21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Ад нашай хаты засталася толькi печ. На ёй i жылi

19.09.2009 14:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ад нашай хаты засталася толькi печ. На ёй i жылi

Вайна ў нашых лёсах

 

Тэма мiнулай вайны яшчэ трывожыць сэрцы людзей. Тое, што пра яе напiсана, вiдаць, не вычарпала ўсёй праўды пра ваенныя нягоды. Таму жывыя сведкi той пары ў сваiх успамiнах папаўняюць летапiс вайны новымi фактамi, новымi выразнымi штрыхамi. Мне хочацца ў сваiм допiсе на падставе памяцi расказаць пра лёс маёй роднай вёскi Рудня i яе жыхароў ў гады ваенных дзеянняў i акупацыi, а таксама пра велiзарную радасць вызвалення ад фашызму.

 

Калi ў лiпенi 1941 года разгарэлiся моцныя баi за Прапойск, з поўдня праз нашу вёску iшлi наступальныя ланцугi нашых байцоў. Мы, вясковыя хлапчукi, з захапленнем праводзiлi нашы танкi "КВ" i чырвонаармейцаў у бой. Гэты факт памятаецца мне i цяпер.

У гэты час наша вёска падверглася страшэннаму артылерыйскаму абстрэлу з боку фашыстаў. Ад снарадаў згарэла некалькi хат, а мы, жыхары, вымушаныя былi кiнуць усё i пад абстрэлам бегчы праз балота, ратуючы сваё жыццi ў лесе. У гэты дзень загiнула некалькi нашых аднавяскоўцаў.

З першых дзён акупацыi фашысты ўсталявалi жорсткi рэжым. За самае нязначнае парушэнне пагражала адно — расстрэл. Гэта быў фактычна тэрор. У першыя месяцы акупацыi немцы забралi ў нашай сям'i вялiкага адкормленага кабана, пазней — карову. Нiхто не палiчыўся нават з тым, што ў сям'i была малая дзяўчынка, мая сястрычка, якой патрэбна было малако. На другiм годзе акупацыi гiтлераўцы адабралi ў нас каня, а ў канцы разбурылi наш дыхтоўны дом, што пабудаваў бацька якраз перад вайной, амаль што перад тым, як пайсцi на фронт. Яны выкарысталi бярвеннi для пабудовы сваiх блiндажоў на лiнii абароны Проня-Сож.

Прапагандуючы, быццам яны прыйшлi да нас у якасцi вызвалiцеляў, вывешваючы партрэты з надпiсам "Гiтлер — вызвалiцель", фашысты насамрэч не лiчылiся з iнтарэсамi мясцовага насельнiцтва, не шкадавалi нi малых, нi старых. Яны даволi хутка арганiзавалi прымусовыя працы, да якiх прыцягнулi ўсiх, хто мог трымаць у руках рыдлёўку або iншую прыладу. Мабiлiзавалi нават падлеткаў.

Зiмой 1941 года былi вялiкiя снежныя заносы. Фашысты сабралi ўсiх з блiжэйшых вёсак на расчыстку Маскоўска-Варшаўскай шашы ад снегу. Iм трэба было забяспечыць бесперабойны рух сваiх аўтамашын, якiя iшлi ў бок Масквы. Мне таксама давялося прымусова ўдзельнiчаць ў гэтых працах. Распараджаўся справамi на адведзеным участку немец Карл, якi бязлiтасна бiў людзей палкай за самыя нязначныя спазненнi цi агрэхi ў расчыстцы.

У бясснежны час (вясной, летам, восенню) акрамя рамонту i падсыпкi дарогi даводзiлася выконваць вельмi дзiкую i небяспечную працу, прыдуманую гiтлераўцамi, — баранаванне шашы. Справа ў тым, што ноччу партызаны падбiралiся да шашы i ставiлi мiны. Каб зберагчы свае машыны ад падрыву, немцы патрабавалi з кожнай вёскi некалькi баранавальшчыкаў на конях i са шчэпкамi барон да пэўнай гадзiны. Яны праходзiлi шашу па ўчастках i, рызыкуючы сабой, забяспечвалi бяспеку машын. Бесчалавечая, варварская прыдумка!..

У гады акупацыi наша сям'я моцна пацярпела. Як i ўсе, мы пазналi ў прамым сэнсе слова галечу, страх, голад, пакуты, хваробы. Усё перажытае пасля адбiлася на здароўi. З-за гэтага рана пайшла з жыцця мацi, сур'ёзна хварэла сястрычка. Усiм у гэты час давялося жыць у экстрэмальных умовах. Мы перажылi расстрэл групы акружэнцаў, якiя дабiралiся да сваiх родных месцаў i былi перахоплены немцамi i палiцаямi, расстрэл яўрэяў, сабраных з розных вёсак. Перажывалi, шкадавалi людзей i разам з тым разумелi: такi самы лёс вiсеў над кожным з нас. Мы знаходзiлiся на вастрынi дзвюх сiлаў. Удзень наязджалi ў вёску немцы i палiцаi, уначы прыходзiлi партызаны, якiя iшлi на заданнi i прасiлi ў нас чаго-небудзь перакусiць i атрымаць неабходныя разведзвесткi. Зразумела, мы ўсiмi сiламi дапамагалi партызанам. Акрамя разветдадзеных, напрыклад, група падлеткаў нашай вёскi сабрала на месцы баёў 12 вiнтовак i некалькi цынкавых каробак патронаў, 5 кiлаграмаў толу. У якой схованцы яны ляжалi, ведалi толькi два-тры чалавекi, у тым лiку i я. Пры з'яўленнi партызанаў зброя i боепрыпасы былi перададзены iм. Партызаны падбадзёрвалi жыхароў, заклiкалi трымацца, расказвалi пра тое, што нашы войскi ўжо гоняць фашыстаў на захад.

Сапраўды, хутка мы пачалi чуць гул гармат на усходзе. А праз некаторы час партызаны спалiлi мост у цэнтры нашай вёскi, каб перашкодзiць немцам заняць абарону за ваколiцай на намечанай вышынi. Прайшлi лiчаныя днi, i фашысцкiя перадавыя часцi награнулi ў нашу вёску. Адсутнасць маста праз раку Пясчанку не давала магчымасцi iм перапраўляць тэхнiку. I яны вырашылi будаваць мост з бярвення накатам, збоку ад спаленага.

Для гэтага сагналi ўсiх вясковых старых, пажылых мужчын i падлеткаў. Пад аўтаматам прымусiлi насiць i ўкладваць бярвенне. Так галодныя людзi мучылiся цэлы дзень. А глыбокай ноччу наша сям'я i шэраг iншых вяскоўцаў выбралiся агародамi за вёску, прайшлi поле, а потым асцярожна, мiнуючы вартавых, якiх немцы ўжо расставiлi, перайшлi вышыню з нямецкiмi траншэямi i спусцiлiся на луг. А потым — за раку Сож, у партызанскую зону. Абсталявалi лясны лагер з дрэў i галiнак. Нялёгка было жыць у лесе без усяго неабходнага, без многiх звыклых рэчаў, пры недахопе прадуктаў, але дыхалася ўжо свабодна i лёгка.

Тут жа ўпершыню з вялiкай радасцю сустрэлi нашых салдатаў, якiя рыхтавалiся да штурму нямецкiх траншэй на правабярэжжы Сажа. Мы чакалi вызвалення нашай вёскi. Першы бой за Рудню быў няўдалым. Салдаты не атрымалi неабходнага падмацавання. Давялося чакаць глыбокай восенi.

I толькi ў лiстападзе 1943 года наш раён i вёска Рудня былi вызвалены ад фашыстаў, што з'явiлася велiзарным святам для ўсiх бежанцаў з правабярэжжа. У гэты час мы жылi на кватэрах у вёсцы Наваельня. З наступленнем халадоў партызанскае камандаванне паклапацiлася пра тое, каб перасялiць ў засожаўскiя вёскi ўсiх, хто вымушаны быў цярпець нягоды ў шалашах у лесе.

I вось мы нарэшце дачакалiся. Гром гармат i яркае зарыва пажараў абвясцiлi, што нацысты выбiтыя з правабярэжжа Сажа. I адразу аднавяскоўцы загарэлiся ехаць, iсцi пехатой, дабiрацца домоў. Добра ведалi, што ў прыфрантавой паласе ад вёскi нiчога не засталося i ўсiх, хто рызыкне вярнуцца на руiны, чакае страшэннае выпрабаванне холадам, голадам i бытавым неўладкаваннем. Аднак прыцягненне родных месцаў было настолькi моцным, што нiхто не паддаўся страху.

Мясцовыя жыхары арганiзавалi некалькi падвод. I вось мы ў роднай вёсцы. Адкрылася жудасная карцiна. На месцы дамоў ляжалi чорныя галавешкi i тырчалi пячныя комiны. Вецер гуляў па былых вулiцах, разносячы навокал мёртвы прах. На ўсю вялiкую вёску засталося тры старэнькiя хаты i некалькi лазняў. У iх i размясцiлiся прыбыўшыя. Ударылi маразы, холад. Наша сям'я ўладкавалася ў невялiкай пуньцы былой нашай хаты, недалёка ад печы. Я абгарадзiў збоку i зверху дошкамi тую частку печы, якая награвалася. Пратопiць мацi печ, мы залезем на яе i грэемся на чарэне. Тут i спалi. Пазней перасялiлiся ў перапоўненую людзьмi хату. Пра нейкiя выгоды ў такiм жыллi гаварыць не прыходзiцца...

Яшчэ цяжэй было з недахватам прадуктаў. Перад адыходам у бежанцы мы закапалi ў ямы некалькi пудоў збожжа, бульбы, морквы. Немцы знайшлi i выграблi збожжа. Вiдаць, скармiлi сваiм коням. Засталася ў асноўным бульба. Ёй i кармiлiся амаль усю зiму, нiшчымнай, без солi. Гэта было гора, калi не хапала солi, запалак, керасiну, хлеба.

Было марозна, вецер выдзьмуваў хату. Усе дрыжэлi ад холаду, былi прастуджаны, кашлялi, тэмпературылi i ўсё роўна не падалi духам. Як Бога, чакалi вясны. Вясной стала цяплей, але пачалi заканчвацца запасы бульбы. Не было чаго есцi. Прыгледзелiся да палёў, з якiх сышоў снег. На бульбянiшчах то тут, то там пачалi знаходзiць i збiраць перамерзлую бульбу. З яе многiя жанчыны, у тым лiку i мацi, пяклi карычневыя коржыкi (iх называлi "ташноцiкамi"). На iх нейкi час i трымалiся.

Прыйшоў час сяўбы. Хто збярог нейкую частку насеннага матэрыялу бульбы, той падзялiўся з суседзямi. Але як сеяць, калi няма нiякай цяглавай сiлы? Коней страцiлi яшчэ ў час акупацыi. Давялося ўпрагацца ў плуг жанчынам i падлеткам. Мужчын не было з фронту. Шэсць чалавек у пастрамках, адзiн — за плугам. I так круг за кругам. Ад цяжкасцi падкошвалiся ногi, цяглыя задыхалiся. Часта жанчыны, абяссiленыя, падалi на зямлю i залiвалiся слязьмi:

— Божа мiласцiвы! Колькi можна трываць? Цi дажывём мы калi-небудзь да чалавечага жыцця? Колькi нам мучыцца?

Стары аднавясковец, каваль, iнвалiд Iван, суцяшаў, падбадзёрваў жанчын:

— Трымайцеся, даражэнькiя мае! Перажылi чорную ноч фашысцкай акупацыi, перажывём i гэтую цяжкую пасляваенную пару. Верце! Дасць Бог — перажывём! Памалу ўсё ўладзiцца... Радавацца трэба. Мы ж вярнулiся на родную зямлю!..

Мiнуў час. Надзеi людзей, якiя не страцiлi аптымiзму, спраўдзiлiся. Паступова вырашылiся самыя вострыя праблемы жыцця. Непазнавальна змянiлася, адбудавалася вёска. Стала намнога большай i прыгожай. Праца ў вяскоўцаў стала пасiльнай i паважанай. Але праўду пра вайну — не толькi пра гераiчныя старонкi, але i пра цяжкiя, непрыемныя, горкiя — забываць нельга. Дзеля таго, каб нiколi больш не паўтаралiся ваенныя нягоды.

Аляксей Стральцоў, ветэран працы.

Слаўгарадскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэма мiнулай вайны яшчэ трывожыць сэрцы людзей. Тое, што пра яе напiсана, вiдаць, не вычарпала ўсёй праўды пра ваенныя нягоды. Таму жывыя сведкi той п
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика