Каб першыя не сталі апошнiмi
Каб першыя не сталі апошнiмi
Планы па рэканструкцыi будынка Купалаўскага тэатра супалi з iнiцыятывай творчай рэканструкцыi Яна сыходзiла "знiзу". Гэта той самы выпадак, калi "нiзы" не хочуць быць вiнцiкамi, тым больш, што ў тэатры працуюць адораныя прыродай людзi, якiя хочуць — i маюць на гэта права — не проста выходзiць на сцэну ў спектаклях, а мець дачыненне да мастацтва. Яны ўзнялi свае набалелыя пытаннi на сходзе, нагодай для якога стала адмена спектакля "Дзiўная мiсiс Сэвiдж" Аляксандра Гарцуева. Але за адносiнамi да працы аднаго акцёра праглядалiся iншыя праблемы, больш глыбокiя, якiя тычылiся творчага стану тэатра. І прарвалася... Кожны мог выказацца, а некаторыя нават зрабiлi гэта раней, у пiсьмовым выглядзе, вызначыўшы сiтуацыю ў тэатры як "творчы крызiс". Узгадваю, у якi з беларускiх тэатраў я найчасцей хадзiла? Сюды. У апошнiя 15 гадоў не прапускала нiводнай прэм’еры. З розным пачуццём пасля iх пакiдала тэатр, не буду хаваць, што здаралiся расчараваннi. Але пры гэтым не губляла ўпэўненасцi: самая моцная трупа — тут. I патэнцыял у яе вялiкi. Але цi быць яму рэалiзаваным у поўнай меры? Вось у чым пытанне... Яно ўзнiкла не зараз — больш за дзесяць гадоў таму трупу ўжо "лiхаманiла" i таксама iшлi размовы пра перамены. Але так i засталiся размовамi, без вынiкаў. Пасля чаго рэжысёр Мiкалай Пiнiгiн з’ехаў працаваць у Санкт-Пецярбург. А спрэчкi наконт узроўню Купалаўскага тэатра так усё i працягваюцца. Вядуцца размовы: што ёсць для каго Нацыянальны тэатр. Якiм ён павiнен быць? Што ставiць? Як ставiць? Для каго? Кожны з рэжысёраў, якi працаваў у тэатры, адказваў на гэтыя пытаннi для сябе — па-рознаму. Але вызначальнае слова ўсё-такi было за Валерыем Раеўскiм, якi з 1973 года з’яўляецца галоўным рэжысёрам, а з 1991-га — мастацкiм кiраўнiком тэатра. Ён здолеў стварыць добрую трупу, браў на працу таленавiтую моладзь. Сапраўды, чалавек-легенда — столькi спектакляў паставiў. Чалавек-эпоха — адчуваў балючыя кропкi свайго часу i даносiў iх людзям згодна са сваiм разуменнем тэатра. Але мяняецца час, карэктуюцца разуменнi, мастацтва не стаiць на месцы, а развiваецца, i людзi чамусьцi не хочуць быць проста выканаўцамi... Можна спрачацца па спектаклях: хтосьцi будзе лiчыць адзiн спектакль Раеўскага добрым, хтосьцi — не. Хтосьцi скажа, што гiстарычная тэма павiнна быць на сцэне — i я з iм пагаджуся: абавязкова. Хтосьцi адкажа, што беларуская гiсторыя вартая больш магутнай падачы — i тут я не буду спрачацца. Яшчэ нехта будзе сцвярджаць, што гледача трэба выхоўваць прыкладамi выдатнага мастацтва, здзiўляць пошукамi новых формаў, эксперыментамi, рухамi наперад — я на сто працэнтаў "за"! I калi чую, што артысты свой дар лепей праяўляюць у таленавiтых пастаноўках — зусiм не сумняваюся. Як i iншыя гледачы, я магу выказваць толькi суб’ектыўныя меркаваннi. А вось асобы, якiя па той бок сцэны, адчуваюць, ведаюць, бачаць усё iнакш. Няма падставы iм не давяраць. I калi ў iх узнiкаюць у нечым сумненнi — то гэта сур’ёзна. I iх дакладна трэба пачуць зараз, каб яшчэ праз дзесяць гадоў усё не паўтарылася зноў новай хваляй акцёрскiх эмоцый. Iх не проста трэба пачуць. Патрэбныя канкрэтныя дзеяннi, якiя б супакоiлi i тых гледачоў, якiх вельмi хвалюе будучыня тэатра, якi Нацыянальны не толькi па статусу — ён вызначае твар краiны. Тэатр — усё-такi рэжысёрскае мастацтва. Самыя лепшыя тэатры свету трымалiся i трымаюцца на аўтарытэце рэжысёра, на даверы да яго з боку трупы. Ды i ў тэатры iмя Янкi Купалы з’яўлялiся спектаклi, зробленыя з пачуццём мастацкага густу, з адчуваннем часу i чалавечай душы. I хачу спадзявацца, што будуць далей — над iмi ёсць каму працаваць. А галоўнае — ёсць жаданне несцi нешта новае. Спадзяюся, прагучаць прапановы ад рэжысёраў, наконт развiцця i перспектывы тэатра, якi не хоча таптацца на месцы. I самыя разумныя з гэтых прапаноў стануць асновай для спраў. Няхай зараз праблемы Купалаўскага тэатра выйшлi на паверхню праз дзеяннi акцёраў (так склалася). Але творчыя задачы ставiць рэжысёр, рэжысёр стварае (цi не) яшчэ i агульны дух калектыву. Якi нiбыта застыў у разгубленасцi i чакае, якi будзе вынiк прагi да шчырасцi. Мiкалай Кiрычэнка стаў генеральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Янкi Купалы тры гады таму, але адказваць "за тэатр" цяпер прыходзiцца менавiта яму: — У тэатры сапраўды адбылася сур’ёзная, шчырая размова, эмоцыi накоплiвалiся гадамi. Я абараняю гэты сход. Таму што ўзнятыя праблемы насамрэч iснуюць, i ёсць асобы, якiя нясуць за iх адказнасць. Я гатовы яе падзялiць як дырэктар. Як акцёр я сам падтрымлiваю добрую палову з таго, што сказалi людзi, i прызнаю большасць выступленняў. Адзiнае, што хацелася б, каб кожны, хто кажа "дрэнна", дакладна вызначыў, у якой пазiцыi ён знаходзiўся, як ён iснаваў — разбуральна цi стваральна. — Але цяпер трэба думаць, як выходзiць з гэтага становiшча. — Я рады, што абвастрылася пытанне вакол тэатра, ёсць асобы, якiя ўваходзяць у нашы праблемы i абяцаюць iх вырашыць. Не абмiнаючы праблем творчай незадаволенасцi i рэпертуарнай палiтыкi, сiстэмы запрашэння рэжысёраў, ёсць тыя пытаннi, якiя не могуць вырашыцца толькi ў сценах тэатра. Я iх узнiмаў, калi быў запрошаны ў Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта. Гэта i мастацкiя, i бытавыя, жыллёвыя праблемы. Мiнiстэрства культуры пайшло нам насустрач — была магчымасць долевага ўдзелу ў будаўнiцтве жылога дома, але ж нават пры добрых умовах крэдыту, для акцёраў такi варыянт можа лiчыцца раскошай. Але можна звярнуцца наконт магчымасцi будаўнiцтва сацыяльнага жылля для акцёраў, няхай гэта будзе кватэра, цi iнтэрнат сямейнага тыпу. Гады iдуць, iм няма дзе жыць, няма дзе нараджаць, ствараць сям’ю. А ў нас шмат моладзi. Добра, цяпер мяне хоць выслухалi. — Але ўвага засяроджвалася на творчых праблемах. — Удалыя цi няўдалыя спектаклi могуць здарыцца ў любым тэатры. Але ж у гэтым сезоне ў нас былi прыкметныя працы. "Дзецi Ванюшына" я лiчу моцным спектаклем — па рэжысуры, i акцёрскiя працы добрыя. Яшчэ ёсць "Пiнская шляхта" — не так ужо i дрэнна ўсё. Гэта не спроба згладзiць вуглы. Яны ёсць. Як ёсць не вельмi ўдалыя пастаноўкi. Колькi мы ўзнiмалi пытанне наконт "Слугi двух гаспадароў", каб умяшалiся i паглядзелi яшчэ да выхаду, цi трэба выпускаць яго да гледача. Цяпер я чакаю рашэння ад мастацкага кiраўнiка, якi кiруе тэатрам у адрозненне ад мяне 35 гадоў. — Якога рашэння вы чакаеце? — Каб было дакладна сфармулявана, што трэба рабiць зараз, як трэба вырашыць пытанне занятасцi акцёраў. Як будаваць рэпертуарную палiтыку. Нам трэба ўпарадкаваць афiшу, таму што не могуць 36 спектакляў якасна эксплуатавацца. Гэта пытанне ўвесь час завiсала, а колькасць спектакляў прыбаўлялася. Акцёры скардзяцца, што iграць выпадае раз на два месяцы. Лепш рэгулярна iграць 20 спектакляў, але якасна. Яшчэ трэба вызначыцца, што такое мастацкi савет. З аднаго боку, гэта дарадчы орган, а не вырашальны. Згодна з палажэннем, усе ўдзельнiкi мастацкага савета могуць выказацца, але калi мастацкi кiраўнiк скажа, што ён лiчыць спектакль добрым, то ён выйдзе. Зараз мы прыходзiм да таго, што галоўнае слова будзе за саветам. Калi мастацкi савет выкажацца адмоўна, то ўжо спектакль не мае права на жыццё. Але тут трэба прадумваць механiзмы, як быць, калi на спектакль дзяржава ўжо затрацiла грошы, i ён ужо стаiць у афiшы. У заходнiм тэатры нiякiх саветаў увогуле не iснуе, але пры такiм варыянце ёсць поўная адказнасць мастацкага кiраўнiка за праводзiмую палiтыку. — З якiмi рэжысёрамi тэатр супрацоўнiчае на дадзены момант? — Цяпер у планах пастаноўка дзiцячай казкi Аляксеем Леляўскiм — гэта выбар мастацкага кiраўнiка i ён нясе адказнасць за запрошаных рэжысёраў. Будзе сумесны расiйска-беларускi праект пастаноўкi "Вяселля" Чэхава, якую ажыццявiць рэжысёр Панкоў, ён прадстаўляе Канфедэрацыю тэатральных саюзаў. Валерый Раеўскi ўжо агучыў сваё жаданне паставiць "На дне" Горкага. Наконт iншых трэба будзе думаць: ёсць прапанова рэжысёра Гарцуева ўвасобiць "Хам" Элаiзы Ажэшкi i праект Мiхаiла Савiцкага "Фауст" Гётэ. Напружана шукаем драматургiю да 65-годдзя Перамогi. — Што вы адкажаце артыстам, калi яны заўтра пачнуць пытацца, што зроблена, каб вырашалiся нашы праблемы? — Я павiнен патрабаваць рашуча — што я i зраблю — ад мастацкага кiраўнiка перспектыву спраў, дзеянняў, каб паправiць становiшча. А для сябе я рашэнне прыняў. — Цi будуць варыянты пошуку рашэнняў абмяркоўвацца з усiм калектывам? — Думаю, што мы павiнны вызначыцца i яшчэ правесцi адзiн сход, каб абмеркаваць i нешта ўзгаднiць з калектывам. Словы, якiя страсянулi сцэнуВытрымкi з адкрытага лiста актрысы тэатра iмя Янкi Купалы Алены Iваннiкавай: "Нiводнага акцёра нашай трупы не задавальняе няпэўная палiтыка кiраўнiцтва тэатра. Акцёры, якiя некалi ярка заявiлi пра сябе, выявiўшы на сцэне тэатра вялiкiя дараваннi, пятнаццаць-дваццаць гадоў не выходзяць на сцэну ў новых ролях". "Гiне першая сцэна Беларусi, гiне яе трупа, разараецца залаты фонд дзяржавы. Маладыя акцёры сыходзяць на палову стаўкi i iмкнуцца рэалiзаваць сябе, свой талент на баку i не ў пагонi за грашыма". "У некалi былым Савецкiм Саюзе тэатр iмя Я. Купалы ўваходзiў у пяцёрку так званых па-за катэгарыйных тэатраў Саюза. Ён з лёгкасцю супернiчаў з Маскоўскiм Мастацкiм тэатрам, Малым тэатрам, Ленiнградскiм Вялiкiм драматычным тэатрам i Кiеўскiм тэатрам iмя I. Франко". "У гэтым тэатры мы вучылiся любiць, пакутаваць, смяяцца i смяшыць. Мы вучылiся жыць, i нашы сэрцы засталiся на гэтай некалi першай сцэне Беларусi".
Кожны чалавек мае права на "крык душы", асаблiва акцёр, для якога душа — iнструмент працы. I калi працы няма, то душа шукае нейкае выйсце ў свет. Магчыма, вельмi нечаканае. Iмкнуся зразумець, што ўсё-такi абудзiла актрысу Алену Iваннiкаву да адчайнага звароту? На гэтае пытанне яна адказала сама: — Цi лёгка было рашыцца? Ды я доўга не думала. Можа днi два падумала... А потым села i напiсала. Я ўвогуле вельмi даўно думаю. Проста жыву адна i думаю. Такiя рэчы, калi выспяваюць, звычайна знаходзяць выйсце. — Вы, як актрыса, адчувалi сваю запатрабаванасць у тэатры? — Нi ў якой ступенi. Большасць трупы ў нас наўрад цi зможа сказаць, што запатрабаваныя на ўсе сто. I не толькi з-за недахопу роляў i спектакляў. Я кажу пра творчую запатрабаванасць, калi акцёр цалкам аддае сваю душу справе. Але такое адбываецца толькi ў мастацтве. А тая атмасфера, якая пануе сёння ў нашым тэатры, дачынення да мастацтва не мае. Душа — вось паказчык творчасцi. Душа рэжысёра, акцёра, гледача, якога трэба нечым закрануць, разварушыць i не проста пазабавiць, а нешта яму адкрыць. — Цi ёсць роля, пра якую вы заўсёды марылi? — Так, ёсць. У творы румынскага аўтара "Безыменная зорка". Тут бы я хацела сыграць, таму што гэта пра чалавечую душу. Вы ж бачылi фiльм з Вярцiнскай i Касталеўскiм. Там жа не яна зорка, а ён, гэты сцiплы чалавек, якi марыць i iмкнецца нешта спасцiгнуць, i пра якога нiхто не ведае. Такiх шмат, на жаль... — Аднак вы паспрабавалi сябе ў рэжысуры... — Але цiкавасцi ў тэатры да сваёй рэжысёрскай працы не адчула. Усё выглядала так, быццам бы нiчога не адбылося. Нiхто мне нiчога не сказаў, не параiў. Але так хацелася пачуць нейкiя словы з боку вопытных калег, заўвагi, адчуць падтрымку. На мастацкiм савеце нейкiя словы прагучалi, але тады меркаваннi падзялiлiся. Больш сталая частка выказвалася супраць яго, а больш маладая — за тое, каб выпусцiць. У вынiку спектакль "Варшаўская мелодыя" iдзе на "Малой сцэне", пакуль яго нiхто не зняў. Людзi на яго ходзяць. — А потым вы хацелi што-небудзь ставiць? — Так, я хацела б завяршыць "Каменны анёл" паводле Марыны Цвятаевай. Я ў мiнулым сезоне рэпецiравала з акцёрамi. Шмат было душэўных выдаткаў — маiх, акцёрскiх. Мы рэпецiравалi на энтузiязме, таму не было дзе прытулiцца. Праўда, з дазволу дырэктара нам давалi сцэну на 20 i 10 дзён. Але мы так i не завяршылi працу. Яна асаблiва нiкому не была патрэбна — там былi занятыя не толькi Купалаўскiя артысты. — Калi вы пiсалi гэты лiст, то, верагодна, бачылi нейкi вынiк для сябе i для тэатра? — Я пiсала лiст, хутчэй, да тэатра. На жаль, каб мяне пачулi ў тэатры, трэба было звяртацца вышэй. Пiсала дзеля таго, каб прачнулася iнiцыятыва знiзу. Каб акцёры не плылi па цячэнню, а зразумелi, што змянiць нешта вакол сябе можна толькi змянiўшы сябе. На сёння ў штаце тэатра працуюць рэжысёры: Валерый Раеўскi. Выпускнiк Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага iнстытута 1967 года. Народны артыст Беларусi, у 2004 годзе быў узнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны. Стварыў больш за 35 спектакляў. У апошнiя гады — "Князь Вiтаўт", "Чорная панна Нясвiжа" "Вечар" (паводле А. Дударава), "Чычыкаў" паводле Гогаля, "Эрык ХIV" паводле Стрындберга, "Ядзвiга" (А. Дудараў).Мiхаiл Савiцкi. Скончыў Беларускую акадэмiю мастацтваў у 1993 годзе, з 1993 ў штаце тэатра. Стваральнiк монаспектакля "Беларусь у фантастычных апавяданнях" паводле Я. Баршчэўскага. Ажыццявiў пастаноўку спектакля "Балада пра каханне" паводле В. Быкава. Да 125-годдзя з дня нараджэння Янкi Купалы стварыў спектакль "Сны аб Беларусi" (паводле Ул. Караткевiча).Аляксандр Гарцуеў. У 1980 годзе скончыў акцёрскае аддзяленне БДТМI. У 1996-м атрымаў "Хрустальную кветку" за дэбют у рэжысуры са спектаклем "Крывавая Мэры" ( Д. Бойка). Вучыўся ў Расiйскай акадэмii тэатральнага мастацтва, стажыраваўся ў Л. Хейфеца. Рэжысёр спектакляў "Кiм" (А. Дудараў), "Iвона, прынцэса Бургундская" (В. Гамбровiч), "Маэстра" (М. Ладо), "Дзецi Ванюшына" (С. Найдзёнаў). Ларыса ЦІМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Планы па рэканструкцыi будынка Купалаўскага тэатра супалi з iнiцыятывай творчай рэканструкцыi. Яна сыходзiла "знiзу". Гэта той самы выпада
|
|