Юрый Зісер: Байнэт адстае ад iнтэрнэту ЗША на 9 год
Юрый Зісер: Байнэт адстае ад iнтэрнэту ЗША на 9 год
Інтэрнет у Беларусі развіваецца хутка, мы проста нашмат адсталі. - Прайшло два гады з таго часу, як вы давалі інтэрв’ю Еўрарадыё. Цікава, што змянілася за гэтыя два гады ў развіцці інтэрнет-тэхналогій у Беларусі? - Нічога прынцыпова новага не адкрылі. Але што нашмат больш важнае — змянілася стаўленне да Інтэрнету ў грамадстве, змянілася яго роля. Адрозненне гэта колькаснае, але яно паступова перарастае ў якаснае. Пры ўзроўні пранікнення Інтэрнету ў 33% ужо можна пра штосьці казаць. Калі кожны трэці жыхар краіны хоць раз у паўгода заглядвае ў Інтэрнет, і калі траціна мінчукоў кожны дзень карыстаюцца Інтэрнетам. У кожным доме ёсць камп’ютары — а гэта значыць, што ёсць і Інтэрнет. - Але ўсё ж варта прызнаць, што Беларусь адстае ад сваіх суседзяў. На колькі год мы адстаем? - Спецыяльна падлічваў, і ў мяне атрымалася, што ад ЗША мы адстаем на 9 год. Дзевяць год таму ў ЗША быў такі самы ўзровень пранікнення Інтэрнету, прыкладна такая ж колькасць блогаў на душу насельніцтва, як сёння ў нас. Ад суседзяў адстаем нашмат менш. Я тут не вымяраў, але ў іх парадку 50-60% ўзровень пранікнення. І я мяркую, што за некалькі год, можа за 3-4 гады, мы гэта навярстаем. Урэшце рэшт усе ўсё роўна прыйдуць да аднаго прыкладна ўзроўню. І не трэба думаць, што ў нас горш за ўсіх: мы прыкладна пасярэдзіне. - Гэты шлях развіцця інтэрнет-тэхналогій — ён адзін? То бок, усе краіны развіваюцца па аднолькавым алгарытме, але рознымі тэмпамі? Альбо ў кожнай краіне свая спецыфіка? - Не, я б сказаў, што ўзровень пранікнення Інтэрнету залежыць ад эканамічнага развіцця грамадства. Чым вышэй эканоміка, тым хутчэй пранікае Інтэрнет. - У Беларусі ёсць свае асаблівасці развіцця Інтэрнету. Што з нашымі тэмпамі? - Тэмпы ў нас добрыя! Мы проста адстаем у часе, а тэмпы ў нас хуткія. Усё развіваецца хутка. Так, калі б кошты на Інтэрнет у нас былі такія ж, як у нашых заходніх суседзяў, то развіццё Інтэрнету пайшло б хутчэй. Але гэта ўжо не прынцыпова. Так, гэта адносна дорага. Але гэта ўжо нікога не стрымлівае. - А што тычыцца такой асаблівасці беларускага Інтэрнету, як малады ўзрост яго карыстальнікаў? - Дык гэта ва ўсім свеце так. У Вьетнаме — там увогуле адны дзеці і падлеткі ходзяць. Але, шчыра кажучы, у нас дарослая аўдыторыя таксама актыўна карыстаецца Інтэрнетам. Паглядзіце: 10 год таму Інтэрнет у Беларусі быў удзелам камп’ютаршчыкаў. Год 5-7 таму да гэтага як раз-такі далучылася студэнцтва. А сёння мы бачым, што менеджэры, дырэктары заводаў, газет-параходаў, дзяржчыноўнікі, міністры ходзяць кожны дзень у Інтэрнет. Усё грамадства будзе больш і больш уцягвацца. Так што я б тут не рабіў нейкай узроставай сегрэгацыі. Хаця так, моладзь уся там — амаль 100% моладзі сёння ў Інтэрнеце. - Тое, што ў нас ёсць TUT.by, — гэта асаблівасць Беларусі? Альбо ў іншых краінах, у кожнай таксама ёсць свой TUT.by? - У большасці краінаў ёсць свае парталы: і ў Расіі ёсць тры буйных краінавых парталы, і ва Ўкраіне чатыры парталы, і ў Польшчы ёсць як мінімум два парталы, у Чэхіі… У кожнай краіне ёсць. Ёсць вельмі мала краінаў без сваіх краінавых парталаў. Гэта нармальная з’ява. - Але ж там іх некалькі, а ў нас толькі адзін.... - Ну, у нас і краіна паменей, і эканоміка меншая. Двух TUT.by краіна можа не вытрымаць. Бо парталы існуюць за кошт рэкламы — яны ж бясплатныя. А ў нас у Беларусі на рэкламу выдаткоўваюцца смешныя грошы. У Інтэрнеце грошай ідзе яшчэ менш, там проста няма чаго дзяліць. Таму новы гулец, калі б ён з’явіўся, мусіў бы разлічваць на вельмі доўгі цыкл вяртання інвестыцый. Краіна адносна бедная, таму ў ёй мала інтэрнет-рэсурсаў. Магчымы нейкі паварот, калі будуць спрабаваць сюды пранікаць міжнародныя парталы. Ці калі будзе агульны паварот у эканоміцы, які прывядзе да яе рэарганізацыі. Калі суб’екты гаспадарання Беларусі будуць зацікаўленыя ў тым, каб іх тавары прадаваліся ў Беларусі — сапраўды зацікаўленыя! — тады яны пачнуць даваць рэкламу, з’явіцца больш рэкламных грошай і, адпаведна, з’явяцца новыя рэсурсы. - Колькі часу павінна прайсці, каб у Беларусі бясплатны Wi-Fi з’явіўся ў кожнай кавярні? - Вы ведаеце што, я прыехаў у Англію — ніякага Wi-Fi у кавярнях няма, а ў гатэлі Wi-Fi 5 фунтаў за гадзіну. Таму тут яшчэ ад краіны залежыць. Не трэба думаць, што агульная інтэрнетызацыя — гэта калі ідзеш па вуліцы і паўсюль табе Wi-Fi мроіцца. Я б больш спадзяванняў ускладваў на тэхналогіі мабільнага Інтэрнету. Вось мабільны Інтэрнет цяпер расце хутчэй за ўсё. Я быў на канферэнцыі ў Лондане, і там прэзідэнт “Тэлеком-Італія” расказаў, што ў іх агульны трафік за год вырас у 1,5-2 разы, а мабільны трафік — у тры разы. Вось дзе кропка росту! - А вы самі карыстаецеся мабільным Інтэрнетам? - У мяне дома ёсць і стацыянарны, але на працягу дня я правяраю пошту, чытаю навіны менавіта на мабільніку, прычым ужо гадоў пяць. Я сабе не ўяўляю нічога іншага, мне мабільнік замяніў ноўтбук — я не карыстаюся практычна ноўтбукам, ён валяецца без справы. - Раней, калі яшчэ я вучылася ў школе, у нас быў толькі адзін камп’ютарны клас, і тое толькi для ўрокаў інфарматыкі. Сёння школьнікі бегаюць на перапынках пасядзець у Інтэрнеце… Што будзе праз 5-10 год? Магчыма, у кожнага школьніка будзе свой Інтэрнет у мабілцы? - Дык дзеці ўжо гэтым займаюцца. Я думаю, што праз 10 год у нас не будзе папяровых падручнікаў. Будуць у асноўным электронныя падручнікі, якія будуць сядзець у мабільніках у дзяцей, альбо выпусцяць нейкія больш зручныя спецыяльныя прыстасаванні. Я вось гляджу на тэхналогію электронных чарніл, электроннай паперы — гэта вельмі камфортна для зроку, і калі гэтая тэхналогія стане больш таннай, яна будзе паўсюль. - Гледзячы ў якой сферы. Калі ў плане навінаў, то нікому не патрэбныя ўчорашнія навіны. І тут натуральна, што Інтэрнет усім дае фору — шмат хто чытае навіны ў Інтэрнеце, а будуць чытаць яшчэ больш. Але нікуды не дзенецца “глянец”. Я сабе не ўяўляю глянцавых часопісаў у Інтэрнеце: бо іх жа не чытаюць, іх прагортваюць у чэргах. Аналітычныя выданні яшчэ доўга будуць на паперы, але ў Беларусі іх мала, ізноў-такі з-за мізэрнасці рынка рэкламы. - Ці змянілася апошнім часам стаўленне дзяржавы да Інтэрнету? Сталі менш баяцца, ці наадварот — больш? А кантраляваць сталі менш ці больш? - Я лічу, што стаўленне палепшылася. І я б не сказаў, што Інтэрнет у нас неяк зарэгуляваны, што нейкія рэпрэсіі… нічога гэтага няма. Нас нават сёлета выключылі з спісу “ворагаў Інтэрнету”. Праўда, пакінулі пад наглядам, таму што летам мінулага году ў інтэрв’ю намміністра інфармацыі кінула фразу, што нам патрэбны кітайскі файрвол, сёлета Філарэт штосьці сказаў — і могуць зноў, не дай бог, унесці ў гэты спіс. Лепш бы такіх рэчаў увогуле не казалі, таму што рэальна ў нас добрыя ўмовы для развіцця Інтэрнету. - А такія выказванні сапраўды адбіваюцца на рэальных захадах дзяржавы? Блогі і сацыяльныя сеткі — звычайная мода, як на музычныя ансамблі. Яна праходзіць - Што сёння самае папулярнае на ТUT.by? - Самае папулярнае цяпер — гэта навіны, але так было не заўсёды. Гэта апошнія пяць год, а першыя чатыры гады найбольш папулярным сервісам была пошта. Людзі хадзілі на TUT.by з-за пошты ў дамене by. Тады гэта была самая тэхнічна дасканалая пошта на нашых прасторах. - Якія плануеце ўводзіць навінкі ў бліжэйшы час на TUT.by? - Хутка з'явяцца «Падзеі», так званая Афіша 2.0. Гэта калі карыстальнікі самі змогуць уводзіць свае падзеі ў TUT.by. Прычым яны могуць быць цалкам розных маштабаў — гэта можа быць канцэрт, можа быць вечарынка, а, можа, хтосьці хоча ў футбол пагуляць і шукае сабе кампаньёнаў. Такая атрымліваецца “народная афіша”. З’явіцца больш мультымедыйных навінаў, рэпартажных сюжэтаў, нашых уласных матэрыялаў. - У інтэрв’ю Еўрарадыё два гады таму вы казалі, што блогі не стануць папулярнымі, што праз год-два ім на змену прыйдзе штосьці іншае, а блогі так і застануцца ўдзелам кучкі пісьменнікаў. Ці не думаеце вы цяпер, праз два гады, што тады вы ўсё ж такі недаацанілі блогі? Два гады мінулі… - Не, я думаю, што я меў рацыю, бо пра блогі ўсе забылі і рынуліся ў сацыяльныя сеткі. А манетызацыі блогаў як не было, так і няма. - Так, а праз год прыдумаюць яшчэ штосьці новае… Сацыяльныя сеткі ўжо выходзяць з моды. Пра “аднакласнікі” ўжо ніхто не ўзгадвае. Гэта самая звычайная мода — як на музычныя ансамблі. - Так. Есць людзі, якія любяць завязаць у чымсьці, якія баяцца наваколля. Неабавязкова ў Інтэрнеце. Да Інтэрнету гэтыя людзі чыталі кнігі запоем ці хадзілі дварамі сценка на сценку, займаліся радыёэлекронікай — паялі сабе штосьці ціхенька ў кутку. Гэтыя людзі так ці інакш знаходзілі спосабы адмежаваць сябе ад гэтага страшнага, жахлівага асяроддзя. Заўсёды так было, і ў даэлектронную эпоху. Гэтыя людзі проста знайшлі яшчэ адзін інструмент, як зрабіць сябе залежнымі ад чагосьці. Европейское радио для Беларуси Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юрый Зісер: Байнэт адстае ад iнтэрнэту ЗША на 9 год // Інтэрнет у Беларусі развіваецца хутка, мы проста нашмат адсталі.Якой будзе электронная Беларусь праз 5 альбо 10 год, у інтэрв’ю Еўрарадыё разважае дырэктар і заснавальнік TUT.by Юрый Зісер.- Прайшло два гады з таго часу, як вы давалі інтэрв’ю Еўрарадыё.
|
|