Яго жыццё – пастаяннае адкрыццё. 21.by

Яго жыццё – пастаяннае адкрыццё

13.12.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У “СП” з’явілася новая тэматычная старонка, прысвечаная моцнай палове, яе дасягненням і захапленням. Першы герой “Мужчынскай тэрыторыі” – жабінкавец Аляксандр Леванюк. У ім гарманічна спалучыліся любоў да псіхалогіі і праграмавання, адданасць творчасці і павага да кнігі, а яшчэ талент паэта.

Цікавая інфарматыка

Дакладныя навукі і камп’ютарная тэхніка захапілі майго героя яшчэ ў школьныя гады. “Асабліва падабаліся геаметрыя і інфарматыка, – успамінае Аляксандр. – З вялікім задавальненнем пасля ўрокаў я спяшаўся ў Дом піянераў. Там наведваў цікавыя заняткі Валерыя Фёдаравіча Казулькі, на якіх мы навучаліся азам праграмавання. Дзякуючы педагогу я палюбіў “душу” тэхнікі. Ён з дабрынёй і павагай ставіўся да сваіх выхаванцаў, нейкая асаблівая атмасфера спакою і ўтульнасці панавала на нашых сустрэчах, таму хацелася вяртацца сюды зноў. Я вельмі ўдзячны Валерыю Фёдаравічу за гэты вопыт”.

Творчы пачатак

– Рады, што ў той час пазнаёміўся з яшчэ адным чалавекам неверагоднай дабрыні і таленту, – заўважае суразмоўнік. – У першай школе стаў наведваць гурток пад кіраўніцтвам Ірыны Анатольеўны Бялавенцавай, з якой мы падарожнічалі ў свет выяўленчага мастацтва. Яна навучыла не толькі асновам малявання, але і важным чалавечым якасцям, якія мела сама – міласэрнасці, спагадлівасці, чуласці.
Аляксандр таксама ўдала прайшоў навучанне ў музычнай школе і пасябраваў з флейтай і саксафонам. Прызнаецца, што знаходзіў час і для кніг, чытаў шмат, многім цікавіўся. “У мяне былі нават два фармуляры ў бібліятэцы, – усміхаецца мужчына. – Тады падабалася творчасць Жуля Верна, Сцівена Кінга ды іншых”.
Прафесію мой герой таксама выбраў творчую. У Кобрыне стаў навучэнцам сярэдняга прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 105 народных мастацкіх промыслаў, дзе асвоіў усе прамудрасці разьбярскай справы.
Перад пачаткам службы Аляксандр паспеў скончыць курсы карыстальнікаў ЭВМ у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Хутка ён трымаў у руках позву ў паветрана-дэсантныя войскі. “Проста захоплівае дух, калі робіш скачок з парашутам, – прызнаецца мой герой. – Дасюль памятаю гэтыя неверагодныя эмоцыі і ўражанні”.

Захапляльная навука – псіхалогія

Аляксандр заўважыў, што пасля вывучэння праграмавання – мовы тэхнікі – з’явілася жаданне зразумець мову ўнутранага свету чалавека і заняцца псіхалогіяй. Малады мужчына працаваў і працягваў вучыцца. Ён рупіўся сталяром у майстэрні, што знаходзілася на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, а ў сталіцу ездзіў на курсы па падрыхтоўцы псіхолагаў-кансультантаў. У Мінску іх узначальваў доктар псіхалагічных навук Леанід Левіт. “Заўважу, што ўзровень выкладання быў вельмі высокім, – кажа Аляксандр. – Наш кіраўнік выкарыстоўваў розныя метады навучання, ідучы ў нагу з часам. Ён у многім стаў прыкладам для мяне, а псіхалогія адкрылася як цікавая і захапляльная навука. Пазней у гэтай сферы я таксама праслухаў курс на базе БДУ”.
У той час мой герой разам з тава-рышамі па вучобе пачаў працаваць у галіне псіхалогіі як індывідуальны прадпрымальнік.
– Наша група псіхолагаў-пачаткоўцаў існавала ў сталіцы нядоўга, – усміхаецца суразмоўнік. – Мы зразумелі, што патрэбна яшчэ многаму навучыцца, набрацца вопыту. Рызыкнуў тады паспрабаваць сябе ў сферы прафарыентацыі. Некалькі год з дапамогай праграмы, распрацаванай МДУ імя М.В. Ламаносава, дапамагаў сталічным школьнікам вызначыцца з будучай прафесіяй. Прыемна, што наша праца мела плён – праз некаторы час атрымліваў станоўчыя водгукі, словы ўдзячнасці за карысныя парады і рэкамендацыі.

Сябры-кнігі

Пасля мой герой пачынае працаваць у Мінску ў кніжным гандлі. У гэтай справе яму дапамагала Ірына Адзінец. Сустрэча з ёю напоўніла жыццё Аляксандра новымі фарбамі… У надыходзячым годзе яны адзначаць крыштальнае вяселле – 15 гадоў сумеснага жыцця. У сям’і Леванюкоў пануюць узаемаразуменне, каханне і павага. Яны гарманічна дапаўняюць адзін аднаго і падзяляюць свае інтарэсы. У любові да чытання выхоўваюць сына Глеба, які вучыцца ў пятым класе.
– Выпадкова сімвалічна 07.07.2007-га мы з Ірынай адкрылі ў Жабінцы магазін “Кнігалюб”, – расказвае Аляксандр. – У сталіцы атрымалі добры вопыт у гэтай справе і вырашылі папрацаваць самастойна. Сёлета магазінчыку споўнілася дзесяць гадоў, таму магу шчыра прызнацца, што раней людзі часцей заходзілі да нас, каб набыць кнігу. Рабілі нават пэўныя заказы, а мы стараліся выканаць пажаданні сваіх наведвальнікаў. Зараз многае змянілася. Калі чалавек прыходзіць у “Кнігалюб” па кнігу – гэта сапраўднае свята для нас.
З размовы з Аляксандрам выявілася, што ён да таго ж старшыня савета прадпрымальнікаў рынку ў нашым райцэнтры. І калі патрабуе сітуацыя, абараняе іх інтарэсы.

Паклікала паэзія

Мой рознабаковы герой таксама надзелены талентам паэта і стварае прыгожыя вершы. Так, чатыры гады таму сям’я Леванюкоў пазнаёмілася з нашай вядомай зямлячкай Вольгай Данілюк. Яна, безумоўна, чалавек творчы – піша карціны, робіць разнастайную сувенірную прадукцыю. Свае творы Вольга і Аляксандр злучылі ў гарманічным тандэме: да кранальных работ мастачкі мужчына падбірае радкі, сугучныя вобразам на палотнах. У горадзе над Бугам нават быў арганізаваны іх сумесны творчы вечар.
У 2015 годзе Аляксандр Леванюк падараваў раённай бібліятэцы тры зборнікі вершаў “Дэбют”, “Гумар” і “Дзіцячыя вершы”, куды ўвайшлі і ягоныя творы.
Мой герой знаходзіць час і для падарожжаў, пазнавальных паездак с сям’ёй. Леванюкі любяць адпачываць на ўлонні прыроды, робяць прагулкі на веласіпедах, падарожнічаюць на аўтамабілі. Запомнілася паездка на цеплаходзе, на якім плылі з Ніжняга Ноўгарада ў Санкт-Пецярбург. Некалькі разоў былі ў Карпатах, здзівілі сваёй прыгажосцю таксама Алтайскія горы. “У гор нейкая асаблівая неперадавальная энергія, ад іх вее веліччу, свабодай і спакоем”, – дзеліцца Аляксандр.
У галаву адразу прыходзяць вядомыя радкі, што лепш за горы могуць быць толькі горы, на якіх яшчэ не бываў. Так і ў майго героя: лепш за цікавыя адкрыцці могуць быць толькі новыя адкрыцці і дасягненні, якіх, упэўнена, будзе яшчэ шмат у насычаным жыцці Аляксандра.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У “СП” з’явілася новая тэматычная старонка, прысвечаная моцнай палове, яе дасягненням і захапленням. Першы герой “Мужчынскай тэрыторыі” – жабінкавец Аляксандр...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика