Аптыміст заўсёды знойдзе толькi добрае ў нашым жыццi
Аптыміст заўсёды знойдзе толькi добрае ў нашым жыццi
На матчы Лiгi чэмпiёнаў у Мiнску футбалiсты айчыннага БАТЭ згулялi ўнiчыю з iтальянскiм "Ювентусам". Чым, несумненна, даставiлi шмат прыемных хвiлiн беларускiм балельшчыкам. А што асабiста вас за апошнi час найбольш парадавала ў жыццi? Аляксандр Цiшчанка, начальнiк прэс-цэнтра Дзяржаўнага камiтэта пагранiчных войскаў: — Чым больш у жыццi радасцi, тым яно само больш цiкавае. Таму, калi хочаш жыць паўнавартасна, цiкава, радавацца, трэба заўсёды шукаць нешта добрае. Лепш быць аптымiстам, чым песiмiстам (смяецца). А калi гаварыць пра матч, дык, безумоўна, была радасць, што нашы футбалiсты так згулялi, на такiм узроўнi. Прыгадваю, як у 1980-х гадах "Дынама" (Мiнск) стала чэмпiёнам Саюза. Я быў на тым матчы. I зараз, прыгадваючы нядаўнюю гульню, з аднаго боку, ёсць нейкая настальгiя. З другога, гэта быў доўгачаканы матч, якi прынёс удачу, спраўдзiў нарэшце чаканнi балельшчыкаў. Можна сказаць, што зараз спартыўная вясна, нягледзячы на прыродную восень (смяецца). Вячаслаў Труханавец, загадчык лабараторыi харчовых i лекавых рэсурсаў лесу Iнстытута лесу: — Ведаеце, такi шалёны рытм жыцця, столькi працы... Вось нядаўна наш iнстытут падрыхтаваў i правёў мiжнародную навукова-практычную канферэнцыю па тэме рацыянальнага выкарыстання i аднаўлення лекавых i ягадных лясных раслiн, грыбоў, iх штучнага культывавання. На канферэнцыi прысутнiчалi прадстаўнiкi пяцi краiн, даклады прачыталi больш за 170 чалавек. Гэта была сапраўды значная падзея ў вышэйназваным накiрунку, мы добра папрацавалi i ёсць адчуванне радасцi ад зробленага. Таццяна Мядзведская, г. Талачын: — Усё радуе i найперш — стаўленне, адносiны да мяне як iнвалiда першай групы па зроку. Вы разумееце, што такое цалкам страцiць зрок? Да гэтага года я знаходзiлася ў самай сапраўднай цемры. Дзякуючы рэабiлiтацыi я змагла ў прамым сэнсе слоў вярнуцца да жыцця. Мне вельмi дапамаглi мясцовыя органы сацыяльнай абароны, я ўдзячная iм за абслугоўванне, падтрымку. Калi ў Вiцебску адкрылася вочнае аддзяленне на 10 чалавек, мяне запрасiлi туды на рэабiлiтацыю. Дзякуй усiм яго супрацоўнiкам, дай iм Бог здароўя! Мяне навучылi, як жыць без зроку, як хадзiць з палкай па доме, па вулiцы, як весцi хатнюю гаспадарку самастойна. Я ўдзячная настаўнiку, з дапамогай якога вывучыла азбуку Брайля. Нават экзамен на пяцёрку здала! (смяецца). Так, была ў нас спецыяльная камiсiя. Мяне радуе, што пра мяне не забываюць колiшнiя калегi з абласной арганiзацыi Беларускага таварыства iнвалiдаў па зроку — я ж 26 гадоў адпрацавала ў нашай пярвiчнай Талачынскай структуры. Дарэчы, я хачу ўжо сама вучыць людзей азбуцы Брайля ў горадзе, стварыць гурток. Ужо нават набыла пэўныя дапаможныя матэрыялы. Яшчэ я ўдзячная ўрачам i абслуговаму персаналу санаторыя пад Вiцебскам, адкуль толькi вярнулася з аздараўлення. Вiктар Шамкоў, старшыня прафсаюзнага камiтэта завода "Керамiн": — (Смяецца.) Вядома ж, гульня БАТЭ. Парадавала яна балельшчыкаў, так. Я думаю, гэта прыклад таго, чаго можна дабiцца, калi паставiць перад сабой мэту. Хоць вы ведаеце, што ў нас ёсць свой хакейны клуб "Керамiн" — чэмпiён Беларусi, але гэтая гульня засведчыла, што БАТЭ — добры футбольны клуб, што ў нашага футбола ўвогуле ёсць патэнцыял, што поспех наперадзе абавязкова павiнен быць. Я сказаў бы, што падчас гульнi адчувалася футбольная думка. З iншага боку, як мне здалося, нашым футбалiстам крыху не хапiла фiзiчных даных. Калi ж гаварыць пра асабiстае, дык у мiнулыя выхадныя парадавала сустрэча з вельмi даўнiмi-даўнiмi сябрамi. Было прыемна даведацца, што ўсё ў iх жыццi добра, усё, як кажуць, склалася. Таццяна Скрыпчанка, старшы навуковы супрацоўнiк Мiнскага навукова-даследчага iнстытута сацыяльна-эканамiчных праблем: — Асабiста ў маiм жыццi? Паспяховая аперацыя ў сына. Тое, што ён купiў сабе электрагiтару i напiсаў некалькi музычных кампазiцый. Што дачка пазнаёмiлася з добрым хлопцам. Што адрамантавалi дах на нашай дачы (смяецца). Вось сёння збiраюся заехаць да мацi, павiншаваць яе з Днём пажылых людзей, падарыць ёй слоiк варэння (смяецца). Калi гаварыць аб працы, дык закончана даследаванне на тэму iндустрыi па арганiзацыi вольнага часу. Ёсць i моманты, якiя засмучаюць. Напрыклад, адсутнасць грамадзянскай iнiцыятывы ў асяроддзi гараджан. Скажам, у пачатку мiнулага стагоддзя iснавалi таварыствы прыгожых мастацтваў. Чаму б нашай iнтэлiгенцыi не пайсцi гэтым жа шляхам, не вучыць моладзь, не чакаючы крокаў з боку профiльных устаноў?.. Iван Сямёнаў, начальнiк аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркi Мядзельскага райвыканкама: — Цiкавае пытанне... Напэўна, выступленне нашых алiмпiйцаў i паралiмпiйцаў у Кiтаi. Я нават спецыяльна водпуск на працы браў, каб паглядзець Алiмпiйскiя гульнi. Вось гэта — так, парадавала. Натуральна, я задаволены дабрабытам i ладам у сям’i. На працы? Так, мы ўжо падключылi ацяпленне ў школах. Сёлета працяглае халоднае надвор’е надышло неяк нечакана рана, але ўсё абышлося без здарэнняў, нас радуе (смяецца), што нiякiх нараканняў, скаргаў на нашу службу з боку насельнiцтва няма. Сяргей СТАРЫНАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На матчы Лiгi чэмпiёнаў у Мiнску футбалiсты айчыннага БАТЭ згулялi ўнiчыю з iтальянскiм "Ювентусам". Чым, несумненна, даставiлi шмат прыемны
|
|