За каго будуць спяваць дзеячы беларускай культуры?. 21.by

За каго будуць спяваць дзеячы беларускай культуры?

13.10.2010 15:38 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Не так даўно Аляксандр Лукашэнка прысвоіў некалькі званняў дзеячам культуры. Так, народнымі артыстамі сталі вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Ігар Артамонаў і галоўны хормайстар тэатра Ніна Ламановіч. Адна з самых вядомых салістак беларускай оперы Ніна Шарубіна нарэшце стала заслужанай артысткай Беларусі.

Існуе меркаванне, што напярэдадні выбараў званні і падзякі могуць атрымаць і некаторыя іншыя асобы. Маўляў, улада не ўпусціць шанц задобрыць дзеячаў культуры. Тым больш што некаторым з іх, хутчэй за ўсё, давядзецца прыняць удзел у прапагандысцка-культурніцкіх акцыях у падтрымку аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты.

“Тут і цяпер” паспрабавала высветліць, за каго падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі будуць спяваць і танчыць дзеячы беларускай культуры?

Ці падтрымаюць Някляева Смаляк і Агурбаш?

Адзін з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі Уладзімір Някляеў, ніколі не ўтойваў свайго сяброўства з мастаком Андрэем Смаляком і заслужанай спявачкай Беларусі Анжалікай Агурбаш. Песню “Белае віно ды чырвонае”, напісаную Някляевым разам з Васілём Раінчыкам, і сёння можна спампаваць з сайта Уладзіміра Пракопавіча. Але ці падтрымае тая ж Анжаліка Агурбаш Някляева? Можа, зладзіць канцэрт альбо нават гастрольны тур па краіне пад лозунгам “Гавары праўду!”?

“Тыя дзеячы, з якімі я супрацоўнічаў, сябраваў і сябрую (прозвішчы называць не буду), як гаворыцца, на асабістым узроўні, пры цесных кантактах кажуць, што яны — за мяне, — так адказаў на пытанне Уладзімір Някляеў. — Калі чую ад іх: “Мы за цябе”, адразу пытаюся: “А чаму вы са мной толькі ў кулуарах, а не на плошчы?” Яны адказваюць: “Ну, ты ж усё разумееш…”.

Я разумею, што многім дзеячам культуры падтрымліваць Лукашэнку цяпер неяк няёмка, а адкрыта стаць побач з Някляевым ці кімсьці іншым пакуль яшчэ страшнавата”.

Музычны крытык і вядомы журналіст Дзмітрый Падбярэзскі лічыць, што Анжаліка Агурбаш, хутчэй за ўсё, адмовіцца ад канцэрта ў падтрымку Някляева.

“Увогуле, гэта складанае пытанне, — разважае Дзмітрый Альбертавіч. — Мне падаецца, Ліке сёння ўсё роўна, што і як тут адбываецца. У той жа час з Някляевым яна сябруе даўным-даўно і можа даць нейкі канцэрт агітацыйнага плана, бо, на маю думку, Беларусь для яе — гэта не рынак. Хаця, як мне здаецца, Анжаліка — больш “раскручаная” прэсай асоба, чым выканаўца. Яе якасці як спявачкі, на мой погляд, вельмі сумніўныя, але эфектная жанчына можа дабавіць пяць капеек (і нават больш) на карысць таго ці іншага кандыдата. Толькі пытанне ў тым, хто ёй больш падабаецца: Лукашэнка ці Някляеў?”.

Уладзімір Някляеў адкрыта кажа, што незадаволены агульнай грамадзянскай актыўнасцю дзеячаў беларускай культуры: “На жаль, не толькі падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі, але і за ўвесь час змагання за дэмакратычную Беларусь, у тым ліку і ў апошнія гады, дзеячы культуры і тыя, каго прынята называць інтэлігенцыяй, не зрабілі і траціны таго, што павінны былі зрабіць для краіны, — перакананы Някляеў. — Як і ўсе астатнія людзі, перш за ўсё праз перасцярогу, праз страх, праз мэту не жыць, а выжываць…”.

Ад адказу ж на пытанне аб тым, ці варта чакаць нейкіх гучных канцэртаў у падтрымку цяперашняга кіраўніка дзяржавы, спадар Някляеў ухіліўся.

“Калі скажу, што не варта, дык іх тут жа мусяць арганізаваць, — гаворыць ён. — Таму ўстрымаюся ад адказу”.

Наёмнікі былі і будуць заўсёды  

Дзеячы сапраўднай беларускай культуры не будуць падтрымліваць канкрэтных кандыдатаў у прэзідэнты, лічыць вядомы пісьменнік, мастак і выдавец Адам Глобус.

“Сапраўдныя дзеячы культуры павінны стаяць за Беларусь, а не за нейкага асобнага чалавека, які аб’явіў пра свае палітычныя амбіцыі”, — выказвае сваё меркаванне “Тут і цяпер” Адам Глобус.

Зразумела, адразу напрошваецца пытанне: а за якую Беларусь? Бо многія яшчэ памятаюць прапагандысцкую акцыю 2006 года з лозунгам “За Беларусь!”, падчас якой некаторыя артысты са сцэны бессаромна дазвалялі сабе палітычную агітацыю за асобных кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду.

“Ведаеце, я некалі адным з першых напісаў, што Вільня ў кожнага свая, — каментуе Глобус. — І Беларусь таксама, напэўна, у кожнага свая. Адны яе так разумеюць, іншыя — інакш. Не думаю, што мастак, паэт ці музыкант некага выберуць. А наёмнікі… Яны былі заўсёды і ўсюды. І яны спяваюць не за нейкага кандытата, а за грошы. І гэта ўсім вядома”.

“Нармальны чалавек будзе імкнуцца трымацца як мага далей ад палітычна-культурніцкіх акцый, — гаворыць Дзмітрый Падбярэзскі. — Таму што разумныя людзі разумеюць: мяшаць палітыку і мастацтва — немагчыма. І не трэба. І нават катэгарычна забаронена. А людзі падняволеныя — ім дадуць каманду, і панеслася!”

Хутчэй за ўсё, пакуль такой каманды не было, але цалкам верагодна, што нехта ўсё ж трымае руку на пульце. І як толькі будзе дадзены афіцыйны старт агітацыйнаму перыяду, пачнуцца шматлікія канцэрты, акцыі і шоу.

“Магчыма, што пасля таго, як будуць сабраны подпісы і вызначаны кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду, акцыі хутка арганізуюць, — гаворыць Падбярэзскі. — Але з іншага боку, небяспечныя гэта людзі — дзеячы культуры: грошы атрымліваюць, а ў душы, магчыма, клянуць тых, за каго спяваюць…”.

АФІЦЫЙНА

Спецыяльных акцый у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты Мінкульт пакуль не плануе.

Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Ігар Варонін.

“Ніякіх культурных акцый, прымеркаваных да прэзідэнцкіх выбараў у падтрымку нейкага канкрэтнага кандыдата, у нас пакуль не запланавана, — ветліва адказаў Ігар Генрыхавіч. — Акцыя “Беларусь — гэта мы” — грамадска-культурная. Падчас яе не гучыць ніякіх палітычных лозунгаў у падтрымку таго ці іншага прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду”. 



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Існуе меркаванне, што напярэдадні выбараў званні і падзякі могуць атрымаць і некаторыя іншыя асобы. Маўляў, улада не ўпусціць шанц задобрыць дзеячаў культуры. Тым...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика