Галандскi аўкцыён, продаж за адну базавую — усё для пошуку эфектыўнага гаспадара. 21.by

Галандскi аўкцыён, продаж за адну базавую — усё для пошуку эфектыўнага гаспадара

29.01.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзяржаўны iнтарэс

У Брэсцкiм абласным тэрытарыяльным фондзе дзяржаўнай маёмасцi цяпер шчыруюць над падрыхтоўкай аб'ектаў да продажу на аўкцыёнах, а таксама пераўтварэннi дзяржаўных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы. Пра гэта, i не толькi, наша гутарка з дырэктарам фонду Паўлам МАНЬКО.

— На пачатку скажыце, калi ласка, Павел Паўлавiч, колькi слоў пра вынiкi мiнулага года i планы фонду дзяржмаёмасцi на гэты год.

— Варта зазначыць, што агульнаэканамiчная сiтуацыя, якая склалася летась, паўплывала на пэўнае знiжэнне дзелавой актыўнасцi. Гэта не магло не адбiцца на вынiках працы. Але свае планы, прагнозныя паказчыкi, практычна ўсе задачы, што стаялi перад намi на пачатак года, мы выканалi. За год былi ўцягнутыя ў гаспадарчы абарот 633 аб'екты нерухомасцi, з iх 106 аб'ектаў у малых гарадах вобласцi. Ад рэалiзацыi акцый i маёмасцi ў абласны, раённыя i гарадскiя бюджэты паступiла 13 мiльярдаў рублёў. Гэта лiчба меншая за паказчык папярэдняга года. Але варта падкрэслiць, што прыцягненне аб'ектаў у гаспадарчы абарот, гэта значыць вяртанне iх да жыцця, нельга мераць толькi паступленнем у бюджэт пэўнай сумы грошай. Галоўнай задачай выглядае пошук эфектыўнага ўласнiка, якi паставiць справу так, што ў рэшце рэшт сродкi паступяць i, магчыма, у дзясятак разоў большыя, толькi iншым спосабам: праз стварэнне працоўных месцаў, адлiчэннi ад заработнай платы, адлiчэнне падаткаў.

Летась праведзена прыватызацыя 28 дзяржаўных прадпрыемстваў. На iх базе створана 25 акцыянерных таварыстваў. Можна прывесцi прыклады такiх адметных прадпрыемстваў, як птушкафабрыка "Дружба" i саўгас-камбiнат "Мiр" Баранавiцкага раёна, Баранавiцкi камбiнат ЖБК i завод ЖБВ у Баранавiчах, Белаазёрскi электрамеханiчны завод, тры торфапрадпрыемствы вобласцi.

А што датычыць планаў, то трэба зрабiць намнога больш, чым летась, менавiта па забеспячэннi эфектыўнага выкарыстання дзяржаўнай маёмасцi. А ў выпадку пагаршэння гэтай эфектыўнасцi нашай задачай становiцца прыняць меры, у тым лiку i па змене ўласнiка альбо акцыянаваннi прадпрыемства. Ну i, вядома, застаецца ў планах далейшае прыцягненне ў абарот маёмасцi, якая не выкарыстоўваецца. Канчатковыя лiчбы па продажы аб'ектаў на 2010 год пакуль не сфармiраваныя. А вось па пераўтварэннi дзяржаўных прадпрыемстваў у акцыянерныя таварыствы планы зацверджаныя: прыватызаваць давядзецца 81 прадпрыемства. З iх 50 прадпрыемстваў сiстэмы "Брэстаблсельгасбуда". Падрыхтоўчая работа праведзена, i да канца года будаўнiчыя арганiзацыi мусяць стаць акцыянернымi таварыствамi. Як i iншыя прадпрыемствы, з якiх 17 належаць да рэспублiканскай формы ўласнасцi, а астатнiя — да камунальнай.

— У кантэксце пераўтварэння прадпрыемстваў у акцыянерныя таварыствы вы гаварылi пра пошук формы эфектыўнага гаспадарання. Наколькi мне вядома, напрыклад, баранавiцкая птушкафабрыка "Дружба" працуе даволi эфектыўна, нягледзячы на дзяржаўную форму ўласнасцi. Якая тады патрэба ў падзеле на акцыi?

— Стварэнне акцыянерных таварыстваў на "Дружбе" i iншых прадпрыемствах з'яўляецца своеасаблiвым задзелам на будучыню. Калi з цягам часу для названых прадпрыемстваў спатрэбiцца iнвестар, скажам, для ўдзелу ў тэхнiчным перааснашчэннi, то знайсцi яго будзе нашмат лягчэй. Асаблiва замежныя дзелавыя людзi ў большасцi сваёй аддаюць перавагу супрацоўнiцтву з суб'ектамi гаспадарання прыватнай формы ўласнасцi, якiмi становяцца акцыянерныя таварыствы.

— Цi актыўна практыкуецца ў вобласцi продаж аб'ектаў за адну базавую велiчыню?

— Так. Мы выкарыстоўваем такую магчымасць для прыцягнення ў гаспадарчы абарот нерухомасцi. І перш за ўсё, шырока прымяняем адну базавую велiчыню плюс цану за права арэнды зямлi як пачатковы кошт аб'екта на аўкцыёне.

Летась такiм чынам было прададзена 111 будынкаў i 38 збудаванняў. У ходзе аўкцыённых таргоў кошт аб'ектаў значна вырастаў — часам у дзесяць-адзiнаццаць разоў. Так было з комплексам вытворчых пабудоў па вулiцы Працоўнай у Ляхавiчах i незавершаным будаўнiцтвам дзiцячага санаторыя ў раёне вёскi Пескi Кобрынскага раёна. Пакупнiкам, праўда, давялося заплацiць за права арэнды ўчастка зямлi. Але ў сельскай мясцовасцi плата зусiм невялiкая, складае лiтаральна некалькi соцень тысяч рублёў.

Галоўнае — не за колькi прадаць, а як знайсцi эфектыўнага гаспадара. Для гэтага ёсць розныя формы. Ну, напрыклад, так званы "галандскi" аўкцыён, калi ў ходзе продажу першапачатковая цана можа знiжацца аж на 80 працэнтаў. Цяпер дапускаецца таксама ўдзел аднаго пакупнiка ў таргах. I ўсё гэта мы выкарыстоўваем у практыцы. Напрыклад, за адну базавую велiчыню аднаму пакупнiку было прададзена 11 аб'ектаў. Усё для пакупнiка: купляй, прыводзь у парадак i распараджайся на карысць сабе i людзям.

— Якiм чынам фонд дзяржаўнай маёмасцi сочыць за далейшым выкарыстаннем прададзеных аб'ектаў?

— Калi пабудова прадаецца за адну базавую велiчыню, то продаж адбываецца з умовамi. Найпершыя з iх — стварэнне працоўных месцаў i ажыццяўленне прадпрымальнiцкай дзейнасцi. А формы кантролю могуць быць розныя: ад звычайнага манiторынгу да рэвiзiй i праверак. У мiнулым годзе мы цiкавiлiся аб'ектамi, што прадавалiся ў 2008 годзе. I пакуль што не было падстаў думаць, што новыя гаспадары не будуць выконваць умовы. У асноўным iдзе рамонт i рэканструкцыя будынкаў. Так, у Кобрыне прадпрымальнiк стварыў працоўнае месца на аб'екце былога ваеннага гарадка. У Лунiнцы на аб'екце, прададзеным у 2008 годзе, адкрыты бандарны цэх i прыстасаваны склад для аптовага гандлю, створаныя чатыры працоўныя месцы.

— Калi можна чакаць канчатковага вырашэння лёсу маёмасцi былых ваенных гарадкоў?

— Гэта надзвычай складанае пытанне. Лёс ваенных гарадкоў у асноўным абумоўлены тым станам, у якiм яны былi прынятыя ў камунальную ўласнасць ад вайсковых часцей, наяўнасцю iнжынерных i транспартных камунiкацый, а таксама прыдатнасцю для выкарыстання iх, так бы мовiць, у мiрных мэтах. Некаторыя з iх уяўляюць сабой базы для захоўвання нафтапрадуктаў, заглыбленыя ракетныя шахты, спецыфiчныя пульты кiравання.

Дарэчы, усяго з 1992 года вайсковыя часцi пакiнулi нам у спадчыну 2,2 тысячы аб'ектаў па вобласцi. Цяпер з той колькасцi ў камунальнай уласнасцi засталося 776 аб'ектаў. 505 выкарыстоўваецца, а далейшы лёс 279 павiнен быць вырашаны. Добра папрацавалi ў гэтым сэнсе ў мiнулым годзе райвыканкамы ў Пружанах, Кобрыне, Маларыце. Некаторым ваенным пабудовам знайшлi новых гаспадароў, а некаторыя былi разабраныя. Так, у Маларыце лiтаральна ў канцы 2009 года прадпрымальнiк купiў пад вытворчасць былы ваенны аб'ект. Цяпер у вобласцi засталiся фактычна самыя складаныя з iх. 124 патрабуюць спiсання i лiквiдацыi, але на гэта трэба больш за паўтара дзясятка мiльярдаў рублёў. Таму так хутка, як хацелася б, названую праблему не вырашыш. Варта адзначыць, што ў лiку ваенных пабудоў ёсць яшчэ i такiя, якiм можна знайсцi прымяненне, калi адшукаць зацiкаўленых iнвестараў. Паспрабуем гэта зрабiць сёлета.

— А адкуль прыходзяць патэнцыйныя iнвестары на Брэстчыну?

— Нашы iнвестары — гэта галоўным чынам юрыдычныя i фiзiчныя асобы з лiку грамадзян Рэспублiкi Беларусь. Летась усяго толькi два замежныя пакупнiкi набылi аб'екты на аўкцыёнах — грамадзяне Расiйскай Федэрацыi. Мы разумеем, што гэта вельмi мала, i разглядаем названы факт як уласную недапрацоўку. Магчыма, мала ўвагi надаём умелай рэкламе, можа, нясмела прапануем патэнцыйнаму iнвестару свае iдэi наконт магчымага выкарыстання маёмасцi. У нас ёсць што выкарыстоўваць нават у плане развiцця агратурызму, я маю на ўвазе асобныя былыя пачатковыя школы, клубы, ФАПы, iншыя будынкi.

— Калi размова зайшла пра развiццё турызму, якiя з цiкавых у гэтым сэнсе аб'ектаў будуць выстаўлены на продаж у найблiжэйшы час?

— Найпершы з iх — гэта нават не аб'ект, а комплекс аб'ектаў i парк ля вёскi Савейкi Ляхавiцкага раёна. Першапачатковая цана вызначана ў 2,2 мiльярда рублёў. Але там ёсць за што плацiць грошы. Гэта старадаўняя сядзiба вядзе сваю гiсторыю з ХVIII стагоддзя. Пабудовам, якiя засталiся, ад ста да 60 гадоў. Нядрэнна захаваўся стары парк. Вядома, продаж комплексу ў Савейках магчымы толькi з умовай захавання гiсторыка-культурнай спадчыны. Але ж прадпрымальны чалавек знойдзе як адрадзiць былую сядзiбу на 46 гектарах зямлi.

Цiкавым для аматараў агратурызму можа стаць i былы пiянерскi лагер "Чайка" на беразе вадасховiшча "Лактышы" ў Ганцавiцкiм раёне. Наогул, у нас многа цiкавых аб'ектаў. З iх характарыстыкамi можна азнаёмiцца як на сайце Дзяржмаёмасцi, так i на сайце нашага аблвыканкама, а потым прыходзiць да нас i весцi гаворку пра далейшае супрацоўнiцтва.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Брэсцкiм абласным тэрытарыяльным фондзе дзяржаўнай маёмасцi цяпер шчыруюць над падрыхтоўкай аб'ектаў да продажу на аўкцыёнах, а таксама пераўтварэннi дзяржаўных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы. Пра гэта, i не толькi, наша гутарка з дырэктарам фонду Паўлам МАНЬКО
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика