Сяргей МАСКЕВІЧ: "Настаўнік павінен быць артыстам..."
04.10.2012
—
Новости Политики
|
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч падтрымлівае ідэю стварэння пры сваім ведамстве грамадскага савета, у які маглі б увайсці прадстаўнікі як педагагічнай, так і бацькоўскай грамадскасці. Аб гэтым ён паведаміў, адказваючы на пытанне журналіста "Звязды" на прэс-канферэнцыі, што прайшла напярэдадні Дня настаўніка ў Нацыянальным прэс-цэнтры: — Прызнаюся, што я і сёння выкарыстоўваю розныя крыніцы інфармацыі пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў — выязджаю ў школы, сустракаюся з бацькамі школьнікаў. Я цудоўна разумею людзей, якія доўгі час займаліся распрацоўкай Кодэкса аб адукацыі: яны ўсё прымалі блізка да сэрца, прапусцілі ўсё праз сябе, таму сёння яны адстойваюць сваю пазіцыю і лічаць, што тое, што мы маем, — гэта аптымальна. Але ёсць і іншыя людзі, настроеныя больш ліберальна, больш крытычна, якія лічаць, што многія пазіцыі, адлюстраваныя ў Кодэксе, патрабуюць пераацэнкі і пераасэнсавання. Я вельмі спадзяюся, што нарэшце запрацуе Беларускае педагагічнае таварыства, дзейнасць якога ў гэтым годзе была адноўлена. Я вельмі задаволены дзейнасцю клуба "Хрустальны журавель", які аб'ядноўвае ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу "Настаўнік года". Таму я ўжо ўяўляю сабе, хто б мог увайсці ў дарадчы орган. Магчыма, мы арганізуем пры міністэрстве пастаянную дыскусійную пляцоўку, у тым ліку і віртуальную, каб была магчымасць хутка даведвацца пра меркаванне грамадскасці па актуальных для ўсёй галіны пытаннях. Галоўны вектар развіцця сістэмы адукацыі, па словах Сяргея Маскевіча, — гэта паляпшэнне якасці адукацыі, а асноўная задача ведамства на бліжэйшы час — ажыццяўленне глыбокага аналізу адукацыйных праграм і вучэбнай нагрузкі. "Як паказвае сусветная практыка, узровень ведаў школьнікаў больш якасна ацэньваецца незалежнымі экспертамі, а не школьнымі настаўнікамі. Таму Міністэрства адукацыі разглядае зараз магчымасць увядзення незалежнага нацыянальнага экзамену ў базавай школе", — дадаў кіраўнік ведамства. Не выключаецца ў галоўным адукацыйным ведамстве таксама і магчымасць увядзення на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі прафілізацыі навучання. — Для нас вельмі важна павысіць якасць прафарыентацыйнай работы, — падкрэсліў міністр. — Пытанне рэгулявання патокаў выпускнікоў вельмі сур'ёзнае. Ні для каго не сакрэт, што зараз на старэйшую ступень школы можа трапіць любы ахвотны. Між іншым, старэйшая ступень фактычна з'яўляецца прыступкай для паступлення ў ВНУ. І там проста так бавіць час за партай ужо нельга: будучы студэнт павінен быць нацэлены на навучанне, а таксама на тое, што ў ВНУ яму прыйдзецца па-сапраўднаму "пахаць" для атрымання новых ведаў... Сёння падрыхтоўка педагагічных кадраў вядзецца ў 14 ВНУ. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуюць больш як 107 тысяч педагагічных работнікаў. З 1 верасня да працы прыступілі 6 300 маладых спецыялістаў — выпускнікоў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Закранаючы пытанне дэфіцыту кадраў у галіне, міністр падкрэсліў, што ў краіне пераважна не адчуваецца дэфіцыту педагагічных кадраў. Пры гэтым у некаторых школах прыцягваюцца да работы па асобных прадметах педагогі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, а таксама лепшыя студэнты 5 курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. — Я лічу, што, калі ў школе ёсць як вопытныя кадры, так і моладзь, — гэта цудоўна, таму што павінна быць пераемнасць пакаленняў. Сталыя настаўнікі павінны перадаваць свой досвед маладым. Таму, калі ў педагогаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, будзе жаданне і магчымасць працаваць у школе, мы будзем гэта толькі вітаць . Але, як паказваюць даследаванні, абсалютная большасць педагогаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, не жадае працягваць педагагічную работу. Для настаўнікаў надзвычай актуальна прафесійнае выгаранне. А настаўнік, я ўпэўнены, павінен гарэць. Ён павінен быць артыстам і якасна выконваць на ўроку сваю ролю... Толькі ў гэтым выпадку можна разлічваць на поспех. Як вядома, са студзеня 2013 года ў Беларусі стартуе пілотны праект па новым механізме фінансавання ўстаноў адукацыі, зыходзячы з нарматыву на аднаго вучня. Міністр адукацыі лічыць, што сістэму аплаты працы педагогаў трэба змяняць і прывязваць яе да канкрэтных вынікаў іх работы. Старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка паведаміў журналістам, што сярэдні заробак у сферы адукацыі сёння складае 332 долары, а напрыканцы 2010 года ён складаў 427 долараў. — На жаль, нягледзячы на тое, што тарыфная стаўка першага разраду некалькі раз пераглядалася, нам пакуль не ўдалося выйсці на ўзровень 2010 года. Пагадзіцеся, што пры выбары настаўніка для свайго дзіцяці бацькі кіруюцца або грамадскай думкай (цікавяцца меркаваннем суседзяў, сваякоў, сяброў), або ўласным досведам. Таму ўсе масава ідуць да аднаго настаўніка і праходзяць міма іншых. Я абсалютна ўпэўнены, што вышэйшы пілатаж у педагогіцы павінен заахвочвацца матэрыяльна. Але ці гатова наша педагагічная грамадскасць да таго, што хтосьці з калег будзе атрымліваць звышзаробкі? Асабіста я ў гэтым не ўпэўнены... Сёння вядзецца работа над праектам аб атэстацыі педагагічных работнікаў. Пазіцыя прафсаюза заключаецца ў тым, каб розніца ў аплаце за наяўнасць першай, другой і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў педагогаў была істотнай. Каб ва ўсіх педагогаў быў стымул да павышэння сваёй кваліфікацыі... Надзея НІКАЛАЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч падтрымлівае ідэю стварэння пры сваім ведамстве грамадскага савета, у які маглі б увайсці прадстаўнікі як педагагічнай, так і...
|
|