Цёплае кола агню. 21.by

Цёплае кола агню

21.01.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На выставе ў Мінску можна было палюбавацца арыгінальнай інтэр’ернай керамікай, зробленай на VIII міжнародным пленэры мастакоў-керамістаў “АРТ-Жыжаль”. Арганізуе гэтыя творчыя сустрэчы майстар з Бабруйска Валерый Калтыгін
Адказны момант, калі мастакі-керамісты загружаюць творы ў печ для абпальванняУ зімовую пару, асабліва пад Каляды, так і хочацца куды бліжэй да цяпла. А Жыжаль, ці яшчэ Жыж, Жыжа, — спрадвечнае імя язычніцкага бога агню, дакладней — гаспадарчага полымя. Добры Жыжаль з прадаўніх часоў жыве ў вясковых печах, з ім сябруюць і ганчары, і кавалі. Слова, між іншым, і сёння пачуеш у беларускіх гаворках па розных рэгіёнах. “Калі я абраў Жыжаля ў якасць гэткага брэнда, сімвалічнага знака для творчых сустрэч прафесійных керамістаў, то не ўсе мяне і разумелі, — згадвае арганізатар пленэраў, вядомы майстар Валерый Калтыгін. — Ды, як бачым, жывучым аказаўся Жыжаль! Творчыя людзі, якіх збірае пленэр, ведаюць і паважаюць народныя ганчарныя традыцыі. Мы асвоілі традыцыйныя тэхналогіі, скажам, дымлення ці абвару гатовых вырабаў, адраджаем і забытыя прыёмы. Але пры гэтым імкнёмся рухацца далей — выходзіць за межы традыцыі. Вось і атрымліваюцца арыгінальныя мастацкія рэчы, іх мы і прадставілі на мінскай выставе “Кола агню”.
Сын настаўнікаў з палескага гарадка Антопаля, што пад Драгічынам, захапіўся керамікай гадоў сорак таму, як паступіў у Бабруйскае мастацкае вучылішча. З таямніцамі справы пазнаёміў хлопца прафесійны мастак-кераміст Анатоль Концуб. Потым Валерый Калтыгін вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, а ўрэшце зноў аказаўся ў Бабруйску. Там у яго дом, майстэрня, сябры-аднадумцы, з якімі Валерый Аркадзьевіч і развівае бабруйскі кірунак у кераміцы. А ў 2003 годзе Калтыгін распрацаваў арыгінальную праграму, каб навучаць школьнікаў свайму майстэрству, і цяпер вядзе курс керамікі ў мясцовай мастацкай школе. Дапамагаюць яму ў арганізацыі пленэраў, якія пачаліся з 1992 года, Магілёўскі аблвыканкам, Бабруйскі гарвыканкам, керамісты Алег Ткачоў, Анатоль Концуб, старэйшы сын Максім, пастаянна бываюць на сустрэчах Яўген Адзіночанка, Ірына Шчасная і іншыя беларускія майстры.
Даўно выношвае Калтыгін і ідэю стварэння ў Бабруйску Музея керамікі. “Мне ён бачыцца вельмі цікавым, — дзеліцца планамі майстар. — Можна ж паказаць як працэс вытворчасці, так і лепшыя творы, дэкаратыўную кераміку, якая выклікае складаныя асацыяцыі, ладзіць розныя выставы. Ну і, вядома ж, выстаўляць працы ўдзельнікаў пленэру, які штогод пашыраецца. Летась у ім удзельнічалі як беларускія майстры, так і керамісты з Венесуэлы, Германіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Украіны”.
Дарэчы. Год таму кіраўнік Бабруйскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі Валерый Калтыгін быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі за захаванне і развіццё традыцый народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арганізацыю міжнародных пленэраў і актыўную выставачную дзейнасць.

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На выставе ў Мінску можна было палюбавацца арыгінальнай інтэр’ернай керамікай, зробленай на VIII міжнародным пленэры мастакоў-керамістаў “АРТ-Жыжаль”. Арганізуе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика