"Аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам у аддзяленні дзённага знаходжання вядзецца ў адпаведнасці з заканадаўствам". 21.by

"Аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам у аддзяленні дзённага знаходжання вядзецца ў адпаведнасці з заканадаўствам"

05.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У "Звяздзе" яшчэ за 15 снежня мінулага года мы надрукавалі — не столькі пытанне, колькі заклік — ад жыхара аграгарадка Гуды Лідскага раёна Іосіфа Браніслававіча Пілінко: "Для вяскоўца дзённы стацыянар — выйсце. Але давайце вернем для пацыентаў бясплатнае забеспячэнне ўсім неабходным". Ужо з загалоўка вынікае, пра што вялася гаворка. Так, пра карыстанне найперш вяскоўцамі стацыянарамі дзённага знаходжання. Канкрэтна наш заяўнік ім больш чым задаволены. "Таму што вясковец — не гараджанін, проста так у бальніцу ён легчы не можа. Бо і ўласная гаспадарка, жывёла некага "прывязвае" да дому, а састарэлыя папросту баяцца кідаць уласнае жытло на нейкі час без нагляду. Таму атрымліваць лячэнне зручна ў стацыянары: раніцай падуправіўся па гаспадарцы, а потым паехаў сабе да медыкаў, атрымаў працэдуры — і дадому".

Безумоўна, разважаў далей Іосіф Браніслававіч, трэба плаціць за паслугі транспарту, а грошай лішніх не бывае. Аднак больш істотнай праблемай ён называў тое, што колькі часу таму пацыентаў у аддзяленнях дзённага знаходжання перасталі забяспечваць бясплатнымі лекамі, больш за тое, яны цяпер павінны самі клапаціцца і пра харчаванне, і пра пасцельную бялізну з ручніком. Чытач не задаваў ніякіх пытанняў, маўляў, зразумела, што так робіцца паўсюдна і ў рамках заканадаўства. Ён прапаноўваў унесці змяненні ў названае заканадаўства — вярнуць усё як было. Казаў, што хацеў данесці сваю думку да ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу, аднак не змог дазваніцца. Таму і папрасіў, каб "Звязда" атрымала адказ: ці плануюцца якія змены для насельніцтва пры лячэнні ў аддзяленнях дзённага знаходжання? Што мы і паспрабавалі зрабіць, накіраваўшы запыт у Міністэрства аховы здароўя.

Упраўленне арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя разгледзела гэты апублікаваны ў "Звяздзе" зварот і нарэшце адказала лістом наступнага зместу.

"Згодна з пунктам 1.2 пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь №143 ад 19 верасня 2008 года "Аб арганізацыі дзейнасці аддзялення дзённага знаходжання дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя", аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам у аддзяленні дзённага знаходжання (на ложках дзённага знаходжання), а таксама пакрыццё выдаткаў, звязаных з яе аказаннем, вядзецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з часткамі 1 і 2 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове здароўя" ад 15.07.2010 г. №166-З, лекавае забеспячэнне пацыентаў у амбулаторна-паліклінічных умовах адбываецца за кошт уласных сродкаў пацыентаў, сродкаў юрыдычных асоб і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Згодна з пунктам 70 пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2010 года №19 "Аб зацвярджэнні метадычнага дапаможніка па складанні бюджэтнага каштарысу арганізацыі аховы здароўя, што фінансуецца за кошт сродкаў бюджэту", у аддзяленні дзённага знаходжання (на ложку дзённага знаходжання), у амбулаторна-паліклінічных арганізацыях аховы здароўя выкарыстанне вырабаў медыцынскага прызначэння (інфузіённыя растворы, сістэмы для ўнутрывеннай інфузіі, шпрыцы, іголкі і іншыя вырабы медыцынскага прызначэння) забяспечваюцца за кошт сродкаў, прадугледжаных ва ўстаноўленым парадку па бюджэтным каштарысе на ўтрыманне арганізацыі аховы здароўя, іншымі словамі, для пацыентаў — бясплатна.

Адначасова паведамляем, што забеспячэнне лекавымі сродкамі пацыентаў у аддзяленнях дзённага знаходжання, якія маюць права на сацыяльныя льготы па лекавым забеспячэнні, вядуцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь на льготнай і бясплатнай аснове па рэцэптах урачоў амбулаторна-паліклінічных арганізацый аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання) пацыентаў.

Так, у адпаведнасці з новай рэдакцыяй пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2007 г. №1650 "Аб некаторых пытаннях бясплатнага і льготнага забеспячэння лекавымі сродкамі і перавязачнымі матэрыяламі асобных катэгорый грамадзян" (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2009 г. №1390), вядзецца бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі пацыентаў з устаноўленым дыягназам захворванняў, уключаных у пералік захворванняў, што даюць права грамадзянам на бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў пры амбулаторным лячэнні.

Акрамя таго, на амбулаторным этапе лячэння пацыенты, якім устаноўлены І і ІІ групы інваліднасці, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, маюць права на 90-працэнтную зніжку з кошту лекавых сродкаў, што выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў, зацверджаным Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Грамадзяне, якія не маюць права на сацыяльныя льготы, набываюць лекавыя сродкі за кошт уласных сродкаў, сродкаў юрыдычных асоб і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Таксама паведамляем, што гэта катэгорыя пацыентаў можа звяртацца па адрасную сацыяльную дапамогу на набыццё лекавых сродкаў, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, у тэрытарыяльны орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства".

Р.S. <І>Ці застанецца задаволеным гэтым адказам наш чытач — меркаваць загадзя не бяромся. Афіцыйнае рэагаванне — змястоўнае, у тым ліку і наконт прадастаўлення пэўных ільгот асобным катэгорыям грамадзян, якія праходзяць лячэнне ў згаданых аддзяленнях дзённага знаходжання. Даюцца ў лісце з міністэрства і шматлікія спасылкі на заканадаўства. Толькі... Падаецца, галоўнае, пра што прасіў даведацца Іосіф Браніслававіч, — ці плануюцца ў яго ўносіць якія-небудзь змены...

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У "Звяздзе" яшчэ за 15 снежня мінулага года мы надрукавалі — не столькі пытанне, колькі заклік — ад жыхара аграгарадка Гуды Лідскага раёна Іосіфа...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика