Тэма тыдня. 21.by

Тэма тыдня

09.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Прэзідэнт аб сітуацыі ў арміі, прэстыжы ваеннай службы і магчымасцях айчыннага ўзбраення.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палігоне ў Івацэвіцкім раёне азнаёміўся з магчымасцямі сучасных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі айчыннай вытворчасці. Адбыўся таксама практычны паказ баявых магчымасцей узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Ён уключаў 4 эпізоды з баявым прымяненнем беспілотных лятальных апаратаў, авіяцыі, агнявых комплексаў, бранятэхнікі і процітанкавых ракетных комплексаў. Пасля агляду ўзораў зброі і тэхнікі кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў.

Прэзідэнт растлумачыў патрэбнасць Беларусі ў сучасным айчынным узбраенні

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што за апошнія гады ў незалежнай Беларусі давялося некалькі разоў мадэрнізаваць і прыстасоўваць Узброеныя Сілы да сучасных умоў. Таксама быў улічаны вопыт войнаў і лакальных канфліктаў у свеце, развіццё тэхнічных сродкаў.
На першым этапе трэба было вызначацца ў тым ліку з колькасцю арміі ў такой кампактнай краіне, як Беларусь. Тады было прынята рашэнне, што неабходна армія не 250-300 тыс. чалавек, а крыху менш як 100 тыс. «Мы былі вымушаны спакойна скарачаць Узброеныя Сілы. Тады не стаяла пытанне аб тым, што мы будзем нешта мадэрнізаваць, ствараць новае. Тады стаяла пытанне, як захаваць тое, што засталося ад СССР. І многія памятаюць, што нашы дамарослыя, якія цяпер нібыта хочуць быць на чале ўлады, пачалі рэзаць усё. Немцам прадавалі парэзаную, падрыхтаваную бранятэхніку для таго, каб там маглі пераплавіць і зрабіць у НАТА сваю зброю. Гэта было маё першае рашэнне — калі гэты разбой быў спынены, — дадаў Прэзідэнт. — Гэта быў першы крок незалежнай суверэннай арміі».
Паводле яго слоў, далей пачаліся войны, у тым ліку на Блізкім Усходзе. У Беларусі на гэтым фоне былі створаны навукова-даследчыя групы, якія вывучалі вопыт сучаснай вайны, каб зразумець яе асаблівасці. «І нам трэба было, рэфармуючы ўжо створаныя Узброеныя Сілы, на маршы перастройвацца. Але мы ж не будзем ваяваць у пустыні, у нас зусім іншыя ўмовы. Стаяла пытанне, як прыстасаваць армію і ўзбраенне да нашых умоў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Потым былі чарговыя войны. Гэта быў трэці этап. Мы вымушаны былі ствараць сілы спецыяльных аперацый. Мы зразумелі, што фронт на фронт нідзе ваяваць не будуць, патрэбна высокадакладная зброя, спецыяльна падрыхтаваныя сілы, каб абараніць краіну і нанесці праціўніку непапраўны ўрон».
«Цяпер мы бачым, што адбываецца недалёка ад нас, што адбываецца ў Сірыі. Вывучаючы сітуацыю, мы ўжо абсалютна разумеем, якая будзе, не дай бог, вайна, як мы павінны абараняцца, якая колькасць нашых Узброеных Сіл павінна быць. Усё вызначана ад жыцця. І мною была пастаўлена задача, каб мы пачалі распрацоўку новых узораў зброі, патрэбных для абароны Беларусі. І паколькі стварэнне новага вельмі затратна і дорага, нам трэба было са старога зрабіць самае сучаснае, — сказаў Прэзідэнт. — Для нашай Беларусі не танкі галоўнае, не самалёты, а спецыяльныя войскі. Мы павінны ў любой кропцы Беларусі (калі нешта раптам здарыцца) хутка з’явіцца, нанесці ўдар па бандытах і тых, хто адважыцца да нас сунуцца, і пайсці. Гэта значыць, скорасць, манеўранасць. І пад гэтыя войскі — сілы спецыяльных аперацый і іншыя — мы павінны былі ствараць у тым ліку і новую зброю. Але толькі тую, якая патрэбна».
«Нам не патрэбны авіяносцы, мы не бу-дзем весці свае самалёты да чужых берагоў. Мы не збіраемся ваяваць за краем свету. Нам трэба абараніць Беларусь. І пад гэта трэба ствараць самую сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама растлумачыў, чаму была пастаўлена задача ствараць менавіта айчыннае ўзбраенне. «Не факт, што нам дапамогуць, калі раптам нешта здарыцца. Прыкладаў дастаткова. Мы бачым паводзіны некаторых тут саюзнікаў. Ну, акрамя Расіі, напэўна, нам разлічваць няма на каго. І нават на Расію мы не можам на 100 працэнтаў спадзявацца. Добра, сёння Пуцін і іншыя, ён разумее нас, я разумею яго. Мы разам неяк дзейнічаем (і тое не заўсёды). А што будзе заўтра? Таму трэба мець самую неабходную сваю зброю — стралковую, для мабільных войскаў тэхніку — тое, што мы можам ствараць. І мадэрнізаваць да сучаснага ўзроўню тую тэхніку, якая ў нас ёсць», — сказаў Прэзідэнт.
«Патрэбны беспілотныя лятальныя апараты, высокадакладная зброя (мы яе стварылі — сваю ракету). Калі некаму захочацца з намі паваяваць, ён падумае, што ў акно атрымае гэту ракету. Ну і сілы спецыяльных аперацый трэба аснасціць так, каб яны маглі ваяваць на сваёй тэрыторыі.

Прэзідэнту прадэманстравалі магчымасці новага ўзбраення

Дэманстрацыю вырашылі пачаць з мадэрнізаванай тэхнікі. Першым Прэзідэнту паказалі танк Т-72БМЭ. «Толькі апошнія месяцы мы падышлі да стварэння першай беларускай паўнацэннай мадэрнізацыі гэтай баявой машыны, якая даводзіць характарыстыкі да ўзроўню сучасных баявых танкаў — Т-72Б3 і Т-90», — прадставіў абноўлены ўзор старшыня Дзяржкамваенпрама Раман Галоўчанка. На танку размешчаны новы прыцэльны комплекс з цеплавізарам і розныя датчыкі, узмоцнена браня і ўстаноўлены больш магутны рухавік. Акрамя таго, Т-72БМЭ можа страляць кіруемымі ракетамі.
«Вядома, можна было купіць Т-90, але гэта вялікія грошы — $11 млн. А ў баі ён, можа, нават і тры мінуты не пражыве, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму трэба стары добры, надзейны танк, які мы ведаем, давесці да ўзроўню імпартнага Т-90».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, стварыць машыну — адна справа, не менш важна навучыцца страляць з яе і трапляць у цэлі. Так Прэзідэнт намякнуў на не зусім удалае, на яго погляд, выступленне беларускага экіпажа на апошнім танкавым біятлоне (беларусаў на палігоне ў Алабіне ў падагульняючым заліку апярэдзілі расіяне і кітайцы). «Яны што, на іншых танках ваявалі або ў іх іншыя людзі? Нашы людзі неразумныя? Не. Трэцяе месца — гэта не выйгралі», — лічыць ён.
Як растлумачылі члены экіпажа танка, які змагаўся на Армейскіх гульнях і дэманстраваўся сёння, выйграць спаборніцтвы не дазволіла тэхнічная няспраўнасць. Пакуль яны мянялі баявую машыну, мінула шмат часу, і нагнаць яго не ўдалося.
«Добра, галоўнае, каб не ў баі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Незалежнасць у вытворчасці і мадэрнізацыі ўзбраення — пытанне нумар адзін для любой краіны

Прэзідэнт Беларусі расказаў, што ў яго была размова з Уладзімірам Пуціным і расійскі лідар растлумачыў, што Расія ў перспектыве хоча поўнасцю забяспечыць сабе назалежнасць у вытворчасці зброі. «Ён мне прама кажа: добра, сёння ў Беларусі Лукашэнка, улада і іншае (ёсць гатоўнасць і нацэленасць на развіццё супрацоўніцтва з Расіяй. — Заўвага БЕЛТА), мы бачым і купляем у вас, але ў перспектыве павінны быць абсалютна перакананы, асабліва для ядзернай зброі, мы павінны быць незалежныя», — перадаў Аляксандр Лукашэнка падрабязнасці размовы з расійскім калегам.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і ў Беларусі была пастаўлена задача самастойна вырабляць тыя ці іншыя ўзбраенні, неабходныя для забеспячэння абараназдольнасці краіны. У гэтым пераліку, у прыватнасці, стралковая зброя, якой у выпадку ваеннага часу можна будзе забяспечыць значную частку насельніцтва.
Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусі абсалютна не патрэбны, напрыклад, авіяносцы, стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі і іншая такая тэхніка, якая выкарыстоўваецца далёка за межамі краіны. «Нам трэба тая зброя, якую мы будзем выкарыстоўваць выключна для абароны, выключна на нашай тэрыторыі і для нанясення тым, хто захоча з намі ваяваць, непапраўнага ўрону. Гэта высокадакладная ракетная зброя з далёкасцю да 300-350 км. У нас гэта ўсё ёсць», — адзначыў Прэзідэнт.
Сярод запатрабаваных у сучасных умовах навінак айчыннага ВПК Аляксандр Лукашэнка назваў беспілотныя лятальныя апараты, таксама ўдзелена ўвага магчымасцям па мадэрнізацыі існуючай тэхнікі. «У гэтай частцы зроблена нямала, але ёсць над чым працаваць. Вы бачылі гэтых «камікадзэ» (спецыяльныя беспілотнікі. — Заўвага БЕЛТА), якія не зусім былі дакладныя, але ўзрыў адбыўся побач, а гэта ўжо таксама паражэнне нават бранятэхнікі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Таму я бачу, што за гэтыя два гады (нават двух гадоў не мінула, з той пары як я паставіў ім задачу зрабіць гэта) ВПК зроблена нямала».
Паводле слоў Прэзідэнта, у частцы распрацоўкі беспілотных лятальных апаратаў вырашана аб’яднаць намаганні, а не ствараць мноства цэнтраў. «Трэба аб’яднаць намаганні і стварыць той ударны беспілотнік, які нам патрэбны. Беспілотнікі-разведчыкі ў нас добрыя, і мы навучыліся іх выкарыстоўваць. У гэтай частцы беспілотных лятальных апаратаў і стварэння больш магутных, якія будуць несці нагрузку ў адну тону і больш, пытанне ўжо вырашана. Тым больш, ёсць попыт на гэта. Для ўнутранага спажывання, нашай арміі і для экспарту мы гэта будзем вырабляць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што галоўнае — навучыць людзей, а тэхніка са сваімі задачамі справіцца.

Па матэрыялах БелТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Прэзідэнт аб сітуацыі ў арміі, прэстыжы ваеннай службы і магчымасцях айчыннага ўзбраення. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палігоне ў Івацэвіцкім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика