За рулём пад... чужым прозвішчам. 21.by

За рулём пад... чужым прозвішчам

29.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пазбавілі вадзіцельскіх правоў — атрымаў другія, выкарыстаўшы пашпарт стрыечнага брата

У кастрычніку мінулага года грамадзяніну Азербайджана Джавіду Бабаеву, які вучыцца на платнай аснове ў адным з гродзенскіх універсітэтаў, патэлефанавалі з цэнтра па працы з замежнымі студэнтамі і паведамілі пра вельмі сур'ёзную праблему, што можа перашкодзіць яго далейшай вучобе. Справа ў тым, што хутка заканчваецца выдадзены яму часовы дазвол на знаходжанне ў Беларусі, аднак на новы тэрмін ён зарэгістраваны не будзе, паколькі мае шмат парушэнняў па лініі Дзяржаўтаінспекцыі.

Джавід накіраваўся ў міграцыйную службу, дзе яго азнаёмілі з інфармацыяй аб шматлікіх адміністрацыйных правапарушэннях, здзейсненых на дарогах кіроўцам Бабаевым, што з'яўляецца падставай для адмовы ў працягу часовай рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі. І гэта пры тым, што ў 22-гадовага хлопца ... няма ні правоў, ні аўтамабіля, ён не вучыўся на кіроўцу ні ў Азербайджане, ні ў Гродне, куды прыехаў за атрыманнем вышэйшай адукацыі. І раптам — перавысіў хуткасны рэжым, іншыя парушэнні Правілаў дарожнага руху. Як жа такое магчыма? Мо нейкая блытаніна з прозвішчамі ў камп'ютарнай базе?

Усё стала зразумела, калі Джавіду паказалі дакументы з фотаздымкамі парушальніка: на іх быў... яго стрыечны, на тры гады старэйшы брат Руслан Багаеў. Зрэшты, гэта відавочна сваяку, а чужы чалавек можа і пераблытаць, дзе Джавід, а дзе Руслан, настолькі яны падобныя, зазначае начальнік аддзела дазнання АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна Уладзіслаў ПІКУЛІН.

У астатнім жа і добра, што падабенства паміж гэтымі маладымі людзьмі няшмат. Джавід Бабаеў нарадзіўся ў Азербайджане і цяпер, паводле яго слоў, паспяхова здае сесіі ў горадзе над Нёманам, з Крымінальным кодэксам дагэтуль не канфліктаваў. А вось ураджэнец і грамадзянін Беларусі Руслан Багаеў, мажліва, і някепскі слесар па рамонце аўтамабільнага электраабсталявання, аднак з законапаслухмянасцю ў яго — праблема. Ён ужо неаднойчы прыцягваўся да суда, у тым ліку і як кіроўца транспартнага сродку. У маі 2006 года Руслана пазбавілі вадзіцельскіх правоў усіх катэгорый на 2 гады 6 месяцаў. Як падзейнічала? У тым жа годзе — чарговае затрыманне за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення з забаронай садзіцца за руль да снежня 2011-га.

Што робіць Багаеў пасля пазбаўлення яго вадзіцельскіх дакументаў? Два гады ён ... працягвае кіраваць рознымі аўтамабілямі з дазволу сваіх знаёмых, за што неаднойчы затрымліваецца супрацоўнікамі ДАІ і караецца адміністрацыйнымі санкцыямі. А затым, калі на вучобу ў Гродна прыязджае ягоны стрыечны брат, узнікае ідэя скарыстацца сваім фізіянамічным падабенствам з Джавідам.

Калі верыць тлумачэнням студэнта на допыце, дык было так. У верасні 2007 года яму тэлефануе дзядзька, бацька Руслана, каб прынёс пашпарт. Аказваецца, ён патрэбны, каб узяць крэдыт для аплаты вучобы Джавіда Бабаева ў ВНУ. Пашпарт з адзнакай аб часовай рэгістрацыі павінен быць з чалавекам пастаянна. Таму ўвесь тыдзень, пакуль быў без пашпарта, Джавід нікуды, акрамя вучобы, не хадзіў. Але нешта з фінансавай падтрымкай не атрымалася.

Потым, у лютым наступнага года, зноў жа "ў мэтах афармлення крэдыту" спатрэбілася характарыстыка з універсітэта. Маўляў, калі яна будзе станоўчай, то значна павышаюцца шанцы на атрыманне дзяржаўнай пазыкі. Дрэнна ведаючы беларускія законы і, у прыватнасці, парадак крэдытавання вучобы ў ВНУ, Джавід паверыў і ў гэта, прынёс сваяку характарыстыку.

А тым часам Багаеў, не чакаючы заканчэння тэрміну забароны на кіраванне транспартам, распачынае афёру па атрыманні вадзіцельскага пасведчання на імя свайго стрыечнага брата. Спачатку трэба прайсці медыцынскую вадзіцельскую камісію. У рэгістратуры ваеннага шпіталя на Руслана, які прад'яўляе пашпарт Джавіда і сваю фатаграфію, заводзяць амбулаторную карту, кандыдату ў шафёры выдаюць бланк даведкі аб прыгоднасці да кіравання транспартнымі сродкамі, і ён ідзе па ўрачах. А затым, прайшоўшы медкамісію ў шпіталі, а таксама спецыялістаў цэнтра "Псіхіятрыя-наркалогія", накіроўваецца ў аўтавучэбны камбінат, дзе ад імя брата запаўняе дагавор на аказанне паслуг па навучанні і анкету.

Атрымаўшы пасведчанне аб заканчэнні аўтавучэбнага камбіната, перад здачай экзаменаў ДАІ Руслан перадае выкладчыку пашпарт Джавіда, аформленую на яго медыцынскую даведку, а таксама неабходныя для допуску да экзаменаў квітанцыі аб аплаце дзяржпошліны, таксама на імя брата. Пасля чаго паспяхова здае і тэарэтычны, і практычны экзамены, выкарыстоўваючы экзаменацыйную картку з уласным фотаздымкам і анкетнымі звесткамі Джавіда. І ў выніку атрымлівае вадзіцельскае пасведчанне і талон папярэджанняў як "Бабаеў Джавід Анвар аглы".

Дакументамі на імя стрыечнага брата Руслан карыстаўся больш за паўтара года. Не маючы ўласных "колаў", ён раз'язджаў на аўтамабілях сваіх знаёмых ("Аўдзі 100", "Аўдзі А4", "Мерседэс Бэнц 240", "Мазда", "Альфа-Рамэа", "Опель Аскона"), прычым у ранейшым стылі: каля дзясятка разоў ягоныя парушэнні за рулём спыняліся супрацоўнікамі ДАІ і караліся штрафам. У апошнім выпадку прыбор "Віцязь" зафіксаваў, што Багаеў рухаўся па абласным цэнтры з хуткасцю прыкладна 85 кіламетраў у гадзіну (дапушчальная на гэтым участку — 60 км/г). І грашовымі санкцыямі цяпер не абышлося, бо на гэты момант Дзяржаўтаінспекцыя ўжо мела арыенціроўку аб фальшывым вадзіцельскім пасведчанні.

Сёння Джавід Бабаеў працягвае вучыцца ва ўніверсітэце, а Руслану Багаеву, згодна з прыгаворам суда Кастрычніцкага раёна г. Гродна, на два гады абмежавалі волю з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Дарэчы, на допыце ён заявіў, што атрыманыя незаконным шляхам вадзіцельскія дакументы ён затым, вярнуўшы ўласныя па заканчэнні тэрміну забароны на кіраванне транспартам, планаваў перадаць брату. Каб той карыстаўся імі па сваім меркаванні. Што, нават без навучання азам кіроўцы і Правілам дарожнага руху ў аўташколе? Гэтага яшчэ не хапала на дарогах...

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Наша даведка

Выкарыстанне звестак з чужых пашпартоў, вадзіцельскіх і службовых пасведчанняў — распаўсюджаная з'ява ў крымінале. У Маскве арудуюць нават цэлыя групоўкі зладзеяў-кішэннікаў са спецыялізацыяй на крадзяжах дакументаў, якія затым выкарыстоўваюцца ў розных камерцыйных і грамадзянска-прававых здзелках.

Нядаўна, напрыклад, сышчыкі затрымалі групу махляроў, якія афармлялі аўтакрэдыты на ўкрадзеныя пашпарты. Купленыя машыны аферысты, не ставячы на ўлік, прадавалі і дзялілі нажыву. Банкі, своечасова не атрымаўшы плацяжы, звярталіся да людзей, на чыё імя быў аформлены крэдыт. Усе яны ў свой час згубілі пашпарт. Двух членаў банды, грамадзяніна Украіны і ўраджэнца Беларусі, затрымалі ў рэстаране за дзяльбой аднаго з аўтакрэдытаў у памеры 150 тысяч расійскіх рублёў.

У Адэсе выкрылі жанчыну, якая, "пазычыўшы" ў сваёй знаёмай пашпарт з ідэнтыфікацыйным кодам, узяла ў банку пазыку на 15 тысяч грыўняў. Зразумела, не на сваё імя. А ў Вінніцы затрымалі служачых фінансавай установы, якія афармлялі спажывецкія крэдыты на жыхароў па ксеракопіях пашпартоў, што пастаўляліся дырэктарам аднаго з інтэрнатаў.

У некаторых выпадках махляры называюцца работнікамі рыэлтарскай кампаніі, пераконваючы гаспадара кватэры перадаць ім арыгіналы дакументаў на жыллё. Альбо ім ўдаецца атрымаць дублікаты такіх дакументаў, выкарыстоўваючы пашпарт гаспадара. Пасля гэтага махляры шукаюць пакупніка на кватэру і па падробленай даверанасці ажыццяўляюць здзелку.

А вось адным маскоўскім прадпрымальнікам зацікавіліся сышчыкі з Кіраўскай вобласці. Нечакана для сябе ён даведаўся, што з'яўляецца заснавальнікам буйнога гандлёвага холдынга ў гэтым рэгіёне і, набраўшы ў мясцовых банках крэдытаў, "кінуў" іх на некалькі соцень мільёнаў рублёў. Аказалася, што ва ўстаноўчых дакументах гэтай фірмы значыліся звесткі з яго ранейшага пашпарта, які быў згублены ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Каб не стаць ахвярай чужых афераў, у выпадку страты любых дакументаў трэба не чакаць, калі іх вернуць за ўзнагароджанне, а адразу ж звяртацца ў міліцыю.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пазбавілі вадзіцельскіх правоў — атрымаў другія, выкарыстаўшы пашпарт стрыечнага брата У кастрычніку мінулага года грамадзяніну Азербайджана Джавіду Бабаеву,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика