Водпуск на роды можа стаць большым
15.05.2010
—
Новости Общества
|
Сёння — Дзень сям'і А вось пытанне "падатку на бяздзетнасць" не разглядаецца Сяргей ГРЫБ Павелічэнне дапамог на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і больш прывабныя ўмовы забеспячэння бясплатным харчаваннем дзяцей да 2 гадоў у маламаёмных сем'ях, новыя правілы адраснай сацыяльнай дапамогі, нарэшце, падтрымка ў вырашэнні жыллёвых праблем. Варта пагадзіцца, што ўсё гэта паўплывала адразу на дзве акалічнасці — змяншэнне колькасці скасаванняў шлюбаў і павелічэнне нараджальнасці. Праўда, таксама не сакрэт: паказчыкі той жа нараджальнасці ўзрасталі летась, сёлета сітуацыя стала змяняцца і, на жаль, не ў лепшы бок. А адсюль — і павышаная цікавасць да інтэрактыўнай канферэнцыі "Дзяржаўная сацыяльная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей", якая была наладжана Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны з нагоды Дня сям'і. Такім чынам, мы прапануем пазнаёміцца з найбольш цікавымі пытаннямі, адказы на якія далі першы намеснік міністра Пётр Грушнік, начальнік аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Марына Арцёменка, кансультант гэтага ж аддзела Святлана Белаш, а таксама начальнік аддзела развіцця і каардынацыі сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання Таццяна Фёдарава. @ Не сакрэт, што ў свой час актыўна абмяркоўвалася тэма павелічэння водпуску па цяжарнасці. Якім будзе вынік гэтых абмеркаванняў? — Так, падобнае пытанне ўзнімалася, прычым у Беларусі сапраўды плануецца павелічэнне дародавага водпуску і дазвол на яго з 28 тыдняў цяжарнасці. Гэта мэтазгодна перш-наперш таму, што значнай частцы жанчын на апошніх тэрмінах цяжарнасці, як правіла, выдаецца лісток непрацаздольнасці ў сувязі з тымі або іншымі ўскладненнямі. Таму цяпер уносяцца адпаведныя змяненні ў Працоўны кодэкс. І мы спадзяёмся, што гэтая прапанова будзе падтрыманая на ўсіх узроўнях. @ Даводзілася чуць пра намеры разгледзець пытанне аб увядзенні ў нашай краіне "мацярынскага капіталу". Ці плануюцца тут канкрэтныя рашэнні? — У Беларусі мэтанакіравана прымаюцца рашэнні, скіраваныя на большую падтрымку сем'яў з дзецьмі. У прыватнасці, у 2007 годзе аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці вызначана ў 5, а пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — у 7 бюджэтаў пражытковага мінімуму. Паступова павышаліся і штомесячныя дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў — з 1 студзеня гэтага года памер такой дапамогі адпавядае БПМ. Пры гэтым з улікам зацікаўленасці дзяржавы ў нараджэнні ў сем'ях менавіта другіх дзяцей пытанне ўвядзення такога стымулу, як "мацярынскі" або "сямейны" капітал, заслугоўвае ўвагі. Аднак разам з тым гэта пытанне неабходна дэталёва прапрацаваць як з пункту гледжання парадку і ўмоў аказання падобнай падтрымкі, так і з пункту гледжання фінансавых магчымасцяў дзяржавы. Бо толькі па папярэдніх разліках пры прызначэнні "мацярынскага" ("сямейнага") капіталу ў такіх памерах, як у той жа Расіі (10 тысяч долараў), спатрэбіцца больш за 1,5 трлн рублёў. Словам, тут трэба ўзважыць усе акалічнасці. Пытанне ўзмацнення падтрымкі сем'яў з дзецьмі, і ў тым ліку магчымасць увядзення аналагічнай "мацярынскаму" капіталу выплаты плануецца разгледзець у рамках падрыхтоўкі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі, праграмы "Дзеці Беларусі" на 2011—2015 гады. @ Рашэнне аб павелічэнні дапамогі па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў да бюджэту пражытковага мінімуму было, безумоўна, правільным. І разам з тым зразумела: жыць на гэтыя грошы выпадае не толькі дзіцяці, але і яго маці. Такім чынам, ці не варта падумаць аб павышэнні дапамогі да 2 БПМ? — Безумоўна, памер дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў не застанецца нейкай статычнай нормай, у перспектыве яна будзе пераглядацца. Варта паўтарыцца, што цяпер ідзе работа над праектам Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі на 2011—2015 гады, у якой будуць прадугледжаныя меры па стымуляванні нараджальнасці. І ў тым ліку гаворка ідзе пра дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў — плануецца прапрацаваць пытанне вызначэння гэтай дапамогі зыходзячы з сярэдняй зарплаты. @ Патлумачце, на якую падтрымку можа разлічваць адзінокая маці, якае мае малое дзіця? — "Базавая" штомесячная дапамога на догляд дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў такім маці выплачваецца з надбаўкай. Да дасягнення дзіцем узросту 1,5 года падобная надбаўка вызначана ў 75, а ад 1,5 да 3 гадоў — у 40 працэнтаў. Сёння памеры гэтых дапамог складаюць 465 900 і 372 720 рублёў адпаведна. @ Ці захаваецца дапамога на дзіця ва ўзросце да 3 гадоў за жанчынай, якая збіраецца часова, на паўгода, выехаць да сваякоў ва Украіну? — Паводле заканадаўства, у выпадку выезду дзяцей за межы Беларусі тэрмінам больш чым на 2 месяцы выплата дапамогі спыняецца — на час знаходжання за мяжой. Аднак падобнае абмежаванне не датычыцца жанчын, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Калі жанчына знаходзіцца ў працоўных адносінах і выйшла ў водпуск па доглядзе дзіцяці, яна будзе мець права на дапамогу незалежна ад факта пражывання на тэрыторыі нашай краіны. @ Калі дапамога на дзіця ва ўзросце да 3 гадоў можа зменшыцца на 50 працэнтаў? — Такое можа адбыцца ў двух выпадках. Па-першае, калі маці выходзіць на працу больш чым на палову стаўкі, і, па-другое, калі дзіця афармляецца ва ўстанову дашкольнай адукацыі, так званы дзіцячы садок. @ Датэрмінова перапыніла водпуск па доглядзе і выйшла на працу, але зразумела, што зрабіла памылку: дзіця, якому цяпер 2 гады, вельмі шмат хварэе. Ці магчыма вярнуцца ў водпуск па доглядзе зноў? — Магчыма. Паводле Працоўнага кодэкса, водпуск па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў даецца па пісьмовай заяве маці і можа быць выкарыстаны ёй цалкамі або па частках любой працягласці. Такім чынам, да 3-гадовага ўзросту дзіцяці вы можаце вярнуцца ў водпуск у любы момант — для гэтага неабходна толькі зноў жа напісаць наймальніку заяву. Прычым калі дзіця не аформленае ў дашкольную ўстанову, то пасля такога вяртання выплата дапамогі будзе рабіцца ў поўным памеры. @ Збіраюся выйсці на працу, і ў сувязі з гэтым пытанне: ці можна аформіць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў на мужа, які нідзе афіцыйна не працуе? Ці будуць мужу выплачваць дапамогу і ці трэба яму зарэгістравацца ў службе занятасці? — Водпуск па доглядзе дзіцяці да 3-гадовага ўзросту можа давацца працуючаму бацьку, апекуну або іншым сваякам, якія фактычна здзяйсняюць такі догляд. Адпаведна, такога права ў непрацуючага бацькі (і ў тым ліку, калі ён будзе зарэгістраваны беспрацоўным) няма. @ Дзіцяці толькі 4 месяцы, даходы сям'і — толькі дапамога і зарплата мужа крыху больш чым 200 тысяч рублёў. Ці можам мы разлічваць на бясплатнае дзіцячае харчаванне? — Па прызначэнне бясплатнага харчавання на дзіця ва ўзросце да 2 гадоў трэба звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства. Гэты від матэрыяльнай падтрымкі прызначаецца з даты выпіскі рэцэпта ўчастковым урачом-педыятрам тэрмінам на 6 месяцаў. Бясплатным харчаваннем дзіця ва ўзросце да 2 гадоў забяспечваецца ў выпадку, калі сукупны даход на кожнага члена сям'і не перавышае бюджэт пражытковага мінімуму — 266 230 рублёў. Сам сукупны даход разлічваецца за 6 папярэдніх перад зваротам месяцаў. Пры гэтым трэба звярнуць увагу: у сукупным даходзе сям'і не ўлічваюцца аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і "заахвочвальная" дапамога маці, якая стала на ўлік у дзяржаўнай "жаночай кансультацыі" да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці.@ На якую дадатковую падтрымку можа разлічваць сям'я, якая апынулася ў складаным матэрыяльным становішчы? — Апроч дзіцячых дапамог і бясплатнага харчавання на дзяцей ва ўзросце да 2 гадоў, не трэба забываць пра адрасную сацыяльную дапамогу. Так, штомесячная адрасная дапамога можа аказвацца ў выпадку, калі сярэднедушавы даход кожнага члена сям'і за 12 месяцаў па аб'ектыўных прычынах не перавышае бюджэту пражытковага мінімуму — 266 230 рублёў. Умовы для аднаразовай дапамогі дзве: наяўнасць па-сапраўднаму цяжкай сітуацыі і даход ніжэй за 150 працэнтаў БПМ — менш чым 399 345 рублёў. Плюс да таго інвалідам ІІІ групы і дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, якія інвалідамі не з'яўляюцца, але маюць патрэбу ў тэхнічных сродках рэабілітацыі па заключэнні медыкаў, прызначаецца дапамога на аплату гэтых сродкаў. Прычым у апошнім выпадку ўзровень даходаў значэння не мае. Зрэшты, па больш падрабязную інфармацыю аб правілах атрымання адраснай дапамогі можна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны свайго раёна. @ На набыццё якіх канкрэтна сродкаў рэабілітацыі для дзяцей можа выдавацца адрасная дапамога? — Дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, якія інвалідамі не з'яўляюцца, але маюць патрэбу ў тэхнічных сродках рэабілітацыі па заключэнні медыкаў, прызначаецца адрасная дапамога на набыццё артэзаў верхніх і ніжніх канечнасцяў (апараты, тутары), артэзаў тулава (гарсэты, бандажы, спінагаловатрымальнікі, жорсткія паясы), вырабаў лячэбнага пратэзавання (абдукцыйныя трусікі, распоркі), артапедычнага абутку, слыхавых апаратаў, тэст-палосак для вызначэння цукру ў крыві. @ Ва ўзросце 5 гадоў дзіцяці вызначана інваліднасць. На якія ў сувязі з гэтым выплаты мае права наша сям'я? — Сем'я, якая выхоўвае дзіця-інваліда, мае права на наступныя выплаты. Па-першае, на сацыяльную пенсію на дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, якая прызначаецца і выплачваецца штомесяц у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароны па месцы жыхарства. Памеры пенсіі залежаць ад ступені страты здароўя дзіцем і складаюць: пры першай ступені — 60, другой ступені — 65, трэцяй ступені — 75, чацвёртай ступені — 85 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Цяпер гэтыя памеры вызначаны прыкладна ў 159, 173, 199 і 226 тысяч рублёў адпаведна. Па-другое, варта сказаць пра дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Яна прызначаецца і выплачваецца штомесяц у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароны па месцы жыхарства маці, бацьку, апекуну ці іншай асобе, якая фактычна здзяйсняе догляд, не працуе і не атрымлівае пенсіі. Права на такую дапамогу таксама маюць маці ці бацька, што знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Нарэшце, не трэба забывацца на дапамогу на дзіця-інваліда. Яна прызначаецца па месцы працы ці навучання маці, а калі маці не працуе і не вучыцца — па месцы працы бацькі незалежна ад ступені страты здароўя і атрымання іншых сацыяльных выплат (тых жа пенсіі па інваліднасці, дапамогі на догляд дзіцяці-інваліда). У прыватнасці, з 1 мая памер такой дапамогі на дзіця-інваліда ва ўзросце больш чым 3 гады з надбаўкай складае 111 820 рублёў. @ Дзіцяці-інваліду споўнілася 17 гадоў, цяпер ён не вучыцца, а працуе. Ці робіцца з такім выпадку выплата дапамогі на дзіця-інваліда? — Паводле заканадаўства, у выпадку, калі дзіця-інвалід працуе, то дапамога на яго не прызначаецца. @ Якія ёсць ільготы пры будаўніцтве жылля ў маладых сем'яў з дзецьмі? — Маладым сем'ям пры будаўніцтве жылля аказваецца фінансавая падтрымка для пагашэння запазычанасці па няльготных крэдытах: пры нараджэнні або наяўнасці першага дзіцяці — у памеры 20 бюджэтаў пражытковага мінімуму, пры нараджэнні або наяўнасці дваіх дзяцей — у 40, а пры нараджэнні або пры наяўнасці траіх дзяцей — у 50 БПМ. Існуюць і іншыя віды падтрымкі. Але імі лепш пацікавіцца ў выканкаме па месцы жыхарства ці ў "Беларусбанку". @ Ці могуць прыцягваць да звышурочных работ бацькоў, якія маюць няпоўнагадовых дзяцей? — Паводле артыкула 263 Працоўнага кодэкса, жанчына, якая мае дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў, можа прыцягвацца да звышурочных толькі з яе асабістай згоды. Такое ж правіла датычыцца і працуючага бацькі, які выхоўвае дзіця ва ўзросце да 14 гадоў адзін, — без маці. @ Апошнім часам зноў загучала тэма "падатку на халасцякоў". Ці з'явіцца ён у Беларусі? — Такія прапановы ёсць, прычым самі па сабе яны не з'яўляюцца нейкай навацыяй. Варта нагадаць, што падатак на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных мужчын ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў, а таксама на жанчын, якія знаходзіліся ў шлюбе, ва ўзросце ад 20 да 45 гадоў існаваў пры Савецкім Саюзе. У той час падатак не датычыўся толькі адзінокіх жанчын. Пры распрацоўцы Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі гучалі прапановы вярнуцца да гэтай практыкі для стымулявання нараджальнасці. Аднак ад такіх прапаноў было вырашана адмовіцца. На наш погляд, нараджэнне дзяцей з'яўляецца вельмі далікатнай справай, кожны чалавек павінен падыходзіць да яе індывідуальна, без якога-небудзь ціску. Дзяржава павінна заахвочваць нараджальнасць праз дадатковыя прэферэнцыі, аднак не ўвядзеннем мераў абмежавальнага ці прымусовага характару. Апроч таго, не трэба скідваць з рахункаў адзін факт: 15-16 працэнтаў сем'яў пакутуюць ад бясплоддзя, яны хочуць, але не могуць мець дзяцей. Таму ў вырашэнні праблем нараджальнасці лепш выкарыстоўваць шлях прамога матэрыяльнага стымулявання: павялічваць дапамогі, развіваць ільготнае крэдытаванне для маладых сем'яў — над гэтым, уласна кажучы, і працуе ўрад. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Павелічэнне дапамог на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і больш прывабныя ўмовы забеспячэння бясплатным харчаваннем дзяцей да 2 гадоў у маламаёмных сем'ях, новыя...
|
|