18 лістапада – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. 21.by

18 лістапада – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу

16.11.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


  З адным з лепшых прадстаўнікоў сваёй каманды Дзмітрыем Вікенцьевічам КОНАЎКАМ мяне пазнаёміў кіраўнік ТАА “Адамова-агра” Павел Іванавіч Родзь. Калі па-выхадному апрануты, прывабны мужчына сустрэў на парозе адміністрацыйнага будынка гаспадаркі, не адразу паверыла, што ён той, з кім павінна гутарыць. Сапраўды, знешнасць аператара машыннага даення з Запур’я ўражвае, а жыццёвы шлях маладога чалавека выклікае бязмежную павагу і захапленне.

  У сельгаспрадпрыемства ён трапіў пасля заканчэння ПТВ-208. Пачынаў вадзіцелем. Пасля па стане здароўя давялося перайсці ў жывёлаводы. Спачатку карміў цялят, а калі ажаніўся і патрэбна было думаць пра жыллё, згадзіўся паспрабаваць сябе ў новай іпастасі. Безумоўна, спачатку саромеўся прызнацца, кім працуе, але з цягам часу да работы прывык, хутка выбіўся ў перадавікі (пайшлі падзякі, падарункі), нават адчуў гонар за тое, што змог дабіцца поспеху там, дзе не спадзяваўся. Працавіты з дзяцінства, ён не баіцца ніякай работы, прычым робіць даручанае толькі на выдатна – інакш проста не ўмее. Калі папрасілі паралельна з даеннем кароў выконваць абавязкі загадчыка, згадзіўся. Сумяшчэнне працягвалася тры гады. Сёння рады, што нарэшце перадаў пасаду іншаму чалавеку, але гэты факт не гаворыць пра тое, што асабіста ён стаў менш заняты. Мае новае сумяшчэнне – нясе адказнасць за 200 галоў маладняку.

  Дзмітрый Вікенцьевіч надзвычай сціплы чалавек. Проста, без жадання выклікаць спачуванне ці захапленне расказвае пра свой распарадак дня. Пад’ём у 5 гадзін (летам – у 4), у 11 – першая дойка, другая – у 18, дома – не раней за 21. Да таго ж на працягу дня – догляд за цялятамі, прывядзенне ў парадак даільнага абсталявання. А дома – уласная гаспадарка, дзеці… У чым жа сакрэт такой працаздольнасці? “Па-першае, хачу, каб родныя мелі ўсё неабходнае, па-другое, шкадую жывёлу, а па-трэцяе – дрэнна працаваць сорамна”, – тлумачыць без пафасу.  

  Мужчыну – аператара машыннага даення – сустрэнеш не часта. Большасць з нас прывыклі лічыць: работа гэта не для рук прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. Але ў Адамове з такім меркаваннем гатовы паспрачацца.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

  Казімір Іосіфавіч БАГУСЛАЎСКІ працуе на пасадзе галоўнага інжынера ААТ “Агра-Дубінское”.

  Што сын абавязкова звяжа лёс з тэхнікай, яго бацькі не сумняваліся. Вельмі ж любіў разбіраць і складваць розныя механізмы. Дзесьці ў 9 класе вырашыў стаць машыністам поезда, пачаў налягаць на матэматыку, фізіку. Але старэйшы брат, які быў для юнака безумоўным аўтарытэтам, лічыў, што ніякая работа не можа параўнацца з інжынернай. Да таго ж вясковы юнак быў упэўнены: і яму, і малодшаму брату нельга адрывацца ад сельскай гаспадаркі. Таму хлопцы падалі дакументы ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (сённяшні БАТУ), а паступіў у той раз менавіта Казімір. Вучоба захапіла, а пасля першай жа практыкі зразумеў: інжынер на сельгаспрадпрыемстве і ёсць яго прызванне. З той пары ні разу не ўсумніўся ў выбары.

  Сёння стаж яго работы – больш за 30 гадоў. Апошнія сезоны – у камандзе дубінскіх аграрыяў. Работа хоць і любімая, але надзвычай складаная. Гаспадарка вялікая, кожны з відаў работ вядзецца адразу на некалькіх палях. Даводзіцца несці адказнасць за стан 400 адзінак тэхнікі. Тут галоўнае – знайсці паразуменне і ўстанавіць даверлівыя адносіны з падначаленымі. Казімір Іосіфавіч з павагай адзываецца пра дубінскіх механізатараў, вадзіцеляў. На яго думку, больш адданых сваёй справе работнікаў знайсці цяжка. Паломкі выпраўляюцца імгненна, заказы на дэталі паступаюць загадзя. Пры неабходнасці галоўны інжынер і сам можа закасаць рукавы – ніякай работы не баіцца. Таму не адгаворваў сыноў, калі тыя заявілі пра жаданне прадоўжыць яго справу. Зараз у сям’і Багуслаўскіх два дыпламаваныя інжынеры і адзін студэнт – як і бацька, будучы інжынер-механік.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара


  Міхаіла СЕЎРУКА з ААТ «Суднікаўскі» ў прафесіі тэхніка-асемянатара можна назваць навічком, але толькі з-за таго, што працуе не так даўно. А калі браць у разлік высокія вынікі, то ён – майстар гэтай адказнай справы.

  З кожнай сотні кароў, прайшоўшых працэдуру штучнага асемянення, нараджаюцца 92 цяляты.

  Міхаіл Іванавіч раз і назаўсёды аддаў свае душу, сэрца і працавітыя рукі роднай вёсцы, сельскай гаспадарцы. Восем гадоў адпрацаваў трактарыстам, мае пасведчанне механізатара 1-га класа, а яшчэ быў добрым слесарам, жывёлаводам. Новых спраў ён не баіцца.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

  Наталля Казіміраўна ХАЛЕВІЧ – галоўны заатэхнік КСУП “Пяршаі-2014” – ужо 15 гадоў аддана працуе ў гаспадарцы.

  Пачынала загадчыцай МТФ. Ніколі не адчувала страху перад жывёламі, выдатна спраўлялася з абярдзіна-ангусамі (мясная парода буйной рагатай жывёлы), а, між іншым, яны лічацца досыць агрэсіўнымі. Калі ж зразумела, што жывёлагадоўля і ёсць яе прызванне, паступіла ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Пасля абароны дыплома добра “ўзброеная” і тэорыяй, і практыкай атрымала прапанову заняць адказную пасаду. Ужо тады выдатна валодала інфармацыяй пра стан утрымання жывёлы ў сельгаспрадпрыемстве, ведала людзей. Таму прыйшла да высновы: са складанымі абавязкамі галоўнага заатэхніка справіцца.

  Сказаць, што яна застаецца спецыялістам з ранку да ночы, ні ў якім разе не будзе перабольшваннем. Працавітасць дасталася ў спадчыну, адказнасць выпрацавала ў сабе з гадамі. Муж, начальнік газавай службы гаспадаркі, таксама ўвесь у рабоце, а значыць, добра разумее жонку і яе клопаты.

  Наталля Казіміраўна не саромеецца называць сваю работу цяжкай, нават стрэсавай. З гэтым не паспрачаешся. Мінулы сельскагаспадарчы год стаў сапраўдным экзаменам на прафесіяналізм. Па аб’ектыўных прычынах катастрафічна не хапала кармоў, а статак патрэбна было зберагчы. Працаўнікі на чале з новым кіраўніком Віктарам Іванавічам Шалашом пераадолелі гэта выпрабаванне. Фермы Пяршайшчыны маюць моцны патэнцыял, таму сёння дружны калектыў жывёлаводаў з надзеяй глядзіць у будучыню.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

  За развіццё раслінаводства ў КСУП “Пяршаі-2014” адказнасць нясе галоўны аграном Раман Іванавіч ГОЛУБ.

  Выпускнік Горацкай акадэміі яшчэ ў школьныя гады вырашыў звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. У адказ на пытанне “Чаму абраў менавіта аграномію?” прызнаецца, што ніколі не разглядаў іншых варыянтаў. Самая старажытная сельгасгаліна вабіла цеснай сувяззю з зямлёй-карміцелькай, адданасць якой прывілі бацькі. Яны ўсё жыццё былі аграрыямі, і сына заахвоцілі да цікавай  і разам з тым складанай работы.

  “Як спрацуе раслінаводства, такія паказчыкі будуць і ў жывёлагадоўлі”, – сцвярджае Раман Іванавіч. Галоўны аграном ганарыцца выдатным ураджаем кукурузы, які сабралі ў бягучым годзе. Менавіта на гэту культуру зрабілі стаўку яшчэ падчас планавання пасеваў. Нягледзячы на тое, што мінулы сезон у дачыненні да кукурузы прынёс шмат расчараванняў, плошчу пад яе павялічылі аж на 1000 га – і не прагадалі. Парадаваў ураджай цукровых буракоў, не падвялі і травы: люцэрна – чатыры ўкосы, шматлетнікі – па два. Канешне, засуха не спрыяла ўраджайнасці зерневых, але спецыяліст радуецца: “Сёлета мы з кармамі!”. Яго бацька калісьці часта паўтараў: “За працавітасць зямля заўсёды аддзячыць добрым ураджаем”. Раман Іванавіч з камандай (аграномы Юрый Уладзіміравіч Навіцкі і Валерый Паўлавіч Фурман, начальнікі ўчасткаў Жанна Уладзіміраўна Церан, Віталій Вікенцьевіч Есьман, Сяргей Бенядзіктавіч Трасцянка) цалкам згодны з думкай продка.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

   Ілона Мікалаеўна МАЛЯЎСКАЯ працуе ветэрынарным урачом у КУП “Сівіца” з 2010 года.

  Ілона – карэнная жыхарка Сівіцы. Скончыла мясцовую школу і паступіла ў Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж, дзе вывучала спецыяльнасць ветэрынарнага фельчара. Пасля першай прыступкі цвёрда вырашыла спасцігаць прафесію далей. Першую вышэйшую адукацыю і дыплом ветурача атрымала ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Цяпер вучыцца там жа на завочным аддзяленні, каб быць санітарным экспертам.

  Звязала жыццё з сельскай гаспадаркай выпадкова. Бацькі Ілоны працуюць у іншых сферах, але выбар дачкі цалкам падтрымалі. Спачатку планавала будаваць спартыўную кар’еру: дзяўчына з дзяцінства займалася лёгкай атлетыкай і мае шмат дасягненняў у спорце. Потым параілася з роднымі і абрала зусім іншую дзейнасць для прафесійнага развіцця, і ні разу не пашкадавала аб гэтым. Сваю работу любіць і штодня стараецца развівацца ў ёй. Больш за ўсё падабаецца, што праца не руцінная: кожны дзень перад ёй паўстаюць усё новыя задачы, якія патрабуюць новых падыходаў для вырашэння, атрымліваецца пазнаць нешта новае і набрацца вопыту. Аб’ём работы ў ветэрынарнага ўрача немаленькі: пад наглядам знаходзяцца 6 ферм, дзе ўтрымліваюцца 3000 кароў.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара


  Дыспетчар ААТ “Лоск” Галіна Антонаўна ГНІЛАЗУБ працуе ў сваім калгасе 43 гады.

  Пачала прафесійны шлях у 1975 годзе, калі пасля заканчэння Смілавіцкага аграрнага тэхнікума і размеркавання ўладкавалася брыгадзірам у калгасны сад, потым перайшла на пасаду спецыяліста ў аддзел кадраў, а ўжо ў 1996-м – у дыспетчарскую. Сама жанчына нарадзілася ў вёсцы Малое Запруддзе, цяпер жыве ў Гародзьках.

  Галіна Антонаўна выконвае адказную арганізатарскую работу: вядзе справаздачнасць, кіруе рабочым працэсам, выдае дарожныя лісты вадзіцелям. Расказвае, што самы напружаны час, калі ад рабочага тэлефона нельга адысці ні на хвіліну, – пасяўная і ўборачная кампаніі. Як і на любой працы, тут узнікае шмат складаных і няпростых момантаў, але вырашаць іх дыспетчар можа хутка і ўпэўнена. Шматгадовы вопыт і любоў да свайго занятку робяць яе незаменным і каштоўным работнікам.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

   ААТ “Агра-Дубінское” – адно з самых перадавых сельгаспрадпрыемстваў у раёне. Тут не толькі ўмеюць паспяхова працаваць, але і стараюцца дбаць пра дзень заўтрашні. А лёс будучыні, як вядома, – за новымі тэхналогіямі.

  Сёлета гаспадарка набыла ў лізінг сучасны камбайн нямецкай вытворчасці для ўборкі караняплодаў “Агрыфак”. Яго тэхнічныя характарыстыкі можна апісаць так: эфектыўнасць, эканамічнасць, экалагічнасць.

  Працаваць на трактары даручана вопытнаму механізатару Івану САЛОМКУ. Ён ужо паспеў ацаніць камфорт і зручнасць новай тэхнікі. Кажа, што ў кабіне выдатная гукаізаляцыя, клімат-кантроль, зусім як у легкавой іншамарцы экстра-класа. За адну змену камбайн можа ўбраць плошчу ў 20 гектараў, незалежна ад рэльефу глебы і надвор’я. 

  Кошт такой машыны немаленькі. Аднак дубінцы спадзяюцца хутка разлічыцца з даўгамі: цукровыя буракі ўрадзілі сёлета на дзіва – 550 цэнтнераў з гектара, а месцамі і больш. Пад салодкі караняплод у гаспадарцы была адведзена плошча ў 700 гектараў. Ёсць усе падставы меркаваць пра значны прыбытак. 

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Сяргея БОБРЫКА


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
     З адным з лепшых прадстаўнікоў сваёй каманды Дзмітрыем Вікенцьевічам КОНАЎКАМ мяне пазнаёміў кіраўнік ТАА “Адамова-агра” Павел Іванавіч Родзь. Калі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика