17 студзеня літаратурна-музычная гасцёўня ў Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У.М. Ігнатоўскага сабрала аматараў творчасці Васіля Жуковіча.
Задоўга да вызначанага часу чытальная зала ўжо была перапоўнена. Сустрэцца са знакамітым паэтам, перакладчыкам, пісьменнікам і журналістам (і гэта далёка не поўны пералік напрамкаў творчай дзейнасці госця) жадалі вучні СШ №1 і 2 Каменца, гімназіі, а таксама настаўнікі і супрацоўнікі бібліятэкі ў Дзмітровічах.
Галоўнага героя сустрэчы ўжо з парога шчодра віталі апладысментамі.
Васіль Аляксеевіч быў апошнім, восьмым, дзіцем у вялікай сялянскай сям’і Жуковічаў. Сёння роднай старонкі Васіля Аляксевіча – хутара Забалацце, што знаходзіўся на землях Дзмітровіцкага сельвыканкама, – ужо няма на карце раёна. Але на працягу сустрэчы аб ёй не раз цёпла ўспаміналі.
Будучы паэт самастойна пракладваў сваю сцежку ў літаратуру. Яшчэ школьнікам Васіль убачыў свае імя ў друку. Першы верш “Родныя мясціны” быў надрукаваны ў газеце “Піянер Беларусі” ў 1956 годзе. Пасля заканчэння Дзмітровіцкай СШ юнак падаўся на ўласны хлеб: працаваў на заводзе будаўнічых дэталяў. Але жаданне выказваць свае пачуцці на паперы патрабавала раскрыцця. Паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута, пасля лёс звязаў з рэдакцыямі газеты “Заря над Бугом” і Брэсцкай студыі тэлебачання. Друкаваўся на старонках абласнога і рэспубліканскага друку. Вершы маладога паэта заўважылі ў сталіцы. Ужо пасля пераезду ў Мінск працаваў у часопісе “Полымя”, газеце “Знамя юности”, выдавецтве, Рэспубліканскім цэнтры эстэтычнага развіцця дзяцей. З 1982 года ён рэалізуе сябе як мастак слова. Мае шырокі творчы дыяпазон. Але найбольш яскрава праявіў сябе ў лірыцы. Яго творчасць цікавіць шчырасцю, жыццёвым вопытам, любоўю да чалавека, прыроды, роднай зямлі. Піша “пра сваё на сваёй”: каб выразней перадаць каларыт родных мясцінаў, звычаяў, з чытачом размаўляе толькі па-беларуску.
У гасцёўні
Прысутныя знаёміліся з Васілём Жуковічам і праз яго вершы, што гучалі ў чытальнай зале. Дарэчы, кожны чытач атрымаў ад знакамітага паэта невялікі памятны падарунак.
– Усім вельмі ўдзячны за тое, што так артыстычна прадэкламавалі мае вершы. Я чытаю горш, – шчыра распачаў бяседу з чытачамі Васіль Жуковіч.
Завітаў у гасцёўню не адзін: разам са старэйшай сястрой Марыяй, пляменніцай Наталляй, жонкай Верай. Таму і перш-наперш пазнаёміў камянецкую публіку с вершамі, што прысвечаны блізкім людзям.
Яго творы вылучаюцца моцным выхаваўчым патэнцыялам, таму і ўключаны ў школьную праграму. На рахунку аўтара – мноства кніжак для дзяцей, казак, загадак. Творам “для маленькіх” паэт надае асаблівую ўвагу: уменне даступна гаварыць з дзецьмі даецца далёка не кожнаму…
– Перавагу аддаю гумарыстычнаму слову, таму што смех – неад’емная частка нашага жыцця. Ён ёсць у прыказках-прымаўках, народных казаннях. Фальклор падаецца нават недзе вельмі “салёным”, з агеньчыкам нацыянальнага гумару! – зазначыў Васіль Аляксеевіч.
Бліц-апытанка з залы
– Што паспрыяла таму, што пачалі пісаць?
– Сама прырода, яе змены. Назіранні за тым, як рэагуе яна на кожную пору года, як адгукаюцца ўслед за ёй навакольны свет, чалавек і жывёлы. Як вішні цвітуць, як асыпаецца лісце восенню – гэта не магло не крануць. А яшчэ – любоў. Да жыцця, прыроды, людзей. – Над чым сёння працуеце?
– Над зборнікам пад назвай “Боль і вера, і любоў”. Ён яшчэ не падрыхтаваны цалкам. Але ў ім ёсць месца вельмі кранальным вершам, гумарыстычным, нямала і тых, што трымаюць у эмацыйным напружанні. – Пішаце для дзяцей?
– Цяпер мастакі афармляюць кнігу “Ласкавае сонейка”, у якой – апавяданні, казкі і, безумоўна, вершы для маленькіх чытачоў. – Займаліся музыкай?
– Некалі я даволі настойліва “брынькаў” на мандаліне, спрабаваў на гітары. Але лічу несур’ёзным займацца без нотаў. Музыкай я захапляюся, асабліва класічнай. Слухаю Моцарта, Брамса, Шастаковіча – падабаецца высакаякасная музыка. Таксама я аматар творчасці нашых “Песняроў”. – Калі упершыню пачулі беларускую мову?
– У мяне нават ёсць верш, у якім успамінаю, што я вырас на дыялекце. З літаратурнай мовай пазнаёміўся ў школе. Мне пашанцавала з настаўнікам – Сцяпанам Сцяпанавічам Мусевічам, які прывучаў да беларускага слова.
…Успаміналі ў зале і іншых настаўнікаў са школы ў Дзмітровічах, у якой вучыўся паэт. Гучалі ў гасцёўні акравершы, санеты ў выкананні самога Васіля Жуковіча. Напрыканцы сустрэчы кожны жадаючы мог атрымаць аўтограф таленавітага зямляка і зрабіць фота на памяць.
У фонд цэнтральнай раённай бібліятэкі Васіль Жуковіч перадаў кнігі “Бязмежжа памяці”, “Арабінавая ноч”, “Золата лістападу”, “Замова ад рабства” і “Любіце Украіну” (пераклады твораў У. Сасюры). А асабіста ў Дзмітровіцкі “храм кнігі” – дыск, на якім яго вершы гучаць пад музычныя кампазіцыі.
З нагоды 80-годдзя Камянецкага раёна Васілю Жуковічу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Камянецкага раёна».
17 студзеня літаратурна-музычная гасцёўня ў Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У.М. Ігнатоўскага сабрала аматараў творчасці Сообщение Васіль Жуковіч...