Шчыруе батлейка ў Вялікім Сяле. 21.by

Шчыруе батлейка ў Вялікім Сяле

21.01.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У вясковай школе дарослыя і дзеці разам стварылі тэатральную машыну часу
Артысты-батлейшчыкі з Вялікага Сяла дапамагаюць збывацца цудамКаляды, Новы год, Ражджаство, а потым яшчэ і “стары” Новы год, — святаў у матухны-зімы многа, і ўсе яны напоўнены прадчуваннем цудаў. Іх чакаюць як дзеці, так і дарослыя: усе ж мы родам з дзяцінства. Зрэшты, дарослыя ведаюць, што цуды не здараюцца самі па сабе, ім варта дапамагчы збыцца. Як зрабіла гэта, прыкладам, творчая талака ў Вялікім Сяле, што на Дзяржыншчыне. У Вялікасельскай сярэдняй школе дарослыя і дзеці разам сатварылі батлейку, гэткую тэатральную машыну часу. Яна робіць гледачоў сведкамі містычных падзей, што адбываліся ў часы біблейскія. Дарэчы, назва беларускага народнага тэатра батлейка, аднаго са старажытных відаў мастацтва, вядзе пачатак ад назвы Вiфлеем-Bethleem: там паводле паданняў нарадзіўся Ісус Хрыстос.
Прэм’ера старадаўняй драмы “Цар Ірад” з поспехам прайшла 24 снежня, у святочна прыбраным памяшканні ў Доме народнай творчасці, побач са школай. Ролі ў лялечным спектаклі выконвалі вучні, а рэжысёр і пастаноўшчык дзеі — педагог Тамара Заблоцкая. Спецыяльна пад калядны праект вядомы майстар з Дзяржынска Андрэй Мартынюк зрабіў прыгожа аздобленую арнаментамі двухпавярховую батлеечную скрынку. А дырэктар Дома народнай творчасці, мастак і кераміст Наталля Ермаловіч разам з майстрыцай Вольгай Мешчараковай прыдумалі і змайстравалі цудоўныя лялькі.
Змест драмы вядомы: ад валхвоў цар Ірад даведваецца, што ў Батлееме нарадзіўся хлопчык Ісус, і зоркі быццам прадказваюць яму будучыню “цара іудзейскага”. Ірад лічыць, што гэта прэтэндэнт на ягоны трон. Але як яго знайсці? Жадаючы пазбавіцца ад суперніка, цар кліча свайго воіна, загадвае яму перабіць усіх немаўлят “ад двух гадоў і меней”. Воін выконвае загад. Пры гэтым адна жанчына, Рахіль, абараняе сваё дзіця, просіць у Ірада літасці, ды марна... За злачынствы Ірад пакараны: Смерць адсякае яму галаву, а Чорт цягне яго цела ў пекла. Прадстаўленне, часам страшнае, але зладжанае з добрым народным гумарам, суправаджаецца светлай музыкай і спевамі, драма пастаўлена па-беларуску. У спектакль уведзена і адна вялізная лялька — дзед батлейшчык Юрась.Акцёры і лялькі Вялікасельскай батлейкі
З вялікай радасцю шчыруюць у лялечным тэатры Дар’я Гаркун, Ганна Юцкевіч, Уладзімір Майдзібор, Цімафей Пяўнёў, Мікіта Круглік, Вераніка Чэрнікава, Вікторыя Векша, Дар’я Круглік, Яўген Маісееў, Крысціна Сінічэнка — усе стараюцца. Я быў зачараваны іх ігрой. Апошняя дзяўчынка, дарэчы, са шматдзетнай сям’і, жыве ў вёсцы Старынкі, на прадстаўленні за яе перажывалі і родныя. Зрэшты, усім бацькам можна ганарыцца сваімі дзецьмі! У дзень прэм’еры быў, як кажуць, поўны аншлаг: ішло ажно чатыры прадстаўленні. Гледачамі былі настаўнікі, вучні школы, выхаванцы дзіцячага садка, а таксама жыхары вёскі. І колькі ж гарачых апладысментаў чулі артысты! У Калядныя дні, дарэчы, яны выступалі і ў іншых месцах раёна. Важна, што дзеці далучыліся да народнага мастацтвам, і гэта падзея, пэўна ж, запомніцца ім назаўсёды.
Тут да месца будзе нагадаць: тэатр батлеечнага тыпу ўзнік у Заходняй Еўропе ў пятнаццатым стагоддзі, з шаснаццатага — вядомы ў Беларусі. Двух’ярусная батлейка, якую і вырабіў Андрэй Мартынюк, была найбольш пашыранай. Звычайна, як і ў вялікасельскім спектаклі, на верхнім ярусе месціцца ніша з яслямі, з Ісусам. А ніжні ярус, так званая “зямля”, — гэта палац Ірада, там ідуць сцэны бытавога характару. У ранейшым Койданаве (цяпер Дзяржынску), як і ў іншых буйных мястэчках Беларусі, ладзіліся шматлюдныя святочныя кірмашы. Іх наведвалі і фокуснікі, жанглёры. Са Смаргоні, як вядома, прыязджалі дрэсіроўшчыкі мядзведзяў з лахматымі артыстамі, а з Мінска ў Койданава прыязджала батлейка. Дарэчы, наш вядомы зямляк, акцёр, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатра Уладзімір Крыловіч пісаў, што ў дзяцінстве вельмі любіў глядзець батлейку на койданаўскіх кірмашах. Магчыма, так і абудзіўся ў ягонай душы акцёрскі талент.

Лявон Целеш

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вясковай школе дарослыя і дзеці разам стварылі тэатральную машыну часу
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика