Навошта, дзяўчаты, высокіх кахаеце?. 21.by

Навошта, дзяўчаты, высокіх кахаеце?

15.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адразу адзначу, што мой рост — ніжэй за 170 сантыметраў. Комплексаў наконт гэтага ўжо даўно няма. Ці ёсць? Калі дакладна, рост 169 сантыметраў. Ну, прызнаюся, 168...

У савецкую армію ў свой час узялі, а, памятаецца, карлікам туды позвы не выпісвалі. Дарэчы, пра армію. Напрыклад, пехацінцу, вядома, трэба быць ніжэй. Бо, у прыватнасці, у адкрытым полі ў каго лепш пацэліць вораг? А танкістаў ростам пад 190 сантыметраў я ніколі не бачыў. Выходзіць, невысокія салдаты — проста "знаходка" для арміі любой краіны.

Як невысокі, хачу нагадаць, што шмат знакамітых людзей былі такімі ж. Вось чытаў пра Напалеона, напрыклад. А Гагарын? Калі не пераблытаў, не 180 сантыметраў быў ростам. Высокі не мог быць першым касманаўтам з-за абмежаванай жылой плошчы касмічнага карабля. Ці я памыляюся? А былы і цяперашні прэзідэнты Расіі? Невысокія зусім. Жанчыны на гэта скажуць: "Ты ж не Напалеон! І не прэзідэнт!" Затое таксама невысокі.

Між іншым, заўважыў, што за рэдкім выключэннем мужчыны-чыноўнікі ў Прыдзвінскім краі ростам за 180 сантыметраў. Асабіста я тлумачу гэты факт тым, што пераважная большасць з іх — выхадцы з глыбінкі. На хатнім малацэ, сале, на свежым паветры, апрацоўваючы зямлю з дзяцінства, і вырасцеш высокім, моцным. Ніякім чынам не хацеў нікога пакрыўдзіць. Проста назіранне і разважанне.

Высокі, моцны, прыгожы. А яшчэ каб не піў, не курыў, і кветкі заўсёды дарыў. Усё, як у тым савецкім шлягеры — мара, бадай, кожнай дзяўчыны. Напэўна, высокі рост асацыюецца ў дзяўчат з той самай "крэпасцю". "Я за ім, — разважае дзяўчына, — як за каменнай сцяной". І чым вышэй сцяна, тым лепш.

Пры ўсім тым, што жыццё часта кардынальна мяняе ўяўленні жанчын пра іх будучых мужоў. Вось маці маіх дзяцей таксама да сустрэчы са мной кахала высокіх. І вось "сумны" для яе вынік. Мяне не кахае, а два хлопцы растуць. І добра! Толькі ўсё перажывае — ці будуць дзеці такія ж, як я. Рост у нас з ёй аднолькавы. Затое мой цесць — ну проста ідэал у сэнсе росту. Разведзены тым болей.

Нядаўна пазнаёміўся з жанчынай. Ёй за трыццаць. Свабодная. Пачаў фліртаваць. Ах, вясна, вясна. І пагаварыць з ёй пра што ёсць. Але ж падчас шчырых размоў пра жыццё высветлілася, што яна любіць толькі высокіх. І чамусьці ўрэшце зрабіла захад, што я пакрыўдзіўся з-за яе гэтых слоў. Потым напісала мне на электронны адрас, што не супраць новых сустрэч па-за супрацоўніцтвам паміж рэдакцыяй і яе фірмай. Вось і зразумей жаночую логіку.

Другі прыклад з асабістага жыцця. Перапісваўся з жанчынай з глыбінкі. Прыехаў у камандзіроўку, і так ужо здарылася, што сустрэўся з яе калегамі-жанчынамі. На жаль, у гэты дзень яе ў родным горадзе не было. Тыя, вядома, ёй перадалі пра візіт журналіста са "сталіцы". Не забылі пра тое, што рост яго такі, што "толькі абдымі і заплач". Потым я ёй патэлефанаваў. Яна пра перажыванні наконт сустрэчы, якая, на жаль, не адбылася. І раптам пра рост: "Я думала, што ты не такі маленькі"... Дык навошта мне далей мець стасункі з чалавекам з комплексамі?

Ёсць у мяне таварыш. Таксама невысокі. 40 гадоў. Халасцяк. У свой час тыя, хто яму падабаліся, адмовілі яму ў самі здагадаецеся чым, таму што "карлік". Як кажуць, прайшлі гады. Большасць з тых, хто не хацелі быць калісьці з ім, развяліся. І ў прынцыпе, наколькі я разумею гэтых жанчын, цяпер былі б не супраць мець блізкія стасункі з чалавекам з залатымі рукамі, з добрай зарплатай. Тым больш што ён фактычна не ўжывае спіртное. І не матулін сынок. Жыве адзін у двухпакаёвай кватэры. Ды і ў добрым раёне (недалёка Летні амфітэатр — галоўная сцэнічная пляцоўка музычнага "базару"). Тэлефон магу падарыць чытачкам, якіх гэтая інфармацыя зацікавіць.

Лічу, што комплексы не ў пераважнай большасці невысокіх хлопцаў, а ў тых, хто менавіта па гэтай прыкмеце — высокага росту — выбірае сабе партнёраў.

Пра мужчынскія комплексы. Тып ідэалу многіх мужчын: бландзінка з доўгімі нагамі, вялікімі грудзьмі, блакітнымі вачамі. Быў і ў мяне такі комплекс. Выбраў фарбаваную бландзінку.

Дарэчы, наконт бландзінак. Чаму лічыцца, што яны ў большасці сваёй, мякка кажучы, "неразумныя"? Такія ж ёсць і сярод брунетак, шатэнак... Быў бы чалавек добры. А якога колеру ў яго валасы — гэта ўжо другасны фактар.

Верагодна, яшчэ з часоў зараджэння чалавецтва жанчыны цягнуліся фізічна да высокіх мужчын (чытай: самцоў). У наш час мы засталіся такімі ж прымітыўнымі? Толькі замест прымітыўных "штук" для палявання высокія тэхналогіі? І ў ХХІ стагоддзі падавай жанчынам высокіх? Каб не сорамна было выйсці ў горад, як адзначыла мая знаёмая. Упэўнены, што даволі хутка жанчыны пазбавяцца ад комплексаў. А калі не? Ну, пакахаў "карлік" жанчыну, а яна яму адмаўляе. Адразу задаю пытанне — навошта яна яму такая? І парадую — пры сучасных дасягненнях медыцыны магчыма штучна павысіць рост. Яшчэ ў часы СССР, памятаю, у часопісах расказвалася, як падчас аперацыі можна вырасці сантыметраў на 10. Плюс спецыяльныя заняткі для расцяжкі і без хірурга "падымуць у вышыню". А ці трэба? Галоўнае ж — унутры!!!

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Кажуць, што галоўнае — душа... А глядзяць на грудзі!

Прачытала "комплекснае даследаванне" калегі, і першым жаданнем было адказаць штосьці ў стылі — самі такія. Маўляў, дарагія крытыкі ружовых дзявочых мараў, растлумачце лепш, чаму джэнтльмены аддаюць перавагу бландзінкам, і дастаткова перафарбавацца (праверана на ўласным вопыце), каб табе дазвалялі і даравалі значна больш, чым раней? Або з якога гэта перапуду, на думку мноства мужчын, дзяўчаты, большыя за 46-ы памер, асуджаныя на адзіноту і выміранне як від? Ці так: чаму 99 адсоткаў мужыкоў сцвярджаюць, што ў пошуках ідэальнай палавінкі важная не знешнасць, а душа (і яе люстэрка — вочы), а самі пры сустрэчы глядзяць хто на ногі, хто на грудзі?!

Карацей, шмат чаго можна было напісаць у адказ — хапіла б на таўшчэзны жаночы раман, з эпіграфам і эпілогам. Але я ўсё ж пастаралася адкінуць суб'ектыўнае жаданне ўзводзіць прыватнасці ў абсалют і паспрабавалаўнікнуць у сутнасць праблемы.

Сказаць, што яе ўвогуле не існуе, не выпадае — сама не раз была сведкай, калі партнёра характарызаваў і нашмат даўжэйшы спіс ідэальных параметраў, чым "высокі, моцны, прыгожы, каб не піў, не курыў, кветкі дарыў", заўжды мяне адну кахаў і добра зарабляў. Але ставіцца да гэтага спісу, на маю думку, варта з усмешкай. Можна са скептычнай, можна з добразычлівай — каму як больш падабаецца. Бо жыццё сапраўды мудрэйшае за нас, і з цягам часу ўсё расстаўляе па належных месцах. Я, прызнаюся, у падлеткавым узросце таксама марыла, уяўляла з сабой гэткага высачэзнага асілка, пры тым і добрага, і разумнага, і спартыўнага — карацей, толькі што без белага каня. Але ж. Знайшла, на сваю галаву — пра такі тыпаж мая бабуля казала "шафа з антрэсолямі". Толькі вось потым высветлілася, што "антрэсолі" ў асноўным пустыя, нецвярозы асілак — гэта горш, чым малпа за рычагамі танка, і ўвогуле, вялікія шафы гучна падаюць... Або прыяцелька мая дзіўнае мела ўяўленне пра свайго ідэальнага мужчыну: "Ён можа быць усякі — хударлявы ці ўкормлены, высокі ці нізкі, гарадскі ці вясковы, бландзін ці брунет; абы толькі не "рыжий-бесстыжий", цярпець іх не магу!". Ну, і здагадайцеся з трох разоў, якога колеру шавялюра ў яе — да слова, пяшчотна каханага — мужа? Як чалавек, які назіраў іхнюю love story з самага пачатку, заўважу: нічога б не атрымалася, калі б хлопец не ўспрыняў гэтае "цярпець не магу" як часовую дзявочую блазноту, а яна паступова не разгледзела за рудымі валасамі і рабаціннем цудоўнае пачуццё гумару, адказнасць за сябе і іншых і спакойны, разважлівы характар.

Так што не пагаджуся я з табой, Саша, што комплексы — толькі ў тых, хто выбірае партнёра па пэўных вонкавых "тэхніка-тэхнічных характарыстыках". У тых, КАГО выбіраюць, гэтых комплексаў таксама хапае, проста ставяцца да іх людзі па-рознаму: хтосьці прымае і любіць сябе такім, як ёсць, хтосьці выпрацоўвае імунітэт да дурных жартаў на тэму сваёй знешнасці, хтосьці працуе над сабой і ператвараецца з гадкага качаняці ў такога лебедзя, што зайздроснікі потым языкамі душацца, а хтосьці вырашае, што лепшая абарона — гэта напад, і з'едліва крытыкуе заганы іншых. Табе які варыянт больш даспадобы? А, ужо бачу — паглыбленне ў гісторыю і арыентацыя на выбітных асобаў невысокага росту. Таксама няблага. Да ўзгаданых ужо Напалеона (162 см) і Гагарына (па адных звестках, 157, па другіх — 165 см) можаш дапісаць Аляксандра Пушкіна (166 см), Аляксандра Македонскага (150), караля Людовіка XІV (156) і ўвогуле карліка па сучасных мерках, аднак вялікага ў сусветнай гісторыі дзеяча Чынгісхана (145). Праўда, не забывайся, што ў тыя далёкія часы грамадства яшчэ не ведала, што такое акселерацыя. І, тым не менш, усімі гэтымі мужчынамі жанчыны захапляліся і кахалі... Мне асабіста спадабалася выказванне Чарлі Чапліна (таксама не волат быў, між іншым), што маленькім людзям, незалежна ад полу, даводзіцца прыкласці больш намаганняў, каб вылучыцца з натоўпу — затое поспех да іх, пры належным старанні, прыходзіць вялікі.

Што да разваг, быццам спрадвеку жанчыны цягнуліся да высокіх мужчын — зноў ты не маеш рацыі. Сэксолагі сцвярджаюць, што высокі рост і доўгія канечнасці нярэдка сведчаць, хутчэй, пра слабасць палавой канстытуцыі, і могуць быць прыкметамі пэўных праблем. А інстынкт размнажэння прымушае нас выбіраць таго, хто зможа даць моцных, здаровых нашчадкаў. І вось тут невысокіх мужчын чакае прыемнае адкрыццё: як правіла, мужчыны з высокім тэмпераментам — сярэдняга або ніжэй за сярэдні рост, з прапарцыянальнай постаццю, часта з павышанай валасатасцю. І дасведчаныя жанчыны пра гэта добра ведаюць!

А ўвогуле, папулярнасць таго ці іншага тыпажу знешнасці — гэта ўсяго толькі мода. Спачатку яе прапагандуюць адзінкі, потым падхопліваюць усе, а потым... індпашыў ператвараецца ў шырспажыў, і мода шукае іншы кірунак. Бо доўга знаходзіцца ў асяроддзі жывых манекенаў і карцінак з глянцавых часопісаў — сумна. Так што аднойчы, калі высокіх стане празмерна многа і жанчыны ад іх крыху стомяцца, на сцэну выйдзеш ты — увесь у белым... Тады не забудзься, калі ласка, што ў жанчыне таксама колер валасоў, даўжыня ног ці памер грудзей — далёка не самае важнае.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу адзначу, што мой рост — ніжэй за 170 сантыметраў. Комплексаў наконт гэтага ўжо даўно няма. Ці ёсць? Калі дакладна, рост 169 сантыметраў. Ну, прызнаюся, 168... У...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика