Першы беларускі жудзік выйдзе на экраны ўвосень. 21.by

Першы беларускі жудзік выйдзе на экраны ўвосень

01.09.2010 19:27 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На здымках
На здымках "Масакры" у Жалудку. Фота: Аляксей Бібікаў, bibikau.livejournal.com
Беларуская прэм’ера першага беларускага фільма жахаў “Масакра” адбудзецца на кінафестывалі “Лістапад”. Пра гэта карэспандэнту TUT.BY паведаміў рэжысёр стужкі Андрэй Кудзіненка. "У дадзеных абставінах атрымалася тое, што я задумваў”, - адзначае ён. 

З выгнання са шчытом

У 2004-м выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў і стыпендыят прэзідэнцкага фонду Андрэй Кудзіненка зняў фільм “Акупацыя. Містэрыі”, які крытыкі назвалі “адраджэннем айчыннага кіно”, а ўлады забаранілі да паказу. Беспрацоўны Кудзіненка з’ехаў у Расію, дзе паўдзельнічаў у шэрагу рэйтынгавых праектаў ды зняў касавы фільм “Розыгрыш”. Летась рэжысёр атрымаў запрашэнне ад новага кіраўніка “Беларусьфільма”, былога галоўнага ідэолага краіны Уладзіміра Замяталіна здымаць першы беларускі страхаморнік "Масакра".

“Замяталін — першы дырэктар, які мне падабаецца. З ім можна размаўляць і вырашаць нейкія пытанні, ён рэальны чалавек”, — адзначыў Кудзіненка ў інтэрв’ю TUT.BY на пачатку працы над фільмам.

Дарэчы, зімой чыноўнікі Мінкультуры вярнулі забароненую папярэднікамі "Акупацыю. Містэрыі" ў адзіны дзяржаўны рэгістр. 15 лютага ў сталічным кінатэатры “Піянер” адбылася беларуская прэм’ера фільма.

“Бульба-хорар” пра Беларусь пасля Каліноўскага

Што да “Масакры”, падзеі ў фільме адбываюцца пасля задушэння паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-64 гадоў. Інсургентаў высылаюць з Беларусі, а на іх месца прыязджаюць новыя людзі з Расіі. Вайна скончылася, але яе прысутнасць адчуваецца паўсюль. У маёнтак графа Пазуркевіча прыязджае мастак-авантурнік Казанцаў, які пад выглядам вывучэння бібліятэкі заляцаецца ад графскай дачкі. Сам жа Пазуркевіч, як выяўляецца, мядзведзь-пярэварацень...

Кудзіненка кажа, што гэта не традыцыйны фільм жахаў, а ягоная беларуская версія, якую рэжысёр назваў “бульба-хорарам” — сінтэз драмы і камедыі. Менавіта ў гэтым рэчышчы пісалі нашы слынныя літаратары Ян Баршчэўскі і Уладзімір Караткевіч. Паводле аповесці апошняга на “Беларусьфільме” нават знялі фільм “Дзікае паляванне караля Стаха” — адзіны ў гісторыі айчыннага кінематографу.

Асноўныя здымкі карціны праходзілі ў занядбаным палацы Чацвярцінскіх каля вёскі Жалудок пад Шчучынам. У стужцы задзейнічаны як вядомыя айчынныя (Алег Журавель, Святлана Зелянкоўская, Алег Гарбуз і інш.), гэтак і расійскія акторы. Старадаўнюю сядзібу вяртаў да жыцця адзін з найбольш яскравых прадстаўнікоў беларускай авангарднай культуры мастак Артур Клімаў.

Агучаны бюджэт карціны — 5,5 млрд рублёў, аднак, па словах Кудзіненкі, за вылікам падаткаў і бюракратычных працэдураў, на кіно пайшло каля 900 тысяч долараў.

“Рэклама мусіла пачацца яшчэ ўвесну”

Ці застаўся рэжысёр задаволены канчатковым прадуктам?

“У дадзеных абставінах атрымалася тое, што я задумваў”, — адзначыў Кудзіненка ў інтэрв’ю TUT.BY, адмовіўшыся рабіць прагнозы адносна поспеху стужкі ў гледачоў.

Праўда, усяго некалькі месяцаў назад у размове з намі ён скардзіўся, што на рэкламу “Масакры”, якую планавалася зрабіць нацыянальным хітом, адведзена ўсяго 2 працэнты ад бюджэту. Маўляў, прамоўцыя — самае слабае месца “Беларусьфільму”.

Сёння Кудзіненка кажа, што выйсце знойдзена: “Узялі трохі грошай на раскрутку з бюджэту карціны. Ці будуць нестандартныя хады? Убачыце ў кастрычніку”.

А вось культуролаг і кінакрытык Максім Жбанкоў ставіцца да выніку скептычна. “Паспяховае кіно залежыць ад таго, ці ёсць добры аўтар, а таксама моцнае фінансаванне, прадусынг і PR-кампанія, — распавядае эксперт у інтэрв’ю TUT.BY. — Хутка адбудзецца прэм’ера “Масакры”, і хто ў краіне пра гэта ведае? У нармальнай сітуацыі рэклама мусіла пачынацца ўвесну, а “Беларусьфільм” зрабіў танны трэйлер пад музыку Грыга, якой не будзе ў стужцы. На маё пытанне чаму, адказалі, што яна добра клалася на відэашэраг. Дык што, мы Грыгу прамоўцыю робім ці айчынным аўтарам?”

У планах — “Завальня”

Першы публічны паказ фільма на вялікім экране адбудзецца на кінафэсце "Киношок", які з 12 па 19 верасня пройдзе ў Анапе. Беларуская прэм’ера жудзіка — 7 лістапада на аднайменным кінафестывалі ў Мінску. Пасля гэта стужка выйдзе ў пракат.

У далейшых планах рэжысёра — некалькі магчымых стужак. Гэтак, цяпер распрацоўваецца праект эпічнага кіно (у тэле- і кінаверсіі) паводле легендарнага зборніку Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях".

У рэжысёра таксама ёсць прапановы з Расіі і Польшчы, аднак прыярытэт — Беларусі. “Калі з ”Шляхцічам Завальняй” усё атрымаецца, застануся ў Беларусі”, — кажа Кудзіненка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская прэм’ера першага беларускага фільма жахаў “Масакра” адбудзецца на кінафестывалі “Лістапад”. Пра гэта карэспандэнту TUT.BY паведаміў рэжысёр стужкі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика