Новыя строі для “Аса”. 21.by

Новыя строі для “Аса”

25.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Артысты ансамбля “Ас” гатовы выступіць у БеларусіАртысты папулярнага ансамбля з Беласточчыны збіраюцца паказаць сваё майстэрства ў Беларусі
Як наладзіць узаемавыгадныя кантакты дыяспары з Радзімай? Можаце распытаць пра тое ў гэтых моцных мужчын, нашых супляменнікаў, беларусаў. Яны мастакі не толькі ў спевах ды музыцы, але і ў справах аховы грамадскага парадку: працуюць у прыватным “бюро охроны”. “Спевы, музыка — наша вялікае хобі па суботах і нядзелях, — усміхаецца адзін з “асаў”, Юрка Юровец. — Кіруе гуртом “Ас” Славамір Трафімюк. Сам гурт даўно вядомы”. Куды запросяць артыстаў — там і выступаюць. У спевах Юрка не пачатковец: да “Аса” ён “больш за 20 гадоў спяваў у хоры ў Беластоку, на вуліцы Ліповай”.
У Мінск артысты “Аса” прыязджалі выбраць сцэнічныя строі. “Вочы разбегліся ад фасонаў, узораў... Столькі ўсяго прыгожага! Выбралі касцюмы, што спадабаліся, заказалі чатыры камплекты”, — узрушана расказвалі яны на сустрэчы з Леанідам Гулякам, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Леанід Паўлавіч распытваў гасцей пра планы, гаварыў пра жыццё прадстаўнікоў іншых этнасаў у Беларусі. “Калі згодны — зробім канцэрты праз Дамы палякаў у Беларусі, якіх цяпер шаснаццаць, — разважаў Л.Гуляка. — І з дамамі культуры можна дамовіцца, падключыўшы Міністэрства культуры. Думаю, ваш руска-беларуска-польскі рэпертуар вельмі хораша “ляжа” на любую пляцоўку, залу на 150-200 чалавек”. Заадно вы, казаў, на свае вочы пабачыце, як жывуць палякі ў Беларусі, якіх тут нямала: каля 400 тысяч.
Адам Снарскі, Мечыслаў Сайда, Юрка Юровец пагадзіліся на гастрольны тур адразу: “Ахвотна прадставім у Беларусі тыя песні, якія пяем у нашай старане”. А потым дадалі: трэба ж аддзячыць землякам за шыкоўны падарунак!
Супрацоўнік апарата Упаўнаважанага Аляксандр Сасновіч удакладняе, што прыгожыя строі пры падтрымцы гэтай установы атрымалі і іншыя беларускія калектывы з Польшчы:"Маланка", "Крыніца", "Вясна", "Сямейнае трыо", "Чыжавяне", "Прымакі", "Распяваны гарадок", дзіцячыя і юнацкія ансамблі навучальных устаноў з гарадоў Гайнаўкі і Бельска Падляскага.. А “вачам разбегчыся” ў гасцей было ад чаго: фірма “Эладэя”, дзе выконваецца заказ для “Аса”, — лепшае прадпрыемства падобнага профілю. Там адметныя дызайнеры і майстры, значныя партыі сцэнічных касцюмаў “ад Эладэі” — ручная работа высокай якасці.
“Гэта добрая рыса беларусаў: не адкладваць справу на потым, — разважае кіраўнік Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Аляксандр Карачун, які арганізаваў “рабочы візіт” “Аса” ў Мінск. — На ліпень-жнівень выпадае шмат цікавых імпрэз, сёлета ў Гродне пройдзе і штогадовы фестываль “Артыстычныя сустрэчы “Гродна—Беласток”. У ім, дарэчы, паўдзельнічаюць і польскія калектывы з нашай краіны, яны працуюць у цесным кантакце з Саюзам палякаў Беларусі. І для артыстаў “Аса” новыя строі вельмі дарэчы. Я рады, што такі беларускі па змесце, па творчасці калектыў стане ўрэшце нашым па абліччы”.
Аляксандр Карачун ведае гурт з 2000 года, не раз бачыў яго на розных беларускіх святах, конкурсах, фэстах. Публіка цёпла прымае песні артыстаў, іх эстрадна-фальклорныя апрацоўкі, у якіх душэўна гучаць клавішныя, гармонік. На сёння, лічыць А.Карачун, гэта адзін з папулярнейшых беларускіх гуртоў у Польшчы. І калі артысты вырашылі падкрэсліць свой беларускі каларыт на сцэне, то Культурны цэнтр звярнуўся з адпаведнай просьбай да Упаўнаважанага. Былі выдзелены сродкі, і вось “Ас” чакае адны з лепшых сцэнічных касцюмаў на Беласточчыне.
Увогуле, расказаў А.Карачун, беларусы Польшчы актыўныя ў мастацкай творчасці. Скажам, летась толькі ў адборачных турах фестывалю-конкурсу “Беларуская песня” ў Беластоцкім, Сакульскім рэгіёнах, у Гайнаўцы і Бельску-Падляскім ды іншых мястэчках было каля 80 гуртоў, на гала-канцэрт выйшла каля 30. “Гэта сучасная, жывая форма папулярызацыі беларускай культуры, — лічыць Аляксандр Карачун. — Прычым, што абнадзейвае: склад гуртоў амаладжаецца. І летась ужо створана 6 новых калектываў”. А дапамога супляменнікам касцюмамі ад беларускай дзяржавы звычайна ідзе пасля “ініцыятывы знізу”. Праўда, згадаў А.Карачун, выключэнне зрабілі для прыгожага вакальнага калектыву. Яго ўтварылі настаўніцы і выхавальніцы дзіцячага садка №14 Беластока, у якім дзетак навучаюць і беларускай мове. Як энтузіясткам не дапамагчы! І зноў на дапамогу прыйшоў апарат Упаўнаважанага: у бліжэйшы час жанчыны таксама выберуць сцэнічныя касцюмы на свой густ.
Пасля сустрэч у Мінску намячаецца яшчэ адна цікавая справа: мастакі “Эладэі” ужо ладзяць выставу гістарычнага беларускага касцюма, якую сумесна з Культурным цэнтрам Беларусі плануецца прэзентаваць у Беластоку. Дарэчы, выставачныя праекты Цэнтра — адзін з цікавых кірункаў яго работы. Гэтай вясной прайшла фотавыстава Андрэя Гарбацкага, прафесара, доктара гістарычных навук з Брэста, які да таго ж чытае лекцыі ў Беластоцкім універсітэце.

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Артысты папулярнага ансамбля з Беласточчыны збіраюцца паказаць сваё майстэрства ў Беларусі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика