Шчаслiвая «Латарэя». 21.by

Шчаслiвая «Латарэя»

16.03.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Клара Манюшка паабяцала прывезцi ў Беларусь Мiжнародны фестываль славянскай музыкi
Даўно, яшчэ 8 верасня 1841 года, у гродзенскiм Народным тэатры была пастаўлена новая опера Станiслава Манюшкi «Апошняя латарэя Варшаўская». Цяпер жа ў беларускіх гледачоў з’явiлася магчымасць убачыць яе ў выкананнi, максiмальна наблiжаным да арыгiнала.
«Латарэя», якой цяпер больш падыдзе вызначэнне аперэта, была напiсана ў 1840 годзе, калi аўтару быў 21 год. У 1843-м яна была пастаўлена ў Мiнску трупай вандроўнага тэатра Шмiдгофа. Для «Латарэi» гэта быў сапраўды шчаслiвы выпадак: неўзабаве Шмiдгоф быў вымушаны бегчы ад палiцыi з-за фiнансавых цяжкасцяў. Мiж тым мiнскай публiцы опера спадабалася. Значна пазней Манюшка дэбютаваў з ёй і на варшаўскай сцэне.
Фабула твора даволi простая. За руку дзяўчыны i прыхiльнасць яе бацькi змагаюцца два хлопцы. Але дзе ўзяць грошы, каб зладзіць гэту справу? Лёс прэтэндэнтаў павiнна вырашыць латарэя. Як вядома, верагоднасць выйгрышу мiзэрная, i таму абавязкi Фартуны вырашаюць прыняць на сябе Незнаёмец i служачыя канторы, дзякуючы якiм усё заканчваецца шчаслiвым вяселлем закаханых.
Задума аднаўлення оперы ў канцэртным варыянце выспела летась з нагоды святкавання 190-годдзя з дня нараджэння Станiслава Манюшкi. Больш за палову свайго жыцця кампазiтар, як вядома, правёў на Мiншчыне i Вiленшчыне, потым ён працаваў у Польшчы. У варшаўскiм архiве даследчыца Святлена Немагай знайшла лiбрэта i клавiры «Латарэi». Яны цалкам захавалiся, таму, па словах мастацкага кiраўнiка ансамбля салiстаў «Класiк-Авангард» Белдзяржфiлармонii Уладзiмiра Байдава, сучасная пастаноўка адрознiваецца ад арыгiнала хiба што складам выканаўцаў.
Кожнаму гледачу заўсёды хочацца зазiрнуць за тэатральныя кулiсы. Вось i мне пашчасціла. Першае, што захапiла i адразу перанесла ў неакрэсленае павятовае мястэчка, дзе лёсамi кiруе латарэя, — гэта невычарпальная энергiя рэжысёра-пастаноўшчыка Андрэя Каламiйца. Бачыла, як цярплiва тлумачаў ён: калi i якое пачуццё кожны з выканаўцаў павiнен сыграць, як рухацца, і якія жэсты рабіць, якой будзе агульная карцiна ў канчатковым вынiку... Салiсты ўважлiва прыслухоўвалiся да парад, намагаючыся адчуць сябе натуральна ў новым амплуа. Справа ў тым, што пад час канцэрта яны рухалiся, выконваючы ролi сваiх герояў, амаль як у тэатральным спектаклi.
— Матэрыял, з якiм мы працуем, настолькi яркi, — тлумачыць Уладзiмiр Байдаў, — што ён проста спакушае на арганiзацыю дзеяння. У аперэтцы шмат дыялогаў, i яны “патрабуюць” быць пластычна аформленымi.
Пачэснай госцяй канцэрту стала прэзiдэнт французскай Асацыяцыi iмя Станiслава Манюшкi, пiянiстка, салiстка, выканаўца камернай музыкi Клара Манюшка. Пасля прэм’еры яна падзялiлася сваiмi ўражаннямi i творчымi задумамi:
— Мне вельмi спадабалася выкананне. Гэты твор мой прапра-дзед пiсаў, будучы юнаком, таму ў iм шмат аптымiзму, якi сёння вельмi пасуе майму настрою. Справа ў тым, што я наблiзiлася да ажыццяўлення сваёй iдэi: стварыць фестываль «Дарогамi Манюшкi». І ён павiнен пачацца менавiта тут, на Радзiме кампазiтара. Акрамя таго, праз год у Мiнску мае адбыцца Мiжнародны фестываль славянскай музыкi iмя Станiслава Манюшкi, якi ўпершыню прайшоў два гады таму ў Францыi.
Будзем спадзявацца, што гэтыя задумы спраўдзяцца.

Нiна Шпакоўская

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Клара Манюшка паабяцала прывезцi ў Беларусь Мiжнародны фестываль славянскай музыкi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика