21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пасланне Сiнода Беларускай Праваслаўнай Царквы да 1020-годдзя Хрышчэння Русi

26.08.2009 10:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасланне Сiнода Беларускай Праваслаўнай Царквы да 1020-годдзя Хрышчэння Русi

Узлюбленыя ў Госпадзе айцы, браты i сёстры — клiр, манахi i паства Беларускай Праваслаўнай Царквы, дарагiя суайчыннiкi!

Два дзесяцiгоддзi таму адбылася падзея, якая паклала пачатак адражэнню Праваслаўнай Царквы на гiстарычных землях Святой Русi i паслужыла духоўнаму праабражэнню народаў Русi Вялiкай, Белай i Малой.

У 1988 годзе ўвесь хрысцiянскi свет спрабаваў зразумець, чым стане 1000-гадовы юбiлей Хрышчэння русiчаў у водах Дняпра святым роўнаапостальным князем Уладзiмiрам? Цi будзе святкаванне гэтай даты значным толькi для вузкага ў тыя часы кола веруючых людзей, цi яно знойдзе больш шырокi водгук у грамадстве? Цi жывая яшчэ памяць народа пра свае праваслаўныя каранi i вялiкую гiсторыю i цi чакае яна свайго абуджэння?

Сама гiсторыя адказала на гэтыя пытаннi ў час 1000-годдзя Хрышчэння Русi...

Семдзесят гадоў, якiя папярэднiчалi гэтай велiчнай даце, сталi здзяйсненнем Бiблейскага вобразу, яўленага прароку Ілii на гары Харыў (3 Цар. 19: 8—14). Так i рэвалюцыя была падобна да вялiкай i моцнай вiхуры, якая "раздзiрала горы i разбурала скалы". Услед за ёй адбылася карэнная змена ўкладу жыцця, якую можна параўнаць з землятрусам. А потым быў пажар бясконцай вайны — вайны аднаго з адным, са знешнiм ворагам, з самiмi сабой...

Святая Царква на нашай зямлi выжывала, лiтаральна паводле слоў Бажэственнай кнiгi Псалтыра, паўтараючы iх услед за пакутнiкам Псалмаспеўцам: "Буду я назiраць за шляхамi сваiмi, каб не грашыць мне языком маiм; буду стрымлiваць вусны мае, пакуль нечасцiвы перада мною. Я быў нямы i безгалосы, i маўчаў нават пра добрае; i смутак мой узрос".

Але вось, у юбiлейным годзе Хрышчэння Русi с прарочай дакладнасцю пачалi збывацца i наступныя радкi трыццаць восьмага псалма Давiдавага: "Запалымнела сэрца маё ўва мне; у думках маiх запалiўся агонь; я пачаў гаварыць языком маiм" (Пс. 38: 2—4).

У днi ўрачыстасцей Праваслаўная Царква ўпершыню за семдзесят гадоў атрымала магчымасць на ўвесь голас звярнуцца да ўсiх i да кожнага i гаварыць да сэрцаў суайчыннiкаў сваёю моваю — моваю Евангелля i мiласэрнасцi, моваю прымiрэння i любовi, моваю гiстарычнага аднадумства i ўсенароднароднай аднадушнасцi.

Тысяча гадоў хрысцiянскай гiсторыi нашай Айчыны нiбы сканцэнтравалася ў словах, якiя ляжаць в аснове ўсiх асноў: "У iмя Айца i Сына i Святога Духа". I да нябёсаў сягае слова народа ў адказ: "Амiнь"! I хоць яшчэ далёка не ўсе ўсведамлялi тады значэнне гэтага слова, — яно было сказана! Гiсторыя Айчыны зноў стала на хрысцянскi шлях: праз тысячу гадоў пасля выбару гэтага шляху святым роўнаапостальным князем Уладзiмiрам!

Насуперак многiм чаканням, святкаванне 1000-годдзя Хрышчэння Русi так узрушыла сэрцы i розумы людзей розных узростаў i званняў, што сон розуму адляцеў, i прага Iсцiны абудзiла душы. Пасля грозных выпрабаванняў, мы, как i прарок Iлiя, адчулi "веянне цiхага ветру", у якiм быў Гасподзь (3 Цар. 19: 12).

За дваццаць гадоў, што прайшлi пасля юбiлейнага 1988 года, непазнавальна змянiлася жыццё чалавека i народа, краiны i свету. Але не рэвалюцыйныя ператрусы, не ваяўнiчы дух неразумнай раўнiвасцi адраджаюць Праваслаўную Царкву i служаць праабражэнню народнай душы, а веянне цiхага ветру малiтвы i раскаянне ў тых справах, якiя недастойны хрысцiянскага звання.

Штодзённай руплiвай працай i iмкненнем здабыць дух мiрны, як вучыў прадзедаў нашых прападобны Серафiм Сароўскi, узнiмалася з уцiску i прыгнечанасцi Руская Праваслаўная Царква ў Расii, Украiне, Беларусi, ва ўсiх краiнах i на ўсiх землях, дзе жывуць людзi, якiя ўсведамляюць сябе яе духоўнымi дзецьмi.

I ўвесь гэты час мы не былi i не застаёмся адны! Кожнае iмгненне нашага адраджэння за нас i за айцоў нашых моляцца нашы святыя суайчыннiкi, увесь сонм хрысцiянскiх святых i Вечнадзева Марыя, Якая не пакiдае без Свайго Покрыва народы Русi.

Сёння кожны з нас, праваслаўных хрысцiян, у адказнасцi перад Госпадам i Царствам Яго за тое, як выкарыстоўваем мы благадаць, прынесеную ў нашыя сэрцы мiласцю Божай. Пра гэта пытаюцца ў нас лiкi са святых iкон старажытных i сучасных майстроў, пра гэта заклiкаюць разважаць кнiгi вялiкiх айцоў i настаўнiкаў Царквы i працы сучасных багасловаў i рэлiгiйных пiсьменнiкаў.

Бо нi для каго не сакрэт, што вораг роду чалавечага ўмацоўваецца ў гэтым свеце з дня ў дзень i таму не можа цярпець такiх перашкодаў, як веруючае сэрца чалавека, як духоўна абуджаны народ. У духоўным свеце нiколi не спыняецца супрацьстаянне цiхага ветру Гасподняга бурам, ператрусам i вогненным выпрабаванням князя свету гэтага.

Што зможам мы супрацьпаставiць новай небяспецы раздзялення? Як здолеем захаваць у еднасцi тое, што дасягнута за дваццаць гадоў адраджэння Святога Праваслаўя? Як памножыць нам на нашай зямлi славу Божую i ўмацаваць хрысцiянскую годнасць нашых народаў?

Адказ дадзены амаль дзве тысячы гадоў таму святым апосталам Паўлам i палягае ён у агульнанародным i агульнацаркоўным iмкненнi "захоўваць адзiнства духа ў саюзе мiру" (Эф. 4: 3).

Словы Апостала, якiя прагучалi ў Пасланнi да жыхароў старажытнага Эфеса, павiнны не толькi быць гiмнам цяперашнiх урачыстасцей у гонар 1020-годдзя Хрышчэння Русi! Гэты сiмвал хрысцiянскай мудрасцi i залог сучаснай перамогi Праваслаўя павiнны стаць вогненным надпiсам на скрыжалях кожнага веруючага сэрца: "Адзiн Гасподзь, адна вера, адно хрышчэнне" (Эф. 4: 5).

Прыгадаем, узлюбленыя айцы, браты i сёстры, якiя падзеi ў жыццi нашых народаў папярэднiчалi 1000-годдзю Хрышчэння Русi i адбылiся пасля яго. За два гады да юбiлею, у красавiку 1986-га, вобраз апакалiптычнай "зоркi палыну" (Адкр. 8: 11) запалiўся смяротным агнём у Чарнобылi. А ў канцы 1991-га распалася адзiная сям’я народаў.

Мы навучылiся жыць з той спадчынай, якую пакiнулi пасля сябе гэтыя падзеi. Але мы не павiнны забываць iх жорсткiх урокаў i трагiчных наступстваў, бо яны аплачаны высокiм коштам жыцця i разбiтых лёсаў вялiкай колькасцi людзей.

Гiсторыя паказала, што менавiта Святое Праваслаўе з’яўляецца самай тонкай i адначасова самай трывалай нiццю, што звязвае нашы народы. Тайна гэтага адзiнства не схаваная ад нас, хоць пачатак яе знаходзiцца ў глыбiнi тысячагоддзяў чалавечай гiсторыi. У Свяшчэнным Пiсаннi вуснамi Прамудрага цара Гасподзь заклiкае кожнага чалавека: "Сын мой! аддай сэрца сваё Мне" (Прытч. 23: 26). Зямная Царква ў адказнасцi за ўсе сэрцы, якiя iмкнуцца да Бога. Яна таму i захаваецца навек, бо ёй давяраюць i Бог, i чалавек.

Але гэты ўзаемны давер патрабуе асаблiвай адказнасцi! Бо як можна выконваць мiсiю яднання роду чалавечага з яго Тварцом, не захоўваючы пры гэтым унутры сябе адзiнства веры i служэння, не захоўваючы адпаведнасцi вобразу думак i ладу жыцця, не клапоцячыся пра суладдзе слоў i спраў? Тым больш, што ва ўсiм гэтым Царква паклiкана даваць свету прыклад уладкавання жыцця, запаведанага Самiм Богам.

У лiпенi гэтага знамянальнага года ў першапрастольным горадзе Маскве Асвячоны Архiерэйскi Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы вынес асаблiвае рашэнне адносна адзiнства Царквы.

"Сёння, як i ва ўсе часы, — гаворыць Святая Царква вуснамi сонму ўсiх сваiх архiпастыраў, — адным з галоўных выклiкаў Святому Праваслаўю з’яўляецца разнадумства ў Царкве па розных пытаннях царкоўнага жыцця. Яно можа ператварыцца ў зброю супраць Царквы Хрыстовай, раздзiраючы яе на часткi, а можа заахвоцiць да больш глыбокага ўсведамлення i перажывання царкоўнай еднасцi".

Святкаванне 1020-годдзя Хрышчэння Русi ў Маскве i ў Кiеве пацвердзiлi выбар царкоўнага народа Вялiкай, Малой i Белай Русi, непадзельны ў сваiм яднаннi вакол агульнай Купелi Хрышчэння i адзiнай Еўхарыстычнай Чашы!

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi Аляксiй Другi, пасля служэння ў Кiеве Бажэственнай лiтургii в сонме шматлiкiх прадстаўнiкоў Памесных Праваслаўных Цэркваў, з Лаўрскага Кiева-Пячэрскага ўзвышша прамовiў прарочыя словы: "Нi межы, нi адлегласцi, нi воля асобных людзей не маюць улады над вялiкай i неадольнай сiлаю: над духоўным i малiтоўным адзiнствам святых угоднiкаў Божых, якiя перадалi нам у спадчыну адзiную Царкву Хрыстову".

Узлюбленыя айцы, браты i сёстры! У гэтыя днi Беларуская Праваслаўная Царква ўкладае свой унёсак у летапiс святкавання 1020-годдзя Хрышчэння Русi. I ўсе мы бачым i сведчым, што сёння, як i стагоддзi таму, сэрцы людзей сагравае надзея i памяць пра тое, што Святая Русь — гэта Дом Прасвятой Багародзiцы. I нiколi Святая Русь не была абмежавана этнiчнымi падзеламi, нацыянальнымi тэрыторыямi цi дзяржаўнымi межамi. Як i Дом Вечнадзевы Марыi не мае на зямлi нi сцен, нi агароджаў.

Святая Русь — гэта месца, пра якое можна сказаць словамi Госпада нашага Iiсуса Хрыста: "Дзе двое цi трое сабралiся ў iмя Маё, там Я сярод iх" (Мф. 18: 20). А Дом Багародзiцы на зямлi — гэта сэрца чалавечае. I таму сёння, у днi нашай урачыстасцi 1020-годдзя Хрышчэння Русi, мы паўтараем адзiнымi вуснамi i адзiным сэрцам свяшчэнны заклiк святога апостала Паўла: "Адзiн Бог i Айцец усiх, Якi над усiмi, i праз усiх, i ва ўсiх нас" (Эф. 4: 6). Амiнь.

Фiларэт, Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi; Дзiмiтрый, Архiепiскап Вiцебскi i Аршанскi; Сцяфан, Архiепiскап Пiнскi i Лунiнецкi; Арыстарх, Архiепiскап Гомельскi i Жлобiнскi; Гурый, Архiепiскап Навагрудскi i Лiдскi; Феадосiй, Архiепiскап Полацкi i Глыбоцкi; Арцемiй, Епiскап Гродненскi i Ваўкавыскi; Сафронiй, Епiскап Магiлёўскi i Мсцiслаўскi; Iаан, Епiскап Брэсцкi i Кобрынскi; Сцяфан, Епiскап Тураўскi i Мазырскi; Серафiм, Епiскап Бабруйскi i Быхаўскi.

23—25 кастрычнiка 2008 года, Мiнск.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Узлюбленыя ў Госпадзе айцы, браты i сёстры — клiр, манахi i паства Беларускай Праваслаўнай Царквы, дарагiя суайчыннiкi! Два дзесяцiгоддзi таму адбыла
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика