Праца ў небе. 21.by

Праца ў небе

15.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ілья ЛАПАТО

Я ўпершыню распранаўся перад камерай. І не раз. Але гэта не тое, пра што вы падумалі. Усё было куды прасцей — праходзіў зону агляду ў аэрапорце. Першы ў маім жыцці авіярэйс.

Маю знаёмых, якія не любяць палётаў, — баяцца, што самалёт заглохне ці птушка ў рухавік патрапіць. Выбіраючыся на эксперымент, я не ставіў мэты праверыць сваё шанцаванне. Мяне цікавіла іншае. З чаго пачынаецца дзень бортправадніка і колькі лётных гадзін яму адведзена ў месяц? Чаму ў адзін бок самалёт можа ляцець гадзіну, а ў другі — плюс дзесяць хвілін?

Правёўшы дзве гадзіны ў паветры, я знайшоў адказы не толькі на гэтыя пытанні, але і даведаўся, чаму сцюардэсам нельга бегаць па салоне з косамі, а пілоты не рызыкуюць прышываць гузікі перад вылетам.

На старт

Перш чым падняцца ў неба, увесь экіпаж праходзіць медагляд. Першыя пытанні: "як сябе адчуваеце?" і "ці быў перадпалётны адпачынак?" (ён павінен быць не меншым за 12 гадзін). У членаў экіпажа правяраецца пульс і ціск.

Пасля — брыфінг. У цэнтры пакоя — вялізная карта палётаў з пазначанымі маршрутамі, назвамі гарадоў і мноствам стрэлачак. На сцяне — безліч прымацаваных папер пад загалоўкамі "Для лётных экіпажаў", "Графік дзяжурстваў лётнага складу", "Метэаінфармацыя", "Тэрміновая інфармацыя" і інш. Менавіта сюды напярэдадні вылету збіраецца лётны экіпаж, каб абмеркаваць будучы палёт і агаварыць усе нюансы. Пасля брыфінгу экіпаж адпраўляецца на самалёт, а я, як пасажыр, у зону рэгістрацыі.  

Білет, пашпарт, агляд. Фінальны акорд — выкласці з кішэняў рэчы, якія звіняць, зняць гадзіннік і рэмень. Гэта тут упершыню ў жыцці я расшпільваў рэмень перад камерай і на вачах столькіх дзяўчат...

Я лятаю. Я ў раі?

Вышыня — 9100 метраў. Пад намі — пуховыя аблокі. Рэйс амаль пад завязку — толькі тры вольныя месцы. І гэта ўлічваючы, што на Маскву штодня ходзіць некалькі рэйсаў. Сярод пасажыраў збольшага бізнэс-мужы, якія возяцца са сваімі ІРОDамі і скуранымі сумкамі. Жанчын у салоне мала — нібыта ў Іванава ляцім, а не ў белакаменную.

Да Масквы 750 км. Гадзін дзевяць, калі ехаць аўтобусам, але наш "СRJ 200" прызямліцца ўжо праз гадзіну — хуткасць 780 км/г. Слухаю інструктаж бортправаднікоў — і не веру вушам сваім — па-беларуску! На чысцюткай беларускай мове! Для замежнікаў — па-англійску.

Неўзабаве настаў момант, калі з ілюмінатара ярка засвяціла. Пад намі іскрыстае белае поле — аблокі. Малюнак, як з дакументальнага фільма NАTІОNАL GЕОGRАРHІС... Гурбы снегу проста лунаюць у паветры. І гэта зусім не снег — гэта аблокі, вялікі акіян з аблокамі! За бортам — мінус 40. Вось жа добра каўбасу захоўваць!

Пакуль я адкрываў для сябе неба, некаторыя з пасажыраў паспелі ўжо заснуць, адкінуўшы галаву на сядзенне. І нават фірмовымі цукеркамі з лагатыпам "Белавіі" іх нельга было падкупіць.

Новы год за штурвалам: "таму што мы пілоты"

У кабіну пілотаў мне дазволілі зайсці перад узлётам і на некалькі хвілін. Царства кнопак, агеньчыкаў і надпісаў. Тут усталявана 64 камп'ютары (!). Паспрабуй разбярыся! Толькі ўявіце сабе! Але для пілота — паспрабуй не разабрацца! Камандзір Сяргей Болдыраў заверыў — насамрэч усё вельмі проста: трэба толькі запомніць, які прыбор за што адказвае.

Наш рэйс абслугоўвала два пілоты. І абодвух звалі Сяргеямі. Хоць ты жаданне загадвай. Вось толькі самі мужчыны да прыкметаў ставяцца трошкі насцярожана, не любяць гэтай тэмы. Кажуць, калі ў дзень адлёту ў пілота адарвецца гузік, лічыцца, што яго лепш не прышываць.

Крэсла пілота адкідваецца і прыцягваецца, калі патрэбна. Яго лёгка скарэктаваць пад рост пілота. Вось у Сяргея Болдырава рост 189 см і ў зусім маленькую на першы погляд кабіну ён памяшчаецца без праблем.

— Вось гэта тэхнічны журнал, — праводзіць лікбез камандзір. — Тут усе агляды, запраўка і іншыя тэхнічныя звесткі. Я прыходжу — і адразу гляджу. Калі згодны і праверыў, ці ўсё сапраўды так, я пішу, што самалёт прымаю — з гэтага часу, як камандзір, я адказваю за ўсё, што адбываецца падчас палёту.

— Можаце ўзгадаць самыя неардынарныя выпадкі?

— Ну чаму заўсёды ў прафесіі лётчыка вы шукаеце самае неардынарнае, — па-добраму абураецца камандзір, і, усміхнуўшыся, дадае: — Усё ардынарна — нармальныя штатныя сітуацыі. Добры настрой, суцэльны пазітыў. Рознае бывае, але гэта такія дробязі, што нават спыняцца няварта. Галоўнае для нас, каб пасажырам спадабаўся палёт — гэта найлепшая пахвала.

У авіяцыі Сяргей Болдыраў ужо 17 гадоў, прыйшоў сюды з парашутнага спорту, дзе паспеў атрымаць першы разрад. Пілотам мужчына хацеў стаць яшчэ з дзяцінства — быў добры прыклад дзядулі, які таксама працаваў у авіяцыі. Цяпер у Сяргея падрастае сын, але на прафесіі пілота тата не настойвае. Лічыць, што сын сам павінен выбраць дарогу. А вось у другога пілота Сяргея Колава гадуецца дачка. З маленства запісваць яе ў сцюардэсы Сяргей таксама не спяшаецца — усяму свой час, лічыць ён, дачка вырасце і сама абярэ для сябе прафесію, якая будзе ёй даспадобы.

Падчас палёту пілоты арыентуюцца па прыборах: тут бачная ўся інфармацыя пра рух. Напрыклад, адзін з прыбораў, які працуе аўтаматычна, прадухіляе сутыкненне самалётаў у паветры. Ёсць і GРS-навігацыя. Там можна ўбачыць увесь наш палёт да Масквы ад узлёту да пасадкі — маршрут складзены з адмысловых пунктаў, кожны з якіх — геаграфічныя каардынаты. Менавіта дзякуючы навігацыі пілот заўсёды ведае, на якім пункце ён павінен паварочваць самалёт і ў які бок рухацца.

— Калі я сяджу ў кабіне пілота і гляджу наперад, я сябе больш утульна адчуваю, таму што ўсё ў маіх руках. Гэтаксама, калі едзеш за рулём, больш спакойна адчуваеш сябе, калі ты — кіроўца, — прызнаецца Сяргей Болдыраў. — Цікавая яшчэ і працягласць палёту. Часткова яна залежыць і ад ўздзеяння паветраных масаў, у адзін бок ляціш гадзіну, а назад — ужо гадзіну і 10 хвілін.

А яшчэ, як прызнаўся камандзір, яму не раз даводзілася сустракаць Новы год у небе — за штурвалам самалёта. Такая прафесія.

Неба. Самалёт. Наташа

"...Пазаўчора была ў Празе, учора — у Кіеве, заўтра лячу ў Рым..." — усміхаецца дзяўчына. У яе паслужным спісе і Куба, і Кітай, і Венесуэла... Бортправадніца Наталля Несцярэнка адлегласці не баіцца. І вышыні таксама. Лічыць, што без гэтага ў прафесіі бортправаднікоў нікуды. Як і без авантурызму: "Калі дзесьці адчуваецца ўсплеск адрэналіну — нас туды проста цягне!"

На пытанне, як сябе адчувае, калі ў самалёце ляціць звычайным пасажырам, Наташа смяецца і дадае: "Як бы ні старалася абстрагавацца, а ўсё адно з вялікай цікавасцю сачу за сваімі калегамі: як і што яны робяць, не магу адвыкнуць. Калі лячу службовым пасажырам, таксама заўсёды мяне цягне на кухню — чым-небудзь дапамагчы". Наташа ў сваёй справе сапраўды профі — лятае з 1991 года. Больш за тое, нават будучага мужа Наташа сустрэла ў самалёце.

— Ён быў футбалістам, з камандай ляцеў на спаборніцтвы ў Сафію і на зваротным шляху мы пазнаёміліся, — з цеплынёй узгадвае дзяўчына. — Увогуле ў нас шмат хто лятае — і футбольныя каманды, і хакейныя, і аркестры, і балет... З развіццём агратурызму ў Беларусь зачасцілі італьянскія паляўнічыя. Прычым не адны, а са сваімі... сабакамі. Цэлыя групы. Кожны сабака ляціць у асобнай клетцы. І поўны багажнік — клетак з сабакамі. Іх гаўканне нават гук рухавіка перабівае.

— А родаў за вашу практыку не было? — па-загаворшчыцку пытаю я.

— Не (смяецца). Насамрэч, чамусьці ўсе пра гэта пытаюць, але не здаралася. Нас гэтаму вучаць, але ў мяне і ў калегаў такіх выпадкаў не было. Увогуле, па правілах перавозкі, — пасажырам за некалькі тыдняў да родаў не рэкамендуюцца палёты.

— Якія галоўныя якасці патрэбныя для працы бортправадніком?

— Па-першае, цярпенне — трэба з разуменнем ставіцца да ўсяго. Па-другое, дабрыня, такт, чуллівасць, празорлівасць. Трэба таксама быць актыўным чалавекам па характары — вельмі цяжка ў нашай прафесіі людзям меланхалічным. Трэба быць кемлівым, важныя пунктуальнасць і дысцыплінаванасць. Напачатку апошніх дзвюх якасцяў можа неставаць, асабліва, калі ты малады, але прафесія бортправадніка выхоўвае гэтыя якасці.

Што да формы бортправадніка, то, са слоў Наталлі, тут усё рэгламентавана: абцасы не больш за тры-чатыры сантыметры. Прыгожыя і чыстыя пазногці. Упрыгожванняў — мінімум (маленькія завушніцы, заручальны пярсцёнак, гадзіннік). Валасы акуратна прыбраныя, з дзвюма косамі бегаць ніхто не дасць — усё прымаецца і заколваецца.

Перад палётам сцюардэсы ўключаюць лямпы, правяраюць жылеты. Далей — прыём харчавання, камерцыйная загрузка, багаж. У дзень сцюардэсам дазволена максімум два рэйсы. У месяц па санітарных нормах — не больш за 76 гадзін.

Масква

Масква сустрэла цяплом і сонцам. У Мінску яшчэ ў куртках хадзілі, а тут у майках даўно. І хоць у аэрапорце "Шарамеццева" я затрымаўся ненадоўга, рускую гамонку без асіміляцыі і дзекання пачуў. Паспеў пабачыць і таджыкаў, якія прапаноўвалі сесці ў таксі...

У зоне агляду пасажыраў мне далі міні-тазік, куды з ганаровай місіяй прачкі адной з рэнесансных карцін я паклаў гадзіннік, рэмень, тэлефон, нават пінжак трэба было зняць...Туфлі ставіліся ў кантэйнер, а на ногі абуваліся празрыстыя бахілы. На маю беларускую мову супрацоўніцы аэрапорта ўсміхаліся, не разумеючы, што я кажу. А я так і не прывык, што па-беларуску тут не разумеюць.

Дарога дадому

— Калі глядзела Усяночную на Вялікдзень, — распавядае Наталля Несцярэнка, — дыктар пералічваў прафесіі людзей, на каго разлічана трансляцыя. Казаў пра хворых людзей, урачоў, міліцыянераў... А пра сцюардэс і пілотаў, на жаль, не ўзгадаў. — А мы вельмі часта на святы знаходзімся ў небе.

— Наколькі складана кожны дзень быць у паветры? Здароўе, відаць, як у касманаўтаў патрабуецца... — пытаю ў Наталлі.

— Безумоўна, сухое паветра, перапады ціску і павышаны фон радыяцыі робяць свой уплыў, — разважае Наталля. — Але не так моцна. Як правіла, усе бортправадніцы маюць сем'і і дзяцей, таму не трэба думаць, што прафесія сцюардэсы — гэта прысуд (усміхаецца.Аўт.). Я ніколі не пашкадавала, што выбрала гэту прафесію. І я думаю, калі б усё пачаць спачатку — усё атрымалася б гэтаксама.

Наталля вельмі любіць неба. Нават нягледзячы на небяспеку сваёй працы.

* * *

Сустракаць Новы год за штурвалам самалёта, у якім паўсотні пасажыраў, пагадзіцеся — не для слабых духам. Ведаць, як дапамагчы цяжарнай жанчыне пры родах у паветры — не для слабых духам. Пастаянная рызыка. Але ЯНЫ да гэтага гатовыя. Аднойчы сказаўшы свайму прызванню "так", яны не здраджваюць яму ўжо ніколі. Бо яны — людзі неба.

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу аўтар выказвае падзяку авіякампаніі "Белавія" і непасрэдна лётнаму экіпажу рэйса "Мінск—Масква": за прафесіяналізм, зладжанасць у працы і выдатны настрой падчас палёту. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Я ўпершыню распранаўся перад камерай. І не раз. Але гэта не тое, пра што вы падумалі. Усё было куды прасцей — праходзіў зону агляду ў аэрапорце. Першы ў маім жыцці...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика