Дзеці ці дабрабыт?. 21.by

Дзеці ці дабрабыт?

15.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адно мала. Тры занадта? (5 мая 2010 года)

Летась насельніцтва Беларусі скарацілася на 13 тысяч чалавек — такім чынам, краіна панесла найменшыя дэмаграфічныя страты за апошнія 15 гадоў. Разам з тым сітуацыя пачынае змяняцца і, на жаль, не да лепшага. Ужо ў пачатку 2008 года ў нас упершыню зменшылася колькасць грамадзян у працаздольным узросце. Да таго ж чакаецца, што гэта тэндэнцыя будзе назірацца яшчэ вельмі працяглы час — не менш чым 15—20 гадоў. У выніку становяцца ўдвая актуальнымі дзве аднолькава няпростыя задачы — зніжэнне смяротнасці і павелічэнне нараджальнасці. Прычым, адзначаюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, у дадзеным выпадку спатрэбяцца новыя падыходы, і ў тым ліку — вывучэнне магчымасці ўвядзення так званага "мацярынскага" або "сямейнага" капіталу.

Сяргей Грыб.

@

Скупы плаціць двойчы. Калі сёння будзем эканоміць грошы на боязі людзей завесці дзяцей з-за матэрыяльных праблем, якія выклікае нараджэнне дзіцяці, то заўтра пенсіянераў (і ўсіх астатніх бюджэтнікаў) карміць не будзе каму.

Назіральнік.

@

Усё пра сацыяльныя гарантыі напісана вельмі прыгожа. А не падкажаце, як пракарміць дзіця на дапамогу ў 250 тыс.? Пры тым што зарплата ў людзей па 800—900 тыс. Нарадзіць для многіх маладых мам — гэта апынуцца за мяжой беднасці.

Марына.

@

Большасць маіх сябровак — а гэта маладыя дзяўчаты да 30 гадоў ці каля таго — ужо маюць па адным дзіцяці. Калі ж заходзіць размова пра другога, яны ўсе адмоўна круцяць галавой — маўляў, нажыліся мы ўжо на гэтыя капейкі. А ва ўсіх адукацыя, і жыллёвыя ўмовы дазваляюць... Але яны не хочуць нараджаць, бо тады ў сям'і адразу ж рэзка можа паўстаць пытанне пра дабрабыт, калі адзін толькі муж пачне прыносіць належныя грошы у гэтую самую сям'ю. Затое ў весцы — там, дзе заробкі па 40—50 тыс. — нараджальнасць у норме, бо больш выгадна нарадзіць дзіця, чым працаваць. Вось і нараджаюць. Але не для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, не дзеля таго, каб сям'я была вялікая, а каб СКАРЫСТАЦЬ дзіцячую дапамогу на свае патрэбы. Сама працую ў вёсцы — ведаю, пра што кажу. Нездарма сёння вялікая колькасць дзяцей у сям'і — адна з прыкметаў сям'і няўдалай. І бачу, як маці чацвярых дзетак (двое з іх ужо ў прытулку), атрымліваючы дзіцячую, дапамогу прапівае яе за тыдзень.

Марына.

@

Дарэчы, таксама працую ў вёсцы, сітуацыя аналагічная. Людзі, якія ломяць галаву над тым, як зрабіць лепшым жыццё для сваіх дзяцей, баяцца заводзіць іх з-за матэрыяльных праблем. А ў алкаголікаў бегаюць цэлыя вывадкі, брудныя, без нагляду. Трапляюць у дзіцячыя дамы, з дзяцінства пачынаюць красці.

Назіральнік.

@

У мяне двое дзетак. Вельмі хочацца трэцяе. Я ў стане выгадаваць і выхаваць. Але праблема ў тым, ці пацягнем мы гэта матэрыяльна. Завесці трэцяе дзіця — гэта адназначна пазбавіць і двух, якія ўжо ёсць, усяго — магчымасці наведваць добры дзіцячы садок ці школу (напрыклад, за тое, што кожнае маё дзіця атрымала права хадзіць у садок, з нас нямала садралі, плюс як мінімум раз ў паўгода ў садку збіраюць па 50000 з кожнага дзіцяці), гурткоў (у садках яны толькі платныя, у школах, мяркуючы па ўсім, хутка таксама нічога бясплатнага не застанецца), спартыўных секцый, мастацкіх студый і іншых прыемных заняткаў па інтарэсах. Сёння і вышэйшая адукацыя фактычна становіцца платнай (хіба можна паступіць вучню, калі да гэтага яго бацькі не ўклалі грошы ў рэпетытарства і падрыхтоўчыя курсы?). Я ўжо не кажу пра тое, што для нас праблематычна будзе звазіць дзетак на адпачынак, горшым стане харчаванне. Калі да нараджэння дзяцей мы з мужам маглі адкладваць грошы з нашых заробкаў, то калі з'явіліся дзеткі, мы праелі ўсе нашы запасы, муж заваліўся дадатковай працай і ўсё ідзе толькі на дзяцей. Калі яны пайшлі ў садок, сталі часта хварэць (многія дзіцячыя лекі па 20, 40 тысяч, часам у месяц толькі на лячэнне расходуецца больш за сотню). Бясплатная медыцына у нас аніякая, урачы на ўчастку змяняюцца часцей, чым поры года, моладзь бяжыць з медыцыны таксама, як настаўнікі са школы. Каб дзіця паглядзеў добры ўрач — таксама плаці. Добрая частка жыцця праходзіць у паліклініцы, пакуль гадзінамі сядзіш у чэргах на банальныя медагляды, дзе яшчэ і не скажуць, як лячыць тваё дзіця. Больш ужо ніякіх дзяцей не хочацца. Раней на малых да трох гадоў хоць нейкія лекі выдавалі бясплатна. Чаму адмянілі гэтую льготу? Пра якое стымуляванне нараджальнасці можа ісці гаворка? У маёй знаёмай трое дзетак. Дапамога, якую яны атрымліваюць як шматдзетныя, не дазваляе жыць нармальна. Так, яны атрымалі права на льготных умовах пабудаваць жыллё ды менш плацяць за садок, але... дзеткі часам месяцамі не бываюць на свежым паветры, бо адзін захварэў — дома сядзяць усе, таму што на прагулку іх вывесці няма каму (тата працуе нават па выхадных, каб пракарміць сямейства).

Стымуляванне нараджальнасці, я так разумею, — гэта адсутнасць пабораў у школах і садках, гэта бясплатныя гурткі і секцыі, гэта нармальная дзіцячая медыцына і прафілактыка дзіцячых захворванняў (як бы я не загартоўвала сваіх дзяцей, якія б вітаміны не купляла — але варта пайсці ў садок, і мы вечна хворыя). А якое дрэннае харчаванне ва ўсіх гэтых дзіцячых установах! Чаму дзеці ўвесь час галодныя?

Стымуляванне нараджальнасці — гэта і магчымасць шматдзетным сем'ям жыць так, як і сем'ям, у якіх адно дзіця. Гэта і падтрымка нармальных сем'яў — калі сям'я клапоціцца пра сваіх дзяцей, любіць іх, выхоўвае, то ёй трэба дапамагаць. Няхай яны адважацца на нараджэнне яшчэ аднаго дзіцяці. Але навошта пладзіць жабракоў? Хто вырасце з гэтых няшчасных дзетак са шматдзетных сем'яў алкаголікаў? Ведаю адну такую сям'ю, дзе 12 дзяцей. Трэць з іх у турме, трэць у спецустанове для малалетніх, астатніх чакае тое ж самае. Сучасная медыцына дазваляе ж вырашыць пытанне так, каб гэтыя алкагалічкі не цяжаралі. Ці прасцей ствараць прытулкі для сацыяльных сірот?

Міспадключацель.

@

Спадарства, мне падаецца, што вы успрымаеце ўсё занадта песімістычна. Няўжо у час вашага дзяцінства бацькі маглі забяспечыць вас усім, чым хацелася? Мяне здзіўляе, калі ў сям'і хапае грошай на дарагое аўто, адпачынак некалькі разоў на год, а вось мець дзіця "не дазваляюць сродкі". Зараз з'яўленне дзіцяці ў многіх асацыюецца толькі з дадатковымі абавязкамі і расходамі. Але ж дзіця — гэта вялікая радасць. Выхаванне дзіцяці — задавальненне, якое ні з чым нельга параўнаць. Адзін мой знаёмы ў свой час казаў: "Пусцілі на свет сірату", маючы на ўвазе сям'ю з адным дзіцем. Напэўна ў нечым ён меў рацыю. Не было большага клопату з боку дзяржавы пра шматдзетныя сем'і (дарэчы, яшчэ зусім нядаўна лічылася, што трое дзяцей — норма, а не шматдзетная сям'я) і наогул сем'і, у якіх ёсць дзеці, калі нараджалі нашы матулі. Але ж гэта не спыніла іх — мы ёсць. А ўспомніце, у якія часы нараджалі нашы бабулі... Нават вайна не стала перашкодай. Прычыну нежадання мець дзяцей трэба шукаць у нечым іншым, а не ў матэрыяльных цяжкасцях. Як гаворыцца, было б жаданне... Магчыма, нашы бабулі і матулі былі не такімі адукаванымі, але гэта не перашкодзіла ім нарадзіць і выхаваць годных людзей, і даволі часта не дваіх-траіх, а пяцярых і семярых.

Наталля.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адно мала. Тры занадта? (5 мая 2010 года) Летась насельніцтва Беларусі скарацілася на 13 тысяч чалавек — такім чынам, краіна панесла найменшыя дэмаграфічныя страты за...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика