Хто дапаможа адрамантаваць электраправодку ў доме вяскоўцу?. 21.by

Хто дапаможа адрамантаваць электраправодку ў доме вяскоўцу?

15.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З вёскі Вуглы Брагінскага раёна папрасіла дапамогі Марыя Усеваладаўна Бараноўская, сказала, што не ведае, куды яшчэ можа звярнуцца са сваёй праблемай. Сутнасць яе наступная: пачала дыміцца электраправодка ў калідоры дома. Да таго падобнае ж здаралася з электралічыльнікам.

— Выклікала работнікаў МНС разам з прадстаўнікамі энергазбыту. Тыя пацвердзілі, што праводка дыміцца. Трэба адключаць, сказалі, звяртайцеся да калгаснага электрыка. А ўжо рамантаваць, дык і ўвогуле — невядома, калі тыя майстры прыедуць. А як жыць без электрычнасці? — пыталася заяўніца.

Тут трэба дадаць, што дом, дзе пражывае Марыя Усеваладаўна, — гэта службовае жыллё, якое знаходзіцца на балансе Вуглоўскага сельскага Савета. Пабудаваны ён 1935 годзе, жанчына атрымала яго ў 2006 годзе. Калі тут апошні раз рабіўся які рамонт, дакладна не ведае. Гэта мае пэўнае значэнне ў тым сэнсе, што электраправодка ў доме — закрытая, яна пракладзена ў сцяне. Таму, разумеючы, што невядома калі пракладзеныя правады могуць не вытрымаць нагрузкі ад уключэння ў сетку ўжо сучасных — магутных — электрабытавых прыбораў, жанчына кантралюе, каб адначасова не сілкаваліся запар некалькі з іх.

Заяўніца сказала нам, што ў сельскім Савеце адказу на свой запыт не атрымала. "Дык куды звяртацца яшчэ?" — зноў паўтарыла пытанне яна.

У сітуацыі вельмі аператыўна дапамог разабрацца начальнік Брагінскага вытворчага ўчастка "Энергазбыт" Ігар КРАЎЧАНКА, за што яму асобны дзякуй ад рэдакцыі. Найперш ён удакладніў, што да заяўніцы разам са спецыялістамі МНС выязджалі прадстаўнікі не энергазбыту, а энерганагляду. Сапраўды, яны пацвердзілі, што ўнутраная электраправодка — пад тынкоўкай — у доме жанчыны дыміцца. Аднак у кампетэнцыю гэтых арганізацый не ўваходзіць аказанне рамонту. Яны маглі толькі вынесці рашэнне адносна адключэння электрычнасці і даць прадпісанне на рамонт праводкі. Дык а як з рамонтам?

Далей разам з Ігарам Мікалаевічам мы высветлілі: ні ўласна энергазбыт, ні той жа энерганагляд (які сочыць за тэхнічным станам сетак), ні раённы вузел электрасувязі (які фактычна адказвае толькі за знешнія электрасеткі — да дома), ні жыллёва-камунальная гаспадарка (электрыкі якой могуць абслугоўваць толькі дамы, што знаходзяцца ва ўласнасці камунгаса, ды і тое на рамонтныя работы трэба мець спецыяльны дазвол) нічым дапамагчы не могуць. "Людзі памылкова лічаць так: паколькі ўсе гэтыя арганізацыі маюць дачыненне да электрасетак, бяруць грошы, значыць — і рамантаваць калі што таксама павінны яны. Але гэта не так", — зазначыў далей Ігар Краўчанка. Фактычна выходзіць так, што ў раёне няма ніводнай дзяржаўнай структуры, якая магла на падставе вышэйназванага спецыяльнага дазволу выканаць патрэбныя заяўніцы работы па рамонце электраправодкі. "У далейшым гэтым плануюць заняцца спецыялісты "Сельэнерга", аднак яны зараз на вучобе, прадпрыемства пачне працаваць некалькі пазней". Сёння дазвол на правядзенне неабходных жанчыне работ у раёне мае толькі адзін індывідуальны прадпрымальнік. Выходзіць, звяртацца выпадае толькі да яго?

Тут варта зноў вярнуцца да пачатку і прыгадаць адну істотную для канкрэтнай сітуацыі дэталь. Дом — службовы, знаходзіцца на балансе сельскага Савета, а не ва ўласнасці чалавека. Тады было б зразумелым адразу, што заказваць і аплачваць правядзенне рамонтных работ павінен ён сам. А тут як? У Вуглоўскім сельскім Савеце рэдакцыі між тым зазначылі, што ніякіх пісьмовых заяў ад Марыі Бараноўскай з гэтай нагоды пакуль не паступала. Відавочна, вырашэнне нюансаў гэтага пытання з удзелам абодвух бакоў яшчэ наперадзе...

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З вёскі Вуглы Брагінскага раёна папрасіла дапамогі Марыя Усеваладаўна Бараноўская, сказала, што не ведае, куды яшчэ можа звярнуцца са сваёй праблемай. Сутнасць яе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика