Мой лёс – пад кронамі бяроз. 21.by

Мой лёс – пад кронамі бяроз

25.05.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

…Прыснілася мне ля жыта дарога.
О, як у жыцці з табой злучана многа.
Першыя крокі і юныя крокі.
Мяне ты выводзіла ў свет шырокі!
Васіль ЖУКОВІЧ



Для кожнага з нас малая радзіма – самая прыгожая і лепшая ў свеце. Тут самыя квяцістыя сады, самыя лепшыя краявіды, спеў птушак і непаўторны водар траў. Тут жывуць асаблівыя людзі са сваімі абрадамі і культурай, з якімі хочацца і размаўляць бясконца, і спяваць нідзе не пачутыя песні, характэрныя толькі для гэтай мясцовасці. Гэта якраз той куточак, дзе няма чужых, дзе ўсе свае. А ўспаміны пра яго прымушаюць мацней і мацней біцца сэрца. Здавалася б, такі маленькі гэты куточак на зямлі, але разам з тым такі вялікі! Мастакі прысвячаюць яму карціны, пісьменнікі – свае творы, музыканты – песні і музыку.
Мая малая радзіма – гэта буда-кашалёўскі пасёлак Беразіна. Там прайшло маё маленства. А назву сваю ён атрымаў з тае прычыны, што ў нашай мясцовасці расло вельмі шмат бяроз, быў нават цэлы бярозавы гай, які цягнуўся аж да ляснога ўскрайку. Падчас размовы з мясцовымі жыхарамі я даведаўся шмат цікавага пра гісторыю ўзнікнення маёй малой радзімы, пра жыхароў, якія жылі тут раней.
Мясцовасць наша з далёкай мінуўшчыны носіць яшчэ і назву Ландшэўшчына, бо да рэвалюцыі тут жыў пан Ландшэўскі. Яму належалі землі пасёлкаў Беразіна, Дзедаў Курган, Гута, Казіны Рог. Пан меў свой маёнтак, які месціўся на пагорку паміж Беразіной і Дзедавым Курганам. На тэрыторыі маёнтка былі крама, клуб, збожжасушылка. Увесь маёнтак быў засаджаны ліпамі, акацыямі, бярозамі і яблыневым садам. Стаялі пчаліныя вуллі. Была нават ліпавая алея, якая звязвала яблыневы сад з Казіным Рогам. Пан даволі часта праязджаў у сваёй павозцы па гэтай алеі. Каля саду высіўся вялікі шматвяковы дуб, які дажыў і да нашых часоў.
З другога боку ад маёнтка размяшчалася невялічкая сажалка, якую акружалі плакучыя вербы. Вадаём быў абгароджаны. Вакол яго таксама высадзілі сад з яблынь, сліў і вішань, які цягнуўся аж да Гуты. У 1908 годзе ў Гуце адчынілі царкоўна-прыходскую школу, непадалёку працаваў Наспенскі шклозавод. Пасля 1917 года яму была нададзена назва “Адраджэнне”, але ўвосень 1923 года пасля стыхійнага бедства яго зачынілі. Назва завода перайшла да пасёлка Гута. Паблізу яе працавалі лесапільны і цагельны заводы.
Пасёлак Дзедаў Курган уяўляў сабой шырокую вуліцу, якая як бы ўваходзіла ў вялікі яблыневы сад пана. У гэтым пасёлку жылі мае прабабуля і прадзядуля Лізавета Канстанцінаўна і Апанас Трафімавіч Самцовы. Яны нарадзілі васьмёра дзяцей, сярод іх быў і мой дзядуля Іван. Гэта былі вельмі працавітыя і шчырыя людзі. Са слоў дзеда, яго бацька ўмеў добра абвучваць коней. Лепш, чым ён, ніхто так не мог рабіць гэтую справу. У любы час садзіўся на каня верхам, даязджаў да чыгуначнай станцыі Салтанаўка, а там адпускаў стаенніка, абсалютна перакананы, што той сам вернецца ў двор. А коні ў вёсцы былі ў многіх, у некаторых жыхароў па два-тры, бо як пражыць на зямлі без іх? Так што клопатаў прадзеду хапала. Зрэшты, людзі ў пасёлках жылі руплівыя, працавітыя, карацей кажучы, майстры на ўсе рукі. Былі здатныя да любой справы: касілі, аралі, выраблялі і рамантавалі абутак, мэблю, розныя сельскагаспадарчыя прылады. Жыхары пасёлка збіралі ягады, грыбы і лекавыя травы, лавілі рыбу, хадзілі на паляванне, многія займаліся пчалярствам, некаторыя здабывалі торф для абагрэву хат узімку.
У хаце, дзе я нарадзіўся, жылі мае дзядуля і бабуля (іх я ўжо згадваў). Як і ўсе жыхары пасёлка, яны трымалі жывёлу, вялі гаспадарку. Дзядуля рамантаваў абутак, віў вяроўкі, рабіў мэблю, крыў дахі, выконваў многія іншыя работы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Курскай дузе ў арміі маршала Івана Конева. Вярнуўся з вайны інвалідам 2-й групы з параненай правай нагой. Доўга не пражыў, памёр у 1967 годзе. Так бабуля Ульяна аўдавела. Па хатняй гаспадарцы ёй дапамагала дачка, мая матуля, Зінаіда Іванаўна. Разам рабілі і жаночую, і мужчынскую працу.
Памятаю, што каля нашай хаты раслі дзве бярозы, ліпы і вішні. Пасёлак даўжынёю з кіламетр налічваў недзе двароў 26. Уздоўж дарогі па ўсёй вуліцы высіліся клёны, ліпы, бярозы. На пасёлку было тры калодзежы. Наша хата стаяла бліжэй да канца вуліцы і лесу. Амаль каля кожнага двара па вясне цвілі чаромха і бэз. У садах паміж дрэў стаялі пчаліныя вуллі. Вечарамі, пасля працы, некаторыя вяскоўцы збіраліся ў адной з хат на вячоркі. Спявалі песні, танчылі. Гармоніка не было, таму ўсё ладзілі “пад язык”. Але гэта не перашкаджала добраму настрою і адпачынку.
Мае бацькі былі простымі працаўнікамі на роднай зямельцы. Бацька – Аляксандр Віктаравіч – працаваў трактарыстам, потым электрыкам у суседняй вёсцы Гаўлі, што за пяць кіламетраў ад Беразіны; матуля – Зінаіда іванаўна – 15 гадоў прапрацавала паштальёнам у Гаўлях, разносіла пошту жыхарам пасёлкаў Беразіна, Дзедаў Курган, Гута і Казіны Рог, потым 20 гадоў сама ўзначальвала гавельскае аддзяленне сувязі.
10 чэрвеня 1981 года нашу сям’ю напаткала вялікае гора – згарэла хата, і мы засталіся ў чым былі. Мне на той час было шэсць гадоў, старэйшаму брату Сяргею – дзесяць. Няшчасны выпадак перавярнуў увесь лёс нашай сям’ і – мы пераехалі ў Гаўлі, дзе нам выдзелілі службовае жыллё.
У першы клас я пайшоў у Гавельскую васьмігадовую школу, дырэктарам якой на той час быў Мікалай Аляксеевіч Казакоў, сапраўдны патрыёт роднай зямлі. Гэта яго намаганнямі ў школе быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей з багацейшымі матэрыяламі пра па-дзеі і заслужаных людзей нашага краю. Справу Мікалая Аляксеевіча працягнуў яго наступнік, не меншы музейны энтузіяст Міхаіл Ягоравіч Пеўнеў.
Першай настаўніцай у мяне была Ефрасіння Сцяпанаўна Лабушава, потым – Марыя Гаўрылаўна Афанасенка, дачка якой, Ада Цімафееўна Бандарэнка, калі прыязджала да бацькоў на выхадныя, давала мне першыя ўрокі ігры на баяне.
Школа – гэта бясконцы свет ведаў, якія даюць нам ветлівыя, добрыя і цярплівыя настаўнікі. Менавіта яны навучылі мяне пісаць, чытаць, спасцігаць глыбіні ведаў. А яшчэ – прывучылі да працы. Памятаю, як мы з класам неаднаразова высаджвалі вакол школы маладзенькія дрэўцы і кветкі, шчыравалі на школьным участку. Нездарма школа займала першыя месцы ў раёне і вобласці па прыгажосці.
У школе праходзіла шмат і спартыўных спаборніцтваў, да якіх нас рыхтаваў Іван Цімафеевіч Гаспадароў. А вось Марыя Васільеўна Курачэнка займалася спевамі і музыкай. Мы спявалі песні, дэкламавалі вершы, рыхтавалі невялікія драматычныя прадстаўленні. Менавіта на падобных мерапрыемствах кожны вучань мог праявіць усе свае таленты і паказаць іх равеснікам.
З такіх аглядаў-конкурсаў мастацкай самадзейнасці сярод школ раёна і пачыналася мая артыстычная дзейнасць. Далей быў адборачны тур тэлерадыёконкурсу “Чырвоныя гваздзікі” у Гомелі. Са мной у абласным Доме піянераў займалася Людміла Міхайлаўна Бартноўская. І як вынік, у 1986 годзе я стаў дыпламантам першай ступені рэспубліканскага тэлерадыёконкурсу “Чырвоныя гваздзікі”. Дзякуючы ўласным старанням і мэтанакіраванасці і тым добрым людзям, якія сустракаліся на маім жыццёвым і творчым шляху, я і ўдасканальваў свае здольнасці.
Стала добрай традыцыяй кожны год 21 лістапада ў Міхайлаў дзень праводзіць свята вёскі Гаўлі. На ім гучала музыка, спяваліся песні, была арганізавана выстаўка вырабаў тутэйшых майстроў-умельцаў, выпякаліся пышныя караваі. Сваю творчасць паказвалі і мясцовыя жанчыны. Асабліва ўражвалі вышыванкі Лідзіі Васільеўны Гуршчанковай. І, вядома ж, заўсёднікам на такіх святах было выступленне хора, створанага пры Гавельскім сельскім клубе, у якім я прымаў удзел разам з матуляй.
Нельга не згадаць галоўнага гавельскага гарманіста-самародка Мікалая Фёдаравіча Бакланава. Калі ён іграў на вяселлях, я заўсёды стаяў побач і з замілаваннем слухаў чароўнае гучанне ягонага гармоніка. На гармоніку ў вёсцы не меней цудоўна іграў і ўдзельнік хора Аляксандр Адамавіч Бяланаў, які вельмі прыгожа акампаніраваў братам-спевакам Сяргею і Мікалаю Фёдаравічам Гуршчанковым. А як захапляла сваімі жартоўнымі прыпеўкамі Лідзія Ігнатаўна Абрамовіч! Так што любоў да песні мне з самага маленства была прывіта не толькі матуляй, але і амаль што ўсімі жыхарамі вёскі Гаўлі, таленавітымі людзьмі маёй малой радзімы. Дзе ж ты тут і сам не заспяваеш?!
Аднак, каб стаць прафесійным спеваком і артыстам, трэба было вельмі шмат працаваць і вучыцца гэтай нялёгкай і даволі няпростай справе ў музычных установах. Паступіўшы ў Пірэвіцкую музычную школу суседняга Жлобінскага раёна, мне даводзілася пасля ўрокаў у школе два разы на тыдзень ездзіць за дзесяць кіламетраў ад дому і вучыцца ігры на баяне: калі з бацькам на трактары, калі на веласіпедзе. Не ўсё так лёгка давалася – толькі праз стараннасць, настойлівасць і вялікую працу і дасягаліся вынікі, а яшчэ – дзякуючы школьным настаўнікам. Апроч ужо вышэй згаданых, хацелася б таксама адрасаваць словы падзякі Соф‘і Пятроўне Гаспадаровай, Маргарыце Міхайлаўне Гусаковай і Ніне Віктараўне Бяланавай.
Пасля заканчэння Гавельскай васьмігодкі і паралельна музычнай школы ў Пірэвічах у 1990 годзе паступіў у Гомельскае музычнае вучылішча імя Н.Ф. Сакалоўскага, дзе па класу “баян” займаўся ў цудоўнага выкладчыка Аляксандра Міхайлавіча Гурава, якому вельмі ўдзячны і па сёння. Падчас вучобы ў Гомелі не забываў і пра гавельскі хор. Прыязджаў, разам з землякамі ўдзельнічаў у раённых аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці ў г. Буда-Кашалёве. У 1994 годзе пра наш хор і вёску Гомельскае абласное тэлебачанне зняло фільм “Шануйце песні свае”.
Колькі ж годных і сапраўдных людзей выхавана на гэтай зямлі, маёй малой радзіме, цяжка і падлічыць. Сярод вучняў Гавельскай школы ёсць настаўнікі, урачы, кандыдаты медыцынскіх навук, ваенныя, у тым ліку і ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна, генерал Міхаіл Казлоў, які ў свой час займаў высокі пост першага намесніка міністра, начальніка Генштаба Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Вось толькі шкада, што і лёс цудоўнай школы, разлічанай на 192 вучні, і сельскі клуб, і фельчарска-акушэрскі пункт, і магазін у 21-м стагоддзі спасцігнуў незайздросны лёс. Змізарнела вёска Гаўлі. А майго пасёлка Беразіна і ўсіх іншых пасёлкаў маёй малой радзімы і ўвогуле няма ні на карце, ні наяве. Нават няма дарогі на могілкі, дзе спачываюць мае дзяды і прадзеды, якія так старанна шчыравалі на роднай зямлі і абаранялі яе ў гады ваеннага ліхалецця ад ворага, захавалі чыстае і мірнае неба над маёй малой радзімай.
Для мяне гэта самае любімае і важнае месца на зямлі, таму што я нарадзіўся тут. З усіх вандровак, далёкіх і блізкіх, спяшаюся заўсёды сюды, дзе шуміць бярозавы гай і струменіць гаючая крыніца.
Валянцін КІРЫЛЕНКА, саліст заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Бяседа”, лаўрэат першай прэміі конкурса “Галасы Радзімы”, уладальнік медаля Францыска Скарыны.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Прыснілася мне ля жыта дарога. О, як у жыцці з табой злучана многа. Першыя крокі і юныя крокі. Мяне ты выводзіла ў свет шырокі! Васіль...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика