, падбегла да мяне, пастаяла i вярнулася пад свой куст. Гэтую сiтаўку я ведаю добра, бачу ледзь не к
|
|