Малы з рухавічком, альбо Дзе заканчваецца натуральная дзіцячая актыўнасць і пачынаецца захворванне. 21.by

Малы з рухавічком, альбо Дзе заканчваецца натуральная дзіцячая актыўнасць і пачынаецца захворванне

29.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі дзіця ціхае і спакойнае, то, пагадзіцеся, гэта неяк ненармальна. На тое яно і дзіця, каб скакаць, насіцца і ўсё разбураць на сваім шляху — маленькі ж непаседа кожны дзень адкрывае для сябе штосьці новае ў гэтым свеце. Аднак паміж актыўнасцю і навязлівай гіперузбуджальнасцю ёсць істотная розніца.

Звышактыўнасць у спалучэнні з празмернай імпульсіўнасцю — гэта ўжо адхіленне, якое носіць назву "сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці". Паводле даных даследаванняў, ён сустракаецца ў 4—9 % дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. А гэта значыць, што ў класе, дзе ў сярэднім вучыцца 25—27 чалавек, ёсць адно, а то і двое гіперактыўных дзяцей. Аднак ставіць такі дыягназ на падставе адной вяртлявасці і няўважлівасці нельга. Пастаноўка дыягназу патрабуе спецыяльных даследаванняў галаўнога мозгу.

З праявамі гіперактыўнасці бацькі могуць сутыкнуцца ўжо ў першыя дні жыцця немаўляці. Дзеці дрэнна, неспакойна спяць, шмат плачуць, падчас няспання вельмі рухавыя, узбуджаныя, адчувальныя да знешніх раздражняльнікаў (святла, шуму). Менавіта звышактыўныя дзеці часта "выскокваюць" з калясак на вачах маці, выломліваюць пруткі ложкаў, перакульваюць на сябе чайнік з кіпенем. У 4—5 гадоў дзіця не здольнае засяродзіцца на адным занятку, яго ўвага рассеяная: напрыклад, яму не хапае цярпення даслухаць да канца казку або гуляць у "ціхія" гульні, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўвагі. Дзіця не можа ні хвіліны спакойна сядзець на крэсле, ёрзае, шуміць.

Бацькі невыпадкова кажуць, што да іх дзяцей "быццам рухавічок прымацавалі", і тыя гатовыя бегаць і скакаць суткамі. Але меркаваць, што гэта ўсяго толькі наступства вялікага запасу энергіі, няправільна. Гэта разрадка, якая неабходная дзіцяці з-за асаблівасцяў яго арганізма. Да таго ж гіперактыўнасць часта суправаджаецца неспакойнымі рухамі, вычварнасцю маторыкі і празмернай запальчывасцю.

Сітуацыя ўскладняецца ў дзіцячым садку, а затым і ў школе. Заняткі патрабуюць уседлівасці, а дзіця круціцца, шуміць, адцягвае ўвагу іншых дзяцей. Пры высокім узроўні інтэлектуальнага развіцця яно вучыцца на "здавальняюча", а на ўроках яму сумна. З-за сваёй імпульсіўнасці дзіця часта трапляе ў розныя пераплёты, дзейнічае, не падумаўшы, у выніку чаго дзённік стракаціць заўвагамі настаўнікаў, а адносіны з аднакласнікамі не складваюцца.

Адзначаецца, што да падлеткавага ўзросту павышаная рухальная актыўнасць знікае, а вось няўважлівасць і імпульсіўнасць, наадварот, могуць прагрэсаваць. Акрамя таго, даследаванні паказалі, што гіперактыўныя дзеці часта маюць цяжкасці з пісьмом і мовай, вымаўленнем складаных слоў, скорагаворак.

Безумоўна, сіндром гіперактыўнасці з парушэннем увагі не ўзнікае на пустым месцы. Яго перадумовы з'яўляюцца яшчэ да нараджэння дзіцяці. Прычынамі могуць стаць любыя праблемы падчас цяжарнасці і родаў, якія суправаджаюцца ўнутрывантробнай гіпаксіяй (недахопам кіслароду). Гаворка ідзе пра пагрозу выкідыша, асфіксію, выкарыстанне падчас родаў дапаможных сродкаў (напрыклад, шчыпцоў), імклівыя альбо, наадварот, працяглыя траўматычныя роды, курэнне падчас цяжарнасці і інш. Інфекцыі і інтаксікацыі ў першыя гады жыцця малога таксама могуць адгукнуцца гіперактыўнасцю. Шэраг даследаванняў сведчыць пра тое, што сіндром дэфіцыту ўвагі можа насіць сямейны характар.

У аснове гіперактыўнасці ляжыць мінімальная мазгавая дысфункцыя (ММД). Для пастаноўкі дыягназу ММД праводзіцца электраэнцэфалаграма, якая фіксуе наяўнасць дысбалансу паміж працэсамі ўзбуджэння і тармажэння. Урач можа адзначаць і затрымку ў развіцці некаторых структур галаўнога мозгу. У некаторых выпадках ЭЭГ дазваляе заўважыць прыкметы сутаргавай гатоўнасці, якая садзейнічае нізкай працаздольнасці і парушэнням мазгавой дзейнасці. Калі ж будзе вызначана, што такія сімптомы як недахоп увагі, павышаныя рухавасць і ўзбуджальнасць не з'яўляюцца асаблівасцямі тэмпераменту дзіцяці, то можна гаварыць пра захворванне, якое патрабуе лячэння. Менавіта гэтым пытаннем і зоймецца спецыяліст, які прызначыць курс неабходнай тэрапіі з улікам індывідуальных асаблівасцяў маленькага пацыента.

Безумоўна, розныя сітуацыі патрабуюць розных рашэнняў. Але ў першую чаргу бацькі павінны зразумець, што іх дзіця такое актыўнае не назло ім і не таму, што не хоча правільна сябе паводзіць. Яно робіць так ненаўмысна, таму бацькоўскія эмацыйныя ўсплёскі — нападкі, лаянкі і пагрозы — могуць толькі нашкодзіць.

Шэраг агульных рэкамендацый даюць псіхолагі

l   Для дзіцяці вельмі важная канкрэтная пастаноўка задач. Калі вы хочаце, каб малое выканала якую-небудзь просьбу, то яе фармулёўка павінна быць гранічна зразумелай і дакладнай, складацца прыкладна з дзесяці слоў. Не варта даваць некалькі заданняў адразу, напрыклад, "ідзі ў свой пакой, збяры цацкі, потым памый рукі і прыходзь абедаць". Дзіця наўрад ці ўспрыме такую тыраду, яго ўвага проста "пераключыцца" на што-небудзь іншае. Лепш паслядоўна прасіць выканаць кожнае ўказанне.

   Выкананне задання павінна быць абмежавана канкрэтнымі часавымі рамкамі. Пра змену віду дзейнасці дзіцяці трэба паведаміць загадзя — за 10—15 хвілін, а пра заканчэнне тэрміну выканання задання няхай яму нагадае будзільнік або таймер.

   Забараняючы дзіцяці што-небудзь, лепш пазбягаць слоў "не" і "нельга". У любой сітуацыі варта размаўляць спакойна, не на павышаных тонах.

   Сінякі і гузакі — пастаянныя "сябры" актыўнага малога. Але бацькам не варта спрабаваць пастаянна апякаць сваё дзіця: празмерная апека тармозіць развіццё самастойнасці.

   Гіперактыўнае дзіця не пераносіць месцаў масавага збору людзей. Таму для яго лепш гуляць з адным партнёрам, не хадзіць часта ў госці, у буйныя крамы, на рынкі і г.д. Усё гэта надзвычай узбуджае неакрэплую нервовую сістэму.

   Дзіця павінна пазбягаць шумных і актыўных гульняў, асабліва перад сном. І наадварот, гульні і заняткі, якія патрабуюць увагі і цярплівасці, варта заахвочваць. Калі дзіця пераўзбудзілася падчас заняткаў, выкарыстоўвайце тактыльны кантакт (элементы масажу, дотыкі, пагладжванні).

   Вусныя інструкцыі варта падмацоўваць візуальна. Гэта можа быць план-каляндар або маляўнічы штодзённік, куды вы разам з дзіцем будзеце запісваць час прыёму ежы, выканання хатніх заданняў, прагулкі і сну.

   Калі ёсць магчымасць, пастарайцеся выдзеліць дзіцяці пакой або яго частку для заняткаў, гульняў, адасаблення. У афармленні памяшкання пажадана пазбягаць яркіх колераў, складаных кампазіцый. На стале і ў бліжэйшым акружэнні дзіцяці не павінна быць адцягвальных прадметаў. Гіперактыўнае дзіця само не ў стане зрабіць так, каб нішто пабочнае яго не адцягвала.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі дзіця ціхае і спакойнае, то, пагадзіцеся, гэта неяк ненармальна. На тое яно і дзіця, каб скакаць, насіцца і ўсё разбураць на сваім шляху — маленькі ж непаседа...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика