Забег на доўгую дыстанцыю Рускі тэатр асiлiў марафон
Забег на доўгую дыстанцыю Рускі тэатр асiлiў марафон
Прэм’ера
Такое было галоўнае ўражанне пасля прагляду спектакля "Бег" паводле Мiхаiла Булгакава, прэм’ера якога адбылася ў Нацыянальным драматычным акадэмiчным тэатры iмя Горкага. Першая пастаноўка маладога i, як чакалася, па-сучаснаму спрытнага галоўнага рыжысёра тэатра Сяргея Кавальчыка падалася размеранай i доўгай. Здавалася, што самае галоўнае тут — дайсцi да фiнiшу... А на фiнiшы ўсе ў прынцыпе — малайцы i пераможцы. Бо галоўнае ў марафоне — удзел i перамога не столькi над iншымi, колькi над сабой. З гэтага пункту гледжання Кавальчык сапраўды перамог. Ён упершыню паставiў спектакль на вялiкай сцэне акадэмiчнага тэатра, з такiм вялiкiм складам удзельнiкаў, ды яшчэ ўзяўшы складаны твор Булгакава. Але дзеля чаго? Свет падзелены на "чырвоных" i "белых". Адны грашаць перад Богам i людзьмi. Ды i другiя забiваюць. Няма праўды ў свеце, калi iдзе вайна: яна прымушае людзей знiшчаць сабе падобных, яна прымушае мужа ахвяраваць жыццём жонкi з-за ўласнага маладушша, яна прыводзiць да думкi бегчы ў Канстанцiнопаль, туды, дзе гэтай вайны няма, каб знайсцi прытулак i спакой. А якi спакой, калi няма глебы пад нагамi, калi няма праўды? Альбо яе не чуюць, не хочуць пачуць, не могуць, бо стома ад балючых думак ахiнула душу. А праўды хочацца, як веры ў тое, што выйсце з гэтых "прусачыных бягоў", у якiя патрапiлi людзi, нейкае ёсць. Такiя думкi ў мяне выклiкала кiнаэкранiзацыя булгакаўскага "Бегу" 70-х гадоў. Магчыма думкi так акцэнтавана сядзяць у свядомасцi з-за таго, што за кожнай сцэнай, сустрэчай, размовай, за кожным героем стаялi магутныя акцёрскiя працы найвыдатнейшых савецкiх артыстаў — Дваржэцкага, Баталава, Ульянава, Еўсцiгнеева. Кожны вобраз нёс пэўную нагрузку i быў увасабленнем рэальных чалавечых рысаў, слабасцяў, сумненняў. Ну не дарэмна ж Булгакаў iх прыдумаў! Сяргей Кавальчык усё паставiў дакладна так, як прыдумаў Булгакаў. І людзi ўсе на сцэне выглядаюць так, як у тыя часы. Эпоху стварае антураж, форма, музыка. Сядзiш i думаеш: вось як было тады, жудасныя норавы. Калi зыходзiць з гэтай пазiцыi, то можна нават падумаць, што Кавальчык справiўся i радавацца таму, як на сцэне людзi ў прапанаваных абставiнах iмкнуцца выжыць. Як, у прынцыпе, можна радавацца i таму, што артысты ў прапанаваных абставiнах iмкнуцца iграць нейкiя характары — Сiгоў (Хлудаў), Мацкевiч (Чарнота), Ждановiч (iнтэлiгент Галубкоў) i iншыя. I часам так iх шкада. Бо героi такiя, што працаваць трэба на "нерву". Але калi б яшчэ ведаць, дзеля чаго... Проста праiлюстраваць эпоху, якая даўно адышла ў нябыт? Цяпер, узнавiўшы ў памяцi гэты твор, я падумала пра тое, што Булгакаў жывы i працягвае свой "Бег" па-за часам. Тое, што ён думаў пра людзей, якiя, страцiўшы радзiму, страцiлi i сябе, неверагодна жыва i балюча гучыць. Кожны з нас (ужо ў сваiх прапанаваных абставiнах i спакусах) бегае навыперадкi i з iншымi, i з самiм сабой, часам iмкнецца збегчы ад сябе. Але гэтая думка ў мяне як iмгненна нарадзiлася, так паспяхова знiкла i да канца спектакля не дажыла. Бо я бачыла Булгакава такiм, якiм яго маглi б зрабiць у канцы 20-х гадоў, калi пiсаўся твор, i якiм ён не быў нiколi. Гэта пасутнасцi сцэнкi з жыцця часоў грамадзянскай вайны. Савецкi тэатр яго мог бы паставiць так, i гэта было б зразумела. Але савецкi тэатр баяўся Булгакава i не вельмi спяшаўся яго ставiць, бо ўжо тады адчувалася, што п’есы яго не такiя простыя, як здаюцца... Вось гэта i крыўдна. Таму што "Бег" — знакавы для Булгакава твор, глыбокi i шматзначны, не толькi пра лёс пакалення белай эмiграцыi, але i пра радзiму, якой няма. У пастаноўцы тэатра iмя Горкага на пачатку ХХI стагоддзя Булгакаў атрымаўся вельмi плоскi. Без пластоў, якiя адклаў час у гэтай тэме. Без улiку сучаснага кантэксту. I нiякiя канструкцыi-трансформеры на сцэне, нiякiя ўстаўкi сучасных музычных тэмаў не выратуюць, калi ў iдэi спектакля вечнасць слоў аўтара не чытаецца. Ён прамы, як праход па дыстанцыi. Дайшлi. Можна апладзiраваць удзельнiкам. А назаўтра забыць, што гэта было... Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такое было галоўнае ўражанне пасля прагляду спектакля "Бег" паводле Мiхаiла Булгакава, прэм’ера якога адбылася ў Нацыянальным драматычным ак |
|