"Хто з Масквы, а хто з Растова, ну а я, браткі, з Хрыстова...". 21.by

"Хто з Масквы, а хто з Растова, ну а я, браткі, з Хрыстова..."

04.04.2010 07:43 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

— пісаў некалі пра свой радзінны куточак паэт Янусь Малец, зусім не жартуючы, хоць ён і паэт-гумарыст. Колькі разоў у сваім жыцці я праязджаў міма паказальніка на Хрыстова на памежжы двух раёнаў Віцебшчыны — Пастаўскім і Глыбоцкім, але напярэдадні Вялікадня не завітаць у вёску з самай рэлігійнай назвай я не мог. І, як аказалася, зусім не дарэмна. Назва назвай, але ж якія тут людзі! Па-першае, жывуць тут і католікі, і праваслаўныя, і, не зважаючы, што ў вёсцы няма ніводнай святыні, жыхары яе надзвычай рэлігійныя. А яшчэ хрыстоўцы — носьбіты зайздроснай гістарычнай памяці. Гісторыя ж вёскі вартая, каб пра яе ўзгадаць.



У лесе побач з Хрыстовам ёсць урочышча Горкі. Існуе легенда, што ў ХІ стагоддзі там быў узведзены манастыр. Першыя манахі-хрысціяне, пахрысціўшы 14 мясцовых людзей, называлі іх дзецьмі Хрыста. А месца — Хрыстовым. З тых першых тутэйшых хрысціян і паходзяць сённяшнія насельнікі з прозвішчамі Шчасны, Малец, Машніч, Татарэнка. Але першае згадванне пра вёску, як сведчыць краязнаўчы матэрыял, сабраны ў сельсавеце, адносіцца да часоў караля Стэфана Батуры, які кіраваў у другой палове ХVІ стагоддзя. А той манастыр праіснаваў да часоў Паўночнай вайны і быў спалены шведамі. Сёння на падмурках былога кляштара расце лес. Пакінула пра сябе памяць і вайна з Напалеонам. На поўдні ад вёскі яшчэ захаваліся рэшткі гаці, па якой рухаліся французскія салдаты, ды процьма магіл з іхнімі рэшткамі. І ў першую імперыялістычную праз Хрыстова праходзілі войскі. І ў Вялікую Айчынную таксама.


Ванда Ермаковіч атрымала свайго "Езуса" ад маці болей за 70 гадоў таму, калі была дзесяцігадовай дзяўчынкай, і пераканана, што разам з іншымі гэты абраз ахоўвае Хрыстова, дапамагае ісці па жыцці і мацаваць веру.

— Наша вёска сапраўды Богам пазначана, — кажа 84-гадовая жыхарка Ванда Ермаковіч. — Двойчы вёску хацелі спаліць фашысты, бо была лясная і партызанская, але кожны раз іхнім планам нешта перашкаджала. Відаць, наш анёл-ахоўнік.

Пасля вызвалення Хрыстова 5 ліпеня 1944 года ўсе мужчыны прызыўнога ўзросту былі ўзятыя на фронт. Пенсіянер Люцыян Шчасны кажа, што бадай усе і вярнуліся з вайны і бачыць у гэтым не менш як Божы промысел.

Сённяшняе Хрыстова — чысценькае і зялёнае месца, дзе кожны дамок вылучаецца дагледжаным падворкам, кветнікам перад вокнамі, пафарбаваным плотам. Тут усяго 49 падворкаў. Нават у пенсіянераў парадак і ахайнасць, за якія сельсавет гатовы прысвоіць званне "дом узорнага парадку".

— Тут жыве працаўніца-ардэнаносец, колішняя даярка Ганна Вярцінская, тут — лепшы ў акрузе майстар-пячнік Віктар Машніч, — скіроўвае маю ўвагу старшыня сельсавета Таісія Баторы.

Сапраўды добры гаспадарскі тон задае вяскоўцам старэйшына Людміла Шчасная. Уласнаручна яна стварыла перад сваім домам скульптурную кампазіцыю і абсадзіла яе рознымі кветкамі. Кажа: "каб радавацца жыццю ў гармоніі з прыродаю і прыгажосцю". Пабачыўшы ў яе на падворку, як млеюць на першым санцапёку каўбаскі і паляндвічкі, міжволі падумалася: "Жывуць тут, як у Хрыста за пазухай".

— Але вёска ўжо не тая, што раней, — са шкадаваннем у голасе выказваюць жанчыны, сабраўшыся ля цэнтральнага крыжа. — Бо большасць з нас — пенсіянеры і адзінокія. І ўсё ж мы не бядуем, бяром прыклад з Ванды Ермаковіч, вучымся яе аптымізму.


Мясцовы паэт-самавук Люцыян Шчасны вітае вясну ў сваёй вясновай "філармоніі".

Ванда Міхайлаўна — унікальная персона. Хоць бы ў тым, што кожны год ходзіць пехатою за 50 кіламетраў на славуты Будслаўскі фэст. Гэта яна клапоціцца пра кветнік каля крыжа і нават дапамагае яшчэ адзінокім і хворым суседкам.

Тое, што Хрыстова — незвычайнае месца на нашай зямлі, сведчаць і яе таленты. Ажно тры майстры прыгожага пісьменства маюць тутэйшыя карані. Паэт Янусь Малец жыве ў сталіцы. А 68-гадовы Люцыян Шчасны, былы трактарыст і калгасны пастух — аўтар нават двух зборнікаў вершаў, ягонае шчасце ў тым, што жыве сярод сваіх, штодня вітаецца з кожным яе жыхаром, вітае вясну, птушак. За ягоным хлявом добры дзясятак шпакоўняў — сапраўдная вясновая філармонія. Як тут без паэзіі?! Вось і мясцовы гарманіст Чэсь Машніч — клубны акампаніятар, заўсёды выконвае на канцэртах і свае ўласныя песні.


Перадвелікодныя "каралі" на падворку Людмілы Шчаснай — сапраўдны прыклад падрыхтоўкі да свята.

Заўтра, вярнуўшыся з асвячонымі яйкамі і булкамі, каталікі — з Дунілавіцкага касцёла, праваслаўныя — з Ласіцкай царквы, па Хрыстову пойдуць спяваць валачобнікі. Гэты велікодны абрад мала дзе захаваўся. Хрыстоўцы ж, нягледзячы ні на што, збераглі яго і вартыя, каб дзяржава ўзяла і назву вёскі, і валачобны абрад пад ахову, як самыя сапраўдныя культурныя каштоўнасці.


Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы з самай рэлігійнай назвай жывуць і католікі, і праваслаўныя, і, не зважаючы, што тут няма ніводнай святыні, жыхары яе надзвычай рэлігійныя. А яшчэ хрыстоўцы — носьбіты зайздроснай гістарычнай памяці. Гісторыя ж вёскі вартая, каб пра яе ўзгадаць.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика