Профессионал, каких ещё поискать нужно! На счету егеря Виктора Селезня 111 убитых волков
29.01.2020
—
Разное
|
Для падманвання шэрага драпежніка паляўнічыя-ваўчатнікі карыстаюцца спецыяльнымі прыстасаваннямі, а вось егеру Ушацкай арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Віктару Віктаравічу Селезню яны зусім не патрэбны: ён так спрытна завые, што не тое што чалавек, сам воўк не адрозніць! Зрэшты, гэты прафесіянал ведае мноства іншых тонкасцей палявання, а на яго рахунку аж 111 здабытых ваўкоў – большага рэкардсмена ў вобласці наўрад ці знойдзеш. Штодня па тэрыторыі даверанай яму Жарскай паляўнічай дачы ён намотвае пешшу не менш 20 кіламетраў. Залішне казаць, што мясцовы ўраджэнец ва ўгоддзях плошчай больш за 16 тысяч гектараў ведае кожную сцяжынку і арыентуецца без карт і компасаў. “Сёння ўжо з раніцы справіўся па гаспадарцы, жывёлу падкарміў, – зазначае ў пачатку нашай сустрэчы на ўскрайку лесу. – У абавязках акрамя арганізацыі палявання на аленя, лася ці казулю ёсць і мноства іншых спраў, сярод якіх і падкормка жывёлы”. Так, на яго тэрыторыі налічваецца 15 спецыяльных падкормачных пляцовак для фуражу, размешчана 86 “салонцаў”, у якія егер пастаянна падсыпае соль, прычым, са спецыяльнымі вітаміннымі дабаўкамі. Зразумела, што ў лесе не ўсюды можна пад’ехаць, таму і атрымліваецца немалы кіламетраж. Але гэта В.В.Селезню зусім не ў цяжар. Наадварот, ён любіць пастаянны рух, таму атрымаўшы спецыяльнасць токара, вытрымаў “прастаяць” дзень на адным месцы толькі некалькі месяцаў. Уладкаваўся ў родны калгас “Чырвоны прамень” і адкалясіў на грузавых аўтамабілях не адзін год, а ў вольны час займаўся і паляваннем, гэта ў іх сям’і, можна сказаць, у крыві – паляўнічым быў бацька і браты. І калі ў 1998-м годзе Віктару Віктаравічу прапанавалі стаць егерам, доўга не вагаўся. “Ці атрымліваў адпаведную адукацыю? Лепш усіх падручнікаў і ўстаноў – лясная акадэмія, вопыт нахадзіў нагамі!” – зазначае мужчына. Зімой егеры звычайна праводзяць і перапіс ляснога насельніцтва. Сёлета гэта задача ўскладняецца адсутнасцю снегу, тым не менш у спецыяліста ёсць свае сакрэты, напрыклад, можа вызначыць колькасць жывёлы ў лясным квартале з дапамогай загону. Непасрэдна ж пра паляванне на розных звяроў і птушак Віктар Віктаравіч расказвае доўга і вельмі цікава. Да прыкладу, глушэц – адзін з самых жаданых трафеяў для паляўнічых, аднак здабыць яго зусім няпроста. Палююць на гэтых птушак звычайна ноччу, калі яны прылятаюць на такавішча. У іх вельмі тонкі зрок і слых, таму трэба скарыстацца момантам, калі на пэўным куплеце шлюбнай песні птушка “глухне” і не заўважае, што адбываецца наўкол. Літаральна на вачах егера адаптаваліся, выраслі і былі адпушчаны на “вольныя хлябы” больш 20 высакародных еўрапейскіх аленяў, завезеных у 2015 годзе з Латвіі і паселеных непадалёк ад Завыдрына. Зараз іх папуляцыя павялічылася мінімум утрая, а арэал пражывання распаўсюдзіўся па ўсім раёне. “Пад’язжаеш, а яны здалёк назіраюць і ўжо быццам чакаюць, калі ім сена ў кармушкі падкладзеш. Што і казаць, нават у населены пункт заходзілі зімой падабраць пакінутыя ў садзе яблыкі”, – расказвае В.Селезень. Даводзілася бачыць яму на сваіх тэрыторыях многіх прадстаўнікоў фаўны, у тым ліку і “чырвонакніжнікаў” – мядзведзя і рысь. Але самым цікавым і блізкім для Віктара Віктаравіча з’яўляецца паляванне менавіта на ваўка. “Трэба шмат думаць, пралічваць хады, – паляўнічы сцішвае голас і, быццам баючыся парушыць лясную цішыню, пачынае расказваць пра драпежніка. – У казках ды мультфільмах ваўка падаюць недарэчным, а на самой справе гэта надзвычай разумная жывёла. Напрыклад, у яго выдатная зрокавая памяць: камень перамясці ўбок – заўважыць. А яшчэ воўк развівае хуткасць да 60 кіламетраў у гадзіну і ў сярэднім столькі ж праходзіць за дзень. Ён ніколі першым не нападзе на чалавека, выключэнне складаюць экзэмпляры хворыя шаленствам і ваўчыцы, якія абараняюць логава. Зімой ваўка лягчэй выявіць па слядах і “аблажыць” флажкамі, а вось летам выкарыстоўваю іншую тактыку – на падвыў. Але і тут ёсць свае нюансы. Так, у канцы лета ваўчыца выводзіць малых, а сама адпраўляецца ў пошуках ежы. Высачыўшы зграю, завыеш – і вывадак думае, што гэта клічуць дарослыя, бяжыць і падвывае ў адказ, цэлы канцэрт атрымліваецца! Дарэчы, іх голас вельмі падобны да сабачага брэху, не кожны можа адрозніць. У іншыя перыяды года і дарослыя ваўкі рэагуюць на падвыў, ідуць высвятляць, хто ж з’явіўся на іх тэрыторыі. Каб высачыць ваўкоў, часам намотваў на веласіпедзе і па 170 кіламетраў, прыкмячаў кожны гук і след. Бывала, у лесе і начаваў. Звычайна дні тры – і воўк у мяне ў кішэні!” Самым “ураджайным” для В.Селезня быў 1989 год, калі ён здабыў 25 ваўкоў, адстрэліўшы тры вывадкі. У тыя часы за здабычу драпежнікаў паляўнічых нават прэміравалі грашыма і пуцёўкамі на іншых жывёл. Ушацкага ваўкара і зараз ведаюць далёка за межамі нашага раёна, раней запрашалі для адстрэлу ваўкоў і на тэрыторыі іншых раёнаў Віцебшчыны. Цікава, што свайго першага ваўка “здабыў” у юнацкім узросце. “Дакладней не я здабыў, а мой сабака – ганчак Шарык. Пайшлі ў грыбы, чую ён моцна гаўкае, гляджу – загнаў у канаву невялікага ваўка. Прычым, шэры так выпацкаўся, што з першага погляду падаўся мне лісіцай. Вядома ж, ніякай зброі ў мяне тады не было, выцягнуўшы ваўка, абкруціў яму пашчу кашуляй і… панёс дамоў! Па дарозе нас застаў дождж і праз мокрую тканіну воўк ужо зусім не мог дыхаць. Пашкадаваў тады жывёліну – зняў кашулю, а той паглядзеў на мяне ўдзячным позіркам і з таго моманту стаў сапраўдным сябрам. Дома пасяліў яго ў старой бабулінай хаце, а калі адпраўляліся з Шарыкам у лес, бралі яго з сабой. Думаеце, ён спрабаваў збегчы? Ні на крок не адыходзіў! Але праз некалькі месяцаў заблытаўся ў ланцугу і памёр… Быў яшчэ выпадак, калі прынёс дадому маленькага ваўка, які пражыў на сядзібе некалькі гадоў. Не падымалася рука пазбавіцца – такім свойскім стаў. Але прыйшлося, бо многія аднавяскоўцы ўжо насцярожана глядзелі: небяспечна жыць побач з драпежнікам. Не раз прапаноўваў ваўчанят розным заапаркам, аднойчы перадаў аднаго ў Сянно сабакаводам для адпаведных трэніровак”. За 21 год работы егерам Віктар Віктаравіч арганізаваў не адно замежнае паляванне, папоўніўшы тым самым казну арганізацыі. Лёгка знаходзіў агульную мову з расіянамі, палякамі і нават з французамі. “Раней яны былі ў нас гасцямі нярэдкімі і любілі паляваць на дзіка. У Францыі гэты лясны насельнік калі і сустракаецца, то зусім невялікіх памераў. Прыйдзем на паляванне, а француз мне кажа, калі можна будзе страляць – гавары “шысэн!” Тут ужо і дзік у 50-ці метрах пад прыцэлам, а ён пакуль яго не разгледзіць у бінокль – не стрэліць. Для іншаземцаў галоўнае не сама здабыча, а непасрэдна працэс!” Сам герой нашага аповеду таксама атрымлівае асалоду як ад палявання, так і проста знаходзячыся ў лесе. А таму ніколі не засмучаецца, калі разам з дзвюма сваімі лайкамі вяртаецца без здабычы. Ну а завяршыць аповед пра яго хацелася б словамі многіх ушацкіх паляўнічых, якія мелі з ім справу: “Гэта прафесіянал, якіх яшчэ пашукаць трэба!” Вольга КАМАРКОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для падманвання шэрага драпежніка паляўнічыя-ваўчатнікі карыстаюцца спецыяльнымі прыстасаваннямі, а вось егеру Ушацкай арганізацыйнай структуры РДГА...
|
|