Генпракуратура прапанавала, як павысіць узровень забяспечанасці жыллём сірот. 21.by

Генпракуратура прапанавала, як павысіць узровень забяспечанасці жыллём сірот

29.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Учора на чарговым пасяджэнні калегіі Ген-пракуратуры ў цэнтры ўвагі былі дзеці-сіроты, а дакладней, абмяркоўваліся пытанні абароны іх жыллёвых правоў, у тым ліку права на прадастаўленне сацыяльнага жылля. Інтарэс кантрольнага органа да гэтай тэмы выкліканы тым, што падчас пракурорскіх праверак, праведзеных напярэдадні, было выяўлена шмат парушэнняў ў гэтай сферы.

У Гродзенскай вобласці летась кожны трэці малады чалавек з ліку сірот атрымаў сацыяльнае жыллё. Гэта самы лепшы паказчык у рэспубліцы. У той жа час, паводле слоў начальніка аддзела па справах няпоўнагадовых і моладзі Генпракуратуры Беларусі Дар'і ЛЕБЕДЗЕВАЙ, правы сірот на жыллёвыя льготы ў гэтым і іншых рэгіёнах рэспублікі забяспечваюцца не заўсёды.

У прыватнасці, у асобных раёнах устаноўлены факты, калі сіротам без пэўных на тое падстаў адмаўлялі ў пастаноўцы на ўлік па льготных спісах, неабгрунтавана здымалі з уліку на льготнае атрыманне жылля. Былі і іншыя парушэнні.

Чаму так адбываецца? У першую чаргу, лічаць у Генпракуратуры, з-за таго, што некаторыя службовыя асобы, якія адказваюць за забеспячэнне жыллём сірот, ставяцца да сваіх абавязкаў нядобрасумленна.

— Дзеці-сіроты — гэта тая катэгорыя дзяцей, пра якіх, акрамя дзяржавы, няма каму паклапаціцца, за якіх няма каму пастаяць, — падкрэсліла Дар'я Лебедзева. — Гэта павінны памятаць усе зацікаўленыя ведамствы, і ў першую чаргу мясцовыя органы выканаўчай улады, якія часам застаюцца ўбаку ад вырашэння жыллёвага пытання сірот. Мы ж, у сваю чаргу, аб праблемных момантах, якія падказалі вынікі пракурорскіх праверак, плануем праінфармаваць кіраўніка дзяржавы. Прапановы ж, якія мы распрацавалі і якія, на наш погляд, дапамогуць павысіць узровень забяспечанасці жыллём сірот, у найбліжэйшы час плануем перадаць на разгляд у Савет міністраў.

У прыватнасці, Генпракуратура лічыць мэтазгодным павялічыць узрост, да якога сіроты будуць мець права атрымліваць жыллё па льготнай чарзе.

— Згодна з беларускім заканадаўствам, сірата можа прэтэндаваць на атрыманне сацыяльнага жылля па-за чаргой да 23 гадоў, — нагадала начальнік аддзела па справах няпоўнагадовых і моладзі. — У Расіі, прынамсі, летась былі ўнесены змены ў аналагічнае заканадаўства, якімі гэты ўзрост быў павялічаны.

Дар'я Лебедзева завастрыла ўвагу на яшчэ адной важнай праблеме ў сферы жыллёвых правоў сірот.

— Часта за дзецьмі, якіх забіраюць з неспрыяльных сем'яў, замацоўваюцца кватэры і дамы, дзе працягваюць пражываць іх бацькі (праўда, ужо пазбаўленыя бацькоўскіх правоў). Апошнія, як правіла, вядуць асацыяльны лад жыцця, п'юць, гуляюць, не працуюць і, адпаведна, не аплачваюць камунальныя паслугі. У выніку, калі дзіця падрастае і вяртаецца ў гэта жыллё, яно аказваецца непрыдатным для жыцця: няма электразабеспячэння, не працуе сістэма ацяплення, маюцца мільённыя запазычанасці па камунальных плацяжах... Як маладому чалавеку жыць у такіх умовах?

Гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым. Паводле слоў Дар'і Лебедзевай, хацелася б, каб пры вырашэнні пытання аб замацаванні жылля за сіратой адначасова разглядалася пытанне і аб яго патрэбе ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

— Ёсць і яшчэ адзін момант. Дзейснае заканадаўства прадугледжвае магчымасць часовай здачы жылля бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, па дагаворы найму іншым асобам. У асобных рэгіёнах гэта практыкуецца. У цэлым па рэспубліцы каля 50 працэнтаў жыллёвых памяшканняў выкарыстоўваюцца рацыянальна — грошы ад найму ідуць на рахункі дзяцей і на пагашэнне выдаткаў за іх утрыманне. Вялікая ж частка кватэр па розных прычынах пустуе.

Напрыканцы размовы Дар'я Лебедзева адзначыла, што чарга з ліку сірот, якія прэтэндуюць на сацыяльнае жыллё, з кожным годам павялічваецца, у той жа час агульная колькасць дзяцей, якія застаюцца без бацькоўскай апекі, зніжаецца. У прыватнасці, у Беларусі сёння жыве больш за 35 тысяч дзяцей і моладзі з ліку сірот. Па стане на 1 студзеня 2010 года на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стаіць каля 5 тысяч сірот ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў і больш за 16 тысяч дзяцей-сірот, якія пасля таго як ім споўніцца 18 гадоў, таксама будуць мець патрэбу ў сацыяльным жыллі.

Надзея ДРЫЛА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора на чарговым пасяджэнні калегіі Ген-пракуратуры ў цэнтры ўвагі былі дзеці-сіроты, а дакладней, абмяркоўваліся пытанні абароны іх жыллёвых правоў, у тым ліку...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика