Недзiцячыя праблемы дашкольнай адукацыi. 21.by

Недзiцячыя праблемы дашкольнай адукацыi

23.12.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Якасць i даступнасць дашкольнай адукацыi, здароўе i бяспека дашкольнiкаў, падрыхтоўка кадраў для сеткi дашкольных устаноў i сацыяльны статус выхавальнiкаў — вось далёка не поўны пералiк пытанняў i праблем, якiя ўзнiмалiся на калегii, што прайшла ў сценах Мiнiстэрства адукацыi. Мiнiстр адукацыi Аляксандр Радзькоў наўмысна абвастрыў праблемнае поле, азадачыўшы калег сваiмi пытаннямi: "Чаму мы не можам гарантаваць бацькам, якiя давяраюць нам самае дарагое, бяспеку iх дзяцей? Чыя гэта недапрацоўка: праекцiроўшчыкаў, канструктараў мэблi i гульнявога абсталявання цi наша з вамi бязладнасць? Чаму немаўля, якое прыходзiць у дзiцячы садок, пакуль не перахварэе на ўсе вядомыя дзiцячыя хваробы, не можа прыстасавацца да дзiцячага калектыву? Што для выхавальнiкаў больш важна: павышэнне заробкаў цi аднаўленне ранейшай працягласцi працоўнага адпачынку? Цi варта захоўваць у дзiцячых садках уласныя кухнi, якiя з'яўляюцца галаўным болем для кiраўнiкоў дашкольных устаноў? Цi патрэбная выхавальнiкам вышэйшая адукацыя, магчыма, для працы з дзецьмi дастаткова заканчэння i педагагiчнага каледжа?"

Дэмаграфiя i дэфiцыт дзiцячых садкоў

Сёння ў краiне дзейнiчаюць 4087 дашкольных устаноў. Працэнт ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй застаецца стабiльна высокiм — дзiцячыя садкi наведваюць па краiне 79,1 працэнта дзяцей дашкольнага ўзросту (27,9 працэнта дзяцей ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў i 91,4 працэнта дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў). Па рэгiёнах самы высокi паказчык ахопу дзяцей у Мiнску (87,7 працэнта), а самы нiзкi — у Брэсцкай вобласцi (73,7 працэнта).

— Разам з тым iснуе праблема недахопу месцаў у дашкольных установах у мiкрараёнах-новабудоўлях, а таксама ў раёнах кропкавай забудовы, дзе ўвядзенне ў строй дашкольных устаноў адстае ад будаўнiцтва жылога фонду, — падкрэслiла ў сваiм выступленнi начальнiк упраўлення дашкольнай адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Галiна МАКАРАНКАВА. — Гэта праблема асаблiва актуальная для сталiчных мiкрараёнаў Мiхалова, Чырвоны Бор, Сухарава, Масюкоўшчына, Каменная Горка, Кунцаўшчына, Брылевiчы, Лошыца, для гродзенскiх мiкрараёнаў Дзевятоўка, Вiшнявец, брэсцкiх Дуброўка, Кавалёва, Вулька, Усход-6, для Баранавiчаў, Лiды, Пiнска, Вiцебска, Наваполацка i некаторых iншых гарадоў.

Трэба нагадаць, што ў 90-я гады, калi дашкольныя ўстановы перадавалiся ў арэнду камерцыйным i дзяржаўным арганiзацыям, гучалi абяцаннi, што гэта часовая мера — да выпраўлення дэмаграфiчнай сiтуацыi. Сёння — самы час вярнуць гэтыя ўстановы дзецям, аднак адваротнага працэсу не назiраецца. Галiна Макаранкава папярэдзiла, што ў найблiжэйшы час праблема дэфiцыту месцаў у дзiцячых садзiках дадаткова абвострыцца, што звязана са змяненнем дэмаграфiчнай сiтуацыi. Так, ужо ў гэтым годзе больш чым на 4 працэнты павялiчыўся кантынгент дзяцей першага i на 7,9 працэнта — другога года жыцця. А ў 2010 годзе колькасць дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў, якiх трэба будзе ўладкоўваць у дашкольныя ўстановы, узрасце на 8,4 працэнта.

Апошнiм часам сталi актыўна ўкараняцца новыя формы арганiзацыi дашкольнай адукацыi з кароткачасовым рэжымам знаходжання дзяцей у дашкольных установах — ад 2 да 7 гадзiн. Усяго такiх групаў створана па краiне ўжо 1247 (у 2008 годзе — 347). Перспектыўным кiрункам лiчацца i платныя адукацыйныя паслугi дзецям у хатнiх умовах. Ужо створана адпаведная нарматыўна-прававая база i падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыi...

Галоўнае — бяспека дзяцей

У апошнiя гады захваральнасць выхаванцаў дашкольных устаноў пачала пакрысе змяншацца. Згодна са статыстыкай, у гэтым годзе сярод выхаванцаў дашкольных устаноў было зарэгiстравана 877 захворванняў на 1 тысячу дзяцей (у 2008 годзе — 1569 захворванняў). У сярэднiм на адно дзiця прыпадае 10 дзён пропуску на працягу года па прычыне хваробы (у горадзе — 9 дзён i ў сельскай мясцовасцi — 8).

— На вынiковасць аздараўленчых мерапрыемстваў у дашкольных установах уплывае першапачатковы стан здароўя дзяцей, — упэўнена Галiна Макаранкава. — А як вынiкае з медыцынскiх картак дзяцей, якiя паступаюць у дзiцячыя садкi, толькi 11 працэнтаў з iх маюць першую групу здароўя. Вывучэнне дзейнасцi педагагiчных калектываў дазваляе сцвярджаць, што за тры—чатыры гады знаходжання дзяцей у дашкольных установах iх здароўе не пагаршаецца. Здараецца, што дзяцей пераводзяць з трэцяй групы здароўя ў другую, радзей — з другой у першую. Разам з тым iснуе праблема медыцынскага суправаджэння нашых выхаванцаў. Пры адсутнасцi ўрачэбнага суправаджэння i дастатковай колькасцi медыцынскага персаналу ў дзiцячых садках, у тым лiку па дыетычным харчаваннi, дапамагчы дзiцяцi прызвычаiцца да садка, забяспечыць яму ўвесь комплекс здароўезберагальных паслуг, яго сацыялiзацыю i паспяховы пераход на наступны ўзровень адукацыi — праблематычна. Не вырашана пакуль i праблема праходжання дзецьмi паглыбленых медыцынскiх аглядаў. Недапушчальна высокiм застаецца ўзровень траўматызму дзяцей. Натуральныя нормы харчавання — недасягальная вышыня

Асобна трэба спынiцца на арганiзацыi харчавання дзяцей. Нiхто не хавае, што цяперашнiя грашовыя нормы выдаткаў на харчаванне дзяцей не адпавядаюць натуральным нормам, гэта значыць, патрэбам дзiцячага арганiзма. Праведзены ў першым паўгоддзi аналiз выканання нормаў харчавання дзяцей паказаў, што невыкананне сутачнага рацыёну вагаецца ў розных рэгiёнах ад 25 да 35 працэнтаў. Самы нiзкi паказчык выканання (64 працэнты) — на Магiлёўшчыне ў сельскай мясцовасцi, а самы высокi (91 працэнт) — на Брэстчыне ў гарадскiх дзiцячых садках.

Рэгулярна выяўляюцца факты парушэння тэхналогii прыгатавання страў, тэрмiнаў захоўвання прадуктаў харчавання, нерацыянальнага выкарыстання грашовых сродкаў, перавышэння нормаў харчавання па адных прадуктах, напрыклад, па макароне (на 280 працэнтаў!!!) i невыкананне па iншых, напрыклад, па мясе (на 30 працэнтаў). Гэтыя парушэннi не заўсёды абумоўлены злоўжываннямi, часцей за ўсё яны з'яўляюцца наступствам прафесiйнай некампетэнтнасцi работнiкаў, адказных за харчаванне дзяцей. Нiзкая заработная плата работнiкаў харчовых блокаў зусiм не спрыяе замацаванню ў дашкольных установах квалiфiкаваных кадраў.

Ужо даўно лабiруецца пытанне павелiчэння бацькоўскай платы за дзiцячы садок. Сёння бацькi аплачваюць толькi 60 працэнтаў кошту харчавання дзiцяцi. Ёсць меркаванне, што рост дабрабыту беларускiх сем'яў дазваляе дыферэнцыраваць норму аплаты за ўтрыманне дзяцей у дашкольных установах у залежнасцi ад даходаў бацькоў. Да таго ж ёсць сем'i, гатовыя аплачваць i 100 працэнтаў натуральных нормаў харчавання. У Жодзiне, дарэчы, яшчэ з 2004 года рашэннем сесii дэпутатаў была павялiчана плата за садок, i кожная сям'я даплачвае на харчаванне дзiцяцi 10-15 тысяч рублёў штомесяц. Новы падыход да ўстанаўлення бацькоўскай платы, лiчаць у мiнiстэрстве, дазволiць зняць праблему выканання натуральных нормаў харчавання ў дашкольных установах.

Як спынiць адток кадраў?

Падчас праведзенага сярод бацькоў анкетавання, якiм былi ахоплены больш як 45 тысяч чалавек, 86 працэнтаў рэспандэнтаў выказалi задаволенасць якасцю дашкольнай адукацыi i прызналiся, што яны давяраюць педагогам. Аднак для дзейнасцi асобных педагогаў характэрны нiзкi ўзровень прафесiйнай кампетэнтнасцi. На думку Галiны Макаранкавай, асноўная прычына — адсутнасць конкурсу на вакантныя пасады выхавальнiкаў дашкольных устаноў. Шчыра кажучы, пра якi конкурс можа весцiся гаворка, калi вакансii ўвогуле няма кiм запаўняць. Ужо не першы год назiраецца адток квалiфiкаваных кадраў з дзiцячых садкоў. Многiя маладыя спецыялiсты пасля двух гадоў адпрацоўкi па размеркаваннi таксама ў дзiцячых садках не затрымлiваюцца.

Прычыны такой сiтуацыi агучыла старшыня Рэспублiканскага савета загадчыкаў дашкольных устаноў, загадчыца сталiчнага дзiцячага садка № 404 ААТ "Гарызонт" Наталля ГРЫНЕВІЧ: "Гэта звязана з самымi нiзкiмi ў галiне адукацыi заробкамi, са скарачэннем у выхавальнiкаў працягласцi адпачынку i павышанай педагагiчнай нагрузкай. Таксама вельмi часта праца выхавальнiка ўскладняецца неабходнасцю запаўнення шматлiкай дакументацыi, выкананнем службовых абавязкаў тэхнiчнага персаналу, якi адсутнiчае, вырашэннем шматлiкiх гаспадарчых пытанняў. Выхавальнiкi вымушаны займацца рамонтам памяшканняў у групах, фарбаваннем абсталявання для гульнi, добраўпарадкаваннем кветнiкаў i тэрыторыi дашкольнай установы.

Наталля Грыневiч засяродзiла ўвагу яшчэ на абавязковым павышэнні прафесiйнай адукаванасцi кiраўнiкоў праз праходжанне курсавой падрыхтоўкi па фiнансава-эканамiчных, юрыдычных пытаннях i па асновах справаводства, а таксама ўключэнні гэтых дысцыплiн у праграму ВНУ, якiя займаюцца падрыхтоўкай кадраў для дашкольнай адукацыi. Выйсцем магло б стаць таксама абавязковае ўвядзенне ў штатны расклад дашкольных устаноў стаўкi iнспектара па кадрах i справаводстве.

Беларускiя кнiжкi — не для нашых дзяцей?

Асобна ўдзельнiкi калегii спынiлiся на праблемах вучэбна-метадычнага забеспячэння дзейнасцi дашкольных устаноў i прасоўвання на рынак беларускай кнiжнай прадукцыi i дзiцячых часопiсаў. Галiна Макаранкава паведамiла, што ў гэтым годзе быў выдадзены толькi адзiн дапаможнiк з 26, якiя былi падрыхтаваныя да выдання. Сродкаў на гэтыя мэты не знайшлося. Увогуле даволi часта заказ на вучэбныя дапаможнiкi для дзяцей фармiруецца абсалютна фармальна. Напрыклад, тыраж замовы на серыю "Умнейка" скарацiўся ўдвая.

— Калi мы навучымся нарэшце паважаць сваю працу i рэкламаваць сваю прадукцыю? —задаў зусiм не рытарычнае пытанне Аляксандр Радзькоў. — Нашым выдавецтвам ёсць што прапанаваць пакупнiкам, прычым беларускiя кнiгi для дзяцей цi дзiцячыя часопiсы нiколькi не горшыя за выпушчаныя ў Расii. Але чаму цэнтральнае месца на палiцах нашых кнiгарняў займае расiйская друкаваная прадукцыя i трэба прыкласцi шмат намаганняў, каб адшукаць там беларускiя выданнi? А ў супермаркетах нашай прадукцыi ўвогуле няма. Мне тлумачаць, што гаспадары гэтых гандлёвых аб'ектаў расiяне, таму мы не можам навязваць iм свае тавары. Прабачце, але гэтыя супермаркеты працуюць на тэрыторыi Беларусi, значыць, яны павiнны гуляць па нашых правiлах. Канкурэнцыя павiнна быць сумленнай: размясцiце на палiцы побач часопiсы i кнiгi беларускiя i расiйскiя. I няхай пакупнiк сам вырашае, што яму набыць: што больш цiкавае, карыснае для дзiцяцi i больш даступнае па цане. Не трэба пазбаўляць людзей права выбару. ..

Напрыканцы Аляксандр Радзькоў прадэманстраваў дзiцячую кнiжку "Азбука Бабы Ягi" аднаго расiйскага выдавецтва, якая быццам бы прызначана для чытання дзецьмi. Кнiга ў цвёрдай вокладцы, вельмi прыгожа аформленая, утрымлiвае шмат малюнкаў яўна з прыцэлам на дзiцячую аўдыторыю, але змест "дзiцячых" вершаў выглядае злоснымi кпiнамi цi нават здзекам. Прывядзем толькi некалькi "шэдэўраў" лiтаратурнага мастацтва.

Была она Прекрасная:

Улыбка — солнце ясное,

Коса — пшеница спелая,

А ручка — снежно-белая.

Но вздумала девица

Премудрости учиться:

И день и ночь за партою

Корпела над наукою,

И сделалась горбатою,

Кривою, близорукою.

Красавицу поблёклую

Зовут теперь Премудрою:

Она трёт щёки свёклою,

А носик мажет пудрою...

Как палка стала тощая,

От чтенья лоб наморщила...

И сказала хмуро:

— Какая же я дура!

Почему Кощей Бессмертный

Прожил десять тысяч лет?

Потому что был бездетный,

И детей не любит. Нет!

Эти дочки и сыночки —

Хуже нету заморочки:

То корми их, то играй...

Хоть ложись и помирай!

Почему Кощей Бессмертный

Просто сказочно богат?

Потому что он бездетный

И к тому же не женат

Эти дочки и сыночки —

Деньги вытащат из бочки:

То конфеты, то наряд —

Вмиг папашу разорят!

Почему Кощей Бессмертный

Всемогущий властелин?

Сундучок его заветный

Не найдут ни дочь, ни сын.

Эти дочки и сыночки

С сундука сорвут замочки:

Доберутся до яйца —

Траз — иглу...

И нет отца!

Довести способны дети

И Бессмертного до смерти!

Если вам предложат лечь

Не ложитесь, дети, в печь:

Ни в дрова, ни в уголь —

Лучше встаньте в угол!

Пригласят вас в печку сесть,

Не садитесь — могут съесть:

Плохо быть объеденным

За столом обеденным.

Целый месяц к Цапле

Журавель захаживал.

Журавель за Цаплей

День и ночь ухаживал...

А женился на подружке —

На царевне на Лягушке.

Есть один лишь способ

Спрятаться от Лиха:

Завернитесь в простынь —

И лежите тихо.

Варта дадаць, што кнiжка была набыта ў беларускай кнiгарнi. Прычым гэта быў ужо дадатковы тыраж — 10 тысяч асобнiкаў. Значыць, ёсць попыт на такую "лiтаратуру"...

Надзея НIКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якасць i даступнасць дашкольнай адукацыi, здароўе i бяспека дашкольнiкаў, падрыхтоўка кадраў для сеткi дашкольных устаноў i сацыяльны статус выхавальнiкаў — вось далёка не поўны пералiк пытанняў i праблем, якiя ўзнiмалiся на калегii, што прайшла ў сценах Мiнiстэрства адукацыi. Мiнiстр адукацыi Аляксандр Радзькоў наўмысна абвастрыў праблемнае поле, азадачыўшы калег сваiмi пытаннямi: "Чаму мы не можам гарантаваць бацькам, якiя давяраюць нам самае дарагое, бяспеку iх дзяцей? Чыя гэта недапрацоўка: праекцiроўшчыкаў, канструктараў мэблi i гульнявога абсталявання цi наша з вамi бязладнасць?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика