Складана аплаціць, няпроста выехаць. Чаму платная паркоўка на Віленскай вельмі нязручная для ўсіх. 21.by

Складана аплаціць, няпроста выехаць. Чаму платная паркоўка на Віленскай вельмі нязручная для ўсіх

04.10.2016 16:56 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ужо паўгода ў Гродне на вуліцы Віленскай працуе першая платная паркоўка. За гэты час у офісным будынку побач зачынілася кафэ «Калабкі», бар «Лондан» ужо які месяц не працуе, з’ехала некалькі іншых арандатараў. Гараджане не вельмі жадаюць паркавацца за грошы. Гарадскія ўлады тым часам плануюць адкрываць яшчэ падобныя стаянкі. Але ці патрэбныя гораду такія паркоўкі, разбіраўся «Твой стыль».


Кліентаў стала менш

Яшчэ ў красавіку, разам з запускам паркоўкі на Віленскай, у Гродне быў прыняты план развіцця сеткі платных стаянак. Падобныя паркоўкі плануецца ўладкаваць яшчэ як мінімум на двух пляцоўках у цэнтры горада. Пакуль яны яшчэ не з’явіліся, прапануем даведацца, з якімі праблемамі сутыкнуліся на першай платнай паркоўцы.

Марыя — уладальніца крамы кветак у офісным будынку, які знаходзіцца ля паркоўкі. Жанчына засмучаная, бо арандатары з’язджаюць і ў яе ў разы паменшылася колькасць кліентаў:

«У нашым будынку ўжо многія зачыніліся, бо паток людзей значна паменшыўся. Вы ўяўляеце, колькі раней было ў нас людзей? Не было месца на паркоўцы, а цяпер яна пустая цалкам. Нават да нас за кветкамі сталі менш прыходзіць. Платная паркоўка нязручная як нам, так і нашым кліентам. Раней чалавек прыехаў, схадзіў па справах і ўсё было добра. Цяпер людзі не хочуць прыязджаць, яны лепш паедуць у гандлёвы цэнтр за пакупкамі».


Не мог выехаць паўгадзіны

Арандатары сутыкнуліся з яшчэ адной праблемай. Кожны дзень да іх забягаюць кіроўцы і просяць размяняць грошы, бо паркаматы дагэтуль не прымаюць манет.

Ужо тры тыдні ля паркоўкі пастаянна знаходзіцца спецыяльна навучаны чалавек, які тлумачыць людзям, як карыстацца паслугамі і, калі трэба, мяняе грошы. Як тлумачаць арандатары, нават у яго не заўсёды хапае гроша, і ён вымушаны таксама бегаць і мяняць іх. Кіроўцы тым часам шалеюць і не могуць выехаць. Бывалі выпадкі, што людзі і па 30 хвілін стаялі і не маглі выехаць.

Гарадзенец Алег пасля такой затрымкі на платную паркоўку больш не паедзе.

«Вы ўявіце, у якім стане я быў, калі не мог выехаць з гэтай паркоўкі. Абяцалі, што будуць прымаць манеты і аплату па смс — нічога не прымае. Я быў упэўнены, што манету закіну, але ў выніку прыйшлося бегаць і шукаць, дзе памяняць грошы».

Як распавёў супрацоўнік паркоўкі, манетапрымач у паркаматах ужо стаіць, але па пэўных прычынах ён пакуль не працуе — трэба пераўсталёўваць праграмнае забеспячэнне. Апошнім часам паркамат стаў прымаць і смс, але пакуль толькі ад двух аператараў: МТС і Life.


ЖКГ: нязручнасці бліжэйшым часам яшчэ будуць

Сама ж паркоўка на Вiленскай знаходзіцца на балансе ЖКГ. Атрыманыя грошы ідуць у бюджэт горада. Як распавёў выконваючы абавязкі начальніка аддзела па добраўпарадкаванні ЖКГ Сяргей Данцэвiч, яны ўсе праблемы разумеюць і зараз у ЖКГ робіцца ўсё, каб паркоўка запаўнялася і спраўна працавала.

«Варта разумець, што гэта першая такая паркоўка ў горадзе. Натуральна, узнікаюць нязручнасці. Верагодна, мы неўзабаве павялічым час бясплатнай паркоўкі, магчыма на 5 хвiлiн. Трэба вырашаць праблемы запаўняльнасці і пакуль будзем прымаць такія меры. Ёсць і праблемы з аплатай, але мы іх вырашаем. Манеты паркамат пакуль не прымае — трэба перабудоўваць сістэму. У бліжэйшы час яшчэ нязручнасці будуць, але мы іх паспрабуем вырашыць як мага хутчэй».

Калі знізіць цэны, то людзі будуць паркавацца?

Уладальнік бара «Лондан» Уладзімір, пакуль вырашаюцца праблемы з паркоўкай, вырашыў перазапусціць свой бар. Ён прапануе зрабіць месцы таннейшымі - магчыма, будуць паркавацца.

«Наш бар на рамонце. Ён будзе працаваць у іншым фармаце. Спадзяемся, што перазапусцімся з сярэдзіны кастрычніка. Што тычыцца самой паркоўкі, то гэта, натуральна, для нас нязручнасць. Для Гродна той жа 1 рубль — ужо вялікая сума. Гадзіну паркоўкі ў Гродне прыраўнялі да мінскіх цэн. Зрабілі б 1,5 рублі на цэлы дзень і людзі б паркаваліся. Людзі не толькі не прыязджаюць, дык яшчэ і не ведаюць, як аплаціць. Я разумею, што вадзіцелі не паркуюцца, бо не хочуць звязвацца з праблемамі аплаты. Я б прапанаваў ЖКГ на гадзіну зрабіць паркоўку бясплатнай, а далей на цэлы дзень — 1,5 рублі. У акрузе застаўленыя ўсе двары. Мне здаецца, лепш атрымліваць з кожнага па трохі, але будзе паркоўка запоўненая, а не 5−10 машын за дзень. Нават я, калі пад’язджаю да сваёй устарновы, вымушаны плаціць. Гэтую праблему трэба абавязкова вырашаць».


Дарэчы, каля платнай паркоўкі ёсць яшчэ адна стаянка на 20 месцаў, якая ўвесь час пад замком, але пры гэтым яна не з’яўляецца платнай. Як аказалася, паркоўка ўзятая ў арэнду «Віленскім» гандлёвым цэнтрам і будзе ў далейшым выкарыстоўвацца арандатарамі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо паўгода ў Гродне на вуліцы Віленскай працуе першая платная паркоўка. За гэты час у офісным будынку побач зачынілася кафэ "Калабкі", бар "Лондан" ужо які месяц не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика