Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ: “Не так проста выйграць выбары, як многім падаецца”. 21.by

Аляксандр МІЛІНКЕВІЧ: “Не так проста выйграць выбары, як многім падаецца”

24.08.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Многія спадзяваліся, што лідар Руху “За свабоду” ўсё ж такі трапіць у Авальную залу. Аднак ён праляцеў, як фанера над Парыжам.Асноўная прычына адмовы ў рэгістрацыі -- парушэнні падчас афармлення падпісных лістоў.

“Больш за 15% правераных подпісаў, на думку акруговай выбарчай камісіі, аказаліся несапраўднымі, -- паведаміла прэс-служба палітыка. -- Экспертамі, маўляў, былі крыміналісты з МУС. Апрача таго, былі прэтэнзіі да дэкларацыі аб даходах і маёмасці: маўляў, Мілінкевіч задэклараваў як прыватную ўласнасць дом, але не задэклараваў зямлю пад ім”.

Учора з гэтай нагоды “Народная Воля” задала А.Мілінкевічу некалькі пытанняў.

-- Аляксандр Уладзіміравіч, скаргу ўжо напісалі?

-- Пакуль не, бо нам яшчэ не аддалі рашэнне акруговай камісіі. Як толькі будзем мець паперу на руках -- адразу падрыхтуем абгрунтаваныя пярэчанні.

-- Верыце, што гэта на нешта паўплывае?

-- Практычна не маю ніякай веры, таму што падобныя рашэні ў вертыкальнай сістэме прымаюцца наверсе, і я перакананы, што рашэнне аб нерэгістрацыі ўзгоднена (а можа, нават і ініцыявана) вярхоўнай уладай.

-- Вы даволі вопытны палітык. Ну няўжо нельга было падрыхтаваць дакументы так, каб да іх нельга было прычапіцца? У рэшце рэшт, можна было наняць пяць юрыстаў, якія б ведалі ўсе нюансы -- што і як павінна быць аформлена...

-- Практыка апошніх гадоў дэманструе, што дакументы тут абсалютна ні пры чым. Гэта палітычнае рашэнне. Нават калі б дакументы пісалі на нябёсах, да іх усё роўна прыдраліся б! Тым больш што ніводны подпіс у нас не абскарджваўся, яны ўсе сапраўдныя. Праблема ў тым, што графолагі нібы высветлілі: даты напісаны не той рукой. Хаця і за гэтым мы сачылі!

На мой погляд, гэта проста пытанне мэтазгоднасці: патрэбны Мілінкевіч і іншыя ў парламенце, нават у актыўнай выбарчай кампаніі, ці не. Відавочна, што ўлада сёння не жадае дапускаць у парламент нават маленькі астравок апазіцыі...

-- Ведаеце, у гэтым сэнсе мне падабаецца вядомы бізнесмен Юрый Чыж, які кажа сваім футбалістам-няўдачнікам: маўляў, калі б суддзям не было да чаго прычапіцца ў вашай гульні, дык не прычапіліся б. Так, мне падаецца, з Цэнтрвыбаркамам і вашымі падпіснымі лістамі...

-- Не сумняваюся ў подпісах абсалютна, бо сам іх збіраў! Ведаю, як мы дакладна і адказна падыходзілі да гэтай справы.

Памятаеце, калі былі апошнія прэзідэнцкія выбары, некаторыя кандыдаты здавалі ксеракопіі падпісных лістоў з мінулых выбараў, і ўсё гэта праходзіла, таму што ўлада была зацікаўлена, каб было шмат кандыдатаў, а цяпер... А тут, бачыце, дата пастаўлена не той рукой. Не прозвішча чалавека, не яго подпіс, а дата.

-- Якраз хацела сказаць, што падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года адзначалася, што быццам бы толькі два кандыдаты ў прэзідэнты сабралі неабходную колькасць подпісаў, але зарэгістравалі ўсіх. Чаму гэтым разам улада праводзіць такую прыдзірлівую выбарку кандыдатаў?

-- Заўважце: у асноўным зарэгістравалі тых дэмакратаў, якія збіраюцца здымацца перад днём выбараў...

-- А калі яны раптам перадумаюць і не стануць здымацца перад галасаваннем, а пойдуць да канца?

-- Шчыра скажу: не так проста выйграць выбары ў сённяшніх умовах, як многім падаецца. Вельмі вялікая для мяне школа была, калі я стаяў у пікетах і сустракаўся з людзьмі. Гэта лепшая сацыялогія! Дарэчы, усё, што я пачуў з вуснаў выбаршчыкаў, адпавядае таму аналізу, які робіць зарэгістраваны ў Вільнюсе НІСЭПД. І я так скажу: нават у вольных выбарах апазіцыя не можа перамагчы аўтаматам, яна мусіць вельмі моцна працаваць. Таму што наш рэйтынг трошкі вышэйшы за ўладны ў Мінску, але не настолькі, каб лёгка набраць 50 працэнтаў. Гэта вялікая-вялікая праца!

Улада яўна не жадае, каб у парламенце былі апазіцыянеры. Бо гэта ўзмоцніць апазіцыю, а чыноўнікі ў гэтым не зацікаўлены. Навошта працаваць з апазіцыяй, калі можна проста называць яе маргінальнай?

-- Ці падзяляеце вы думку наконт таго, што ўладзе нявыгадна, каб парламенцкія выбары прызнала міжнародная супольнасць. Бо можа атрымацца дзіўная сітуацыя: пры легітымным парламенце -- нелегітымны прэзідэнт.

-- Думаю, што гэтыя выбары апрыёры не могуць быць прызнаны адпавядаючымі крытэрыям АБСЕ, бо яны ўжо сёння ім не адпавядаюць! Для ўлады важна, каб была проста канстатацыя таго, што ёсць значны прагрэс. І для гэтага яна можа зрабіць штучную канкурэнцыю -- не аднаго свайго кандыдата з астатнімі выставіць па акругах, а двух. Але апазіцыю, якая мае імя і якую больш-менш ведаюць, у Палату прадстаўнікоў не пусцяць.

-- Раскажыце, чым цяпер плануеце займацца? Чытала, што вы расстроіліся, што вас не зарэгістравалі...

-- Так, я -- чалавек, таму і расстроіўся. Хацеў працаваць далей, рыхтаваўся па тэлебачанні выступіць... Але ж працы вельмі многа. І падзел на тых, хто за байкот і хто супраць, -- вельмі штучны. На мой погляд, апазіцыя падзялілася на тых, хто займаецца Лукашэнкам -- апелюе да яго, нешта хоча яму даказаць, і на тых, хто разумее, што не там ключык ляжыць, што трэба перш-наперш працаваць з людзьмі. Гэта стары выраз, замусолены, але ён абсалютна шчыры! Не папрацуем з людзьмі -- не будзем існаваць у іх розумах і надзеях. Трэба быць людзям цікавымі, уяўляць сапраўдную альтэрнатыву ўладзе.

Я шмат працаваў у апошнія месяцы з людзьмі. Самае вялікае ўражанне на мяне зрабілі тыя, хто падчас пікетаў падыходзіў і казаў: “Нам бліжэй Лукашэнка, але мы зараз падпішамся, а потым яшчэ і прагаласуем за вас”. Я пытаўся: “Чаму?” “Мы разумеем, што патрэбна альтэрнатыва і дыскусія, бо, калі не будзе дыскусіі ў парламенце, у мясцовай уладзе, будзе застой, а мы гэта ўжо праходзілі”, -- гэта была вельмі тыповая размова, якая мяне вельмі ўсцешыла. Бо многія ўсведамляюць, што людзі з рознымі поглядамі могуць плыць у адной лодцы. І так павінна быць!


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Многія спадзяваліся, што лідар Руху “За свабоду” ўсё ж такі трапіць у Авальную залу. Аднак ён праляцеў, як фанера над Парыжам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика