Краязнаўча-інфармацыйны маршрут. 21.by

Краязнаўча-інфармацыйны маршрут

11.12.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Больш за 400 населеных пунктаў налічваецца на карце Валожыншчыны. Гэтым і ўнікальны наш раён на Міншчыне, гэтым і прыцягальная маляўнічая Налібоцкая старонка для шматлікіх турыстаў і гасцей. У свой час газета шмат пісала пра раён. Але кампактнага,  цэласнага матэрыялу так і не ўдалося сабраць. Гэта «ўпушчэнне» і выпраўляем цяпер. Пад рубрыкай “Свой край вывучай” працягваем анталогію 428 вёсак раёна. Сённяшні наш пункт тапанімічнага падарожжа – вёска Крыніца.

   У рэдакцыю патэлефанаваў жыхар аграгарадка Ракаў Фёдар Фёдаравіч КАВАЛЕНКА – расказаў, што нарадзіўся і вырас у вёсцы Крыніца. Працаваў у Гіравіцкай СШ кіраўніком ваеннай справы і настаўнікам фізкультуры, дырэктарам Карнюткаўскай васьмігодкі, кіраваў дзіцячым аздараўленчым лагерам “База адпачынку “Ветразь” каля Ракава, намеснікам дырэктара Беллітфонду Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктарам Дома творчасці Саюза пісьменнікаў “Іслач”. Па адукацыі – старшы ваенны тапагеадэзіст, гісторык.

  Ужо шмат гадоў ён займаецца вывучэннем сваёй малой радзімы, на ўспамін сталі прыходзіць дзіцячыя гады, аповеды дзядоў, аднавяскоўцаў. У выніку з’явілася вялікае жаданне пакласці на паперу ўсё тое, што захавалася ў памяці. Так атрымаўся экскурс-успамін, выкладзены на 23 старонках машынапіснага тэксту. Сёння мы пачынаем знаёміць з ім чытачоў.

ВЁСКА КРЫНІЦА І ЯЕ НАВАКОЛЛЕ

    Да ведама: вёска Крыніца ўтульна размясцілася паміж узгоркаў, пакрытых лясамі, у шасці кіламетрах на захад ад Валожына. Геаграфічна гэта раўніна – узгоркавая мясцовасць заходняй ускраіны Мінскага ўзвышша з выхадам на левабярэжжа рэчкі Заходняя Бярэзіна.

  Звярнуцца ў мінулае свайго жыцця мяне прымусілі некаторыя акалічнасці. Па-першае, узрост – 66 гадоў, калі памяць асабліва звязвае з паняццем “бацькаўшчына” нейкае цёплае, а іншы раз – вельмі гарачае пачуццё, якое прымушае з замілаваннем і беражлівасцю адносіцца да мінуўшчыны роднай старонкі, углядацца ў яе рэчкі, азярцы, лугі, узгоркі, лясы.

  Спазнаўшы і зведаўшы за дзесяцігоддзі блізкае і далёкае, знаёмае і незнаёмае, параўноўваючы чужыя краі са сваім, дзе на спрадвечных могілках ляжаць косці дзядоў, дзе нарадзіўся і вырас, дзе ўважліва і з цікавасцю слухаў расповеды пра мінулае свайго краю, паставіў перад сабой мэту: зрабіць пісьмовы гістарычны, геаграфічны, прыродазнаўчы, тапанімічны экскурс-успамін пра сваю Бацькаўшчыну, ці, як цяпер заўважна гаварыць, – малую радзіму. З вялікім жаданнем хачу перадаць тое, што захавалася ў памяці, сваім дзецям, унукам, зацікаўленым людзям, краязнаўцам. На маю думку, гэтыя звесткі могуць стаць дапаможным матэрыялам у вывучэнні гісторыі Валожыншчыны.

  Па-другое, сацыяльна-дэмаграфічныя з’явы за апошнія шэсцьдзясят гадоў у роднай старане прывялі да такога стану, што ў прамым і пераносным сэнсе пачалі выміраць і знікаць сельскія населеныя пункты. Так сталася з вёсачкай Марудаўка, якая размяшчалася ў паўднёвым напрамку ад Кражына, непадалёк Петрашунцаў. Побач з хатамі гэтай вёсачкі пралягаў з усходу на захад роў ледніковага перыяду і выходзіў на нізіну левабярэжжа рэчкі Заходняя Бярэзіна. Па дне рова працякала невялічкая рачулка, вытокі якой губляліся паміж узгоркаў ускраіны Мінскага ўзвышша. Добра памятаю месца крынічкі за вёсачкай: напачатку яна была аздоблена драўляным зрубам, а затым кольцамі з цэменту. У час вандровак тут заўсёды можна было напіцца чыстай, сцюдзёнай і смачнай вады. Сама вёсачка налічвала 14 двароў. Яе планіроўка і забудова адносіліся да бессістэмнага або кучавога тыпу. Двары знаходзіліся адзін ад другога на адлегласці 30-50 метраў. Адзначу, што і мая родная вёска Крыніца напачатку забудовы першымі пасяленцамі таксама насіла такі характар планіроўкі. Выконваючы ўстаноўкі зверху аб ліквідацыі хутароў, напрыканцы 50-х – пачатку 60-х гадоў мясцовыя ўлады аднеслі да такога разраду і Марудаўку: пад рознымі ўздзеяннямі прымусілі яе насельнікаў мяняць месца жыхарства. У выніку некаторыя карэнныя жыхары наогул выехалі з гэтай мясцовасці. Як гэта адбываецца, я адчуў на сабе ў час працы на вёсцы ў канцы 70-х – пачатку 80-х гадоў, калі выйшла ўстаноўка ўлад “Аб неперспектыўнасці развіцця малых вёсак”. Закрываліся школы, бібліятэкі, ФАПы, што і паўплывала на паскораны адток насельніцтва. Вось тут і пачала губляцца сувязь паміж мінулым і сённяшнім.

   Заўвага: сёння на месцы былой Марудаўкі размясціўся дачны пасёлак: пачатак забудовы – 70-80-я гады. У першых пасяленцаў нават узнікалі спрэчкі за ўладанне скляпамі былых двароў, праз якія праходзілі межы зямельных участкаў.

  Асабліва мяне цікавілі тапанімічныя назвы мясцовасці. Даследчык Э. А. Ляўкоў называў іх карункамі арыенціра геаграфічнага і прыродна-ландшафтнага краявіду.

   Заўвага: даследчык Ляўкоў Э. А. вывучаў паходжанне валуноў і іх гісторыю як неад’емную частку беларускага краявіду і як маўклівых сведкаў мінулага.

  У выніку бяздумнай гаспадарчай дзейнасці чалавека адбыліся значныя экалагічныя змяненні ў прыродным асяроддзі мясцовасці роднай старонкі. З-за высушвання балот знікалі і знікаюць рачулкі, азярцы, мялее рака, высыхаюць ельнікі, знікаюць рэліктавыя расліны. Бескантрольная здабыча жвіру прывяла да таго, што раскапаны многія ўзвышшы-ўзгоркі – іх знікненне прывяло да змянення мясцовага краявіду (маецца на ўвазе ўсходняя частка ўскраіны вёскі Крыніца і ўрочышча Пяслівіца).

  Бацькаўшчынай лічу не толькі сваю родную вёсачку Крыніца, але і ўсе навакольныя, што ўтульна размясціліся на раўнінна-ўзгорыстых месцах заходняй ускраіны Мінскага ўзвышша, якое паўсюдна разрэзана языкамі равоў ледніковага перыяду, дзе цяклі і цякуць рачулкі, што захаваліся з таго часу, у бок левабярэжжа і ўпадаюць у Заходнюю Бярэзіну, ці, як раней яе называлі дзяды, – Беразынь Нёманскую. Тут жа з поўначы на поўдзень размясціліся наступныя вёсачкі: Жомайдзь, Харытоны, Цвіраўшчына, Славенск, Філіпіняты, Пяціхатка, Цюхцяў роў, Куцяняты, Ясенішкі, Калдыкі, Крыніца, Кражына, Петрашунцы.

  У свядомасці знойдзецца мноства куточкаў, дзе захаваліся прыемныя ўражанні маленства, дзіцячыя ўспаміны аб сцяжынках, якія неаднаразова вялі да вёсачак, рэчак, азярца, узгоркаў, пакрытых лясамі з палянкамі, поўных ягад і грыбоў, і ракі, дзе мы дзецьмі бавілі свой вольны час у гульнях. Для мяне Бацькаўшчына – усё тое, што ўяўляе абшар, куды ў дзяцінстве дасягалі ногі, бачылі вочы і дакраналіся далоні, дзе шурпатыя ад працы рукі родных і блізкіх дзядоў гладзілі чупрыну, дзе было голадна і сытна, холадна і цёпла, утульна.

  Вось тут я і падышоў да самага галоўнага – вандравання па сваёй роднай старонцы. Зыходным пунктам выбраў заходнюю частку ўскраіны Валожына, дзе з горада выходзяць дарогі: адна – у кірунку Вішнева-Багданава, другая – Забрэжжа-Гародзькі. Цікава ведаць, што яны мелі свае тапанімічныя прывязкі. Дарогу на Вішнева-Багданава называлі гасцінцам, а на Забрэжжа-Гародзькі – шашой. Гэтыя назвы давалі чалавеку магчымасць даволі проста арыентавацца на мясцовасці. Вандруючы ў напрамку Забрэжжа-Гародзькі, мы падыдзем да знакавага ўзгорка – Пяслівіца, а спусціўшыся ніжэй, апынёмся ва ўрочышчы Пяслівіца. Тут шаша разгаліноўваецца на два напрамкі: левы ідзе ў бок вёсак Славенск-Жомайдзь. Першай вёсачкай, якая сустракаецца на шляху, і будзе Крыніца – мая малая радзіма (больш падрабязна пра яе выкладзена ніжэй). Раней старэйшыя гаварылі: “Ад развілкі да вёскі роўна вярста”.

  Трэба зазначыць, што ўзгорак Пяслівіца да рэканструкцыі шашы быў значна вышэйшы. У школьныя гады, з’язджаючы з узгорка на веласіпедах праз урочышча Пяслівіца, можна было не круціць педалі аж да самай вёскі Крыніца. Такая гульня для хлопчыкаў была знакавай на спрыт. А якія тут былі прыгожыя мясціны вясной! Схілы ўзгоркаў пакрыты пралескамі, першацветамі, ветраніцамі, а затым – званочкам персікалісцевым, купальнікам горным, чараўніком двухлісцевым. Мноства кустоў арэшніку і столькі ж арэхаў. Дзяды казалі, што тут напрыканцы XIX стагоддзя стаялі векавыя хваёвыя і яловыя бары. Хвоі былі такой велічы, што “гаварылі з небам”, іх сустрэчнае галлё ў верхавінах перакрывала неба над дарогай. Само ўрочышча адметна яшчэ і тым, што тут знаходзіцца велізарны валун ледніковага перыяду: Васькаў камень, ці Вашкаў камень – такую назву давалі людзі. Існавала паданне: у старыя часы, калі чалавек прыносіў вырабленую скуру жывёлы і клаў на камень на ноч, то, прыйшоўшы раніцай, можна было забраць гатовыя боты. За працу чалавек павінен быў заплаціць, інакш яго маглі чакаць непрыемнасці.

(Працяг будзе.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за 400 населеных пунктаў налічваецца на карце Валожыншчыны. Гэтым і ўнікальны наш раён на Міншчыне, гэтым і прыцягальная маляўнічая Налібоцкая старонка для...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика