Доктар сакральнай тэалогіі: “Сапраўднай Бібліі па-беларуску няма”. 21.by

Доктар сакральнай тэалогіі: “Сапраўднай Бібліі па-беларуску няма”

07.04.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая.

На публічнай лекцыі з Ірынай Дубянецкай стала вядома, чаму ў нашай краіне няма ніводнай сапраўднай Бібліі па-беларуску.
Калі я выправілася на гэту сустрэчу ў Мінск, то ўзяла з сабою Біблію. Яшчэ ў дзяцінстве разам з бацькамі мы ўголас яе чыталі і чыталі менавіта па-беларуску! Дык чаму ж яна несапраўдная? Аказалася, у абурэнні была не толькі я. У “Галерэі Ў”, там праходзіла гэта мерапрыемства, сабралася каля 60 чалавек, якія горача абмяркоўвалі ўзніклую праблему, таму інтэрв’ю мне рабіць не давялося ─ за мяне гэта зрабілі неабыя-кавыя слухачы лекцыі. ─ Спадарыня Ірына, што азначае сапраўдная Біблія? Чаму нельга назваць сапраўднай тую, што ёсць дома амаль у кожнага?
─ Гэта пераклад не з габрэйскай Бібліі, якая існавала перша­пачаткова.
Скажыце, няўжо пераклад Бібліі ёсць ва ўсіх краінах Еўропы?
─ Так, ва ўсіх. Беларусь – чорная дзірка еўрапейскай галактыкі! Усе маюць пераклад з арыгінала. Калі разглядаць пісьмовыя і літаратурныя мовы, то я думаю, што гэта ўвогуле адзіная мова, на якую няма перакладу Бібліі з арыгінала.
А ці трэба беларусам гэты пераклад?
─ Нацыя не сфарміраваная да канца, пакуль на яе мову не перакладзеная Біблія з арыгінала. Тэкст Бібліі самы запатрабаваны ў чалавечай цывілізацыі. Дык чым адрозніваецца беларускае грамадства ад астатняга? Чаму мы не маем доступу да таго, да чаго мае доступ увесь астатні свет? Мы павінны гэта мець! Таму што Біблія мае велізарнае рэлігійнае, навуковае, культурнае, псіхалагічнае, гістарычнае, лінгвістычнае і іншыя значэнні. І калі я кажу “1000 год без Бібліі”, я маю на ўвазе не толькі адсутнасць перакладу з арыгінала на якасную беларускую мову, я маю на ўвазе адсутнасць біблістыкі, адсутнасць дыскусіі ў грамадстве!
Як адбілася на нашай мове тое, што перакладу дагэтуль няма?
─ Мне здаецца, беларуская мова мае фантастычныя праблемы. На маю думку, пераклад  мусіў быць зроблены ў “нашаніўскія” часы на пачатку XX стагоддзя, калі ўсталёўваліся нормы пісьмовай беларускай мовы. І калі б ён быў зроблены, мы б не мелі цяпер тры розныя правапісы, чатыры розныя нормы вымаўлення і не было б паняцця: колькі беларусаў, столькі і беларускіх моў. Мы б не мелі той сітуацыі, што слоўнікі, якія цяпер выдаюцца, маюць надзвычай скарочаную версію беларускай мовы. Наша мова нашмат шырэйшая і багацейшая, чым слоўнікі гэтага паказу. І калі б быў зроблены пераклад своечасова, ён бы падмацоўваў гэтыя словы. Пераклады Бібліі адыгралі такую велізарную ролю ў еўрапейскай пісьменнасці, таму што гэта такі вялікі корпус тэкстаў, з такой лінгвістычнай і граматычнай разнастайнасцю, што ён пакрывае прынамсі першыя патрэ-бы любой мовы!
Спадарыня Ірына, чаму мы мусім быць далучаныя да ўсёй астатняй Еўропы?
─ Калі з’явіцца якасны пераклад і зацікаўленасць, будзе развівацца біблейская думка. Да таго, як пачаліся раскопы ў Асірыі і Вавілоне ў XIX стагоддзі, Біблія была асноўнай крыніцай гістарычных ведаў у Еўропе. Гэтыя раскопы потым перавярнулі цалкам свет і аказалася, што Біблія – гэта не першасны тэкст, а другасны. Ён сам бярэ шмат ад іншых тэкстаў. Для еўрапейскай цывілізацыі гэта было як пераварочванне магнітных полюсаў Зямлі!
Наколькі Біблія запатрабаваная ў Беларусі?
─ Гэта пытанне падрыхтаванасці насельніцтва. Наклады заўсёды невялікія. Прычым, калі вы захочаце пайсці і купіць, напрыклад, пераклад Станкевіча, то вы наўрад ці яго знойдзеце. Бо ён быў выдадзены ў Ню-Ёрку і ў невялікай колькасці. У Беларусі знайсці Біблію Станкевіча вельмі цяжка. Але пераклады Сёмухі і іншыя можна знайсці і дагэтуль. На жаль, у нас яны бест-селерамі не становяцца.
Дык ці ёсць сэнс рабіць новыя пераклады Бібліі?
─ Запатрабаванасць ёсць: пераклады ідуць і ідуць, новыя і новыя. Я не ведаю, якую ролю будзе адыгрываць пераклад з арыгінала. У мяне ў самой пытанне: ці не спазніліся беларусы? Можа, і спазніліся… Але  зрабіць усё роўна трэба! А ці будзе той рэзананс для грамадства, для Беларусі, які мог бы быць, калі б зрабілі ў свой час, гэтага я не ведаю. Можа, і не.
Ці ёсць людзі, якія могуць перакласці Біблію?
─ Ёсць людзі, якія вывучаюць габрэістаў і ведаюць габрэйскую мову. Не стае толькі лінгвістычнай адукацыі. Але, на маю думку, сабраць людзей, якія маюць дастатковую кваліфікацыю для перакладу, можна.
Як вы ставіцеся да ўжывання сучасных тэхналогій, у тым ліку і Інтэрнэту, для арганізацыі працы па перакладзе Бібліі, каб любы ахвотны мог прыўнесці нешта сваё?
─ Я вельмі добра да таго б паставілася. Таму што любая драбнічка, зробленая ў гэтым кірунку, будзе надзвычай каштоўная. Калі ўва ўсім свеце ёсць глыбы і горы, то ў нас нават і пяску мала! Аднак самастойна я гэта не арганізую. Тут мне патрэбная кваліфікаваная дапамога і, канешне, жаданне людзей далучацца! Хтосьці можа зацікавіцца нечым, штосьці напіша, мы гэта выведаем, вычытаем, каб было цудоўна, і хай гэта ідзе на ўвесь свет! Я пра гэта мрою!
Настасся РОЎДА,
моладзевая рэдакцыя “РГ”.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На публічнай лекцыі з Ірынай Дубянецкай стала вядома, чаму ў нашай краіне няма ніводнай сапраўднай Бібліі па-беларуску. Калі я выправілася на гэту сустрэчу ў Мінск,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика