Ці не ў кожнага з нас ёсць запаветны куточак прыроды, дзе хораша і лёгка дыхаецца і думаецца, дзе адпачывае ад клопатаў-трывог душа. Мясціны, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. Для дырэктара Чэрвеньскага лясгаса Андрэя Галкоўскага гэта – два лясы ў Хутарскім лясніцтве. Высаджаныя пры яго непасрэдным удзеле ў бытнасць тут майстрам лесу кволыя хвойкі сёння ўзнялі свае велічныя кроны на пятнаццацімятровую вышыню. Атрымліваецца, што за кожны год “ляснога” стажу свайго “хроснага бацькі” яны падрасталі прыкладна на восемдзесят сантыметраў.
Магічную повязь лесу і лёсу Андрэй Галкоўскі падтрымлівае, рэгулярна па выхадных наведваючыся сюды з жонкай і дачкой. У шэпце гэтых хвой гучыць мелодыя яго жыцця… “Раённы веснік” мае трывалыя партнёрскія стасункі з Чэрвеньскім лясгасам, распавядае пра будні і святы калектыву. Вось і нядаўняе ўганараванне дырэктара ўстановы Андрэя Галкоўскага званнем “Чалавек года Міншчыны” за 2017 год стала прыемнай нагодай для гутаркі з ім.
– Андрэй Мікалаевіч, віншуем! Што для Вас значыць быць “Чалавекам года Міншчыны”?
– Дзякуй! Шчыра кажучы, прысваенне звання стала для мяне поўнай неспадзяванкай. Напачатку нават была нейкая разгубленасць, сарамлівасць… Чаму я? Ці мала вакол годных людзей! Пазней усвядоміў, што гэта – ацэнка не толькі маёй працы, але і ўсяго нашага калектыву, ўсіх, хто падтрымліваў мяне з першых крокаў у лясной гаспадарцы, і падтрымлівае зараз. Канешне ж, званне “Чалавек года Міншчыны” – не толькі гонар, але і вялікая адказнасць…
– Вы ўзгадалі пра першыя крокі ў лясной гаспадарцы. Якімі яны былі?
– У прафесію прыйшоў, як і шмат хто з лесаводаў, па пракладзенай ужо сцяжынцы. А праклаў яе для мяне тата. Ён калісьці, адпрацаваўшы амаль дзесяць гадоў заатэхнікам у саўгасе, даволі нечакана падаўся ў леснікі. З дзяцінства браў мяне ў лес на высечкі догляду, прыахвоціў да рыбалкі, а пазней – да палявання. Так і заручыўся я з прыродаю. Першая спроба паступіць у Полацкі лясны тэхнікум аказалася няўдалай. У мяне тады самалюбства зайграла: у школе ж вучыўся няблага. Праз год зноў паехаў у Полацк і паступіў. Пасля заканчэння тэхнікума пайшоў працаваць майстрам лесу ў Раваніцкае лясніцтва. Першым маім настаўнікам быў тамтэйшы ляснічы Анатоль Юр’евіч Гоман, які, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця. У яго шмат чаму навучыўся.
Неўзабаве мяне забралі на тэрміновую службу ў войска. У 2000 годзе вярнуўся на ранейшае месца працы, але праз некалькі месяцаў перабраўся на радзіму – у Хутарскае лясніцтва. Тут адпрацаваў амаль пятнаццаць гадоў, прайшоўшы шлях ад майстра лесу, памочніка ляснічага да ляснічага і завочна атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў тэхналагічным універсітэце.
– А як сталі кіраўніком лясгаса?
– Напачатку мне прапанавалі пасаду галоўнага ляснічага. Пагадзіўся не адразу. Сумненняў было шмат, але ўрэшце пераважыла жаданне дасягнуць у жыцці чагосьці большага. А потым неяк хутка ўсё закруцілася. Праз паўгода пачаў выконваць абавязкі дырэктара лясгаса і вось ужо амаль два гады, як я – дырэктар.
– Цяжка было напачатку?
– І не кажыце… У лясніцтве калектыў трыццаць чалавек, у лясгасе – чатырыста. І ў кожнага – свой характар. Кожнага трэба выслухаць і зразумець, знайсці да яго падыход.
Два гады да цямна на працы затрымліваўся. Месяцамі сям’ю амаль што не бачыў. Раніцай ад’язджаю – жонка з дачкой яшчэ спяць, вяртаюся – ужо спяць. Матаўся па раёну: то ў лясніцтвы, то на дрэваапрацоўчы цэх. А бураломы! Гэта трэба было вытрымаць разам з людзьмі, перажыць.
Затое сёння маю магчымасць вяртацца з працы, як усе нармальныя людзі, бо калектыў працуе, як добра адладжаны механізм. Усе ведаюць, што і як рабіць. Так, дысцыпліна ў нас жорсткая. Але ж і вынікі працы станоўчыя па ўсіх накірунках. За мінулы год мы – чацвёртыя ў рэйтынгу лясгасаў Міншчыны і восьмыя сярод 98 лясгасаў Беларусі.
– Ведаю, што Ваш асаблівы клопат і гонар – дрэваапрацоўчы цэх…
– Так. Яго мадэрнізацыя, у выніку якой быў зменены тэхналагічны працэс вырабу піламатэрыялаў, дала магчымасць у чатыры разы павялічыць вытворчасць прадукцыі. Неўзабаве будзе запушчана ў эксплуатацыю новая лінія па перапрацоўцы драўніны. Разлічваем, што, дзякуючы гэтаму, ужо сёлета выручка ад рэалізацыі абразных піламатэрыялаў на экспарт у параўнанні з мінулым годам узрасце ўдвая. А гэта, у сваю чаргу, дасць нам магчымасць і надалей утрымліваць першыя пазіцыі ў раёне па памеру сярэдняй заработнай платы.
– Сёлетні год – досыць ураджайны на ўзнагароды для калектыву і Вас асабіста. Лясгас стаў пераможцам раённага працоўнага спаборніцтва і раённага спаборніцтва па арганізацыі аховы працы, дырэктар – “Чалавекам года Міншчыны”. А яшчэ ваша ўстанова апошнім часам мае добрыя дасягненні ў спорце: бачыў у калідоры адмысловую вітрыну, дык узнагародам у ёй ужо і цеснавата. Ды і ў Вас у кабінеце, гляджу, спартыўныя медалі вісяць на сцяне…
– Сапраўды, зацікаўленасць спортам, здаровым ладам жыцця – адна з традыцый нашага калектыву. Як дырэктар, я стараюся падтрымліваць яе і асабістым прыкладам (удзельнічаю ў галіновых спартакіядах сярод кіруючых работнікаў па розных відах спорту), і матэрыяльна. Калектыўным дагаворам паміж прафсаюзам і наймальнікам прадугледжаны грашовыя выплаты за паспяховае выступленне работнікаў на спаборніцтвах. А яшчэ набываем для актыўных прыхільнікаў здаровага ладу жыцця абанементы ў басейн і трэнажорную залу.
– А як адпачываеце Вы самі?
– Для мяне самы лепшы адпачынак – хаця б гадзіну пасядзець з вудай на возеры ў роднай Ведрыцы. Ад хаты да яго – метраў трыста ўсяго. І не важна – бярэцца рыба, ці не бярэцца. Грыбы і ягады таксама люблю збіраць, як і кожны вясковец, які з дзяцінства да гэтага прыахвоціўся.
– Ну і колькі слоў пра сям’ю…
– З жонкай Ірынай мы – аднавяскоўцы. Яна маладзейшая за мяне на пяць гадоў. Да войска я яе нават не прыкмячаў. А як вярнуўся – гляджу, прывабная дзяўчына, прабіўная… Ірына была бухгалтарам у Хутарскім сельсавеце. А, калі яго скасавалі, узяў да сябе ў лясніцтва майстрам лесу, дзе яна і дагэтуль працуе.
Дачцэ Вікторыі – трынаццаць гадоў. У нас з ёй цікава з днямі нараджэння атрымалася. Я нарадзіўся 22 чэрвеня, калі вайна пачалася, а яна – у Дзень Перамогі. І характар у Вікі адпаведны – баявы, няўрымслівы. Захапляецца танцамі, кажа, што хоча танцоркай стаць. Але, думаю, гэта звычайныя падлеткавыя мары, усё яшчэ можа памяняцца.
– Тата, канешне ж, бачыць дачку лесаводам…
– А, ведаеце, я быў бы не супраць. Здаецца, з яе можа атрымацца неблагі спецыяліст. Час пакажа…
– Дзякуй, Андрэй Мікалаевіч, за гутарку! Поспехаў Вам і вашаму калектыву!
– Дзякуй!
Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара і Мікалая Лойкі
Ці не ў кожнага з нас ёсць запаветны куточак прыроды, дзе хораша і лёгка дыхаецца і думаецца, дзе адпачывае ад клопатаў-трывог душа. Мясціны, куды хочацца вяртацца...