Ад Бесядзi да Дзвiны. 21.by

Ад Бесядзi да Дзвiны

21.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Год роднай зямлi

Наш экiпаж у складзе Юрыя Сапажкова, Алеся Карлюкевiча i мяне быў запрошаны на другое абласное свята паэзii, якое ладзiлася ў Касцюковiчах, i на вечарыну, прысвечаную 95-годдзю Аркадзя Куляшова.

Як для мяне, дык паездка гэтая была ў першую чаргу звязана з доўгачаканым наведваннем радзiмы Алеся Пiсьмянкова, мясцiнамi, куды ён некалi настойлiва запрашаў не раз, але пабываць у якiх пры ягоным жыццi так i не давялося: усё думалася, што паспею. Так вось атрымалася, што Алеся не стала, i на яго радзiму давялося ехаць без яго.

За рулём быў Юрый Мiхайлавiч Сапажкоў, чалавек выдатны i кiроўца вопытны, але надвор'е было такiм, што рухалiся мы з хуткасцю сорак-пяцьдзесят кiламетраў у гадзiну. Я ўглядаўся ў ранiшнюю шэрань i ўзгадваў, як часта Алесь мне распавядаў пра свае вандроўкi дадому, як ён iрваўся туды, асаблiва летам, у час адпачынку. Аднойчы я праводзiў яго на вакзал, мы спазнiлiся лiтаральна на пару хвiлiн, i Алесь дакуплiваў бiлеты на iншы цягнiк, з перасадкай, абы толькi дабрацца хутчэй у свае Бялынкавiчы. Я па яго расповядах ведаў амаль усiх яго суседзяў-аднавяскоўцаў, блiзкую i далёкую радню, аднакласнiкаў i настаўнiкаў.

І вось мы ў Касцюковiчах. Пакуль не пачаўся фестываль паэзii, прашу паказаць нам дзе дзiцячая бiблiятэка, якая носiць iмя Пiсьмянкова. Сцiшылiся перад невялiкiм будынкам, на сцяне якога мемарыяльная дошка, што паведамляе аб тым, iмя каго носiць установа. Унутры —вялiкi стэнд са здымкамi, кнiгамi, ксеракопiямi артыкулаў. Дарэчы, знаходжу на стэндзе i сваё прозвiшча. Цi думаў калi, цi мог сабе ўявiць, што я, старэйшы па ўзросце, буду стаяць перад мемарыялам сябра?...

На абласным свяце паэзii, якое адкрылася неўзабаве, пра Алеся ўзгадвалi не раз i ўдзельнiкi i госцi-пiсьменнiкi-землякi Леанiд Левановiч i Вiктар Патапенка. Ён, дарэчы, старанна рупiцца пра памяць аб Пiсьмянкове, збiрае матэрыялы пра дзяцiнства, школьныя гады паэта.

У Бялынкавiцкай сярэдняй школе ўсё нагадвае пра славутага выпускнiка: i мемарыяльная дошка перад уваходам, i вялiкi стэнд у музеi. Сярод настаўнiкаў ужо мала хто памятае бялявага вучня, але ўсе добра памятаюць мацi Алеся, якая доўгi час працавала ў Бялынкавiчах медсястрой, заслужыла павагу i любоў аднавяскоўцаў. Добрую памяць у аднавяскоўцаў пакiнуў i бацька Алеся, якi працаваў шафёрам, загадчыкам гаража ў мясцовай гаспадарцы. Я быў сведкам, як балюча Алесь перажываў смерць спачатку бацькi, потым праз некалькi гадоў — бабулi i мацi. Яго шчымлiвыя радкi журбы сталi сапраўднымi перлiнамi айчыннай паэзii.

I вось мы каля дома, якi цяпер належыць iншым людзям. Як часта чуў я ад сябра пра каня Рыжыка, пра сад, дзе стаяў будан, у якiм летам Алесь любiў спаць. Пасля смерцi бацькоў i бабулi ў доме спачатку жыла радня, потым Алесь з братам рашылi прадаць хату добрым людзям. Дарэчы, у час выступлення ў школе ў адзiнаццатым класе адна з вучанiц сказала, што яна з сям'ёй жыве ў доме паэта, i яны шануюць светлую памяць пра яго.

Потым мы выйшлi на стромы бераг Бесядзi. Я многа дзе пабываў i ў Беларусi, i за яе межамi, але тутэйшыя краявiды па-сапраўднаму ўразiлi сваёй прыгажосцю. Як нi банальна гэта гучыць, але ў такiх краях сапраўды павiнны нараджацца паэты. Нездарма Алесь столькi гаварыў i пiсаў пра свае родныя мясцiны.

I вось пра што падумалася тады. Пра наша беларускае слова. Якiм багатым, сакавiтым было яно ў Алеся. А Бялынкавiчы ж усяго за пару дзясяткаў кiламетраў ад Расii. Так тлумачылi мне, калi я пытаўся, чаму так рэдка чуваць беларускае слова i ў школе, дзе вучыўся паэт, i ў гаворках мясцовых жыхароў. Але ж разгортваю кнiжку Пiсьмянкова i чытаю: "Слоўнiк бабы Насты": "Аляксей Пысiн раiў вучыцца роднай мове ў вясковых жанчын..." I далей паэт распавядае пра багацейшы лексiчны запас сваёй бабы Насты. I я ўзгадваю, як часта, калi мы, едучы ў трамваi, размаўлялi памiж сабой, ведама ж, па-беларуску, незнаёмыя людзi ўступалi ў гаворку, то здзiўляючыся, то, часцей, ухваляючы такую акалiчнасць, але мы загадзя дамовiлiся, што не будзем уступаць у падобныя гаворкi, адно толькi адказвалi: "I вы гаварыце".

I для мяне, i для яго, для дзяцей нашых нiколi не было праблемай роднае слова, яно гучала ў нашых паўсядзённых гаворках, i зараз я з Алесевымi i ўласнымi дзецьмi размаўляю толькi па-беларуску, хоць, калi патрабуе сiтуацыя, вольна карыстаюся мовай рускай. I справа тут не толькi ў прафесii, не толькi ў лiтаратурным занятку. Як можна не любiць карыстацца мовай народа, якi стварыў столькi цудоўных песень, казак, якi пранёс сваё слова праз безлiч пакут, здзекаў i забарон i захаваў для нашчадкаў?

Памятаю, як мой аднакласнiк i сябрук сказаў мне аднойчы:

— Чаго нам так дбаць пра беларускую мову, мы ж не беларусы.

Так, ён нарадзiўся ў Таджыкiстане ў сям'i вайскоўцаў, бацька i мацi яго родам з Урала, а мае продкi пасялiлiся ў гэтым краi шмат стагоддзяў таму, гнаныя з роднай зямлi. Але вырасшы ў нашым прыгарадным пасёлку, я не чуў з маленства нiякай iншай мовы, i бабуля мая расказвала казкi i спявала песнi па-беларуску. Пазней у адным з вершаў я знайшоў адказ на пытанне сябра:

Бо знаю, толькi гэдак можна

Свой лёс з народам падзялiць,

Каб на яго спрадвечнай мове

З зямлёй i небам гаварыць.

Дарэчы, i Алесь знайшоў свой асабiсты адказ пра маю беларускасць у навеле "Сто песень Навума Гальпяровiча".

Я ўзгадаў свой Полацк. Дзякуй Богу, Алесь быў са мной на маёй радзiме не раз. Начаваў у хаце ў маленькай вёсачцы Зыкова на мяжы Полацкага i Ушацкага раёна, якую я набыў шмат год таму i куды стараюся прыязджаць, каб адпачыць душой, надыхаўшыся чыстага вясковага паветра, лавiў рыбу ў мясцовых азёрах i маляўнiчай рэчачцы Ушачцы, якой, як пiсаў Пятрусь Броўка, "далёка да Дняпра".

I мы разумелi, што хоць ад майго Полацка да яго Бялынкавiч амаль паўтысячы кiламетраў, гэта наш агульны беларускi дом, зямля, што нам дадзена лёсам. I Аркадзь Куляшоў з Бесядзi, i Пятрусь Броўка з Ушач, як i Пысiн, Быкаў, Чыгрынаў, Савiцкi — блiзкiя землякi, бо лучыць iх наша зямля, наша мова.

Пра мову напiсана i сказана столькi i выдатнымi дзеячамi навукi i культуры, i самымi простымi шчырымi i душэўнымi людзьмi, што цяжка дадаць нешта новае. Напэўна, проста трэба аднойчы адчуць асалоду ад такiх простых i звычайных слоў, якiя пахнуць для многiх дзяцiнствам, водгуллем вечаровых песень. Мова раптам абуджаецца i квiтнее ў тых, хто не так даўно нарадзiўся ў буйным горадзе i мала чуў яе з маленства, бо яна — у генетычнай памяцi, у крывi, нездарма яе завуць крывiцкай. Я вырас на вялiкай рускай лiтаратуры, што мне не перашкаджае любiць i шанаваць роднае слова. I як нi дзiўна, менавiта Тургенеў i Талстой, Гогаль i Дастаеўскi, Бунiн i Маякоўскi, Рубцоў i Таркоўскi пераконвалi мяне ў правiльнасцi ўласнага выбару.

Як гэта рабiў у рэдакцыi часопiса "Нева" тады яшчэ ў Ленiнградзе вядомы рускi паэт Усевалад Раждзественскi. Пачытаўшы мае пачаткоўскiя вершы, якiя я напярэдаднi занёс у рэдакцыю, мэтр, дазнаўшыся, што я з Полацка, параiў мне пiсаць на беларускай мове. Ён выдатна разумеў, што толькi на той мове, якая мае глыбокiя каранi, можна ярка i напоўнiцу выказаць свае думкi i пачуццi.

За гэты час мне не раз даводзiлася сустракацца з людзьмi, для якiх роднае слова было i ёсць натуральнай патрэбай. I гэта былi не толькi i не столькi пiсьменнiкi, журналiсты, фiлолагi. Чамусьцi прынята думаць, што менавiта людзi гэтых прафесiй i заняткаў дбаюць пра лёс мовы, размаўляюць на ёй.

Але сярод маiх добрых знаёмых ёсць дактары, iнжынеры, звычайныя рабочыя людзi. Ёсць сярод iх i тыя, хто ў розны час прыехаў з iншых краёў, але далучылiся да мовы народа, з якiм паяднаў лёс, да яго гiсторыi i культуры.

Ратаваннем ад нематы

Я свой лёс назаўжды прыдумаў.

Беларускай душы матыў

Тут з бiблейскiм мяжуе сумам.

Бо адкуль даўнi продак мой,

З Вiфлеему цi Назарэту?

Родны горад мой над Дзвiной.

Разгадаў ты загадку гэту.

Я адсюль назаўжды пранёс

Цiхi вечар i ранак сiнi.

Палатоўскi пясчаны плёс

Каля цэркаўкi Ефрасiннi...

Я пiсаў гэтыя радкi, калi Алеся ўжо не было ў жывых. А так хацелася, каб ён пачуў iх, як чуў не раз ранейшыя мае вершы!.. Як мне не хапае яго шчырай усмешкi, яго чмялiста-густога голасу, поцiску яго рукi... Але я бачыў яго Бесядзь, але са мной у думках i наяве мая Дзвiна, але ёсць наш край, наша Беларусь, зямля, што дадзена нам лёсам. I трэба жыць i працаваць, каб над ёй свяцiла шчодрае сонца, каб весела смяялiся дзецi, каб на цудоўнай i прыгожай нашай мове прызнавалiся ў каханнi i спявалi песнi. Каб год роднай зямлi доўжыўся не адно стагоддзе.

Навум Гальпяровiч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наш экiпаж у складзе Юрыя Сапажкова, Алеся Карлюкевiча i мяне быў запрошаны на другое абласное свята паэзii, якое ладзiлася ў Касцюковiчах, i на вечарыну, прысвечаную 95-годдзю Аркадзя Куляшова.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика